Хто найбольш запатрабаваны? Даведаліся студэнты прыкладных спецыяльнасцяў БДУ падчас дня кар’еры

30 Oct, 2019.

Дзень кар’еры прайшоў 17 кастрычніка на эканамічным факультэце БДУ. Студэнты даведаліся пра наяўнасць вакантных месцаў, перспектывы працаўладкавання і магчымасці стажыровак і практык, наведалі лекцыі і майстар-класы.

На мерапрыемстве было прадстаўлена больш за 10 беларускіх і міжнародных арганізацый: кансалтынгавыя фірмы, банкі і IT-кампаніі, дзе зацікаўленыя змаглі пазнаёміцца са спецыфікай дзейнасці кожнай з іх. Студэнты паразмаўлялі з патэнцыйнымі працадаўцамі, задавалі пытанні, запаўнялі рэзюмэ і анкеты суіскальнікаў.

Дарэчы, пра рэзюмэ. У рамках дня кар’еры адбыўся майстар-клас, у якім Ганна Шагун, кіраўнік PR-праекта РАБОТА.TUT.BY, распавяла пра тое, як знайсці працу і якасна скласці рэзюмэ.

Такім чынам, ніжэй спіс дзеянняў, які аптымізуе пошукі працы, нават калі вы студэнт без досведу:

  1. Вучыцеся! Думаю, не варта нагадваць пра тое, што самым неацэнным сёння з’яўляюцца нашы веды. Якая б лічба ні стаяла ў вас у пашпарце, вашы ўменні і навыкі заўсёды павінны заставацца актуальнымі.
  2. Улічвайце сітуацыю на рынку працы і вызначце свае перавагі. Зрабіце research на тэму таго, якія прафесіі цяпер запатрабаваныя і, зыходзячы з сітуацыі на рынку працы, прапануйце свае навыкі. Так, структура рэзюмэ за 3 квартал 2019 года РАБОТА.TUT.BY гаворыць пра тое, што 23 % усіх апублікаваных рэзюмэ належыць студэнтам, якія знаходзяцца ў пачатку шляху сваёй кар’еры, 14,6 % – суіскальнікам з перспектывамі ў продажах, 6,4 % шукаюць працу ў сферы лагістыкі і транспарту. Структура вакансій на сайце паказвае трохі іншую карціну: за 3 квартал 2019 года 26,9 % вакансій належаць сферы продажаў, 12,7 % шукаюць суіскальнікаў у якасці працоўнага персаналу, крыху менш, 12,2 %, – з досведам працы ў IT і інтэрнэце. Найменшым попытам у працадаўцаў карыстаюцца спецыялісты ў сферы аўтамабільнага бізнесу.
  3. Выкарыстоўвайце як мага больш спосабаў пошуку працы. Гэта могуць быць як спецыялізаваныя сайты па пошуку працы, так і групы кампаній у сацыяльных сетках. Адзначым, не менш эфектыўны пошук на сайтах кампаній, пасродкам нэтворкінгу разнастайных майстар-класаў, практык і стажыровак, кадравых агенцтваў.
  4. Складзіце добрае рэзюмэ. У гэтым пункце варта ўлічыць некаторыя рэкамендацыі:
  • Падладжвайце рэзюмэ пад вакансію працадаўцы. Вакансіі адной і той жа катэгорыі могуць адрознівацца розным наборам навыкаў, якія шукаюць працадаўцы. Уважліва вывучыце патрабаванні працадаўцы і ў сваім рэзюмэ пакажыце ў першую чаргу тыя на-выкі, якія з’яўляюцца прынцыпова важнымі для наймальніка.
  • Заўсёды пішыце мэту рэзюмэ – назву пасады, на якую прэтэндуеце.
  • Указвайце актуальныя спосабы сувязі з вамі. Гэта можа быць ваш нумар мабільнага тэлефона ці афіцыйны адрас электроннай пошты.
  • Паказвайце свае дасягненні на папярэдніх месцах працы, выкарыстоўваючы лічбы і дзеясловы. Калі ж досведу ў вас няма, адаптуйце свае навыкі, атрыманыя на практыцы / стажыроўцы, у якасці валанцёра, пад навыкі, якія патрабуюцца ў вакансіі.
  • Досвед працы заўсёды пішыце ў зваротным храналагічным парадку (2019, 2018, 2017…).
  • Надайце ўвагу фатаграфіі: яна павінна быць актуальнай, з нейтральным фонам і адпавядаць пасадзе, на якую вы прэтэндуеце. Бо пагадзіцеся, што наўрад ці працадаўца будзе вас разглядаць у якасці менеджара, прагледзеўшы рэзюмэ з фота, якое назавеш не іначай як «Мы. Турцыя, 2016».
  • Пазбягайце абрэвіятур у наз­вах скончаных навучальных устаноў і папярэдніх месцаў працы.
  • Тлумачце працяглыя перапынкі ў працы (стажыроўкі, навучанне).
  • Павышайце сваю эфектыўнасць суправаджальным лістом. У ім коратка апішыце вашу матывацыю працы менавіта ў гэтай кампаніі і чым вы можаце быць карысныя.
  1. Хадзіце на сумоўі. Напэўна, гэта самы відавочны і эфектыўны спосаб атрымаць працу мары.

Будзьце спакойныя і ўпэўненыя ў сваіх сілах – і вы абавязкова зловіце ўдачу за хвост!

І трохі лічбаў. Статыстыка абвяшчае: 30 % суіскальнікаў засталіся ў кампаніях, у якіх праходзілі практыку. Таму да пытання пра практыку раяць ставіцца сур’ёзна.

Алена АГАРОДНІК

print

Вам таксама можа спадабацца: