Захавальнікі кніжных помнікаў

24 мая, 2023.

У гэтым падраздзяленні Фундаментальнай бібліятэкі БДУ працуе ўсяго 6 работнікаў. Але на калектыве ў пэўнай ступені адлюстроўваецца сэнс прыказкі «Хоць маленькі, але ўдаленькі». Знаёмцеся – аддзел гуманітарна-асветніцкай працы і папулярызацыі кніжных помнікаў.

Падраздзяленне вядзе сваю гісторыю з 1977 года і ў мінулым годзе адзначыла 45-гадовы юбілей. Да 2013 года яно называлася аддзелам рэдкай і каштоўнай кнігі і першапачаткова стваралася для збору, захоўвання і апрацоўкі рэдкіх і каштоўных выданняў, працуючы па прынцыпе чытальнай залы. Зараз жа аддзел, акрамя ўкамплектавання і захоўвання фонду, займаецца суправаджэннем навукова-даследчай і метадычнай дзейнасці, а таксама папулярызуе захоўваемыя выданні. Сімвалічна, што яго сховішчы знаходзяцца ў памяшканнях, дзе некалі размяшчаўся кабінет аднаго з рэктараў універсітэта.

Сёння фонд рэдкіх і каштоўных выданняў Фундаментальнай бібліятэкі складае 15700 кніг і 10200 экзэмпляраў дарэвалюцыйных часопісаў, змяшчаючы выданні па многіх галінах ведаў. А яшчэ тут можна ўбачыць старадрукі, калекцыю рэвалюцыйнага друку, працы класікаў навукі, літаратуры і мастацтва, факсіміле, выданні, вернутыя са спецыяльнага сховішча, кнігі з экслібрысамі і цэнзурнымі праўкамі – усяго не пералічыць. Разам з карэспандэнтам газеты «Універсітэт » прыадчыняем скарбонку набыткаў аддзела гуманітарна-асветніцкай працы і папулярызацыі кніжных помнікаў.

Галоўны аддзел у краіне

– Помнікі бываюць не толькі манументальныя, але і кніжныя – пра гэта мы гаворым усім, хто становіцца нашымі гасцямі. Падобныя аддзелы ствараліся ў многіх ВНУ, але зараз самым буйным і найстарэйшым сярод іх па-ранейшаму застаецца наш, – заўважае загадчык аддзела і наш праваднік Алена Кінчыкава. – Дарэчы, літаратура ў фондах дзеліцца па трох крытэрыях: храналогіі, унікальнасці, а таксама – мастацкім і паліграфічным афармленні.

Працу па стварэнні аддзела рэдкай і каштоўнай кнігі пачала Агнэса Сінкевіч, якая стала і першым яго загадчыкам. Пад яе кіраўніцтвам у агульным кнігасховішчы ўніверсітэта былі сабраныя найбольш каштоўныя выданні. Спецыяліст хацела, каб аддзел меў універсальны збор, таму імкнулася, каб туды ўвайшлі кнігі і перыёдыка па розных галінах ведаў. Працу калегі працягнула Лілія Міцкевіч. Загадчыцкую эстафету пасля і пераняла Алена Кінчыкава.

Фонд аддзела, як правіла, папаўняецца супрацоўнікамі з асноўнага фонду БДУ. Аднак бываюць выпадкі, калі кнігі з уласных калекцый у дар перадаюць чытачы. Так аднойчы аддзелу падаравалі 150 рэдкіх выданняў. Адна з найбольш ранніх кніг калекцыі мае скураны пераплёт, адносіцца да рэлігійнай літаратуры і датуецца XVI стагоддзем. Усе кнігі з гэтага збору маюць цікавае афармленне, якое выклікае інтарэс у сённяшніх чытачоў.

Адметна, што найбольш каштоўнымі экзэмплярамі, што захоўваюцца ў аддзеле, лічацца старадрукі – выданні, што былі выдадзены да 1830 года. Тут іх налічваецца большза 300 экзэмпляраў. А самая «дарослая » сярод іх кніга – «Шэсць лістоў пра рэспубліку» Жана Бадэна 1580 года.

Студэнты – галоўныя чытачы

Пэўны час самымі актыўнымі наведвальнікамі аддзела былі прадстаўнікі гістфака. Яны часта замаўлялі старыя кнігі, якія з-за надта вялікай запатрабаванасці нават распадаліся. Праблема захавання такіх выданняў паўстала надзвычай востра, і супрацоўнікі прыйшлі да высновы, што самым надзейным спосабам засцерагчы кнігі ад зношвання стане алічбоўка матэрыялаў. Так, функцыі забеспячэння аддзелам вучэбнага працэсу і захавання кніг з’ядналіся, не супярэчачы адна адной, і да гэтай пары (з 1990-х гадоў) аддзел займаецца алічбоўкай кніг і перыёдыкі. Вядома, што для захоўвання фонду мэтазгодней аднойчы адсканіраваць падручнік і змясціць яго ў электронную бібліятэку: там яго зможа ў любы момант убачыць неабмежаваная колькасць чытачоў. Цікава, што электронны рэпазіторый БДУ, які цяпер займае высокія пазіцыі ў сусветных бібліятэчных рэйтынгах Еўропы, утварыўся якраз менавіта з гэтай працы. А першымі алічбаванымі выданнямі сталі кнігі па гісторыі Беларусі: на той час яны былі найбольш запатрабаванымі.

– Студэнты – нашы асноўныя чытачы – сёння знаходзяцца ў інтэрнэце, таму мы павінны туды па іх бегчы. У гэтым нам дапамагаюць віртуальныя праекты – віртуальныя выставы, а таксама публікацыя цікавых матэрыялаў рознай скіраванасці. Напрыклад, у дарэвалюцыйных часопісах мы ўбачылі займальную рэкламу паслуг кампаній, якія існуюць зараз, і пастараліся расказаць пра гэта з пазіцыі «мінулае – сучаснасць». Таксама ў нас дзейнічае праект «Кніжныя гісторыі» – з яго дапамогай аддзел знаёміць карыстальнікаў з самымі цікавымі кнігамі фонду. Усе акрэсленыя праекты з’яўляюцца формай папулярызацыі кніжных помнікаў.

Калекцыі старажытных цікавостак

Зараз супрацоўнікі збіраюць калекцыю падручнікаў. Дарэчы, найстарэйшым вучэбным выданнем тут лічыцца кніга «Арифметика сиречь наука числительная» Лявонція Магніцкага, якая ўбачыла свет у 1703 годзе і стала першай вучэбнай энцыклапедыяй па матэматыцы. Каштоўнымі «знаходкамі» фонду можна лічыць «Древнюю российскую историю » Міхаіла Ламаносава, выпушчаную ў 1766 годзе – ужо пасля смерці аўтара, і «Универсальную арифметику» (1768-1769) нямецкага матэматыка Эйлера, што вытрымала 30 перавыданняў на шасці мовах свету. Сярод падручнікаў XVIII стагоддзя вялікую каштоўнасць мае кніга першакрыніц Імператарскай акадэміі навук «Русская летопись по Никонову списку, изданная под смотрением Императорской Академии Наук» 1767 года, а таксама гістарычная калектыўная праца «Собрание государственных грамот и договоров, хранящихся в государственной коллегии иностранных дел» 1819-1894 гг.

Ёсць у сховішчах аддзела і рукапісная кніга – выданне стараабрадцаў канца XVIII – пачатку XIХ стст. «Сборник церковно-полемический. “Поучения” отцов Православной Церкви. Слово преподобного Иллариона. Житие Иоанна Златоуста». Асаблівасцю кніг гэтага часу, як можна заўважыць, з’яўляюцца іх доўгія назвы, якія ў свой час служылі ў якасціанатацый для чытача. Алена Уладзіміраўна тлумачыць, што рукапісныя кнігі выходзілі ў свет яшчэ доўгі час пасля вынаходніцтва друкавальных станкоў, асабліва ў часы грамадскіх ці сусветных узрушэнняў – войнаў, навал і да т.п.

– Нехта можа дзівіцца, маўляў, якая каштоўнасць у газет і кніг XIX стагоддзя ў параўнанні з рукапіснымі кнігамі? Але, не думаючы пра іх захаванне сёння, можна згубіць іх для даследаванняў у будучым, – пераканана Алена Кінчыкава.

Вядома, у аддзеле гуманітарна-асветніцкай працы і папулярызацыі кніжных помнікаў функцыянуюць і іншыя калекцыі: мініяцюрных выданняў, старадрукаў, нацыянальных дакументаў, а таксама выданняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Так, збор кніг- мініяцюр налічвае каля тысячы друкаваных «экспанатаў». Кожны з іх унікальны памерам і паліграфічным выкананнем. Студэнты, якія завітваюць у аддзел на экскурсію, заўсёды просяць патрымаць выданні-малюткі ў руках. Яшчэ б: некалі яны былі папулярныя як кнігі, якія можна было насіць у кішэні! Дарэчы, «найменшымі» кнігамі беларускіх класікаў лічаць зборнікі твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа, выдадзеныя ў 1972 годзе.

Калекцыя нацыянальных дакументаў увабрала ў сябе экспанаты, якія ў той ці іншай ступені датычацца гісторыі краіны і беларускіх зямель. Яны апісваюць быт беларусаў, іх зносіны, вераванні, прыказкі і прымаўкі. Сярод іх можна ўбачыць «Белорусский архив древних грамот», першы слоўнік Івана Насовіча з аўтографам аўтара, працы Пятра Шэйна па беларускай мове, літаратуры і этнаграфіі, кнігі Уладзіміра Пічэты па гісторыі і інш. Таксама захоўваецца ў фондах калекцыя даваенных выпускаў перыядычных выданняў БДУ: Алена Уладзіміраўна гаворыць, што з 1922 па 1935 год ва ўніверсітэце было выдадзена 28 тамоў «Трудов БГУ», а за 1939 па 1941 год – 5 выпускаў «Учёных записок».

Асаблівую частку сярод выданняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, на думку загадчыцы аддзела, складаюць кнігі, якія выпускаліся, каб палегчыць чалавеку жыццё ў ваенны час. Яны ўздымалі такія пытанні, як выраб драўлянага ці валенага абутку, паперы, лыжак, мыцця бялізны попелам, ужыванне ў ежу дзікарослых раслін і інш.

Убачыць імя творцы

Па словах Алены Кінчыкавай, на экскурсіях (іх штогод праводзяць не менш за 20!) супрацоўнікі арыентуюцца на спецыфіку факультэта, на якім вучацца студэнты, і стараюцца паказаць ім як мага больш выданняў у гістарычным разрэзе. Пра ўсё, што датычыцца фонду, бібліятэкары могуць расказваць бясконца, таму сустрэча гасцей тут падобная да паўнацэнных вучэбных заняткаў. На іх хлопцам і дзяўчатам расказваюць пра асаблівасці перапляцення кніг, лёс аўтараў захоўваемых выданняў, паказваюць іх аўтографы. Найбольшы інтарэс у моладзі выклікаюць тыя выданні, чые аўтары нарадзіліся ў нашай краіне ці мелі да яе нейкае дачыненне. Дарэчы, старыя кнігі падчас экскурсій можна не толькі ўбачыць, але і пагартаць. Робіцца гэта пры дапамозе спецыяльных белых пальчатак, якія спрыяюць зберажэнню кніг. Тут жа можна на ўласныя вочы ўбачыць кнігі з аўтографамі вядомых людзей Беларусі: пісьменнікаў Змітрака Бядулі, Алеся Адамовіча, паэтаў Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, мітрапаліта Філарэта і інш.

А яшчэ ў аддзеле можна пачуць аповед пра кніжныя знаходкі – рэчы, якія чытачы забываліся ўнутры выданняў. Тут іх сабралася каля сотні: сярод забытых рэчаў можна ўбачыць праязныя білеты, фанцікі ад цукерак, паштоўкі, запіскі і нават пісьмы. Адно з іх, напрыклад, напісана школьнікам у дарэвалюцыйную пару пры дапамозе пёравай ручкі, уладальнікам другога «знайдзёныша» стаў Уладзімір Караткевіч, трэцяе – адрасавана зводнаму брату Максіма Багдановіча.

Шмат матэрыялаў для даследаванняў у фондах перыёдыкі аддзела могуць знайсці таксама навукоўцы. У гэтым ім вельмі дапамогуць апісанні найбольш цікавых публікацый часопісаў XIX стагоддзя, над складаннем якіх таксама працуюць супрацоўнікі падраздзялення. А выкладчыкі могуць карыстацца набыткамі аддзела для правядзення практычных заняткаў.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: