Люстэрка беларускага турызму

2 Nov, 2023.

Нядаўна кафедра міжнароднага турызму на факультэце міжнародных адносін БДУ адзначыла сваё 25-годдзе!

Гэта падзея стала падставай не толькі для віншаванняў, але і для абмеркавання перспектыў развіцця турыстычнага бізнесу ў Беларусі. Менавіта выпускнікі міжнароднага турызму ўплываюць на працу гэтай сферы. За навучаннем кожнага з іх назіраў нязменны загадчык кафедры Леанід Міхайлавіч Гайдукевіч. Ён падзяліўся з нашай рэдакцыяй, як развівалася кафедра на працягу 25 гадоў.

Гісторыя стварэння кафедры

– Стварылася кафедра 5 кастрычніка 1998 года ў выніку грамадска-палітычнай трансфармацыі, якая адбылася на пачатку 1990-х гадоў. На з’яўленне кафедры паўплываў шэраг фактараў. Па-першае, адкрыццё Беларусі знешняму свету. У краіне пачалося фарміраванне новага аблічча нацыянальнага турыстычнага комплексу. Па-другое, не было ВНУ, якія рыхтуюць кадры для турсектара, а патрэба ў гэтых кадрах значна вырасла, – распавядае Леанід Міхайлавіч.

На этапе станаўлення кафедры выявіліся першыя цяжкасці. Яны закранулі забяспечанасць студэнтаў навучальна-метадычнай літаратурай. На той момант у наяўнасці былі расійскія падручнікі па менеджменце і турызме, але яны не зусім адпавядалі патрабаванням беларускай адукацыі. Выкладчыкі хутка пераканаліся, што ў турызме нашай краіны ёсць свая спецыфіка. А замежнай літаратуры ў рускамоўным перакладзе было вельмі мала.

Перад калектывам кафедры паўстала задача: за кароткі час падрыхтаваць і выдаць аўтарскія падручнікі. Намаганнямі беларускіх і замежных спецыялістаў да 2000 года выйшлі першыя дапаможнікі «Геаграфія міжнароднага турызму». Пасля яны сталі запатрабаваныя і іншымі навучальнымі ўстановамі краіны.

Важныя праекты ў жыцці кафедры

Наступным этапам падрыхтоўкі навучальных выданняў стаў удзел кафедры ў міжнародным адукацыйным праекце ТЕMPUS. Падчас гэтага праекта калектыў выкладчыкаў прайшоў прафесійную стажыроўку ў навучальных установах Германіі, Чэхіі, Славакіі і Італіі. Вынікам гэтых стажыровак стала падрыхтоўка навучальных дапаможнікаў фактычна па ўсіх дысцыплінах эканамічнага блока, якія чытаюцца на кафедры. Комплекс вучэбна-адукацыйных мерапрыемстваў гэтага праекта дазволіў кафедры міжнароднага турызму не толькі падрыхтаваць сучасную навучальна-метадычную літаратуру, але і прастажыраваць студэнтаў і магістрантаў у адукацыйных установах Еўропы. Дзякуючы гэтаму з’явіўся першы ў краіне эксперыментальны навучальны план па дадзенай спецыяльнасці з улікам рэкамендацый Балонскага працэсу.

У далейшым папаўненне вучэбна-метадычнай літаратурай вялося на кафедры падчас выканання дзяржаўных навукова-даследчых работ і больш за дзясятак міжнародных праектаў. У гэты перыяд адужэлі і нацыянальныя турыстычныя аператары і турагенцтвы. Кафедра шчыльна працавала з ТАА «ТОП-ТУР», «Вокруг света», «Падэвюс», ТДА «Колор Лэнд», «Трэвел» і іншымі кампаніямі.

Асабліва ўдалым праектам кафедры стаў БГА «Адпачынак у вёсцы». У 2015 годзе на яго базе быў створаны філіял кафедры. Гэты праект дазволіў падключаць студэнтаў да дзейнасці беларускіх аграсядзіб. Такое супрацоўніцтва дало свой плён. Студэнты праходзілі вытворчую практыку, распрацоўвалі праекты па іх заяўках, удзельнічалі ў арганізацыі розных фестываляў і міжнародных праектаў. Яны распрацавалі першую кулінарнаю карту Беларусі. На той момант галоўнай праблемай сферы было распаўсюджванне інфармацыі пра агратурызм. Навучэнцы выкарыстоўвалі свае веды, каб стварыць сайты і перакласці іх на іншыя мовы. Таксама за апошнія 2-3 гады кафедра падрыхтавала каля пяці дыпломных работ на замову аграсядзіб.

– Вынікам супрацоўніцтва стала сумесная арганізацыя штогадовай міжнароднай навуковай канферэнцыі па праблемах агратурызму. Можна сказаць, што гэта значна ўмацавала пазіцыі беларускага сельскага турызму на міжнароднай арэне, – дадае загадчык кафедры.

Актуальнае жыццё кафедры

Зараз на чатырох курсах, у магістратуры і аспірантуры навучаецца больш за 320 чалавек. Разам з беларускімі студэнтамі тэарэтычную і практычную падрыхтоўку праходзяць студэнты з краін блізкага і далёкага замежжа, у тым ліку з краін СНД, Кітая, В’етнама, Нігерыі, Ірана і Грэцыі. Для студэнтаў кафедры міжнароднага турызму выкладчыкі чытаюць больш за 50 дысцыплін. Акрамя звычайных лекцыйных і семінарскіх заняткаў у адукацыйным працэсе прадугледжаны навучальныя экскурсіі, майстар-класы і курсавое праектаванне. Такія формы работы са студэнтамі даюць магчымасць пашырыць іх кругагляд, глыбей вывучыць спецыфіку развіцця сусветнага і нацыянальнага турыстычнага комплексу.

Студэнты кафедры праходзяць навучальную і вытворчую практыку ў вядучых турыстычных фірмах краіны: «ТОТ-ТУР», «Алатан-тур», «Смок-трэвел», «Сакуб», «Туссон-вояж», у Міністэрстве спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным агенцтве па турызме. Іх кіраўнікоў запрашаюць у якасці гасцей і лектараў. Гэта дазволіла значна ўзмацніць практыка-арыентаванасць навучання.

З прывязкай да рэальнага бізнесу працуюць 2 студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі. СНДЛ «Інавацыйныя тэхналогіі ў турызме» пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка Наталлі Барысенка займаецца праблемай развіцця інклюзіўнага турызму, даследуе на практыцы даступнасць асяроддзя для турыстычных падарожжаў у Мінску. СНДЛ «Сусветная індустрыя гасціннасці» займаецца працай гасцінічнага сектара.

Магістранты кафедры навучаюцца на двух напрамках: «Менеджмент масавых падзейных мерапрыемстваў» і англамоўная магістратура «Турызм і гасціннасць».

– Нельга не прымаць да ўвагі змены, якія адбываюцца ў сістэме міжнародных адносін. Банкруцтвы тураператараў у выніку COVID-19, змены транспартнай лагістыкі ў турызме, увядзенне санкцый і іншыя прычыны адмоўна ўплываюць на сферу турызму, – разважае Леанід Міхайлавіч. – Таму мы арыентуемся на ўнутранны турызм і супрацоўніцтва з такімі краінамі, як Расія, Казахстан, Узбекістан, Арменія. Нашы выкладчыкі і студэнты ўдзельнічаюць у міжнародных навуковых канферэнцыях. Мы штогод збіраем дзве такія канферэнцыі па інклюзіўным і агратурызме. Зараз у нас адбываецца цеснае супрацоўніцтва з Расіяй па тэме сельскага турызму. Мы разам развіваемся ў гэтай сферы і зараз у нас на стажыроўцы, у рамках абмену, знаходзяцца студэнты з Кубанскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Кафедра таксама займаецца папулярызацыя экалагічнага і культурна-гістарычнага турызму ў Беларусі. Навучэнцы распрацоўваюць турыстычныя маршруты па гарадах Беларусі, іншагароднія студэнты знаёмяць са сваімі роднымі мясцінамі.

Задача кафедры – пастаяннае павышэнне якасці навучальнага працэсу і яго неадрыўнасць ад практыкі. З самага пачатку важнай спецыфікай кафедры з’яўляецца моўная падрыхтоўка. Студэнты вывучаюць 2 мовы ўвесь перыяд навучання, пачынаючы з першага года. Досыць вялікі аб’ём вучэбнай нагрузкі дазваляе дасягнуць высокага ўзроўню прафесіяналізму.

Яшчэ адной тэма – развіццё інфармацыйных тэхналогій у турызме. Кафедра пашырыла блок выкладання гэтых дысцыплін з улікам сучасных патрабаванняў рынку. З гэтага года адбыўся пераход на новыя навучальныя планы, у якіх акцэнт зроблены на лічбавізацыі дысцыплін.
– Сучасны турыстычны рынак Беларусі ва ўмовах канкурэнцыі патрабуе ўсё больш кваліфікаваных спецыялістаў, якія будуць валодаць дастатковымі ведамі і навыкамі для распрацоўкі, прасоўвання і рэалізацыі канкурэнтаздольнага турыстычнага прадукту. Кіраўнікі турпрадпрыемстваў хочуць бачыць падрыхтаваных маладых спецыялістаў, – упэўнены Леанід Міхайлавіч. – Але, нягледзячы на вытворчую практыку, якую студэнты праходзяць у працэсе навучання, сапраўдныя веды прыходзяць толькі падчас працы. У большасці выпадкаў маладых спецыялістаў даводзіцца давучваць на вытворчасці ў форме настаўніцтва, што змяншае выніковасць працы персаналу. Сёння турфірмы імкнуцца атрымаць прафесійнага спецыяліста з добрымі базавымі ведамі замежнай мовы, эканомікі, камунікацый і з вопытам практычнай падрыхтоўкі не менш як 2 гады. І каб жаданні турфірмаў і выпускнікоў супадалі, неабходнае глыбейшае вытворчае ўзаемадзеянне з ВНУ краіны.

За чвэрць стагоддзя свайго існавання кафедра стала люстэркам развіцця беларускай сферы турызму. Змены, якія адбываюцца ў свеце, не перашкаджаюць шукаць новыя напрамкі дзейнасці. У найбліжэйшай будучыні кафедра міжнароднага турызму плануе пашыраць супрацоўніцтва з ВНУ Беларусі і Расіі, абменьвацца вопытам і працягваць працаваць над тэмай інклюзіўнага і агратурызму.

Дыяна Зайкоўская, выпускніца 2020 года, маркетолаг-аналітык, менеджар па кліентынгу ў міжнароднай юрыдычнай групе REVERA:

 – Я вельмі ўдзячная кафедры за тое, што яна дае студэнтам практычныя веды і рыхтуе да жыцця. Навучанне на кафедры ідзе на стыку розных дысцыплін. Гэта і эканоміка, і маркетынг, і менеджмент, і бухгалтэрыя, моцная падрыхтоўка па замежных мовах гэта забяспечвае студэнтам такі шырокі кругагляд, што пасля мы можам быць паспяховымі і будаваць кар’еру ў розных сектарах эканомікі і на розных пасадах. Калі ты студэнт, ты не заўсёды можаш ацаніць важнасць і значнасць тых ведаў, якія нам даюць. Але ў далейшым яны становяцца для нас сапраўды вельмі карыснымі.

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: