Тры ў кубе: клуб аматараў мастацкага слова «КЛУмБа» БДУ адзначыў свой дзявяты дзень нараджэння

2 Nov, 2023.

Спектакль, квест, літаратурная «мафія» – у якіх толькі фарматах не праходзілі дні нараджэння аб’яднання. Сёлета падмуркам святочнага вечара стала адкрыццё літаратурнай кавярні «НЕслуЧАЙНАЯ встреча» ў сценах Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.

Марына Панарад і Кацярына Роўда частуюць клумбаўцаў

«Персаналам» на пляцоўцы сталі яе супрацоўнікі, а ў ролі адміністратара выступіла кіраўнік клуба член Саюза пісьменнікаў Беларусі Кацярына Роўда.

Падрыхтоўка да дня нараджэння «КЛУмБы» з кожным годам становіцца для нас усё большай галаваломкай. Гэта тыя выпадкі, калі мы разумеем, што трэба сабраць разам выпускнікоў БДУ, звязаных з аб’яднаннем, цяперашніх актывістаў, і тых, хто мог бы зацікавіцца нашай дзейнасцю і далучыцца. Разам з калегамі мы не аднойчы спрабавалі знайсці канцэпцыю мерапрыемства, раіліся, абмяркоўвалі варыянты, але хацелася чагосьці даступнага, нязмушанага і жывога, – падзялілася Кацярына Роўда. – Мы зразумелі, што кавярня – тое самае месца, дзе маглі б сустрэцца нашы аматары мастацкага слова, якія з гадамі сталі сур’ёзнымі аўтарамі з уласнымі кнігамі, і запрошаныя госці, і тыя, хто сам пакуль не ведае пра моц свайго творчага патэнцыялу.

Дарэчы, менавіта за кубачкам кавы, як кажуць самі клумбаўцы, у іх і нараджаюцца «кавярныя» планы. Таму назву кавярні выбіралі з сэнсам. Па-першае, святочную сустрэчу можна назваць невыпадковай, паколькі яна была запланаванай. Нават госці, якія трапілі на «КЛУмБу» ўпершыню, на думку арганізатараў вечара, аказаліся там невыпадкова. Па-другое, не «чайная» яна (як сцвярджаюць вялікія літары) таму, што напоі і стравы ў меню былі прапанаваны самыя разнастайныя. Тут можна было пакаштаваць кактэйлі «Тондзель» і «Пятровіч», эліксір «Бодрыкаў», тарталеткі «Цвірачкі», бутэрброды «Кветкавыя ветразі» і інш. Адным словам, усе прысмакі былі звязаныя з удзельнікамі клуба.

У «НЕслуЧАЙНОЙ встрече» можна было пачаставацца, адказаўшы на пытанне з літаратуры. Дзе знаходзіцца «працоўнае месца» ката вучонага, дзе нарадзіўся Калабок, якой садавіной аб’еўся Чабурашка, чым «запраўляўся» Карлсан – вясёлыя задачкі ад вядучага бібліятэкара аддзела гуманітарна-асветніцкай работы і папулярызацыі кніжных помнікаў Фундаментальнай бібліятэкі Марыны Панарад прыйшліся надзвычай дарэчы.

– Ты ведаеш, на чым паехаў у Ленінград чалавек рассеяны з вуліцы Басейнай? – чуецца з аднаго боку.

– Вельмі смешна, што я не магу адказаць ні на адно пытанне, – смяюцца з другога.

Завіталі на дзень нараджэння сябры «КЛУмБы» – беларускія пісьменнікі і паэты. Так, добрага сябра аб’яднання Анатоля Зэкава можна справядліва лічыць першым клумбаўцам. Больш за тое, ідэя назвы клуба належыць менавіта яму. Анатоль Мікалаевіч быў рэдактарам першага зборніка «КЛУмБы» «Кветкавыя ветразі», пісаў рэцэнзіі на альманах «аБДУмана» і дапамог многім удзельнікам з друкам іх твораў. З рук Кацярыны Роўда Анатоль Зэкаў атрымаў значок аб’яднання і калаж фотаздымкаў Анатоля Мікалаевіча з моладдзю.

Кацярына Стройлава – «гадаванец» клуба. Сёння яна член Саюза пісьменнікаў Беларусі і аўтар 8 паэтычных зборнікаў. На дні нараджэння «КЛУмБы» дзяўчына прэзентавала сваю новую кнігу «Блуканні душы». Дарэчы, у гэты дзень можна было пагартаць і «Сонечны горад», зборнік апавяданняў даўняга клумбаўца – супрацоўніка аддзела ўпраўлення па справах культуры БДУ Андрэя Папова. А вось упершыню гасцямі аб’яднання сталі пісьменнік-фантаст Сяргей Слюсарэнка і дзіцячая пісьменніца Людміла Адзінцова. Тут клумбаўцы не толькі пачулі шмат гісторый запрошаных гасцей, але і засыпалі іх пытаннямі. Таксама хлопцы і дзяўчаты паўдзельнічалі ў адкрытым мікрафоне – пачыталі вершы, паспявалі, падзяліліся ідэямі.

Далей прысутных чакаў «кот у мяшку». Выцягнуць яго адтуль выпала пяцярым удзельнікам свята: яны павінны былі прадэкламававаць вершы «старэйшых» сяброў «КЛУмБы» – Івана Цвіркі, Асі Айсберг, Настассі Каротчыкавай, Кацярыны Роўда і Ігара Пятровіча. Найлепшаму чытальніку ўручылі прыз ад аб’яднання – вялікі каляндар на будучы год з выявай ката, адтуль і задума назвы конкурсу.

Дарэчы, самым лепшым выкананнем прызналі прачытанне верша на беларускай мове студэнта з Таджыкістана Лоіка Дадаева. Хлопец вучыцца ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, і на падобным свяце ён апынуўся ўпершыню.

 – Мая радзіма – гэта горны рэгіён, дзе з раніцы чуваць гукі рэчкі, птушак. Тут старажытныя іранскія народы не асіміляваліся з астатнімі, таму і захавалі 4 мовы. Я пачаў знаёміцца з таджыкскай літаратурай, пасля – з персідскай, адкрыў для сябе Амара Хаяма. Адначасова з гэтым я зацікавіўся рускай мовай і літаратурай і зразумеў, што паэзія і творчасць даюць чалавеку ўражанні, якія немагчыма апісаць. Спадзяюся, што ў будучыні адкрыю для сябе і беларускую літаратуру, – адзначыў студэнт. – Вывучаючы розныя мовы і культуры, я прыйшоў да высновы, што ўсе людзі, незалежна ад мовы ці нацыянальнасці, вельмі падобныя. І сёння адчуў гэта як ніколі.

На «КЛУмБу» ўжо каторы год прыходзяць не толькі новыя ўдзельнікі, але і выпускнікі. Сакрэт гэтага, на думку кіраўніка аб’яднання, крыецца ў шчырасці:

– У апытанцы для адной з газет клумбаўцы розных узростаў пісалі пра сяброўства, натхненне, падтрымку, сутворчасць, узнёсласць, веру і любоў. Так і ёсць! «КЛУмБа» – не школа паэтаў ці празаікаў, не рэдактарска-карэктарская студыя, не шэраг творчых конкурсаў і батлаў. Гэта планета, якая круціцца (з рознай хуткасцю, але пастаянна), вакол якой круцяцца, на якой бурліць творчае жыццё і пануе тая самая шчырасць, з якой усё і пачалося, – пераканана Кацярына Роўда.

Дарэчы, гісторыя самой дзяўчыны ў аб’яднанні пачалася з вучобы на філалагічным факультэце. Кацярына прыйшла на прэзентацыю кнігі, дзе пазнаёмілася з вядучым бібліятэкарам аддзела гуманітарна-асветніцкай работы і папулярызацыі кніжных помнікаў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Ірынай Шкіронак. Праз некаторы час дзяўчына сама захацела паспрабаваць сябе ў бібліятэчнай справе, стала паказваць і чытаць свае вершы. Тады ж яна вырашыла падаць іх на літаратурны конкурс «Славянскі калейдаскоп», дзе і перамагла ажно ў трох намінацыях:

 – Мяне і іншых лаўрэатаў не проста ўзнагародзілі, а сабралі разам у чытальнай зале аддзела гуманітарна-асветніцкай работы і папулярызацыі кніжных помнікаў. Потым зноў. І яшчэ. Пад чулым кіраўніцтвам нашай Ірыны Сцяпанаўны і нараджалася «КЛУмБа».

Марыя Чакрыгіна таксама даўні сябар аб’яднання. Зараз яна працуе педагогам-арганізатарам аддзела метадычнай і сацыяльна-педагагічнай работы Студэнцкага гарадка БДУ. Дзяўчына кажа, што пасля паступлення ва ўніверсітэт ёй было цяжка адаптавацца да вялікага горада, але «КЛУмБа» дапамагла ёй у гэтым.

Пра непарыўную сувязь з аб’яднаннем сведчаць таксама відэапаведамленні ад тых, хто не змог прысутнічаць на свяце – Аліны і Івана Цвірко, Ігара Пятровіча, Марты Кудзінай. Такі фармат – адзін са шматлікіх спосабаў пабачыцца ў гэты знакавы для клумбаўцаў дзень. Для Івана і Аліны Цвірко прыход у аб’яднанне стаў лёсавызначальным: тут яны пазнаёміліся, і потым абвясцілі, што збіраюцца ажаніцца:

 – Дарагія нашы клумбаўцы, віншуем вас з днём нараджэння! Гэта дата вельмі-вельмі важная для кожнага з нас. Мы ўжо не жывём у Мінску і фізічна не можам быць з вамі, але вы заўсёды побач з намі ў сваіх кнігах. «КЛУмБа» – гэта вялізны кавалак у нашых сэрцах «праз гады і кіламетры», – перадалі відэапрывітанне з Віцебска маладыя людзі.

Куратар аб’яднання Ірына Шкіронак з гасцямі

Куратар аб’яднання Ірына Шкіронак упэўнена: калі б многія ўдзельнікі клуба мелі магчымасць прыйсці, то ўсе яны былі на святочным вечары. Пра гэта сведчыць і тое, што з мерапрыемстваў клуба моладзь разыходзіцца неахвотна. І, паколькі большасць з іх праходзяць увечары, сустрэчы аб’яднання пачалі называць «засядзелкамі». «Гэта таму, што ўсё сыходзіць, а творчасць застаецца назаўсёды», – жартуюць клумбаўцы.

– Вось сёння ідзём ў метро, а надвор’е шэрае, накрапвае дожджык. А пасля як заўсміхаліся – і заззяла ўсё навокал. А ўсміхаліся мы чаму? Бо ехалі на дзень нараджэння «КЛУмБы»! Тут, дарэчы, у любое надвор’е сонца свеціць, – заўважылі ўдзельнікі ўрачыстасці. – Святочны вечар быў чароўным: прэзентацыя кніг беларускіх пісьменнікаў, адкрыты мікрафон, цікавая ідэя з літаратурнай кавярняй. Калі людзі ўпершыню трапляюць у незнаёмае асяроддзе, звычайна ім няпроста. А тут усё было зроблена з максімальнай «клумбаўскай» любоўю.

У літаратурнай кавярні, бясспрэчна, не абышлося без «чаявых». Імі сталі пажаданні аб’яднанню ад гасцей: «КЛУмБа» – гэта тое, што патрэбна!», «Гэта быў самы атмасферны дзень нараджэння, на якім я была. Такія вы зайкі», «Шчаслівы ўбачыць вясёлку пачуццяў над гэтым месцам». Як ні круці, але такія «чаявыя» ў дзень нараджэння – бясцэнныя.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: