Лірычны фізік з хімфака: другакурснік Кірыл Мароз пра пошук сябе і ўключэнне у банк даных адоранай моладзі

18 Aug, 2023.

Стыпендыят банка даных адоранай моладзі студэнт хімічнага факультэта БДУ Кірыл Мароз толькі скончыў другі курс, але ўжо паспеў зразумець, чым хоча займацца ў далейшым. Пагутарылі з хлопцам пра шлях да прызнання і планы на будучыню.

Кірыла можна апісаць як амбіцыйнага маладога чалавека, што знаходзіцца ў пастаянным пошуку сябе. Студэнт кажа, што ў ім гарыць іскра пазнання, без якой яму нікуды: калі з поля зроку знікае тое, чым ён цікавіцца, хлопцу становіцца сумна.

У банк даных адоранай моладзі другакурсніка прывёў удзел у алімпіядах па хіміі, спачатку ў абласных і рэспубліканскіх, а затым – на міжнародных этапах. Хлопец пачаў займацца паглыбленым вывучэннем прадмета «для сябе» – падштурхоўвала звычайная цікаўнасць. Спачатку Кірыл разумеў, што без гэтага можна абысціся, але паступова ўдзел у маленькіх хімічных стартах перарос у значныя дасягненні.

– Калі толькі пачынаў займацца алімпіядамі, мне падавалася, што гэта маленькая кар’ерная лесвіца. Такое ўражанне з пазіцыі перажытага вопыту не адпускае мяне і зараз, – адзначае адораны другакурснік. – Але, упершыню ўзяўшы дыплом на рэспубліканскай алімпіядзе, не мог нават падумаць, што ў адзінаццатым класе буду выступаць на міжнародным этапе.

Усяго ж у міжнародных алімпіядах малады чалавек удзельнічаў двойчы. І ў абодвух выпадках вярнуўся не з пустымі рукамі: скарбонка ўзнагарод хлопца папоўнілася сярэбраным і бронзавым медалямі. Сёння да інтэлектуальных спаборніцтваў па хіміі Кірыл мае дачыненне не толькі як удзельнік, але і як трэнер і нават складальнік заданняў.

Да таго, як трапіць у банк даных адоранай моладзі, хлопец чуў пра яго мімаходам і ўсяго некалькі разоў, не асабліва паглыбляючыся ў сутнасць. Аднак, дзякуючы поспехам у алімпіядах, Кірыл Мароз разумеў, што знаходзіцца побач з прызнаннем такога ўзроўню. Таму навіна пра тое, што студэнта ўключылі ў спіс адоранай моладзі Беларусі, не стала нечаканасцю.

– Калі ўспамінаю, што занесены ў банк даных, гэта падганяе, паколькі з гэтай падзеяй узрос узровень адказнасці за тое, што раблю. Адразу на думку прыходзіць той шлях, які для гэтага прыйшлося прайсці, і намаганні, што патрэбна было прыкласці. Гэта матывуе і дазваляе браць новыя прыступкі. У іншым маё жыццё ніяк не змянілася – амбіцыі развівацца далей нікуды не дзеліся, – падзяліўся Кірыл Мароз.

Як толькі выпадае вольная хвіліна, малады чалавек натхняецца фатаграфіяй: яму падабаецца рабіць пейзажныя здымкі і фатаграфаваць архітэктуру. Таксама ён спрабуе сілы ў арт-дызайне і калі-нікалі піша вершы. З творчасцю звязаны і яго самыя вялікія мары: Кірыл усё больш увагі надае музыцы, а дакладней праслухоўванню барабанных партый у кампазіцыях. У будучыні ён хацеў бы навучыцца іграць на гэтым інструменце, а таксама асвоіць арфу.

– У 9 класе палюбіў «строгія» дысцыпліны і ўпершыню задумаўся пра магчымасць звязаць жыццё з даследчыцкай дзейнасцю. Зараз вяртаюся да тых разважанняў, разумею, што мне падабаецца заўважаць дробныя дэталі, таму ў перспектыве я хацеў бы паглыбіцца ў навуку. Пакуль я не да канца вызначыўся, што мне найбольш цікава, яшчэ выбіраю напрамак. Ёсць шмат напрамкаў, якія падабаюцца, але хочацца спыніцца на нечым адным, – дадаў хлопец.

У ніку студэнта ў сацыяльнай сетцы значыцца слова «lirik». Лірык – гэта Кірыл наадварот. У свой час ідэю выбраць такое імя для электронных рэсурсаў хлопцу падказала матуля. А на пытанне да каго б ён сябе аднёс – фізікаў ці лірыкаў, другакурснік адказвае: «Да лірычных фізікаў».

– Не імкнуся браць прыклад з некага, а стараюся быць сабой. Таму атрымліваецца, што кожны дзень мяне натхняюць розныя людзі і я па-новаму раскрываюся. Часцей за ўсё гэта людзі з рэальнага асяроддзя, а не героі фільмаў ці кніг. Думаю, ва ўсім, што чалавек робіць, ён павінен заставацца самім сабой. Гэта дазволіць яму быць максімальна шчырым з людзьмі навокал і са светам у цэлым. Ды і самому чалавеку тады прасцей жыць, праяўляць сваё «я», – перакананы адораны малады чалавек. – А мая самая адметная рыса – дваістасць, менавіта таму мне цікавыя адначасова і навука, і творчасць. Калі нечага не хапае у адной галіне, выкарыстоўваю магчымасць запоўніць прабел другой.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: