Як прайшла летняя школа Additive Manufacturing ў Францыі? Дзеляцца студэнты БДУ

9 Sep, 2019.

Чатыры студэнты фізічнага факультэта БДУ прынялі ўдзел у міжнароднай навуковай праграме – летняй школе Additive Manufacturing, якая праходзіла з 27 мая па 26 ліпеня. Два месяцы трэцякурсніцы Юлія Галабурда і Сафія Шарына, а таксама чацвёртакурснікі Павел Гулевіч і Ілья Анікееў жылі ў невялікім горадзе Сэнт-Эцьен на паўднёвым захадзе Францыі. Яны вывучалі перадавыя тэхналогіі вытворчасці, слухалі лекцыі па трыбалогіі, металургіі, тэхналогіі атрымання палімераў.

Як усё пачалося?

Пра магчымасць паехаць на стажыроўку студэнты даведаліся ў канцы студзеня – менавіта тады на фізічны факультэт БДУ паступіла інфармацыя пра летнюю школу. "Мне патэлефанавалі і сказалі, што ўлетку можна паехаць вучыцца ў Францыю на два месяцы. Адказ трэба было даць як мага хутчэй, і я пагадзілася", – успамінае Сафія.

Далей студэнты прайшлі некалькі этапаў адбору: падача рэзюмэ, сумоўе на рускай мове і пасля на англійскай (ужо з кіраўніком праекта з боку Францыі). "Пыталі пра ўсё: навуковыя інтарэсы, узровень англійскай, вывучаныя прадметы і нават лабараторныя працы на факультэце. Я даведалася, што акрамя мяне падалося яшчэ сем чалавек, але толькі чацвёра павінны былі паехаць".

З-за таго, што 27 мая студэнты павінны былі з'язджаць, сесію яны здавалі датэрмінова, разам з валанцёрамі II Еўрапейскіх гульняў.

Пераезд і дзівосны новы свет

Летняя школа праходзіла на базе Нацыянальнай інжынернай школы горада Сэнт-Эцьен (ENISE). Па прыездзе студэнтаў сустрэлі кіраўнікі Ігар і Ірына. Сафія ўспамінае: "Яны самі рускамоўныя, так што размаўляць было лёгка. Яны дапамагалі нам ва ўсім на працягу двух месяцаў і былі амаль як мама і тата".

Студэнтаў пасялілі ў інтэрнат недалёка ад школы. Заняткі праходзілі па будных днях на працягу трох тыдняў.

"Першае, што ўразіла мяне ў гэтым горадзе, вядома ж, была прырода. Сэнт-Эцьен неверагодна прыгожы! Гэта месца знаходзіцца пасярод велізарных узгоркаўтаму часам там можна назіраць проста фантастычныя краявіды. Дарэчы, літаральна праз дзень мы з сябрамі выйшлі прагуляцца ў суседнюю вёску да старога замка і атрымалі мора ўражанняў ад гэтай неверагоднай прыгажосці", – распавядае Сафія.

Сафія Шарына ў горадзе Сэнт-Эцьен, Францыя

Вучоба і навуковыя праекты

Падчас летняй школы студэнты наведвалі лекцыі і выконвалі лабараторныя працы. Да канца навучання яны павінны былі падрыхтаваць праекты пра сучасныя тэхналогіі вытворчасці і прэзентаваць іх.

Спікерамі летняй школы выступілі выкладчыкі і спецыялісты з ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Францыі, Аргенціны, Беларусі і Расіі. Пасля школы студэнты здавалі іспыт, каб ацаніць узровень атрыманых ведаў. "У нас было шмат практычных заняткаў. Напрыклад, мы самі працавалі на машынах з тэхналогіямі 3D-друку і маглі раздрукаваць уласную дэталь. Таксама нас вазілі ў вытворчыя кампаніі, дзе паказвалі, як вывучаныя тэхналогіі прымяняюцца ў прамысловых маштабах", – распавядае Ілья.

Замежная мова і складанасці перакладу

Апроч навукова-даследчай дзейнасці, хлопцы і дзяўчаты таксама наведвалі лекцыі па англійскай і французскай мовах. Яшчэ адна асаблівасць летняй школы – усе яе выкладчыкі – паўнавартасныя носьбіты мовы.

"Зразумела, вучоба праходзіла выключна на англійскай. Як па мне, гэта добры спосаб вывучыць замежную мову – проста знаходзіцца ў асяроддзі, дзе на ёй гавораць, – дзеліцца Павел. – Пары па англійскай праходзілі незабыўна і класна! Мы шмат размаўлялі, вывучалі граматыку".

"Першыя часы было цяжка, – успамінае Ілья, – мы жылі ў Францыі, але я не ведаў французскай і не мог вырашыць нават побытавыя пытанні. Тым не менш у летняй школе нам два месяца выкладалі французскую, так што пад канец я мог прыйсці ў краму і ўжо сам, без перакладчыка, зразумець, што гавораць касіры і якія прадукты ляжаць на паліцах. Вельмі пашанцавала, што нас пасялілі ў студэнцкі інтэрнат ENISE і нашымі суседзямі сталі студэнты з Расіі, якія ўжо валодалі французскай – заўсёды можна было звярнуцца да іх. Таксама вельмі парадавалі арганізатары з французскага боку: нас цёпла сустрэлі і дапамаглі з афармленнем усіх картак і дакументаў".

Класны досвед ці культурны шок?

Студэнты БДУ не адзіныя, хто браў удзел у летняй школе горада Сэнт-Эцьен. Акрамя іх у Францыю прыбыла моладзь з ЗША, Канады, Расіі, Аргенціны і іншых краін.

"Вядома, мы камунікавалі з іншымі! – распавядае Юлія. – Усім хацелася даведацца, як гэта – жыць у іншай краіне. Акрамя таго, мы абменьваліся ведамі ў той ці іншай галіне фізікі, каб лепш уліцца ў навучальны працэс. Гэта вельмі дапамагала".

"Усе паводзілі сябе вельмі прыязна, перыядычна мы працавалі ў камандзе. Што да пазанавучальнай дзейнасці, то вось адзін выпадак: студэнты сабралі ўсіх у адным месцы, каб пазнаёміцца, і пачаставалі кожнага сваімі фірмовымі тартамі! – успамінае Павел. – Было, дарэчы, вельмі смачна".

Высновы і некалькі парад

У жніўні студэнты ўжо вярнуліся ў Беларусь. Яны распавялі, чым менавіта была карысная летняя школа.

Ілья: "Я паехаў у Францыю, таму што ведаю: заўсёды цудоўна вывучаць штосьці новае. У цэлым, летняя школа мне спадабалася: тэхналогіі, якія мы там вывучылі, пакуль складана знайсці ў нашай краіне. Буду рады, калі ў мяне яшчэ калі-небудзь з'явіцца магчымасць паехаць на падобнае мерапрыемства зноў".

Юлія: "У цэлым, уражанні ад гэтай паездкі ўзрушваюць, мы даведаліся шмат новага і атрымалі неацэнны досвед. Я думаю, што змагу выкарыстаць атрыманыя навыкі ў сваёй даследчай дзейнасці".

Павел: "Я паехаў у летнюю школу, таму што мне была цікавая тэматыка стажыроўкі. У выніку я даведаўся шмат новага, а таксама пазнаёміўся з сістэмай адукацыі іншых краін. Гэта сапраўды незабыўныя эмоцыі, і я ўпэўнены, што атрыманыя веды не знікнуць дарма".

Сафія: "Вучыцца ў Францыі мне, безумоўна, спадабалася: я даведалася, як уладкавана адукацыя ў Еўропе; пазнаёмілася з людзьмі з іншых краін; падцягнула свой узровень валодання замежнай мовай. Зараз я хачу наведаць і іншыя краіны: паглядзець, чым займаюцца ў школах і ўніверсітэтах, параўнаць тэхналогіі, набрацца досведу, а затым прымяняць усё гэта ў сваёй навуковай дзейнасці. Дарэчы, пасля летняй школы мы ездзілі ў Парыж! Бо як з'ездзіць у Францыю і не пабываць у Парыжы?"

Студэнты БДУ і БДТУ

І напрыканцы некалькі правілаў, якімі падзяліліся нашы студэнты:

  1. Калі хочаце сапраўды добра натрэніраваць замежную мову – едзьце ў краіну, дзе на ёй гавораць.
  2. Страх – гэта нармальна, але калі заўсёды баяцца, то можна не атрымаць каштоўны досвед.
  3. Немагчыма мець шчырае меркаванне пра іншую краіну, пакуль хоць раз у ёй не пабываеш.
  4. Інтэрнацыянальныя студэнты – скарбніца інфармацыі, якая пашырае далягляд.
  5. Магчымасць вучыцца за мяжой – карысная магчымасць.

Алёна ВОЛКАВА

print

Вам таксама можа спадабацца: