Mathematics and Informatics. Першы часопіс БДУ трапіў у базу Scopus!

15 Jul, 2020.

Кансультатыўны савет па адборы кантэнту (CSAB) у канцы мая прыняў рашэнне пра ўключэнне «Часопіса БДУ. Матэматыка. Інфарматыка» ў навукаметрычную рэфератыўную базу даных Scopus. Чакаецца рашэнне яшчэ па адным «кандыдаце», заяўка якога была пададзена ў верасні 2019 года. Пра падрыхтоўку і выпуск навуковых часопісаў распавяла начальнік упраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы Наталля ГЕРАСІМОВІЧ.

Праверка на плагіят і рэцэнзаванне – залог якаснага кантэнту

– Станоўчае рашэнне па «Часопісе БДУ. Матэматыка. Інфарматыка» пацвярджае, што гэта выданне адпавядае сусветным крытэрыям ацэнкі якасці навуковых публікацый. Мы працуем у электроннай рэдакцыі, таму ўвесь працэс падрыхтоўкі артыкулаў да выпуску празрысты, эксперту лёгка за ім прасачыць. Рэдкалегіі абавязкова правяраюць адпраўлены аўтарам артыкул на плагіят, таксама ў нас прынята двайное сляпое рэцэнзаванне, калі аўтар не ведае, хто яго рэцэнзент, а рэцэнзент – хто аўтар. Рэцэнзаванне не павінна быць фармальным. Акрамя таго, БДУ ў 2019 г. стаў членам Асацыяцыі навуковых рэдактараў і выдаўцоў. Значыць, універсітэт пры падрыхтоўцы навуковых выданняў прытрымліваецца ўсіх этычных нормаў, прынцыпаў навуковасці, аб’ектыўнасці, прафесіяналізму і бесстароннасці.

Наталля Герасімовіч, начальнік упраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы БДУ

Задача – трымаць высокую планку

– На працягу трох месяцаў з моманту, як прыйшло паведамленне, што часопіс будзе ўключаны ў БД Scopus, з намі павінны звязацца і абмеркаваць, якім чынам мы перададзім кантэнт у базу для індэксавання. Нельга расслабляцца, трэба працягваць працаваць, каб часопіс утрымліваў свае пазіцыі ў базе даных. Для гэтага варта падбіраць якасныя артыкулы па выразна вызначаным рэдкалегіяй напрамку, адлюстраваным у палітыцы часопіса, і своечасова публікаваць нумары выданняў. Калі кантэнт будзе якасны і актуальны – яго будуць цытаваць, а гэта самае важнае.

Рэдкалегіі павінны быць скіраваны на вынік

– Мы павінны быць упэўненыя, што кантэнт часопіса якасны і афармленне адпавядае стандартам, таму спецыялісты ўпраўлення выконваюць вялікі аб’ём работы: ад праверкі кожнай спасылкі, якую ўказвае аўтар, да афармлення тэксту па структуры IMRAD. Відавочна, што мы не можам марнаваць шмат часу на часопісы, якія рыхтуюцца толькі з адной мэтай – проста быць выдадзенымі.

У першую чаргу зацікаўленымі ў развіцці часопіса павінны быць галоўны рэдактар і рэдкалегія. І не проста выконваць нашы рэкамендацыі, а выяўляць актыўную пазіцыю.

Напрыклад, каб забяспечыць такі важны крытэрый адбору ў Scopus, як геаграфічная разнастайнасць аўтараў і рэдактараў, неабходна весці і падтрымліваць навуковую камунікацыю, ініцыяваць калабарацыі з замежнымі даследчыкамі, публікаваць артыкулы на англійскай мове. Таксама рэдкалегіі павінны ўвесь час шукаць і прыцягваць у часопіс аўтараў, якія будуць забяспечваць якасны і актуальны кантэнт.

 Часопіс – цэнтр фарміравання кампетэнцый акадэмічнага пісьма

– На жаль, не ўсе аўтары, якія рыхтуюць артыкулы ў часопісы, умеюць іх пісаць. Навукоўцам неабходна асвойваць навыкі акадэмічнага пісьма і павышаць сваю акадэмічную пісьменнасць. Аўтары павінны трымацца правіл падрыхтоўкі артыкула да публікацыі ў міжнародным навуковым часопісе, пісаць яго па структуры IMRAD, правільна фармуляваць анатацыі. Дарэчы, трэба надаваць належную ўвагу анатацыям на англійскай мове, каб яны былі не фармальнымі, а поўнымі і зразумелымі для людзей, якія не валодаюць рускай. Англамоўны даследчык, прачытаўшы анатацыю, павінен зразумець, цікавы яму артыкул ці не. Калі цікавы – ён зможа заказаць пераклад на англійскую мову.

Адбор у Scopus – справа сур’ёзная

– Акрамя заяўкі «Часопіса БДУ. Матэматыка. Інфарматыка», мы падавалі яшчэ дзве: у верасні – заяўку «Часопіса БДУ. Гісторыя», у снежні – «Часопіса БДУ. Геаграфія. Геалогія». Літаральна надоечы Кансультатыўны савет па адборы кантэнту (CSAB) завяршыў разгляд «Часопіса БДУ. Геаграфія. Геалогія» і вырашыў пакуль не ўключаць яго ў БД Scopus. Эксперты далі каментары, зараз мы іх павінны прааналізаваць, прыняць і ўнесці карэктывы ў палітыку развіцця часопіса.

Па-першае, было адзначана, што тэматыка кантэнту часопіса вельмі шырокая, ёсць некалькі добрых, інфарматыўных артыкулаў, але шмат і тых, што робяць невялікі ўнёсак у гэту галіну навукі. Многія добрыя міжнародныя часопісы ўжо асвятляюць падобныя пытанні, таму нашаму часопісу неабходна звузіць тэматычную галіну, папярэдне прааналізаваўшы, чым мы можам зацікавіць міжнародную навуковую супольнасць, гэта значыць трэба знайсці і заняць сваю нішу.

Па-другое, эксперты звярнулі ўвагу, што часопіс недастаткова добра цытуецца. Нават калі часопіс яшчэ не ўваходзіць у Scopus, трэба ўсё адно імкнуцца да таго, каб яго цытавалі ў выданнях, якія ў гэту рэфератыўную базу ўжо ўключаны. Цытаванне нашага часопіса ў высакарэйтынгавых навуковых выданнях сведчыць пра тое, што мы друкуем актуальныя, цікавыя даследаванні.

Рэдкалегія будзе дапрацоўваць часопіс у адпаведнасці з рэкамендацыямі, і праз два гады мы зноў зможам падаць заяўку на ўключэнне ў Scopus. Рашэнне па «Часопісе БДУ. Гісторыя» пакуль чакаецца, эксперты яго разглядаюць, задаюць пытанні на ўдакладненне. Сёлета плануем падаць яшчэ заяўку на ўваходжанне ў базу даных «Часопіса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Хімія».

Каментар дырэктара НДІ ППМІ, галоўнага рэдактара «Часопіса БДУ. Матэматыка. Інфарматыка» Юрыя ХАРЫНА:

– Рашэнне пра ўключэнне нашага часопіса ў базу бібліяграфічных і навукаметрычных даных Scopus прынята 25 мая 2020 года. Яно, вядома, было вельмі чаканым таму, што была праведзена вялікая падрыхтоўчая праца. Па-першае, за апошнія 5 гадоў павысіўся навуковы ўзровень часопісных артыкулаў, дзякуючы кансалідаванай працы трох структурных падраздзяленняў комплексу БДУ па матэматыцы і інфарматыцы: ММФ, ФПМІ, НДІ прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі (НДІ ППМІ). Прызнаннем дасягнутага высокага навуковага ўзроўню з’яўляецца ўключэнне часопіса ў іншыя прэстыжныя бібліяграфічныя базы даных: РІНЦ (Расія), Mathematical Reviews (ЗША), zbMath (Германія), Google Scholar, DOAJ. Па-другое, у студзені 2019 года рэктарат вылучыў часопіс для ўключэння ў Scopus, і УРВР і ЦІТ аказалі дапамогу ў яго тэхнічнай падрыхтоўцы. Па-трэцяе, асаблівая падзяка высокакваліфікаванай рэдкалегіі часопіса. Прыняцце ў Scopus для нас – высокі гонар і яшчэ больш высокая адказнасць за далейшы рост узроўню часопіса.

У рэдкалегіі 51 % замежных навукоўцаў. Гэтага ўдалося дасягнуць дзякуючы актыўнаму навуковаму супрацоўніцтву ММФ, ФПМІ і НДІ ППМІ з замежнымі калегамі ў форме кантрактаў, грантаў, міжнародных навуковых канферэнцый, якія арганізуюцца на базе БДУ, дамоў пра навукова-навучальнае супрацоўніцтва. Гэтыя ж прычыны дазваляюць пашыраць геаграфічную разнастайнасць аўтараў часопісных артыкулаў. Уключэнне часопіса ў Scopus, безумоўна, палегчыць прыцягненне замежных аўтараў.

Рэдкалегія часопіса сумесна з прарэктарам па навуковай рабоце В. Р. Сафонавым вызначыла далейшыя планы па развіцці выдання і ўтрыманні пазіцый у Scopus. Галоўныя пункты плана: далейшае павышэнне навуковага ўзроўню часопіса; забеспячэнне рэдагавання англамоўных тэкстаў; укараненне прынятай у свеце практыкі падрыхтоўкі артыкулаў па прыродазнаўчых навуках у выдавецкай сістэме TeX.

Даведка

У 2016 годзе ўпраўленне рэдакцыйна-выдавецкай работы цалкам рэарганізавала навуковыя часопісы БДУ ў адпаведнасці з патрабаваннямі міжнародных баз даных. З 2017 года ва ўніверсітэце ў новым фармаце выходзіла 13 часопісаў. У 2020 годзе шэрагі навуковых выданняў папоўніла новае – «Чалавек у сацыякультурным вымярэнні» – акадэмічны часопіс па фундаментальных тэарэтычных і прыкладных праблемах культуралогіі, дызайну, мастацтвазнаўства і сацыякультурнай камунікацыі. Галоўны рэдактар часопіса – доктар педагагічных навук прафесар Андрэй Кароль.

Валерыя БАНДАРЧЫК

print

Вам таксама можа спадабацца: