Цяжкі шлях да мары

24 Jan, 2024.

Студэнтка 3 курса факультэта сацыякультурных камунікацый Віялета Навіцкая стала «Студэнтам года – 2023» у спартыўнай намінацыі. Дзяўчына займаецца каратэ ўжо 12 гадоў, яна кандыдат у майстры спорту, мае чорны пояс, з’яўляецца членам нацыянальнай каманды і атрымлівае стыпендыю Прэзідэнта.

Першыя крокі

У спорт Віялета трапіла зусім выпадкова. Яе бабуля ўбачыла аб’яву ў ліфце і прапанавала сваёй жвавай і баявой унучцы пайсці займацца.

Першыя трэніроўкі былі мала звязаны з каратэ, і толькі праз паўгода ў будучай чэмпіёнкі на трэніроўках пачалася адпрацоўка элементаў каратэ. Яна рыхтавалася да іспыту і вучыла стойкі, удары, блокі.

– Першы іспыт для каратыста – гэта вельмі важная падзея, пасля яго здачы ты маеш права насіць кімано. Цяжка апісаць словамі пачуццё, калі ўпершыню яго надзяваеш. З’яўляецца ўпэўненасць, нейкі характар, адказнасць. Потым у канцы года ў нас былі першыя спаборніцтвы, і перад імі нам далі пальчаткі. А адчуванні ад таго, як упершыню надзяваеш экіпіроўку, яшчэ больш хвалюючыя, чым ад кімано.

Прафесійнае каратэ падзяляецца на два напрамкі: кумітэ і ката. Ката ў каратэ завуць адточаную тэхніку блокаў, удараў і перасоўванняў, з вызначаным рытмам, тэмпам, кірункам погляду. Кумітэ – гэта частка каратэ, у якой чалавек трэніруецца з супернікам. У будучыні спартсмен-пачатковец выбірае, што яму больш падабаецца. Аднак першыя спаборніцтвы звычайна праводзяцца па іншых раздзелах. На сваім першым спаборніцтве па сумо Віялета выйграла залаты медаль, нягледзячы на тое, што захварэла і выступала з тэмпературай. Наступныя спаборніцтвы былі па кумітэ і ўжо лічыліся больш прафесійнымі. Там дзяўчынка таксама заваявала золата.

– Была адна пацешная сітуацыя. Я не ведала, што трэба выступаць у капе, а без яе да бою не дапускаюць. Маёй маме прыйшлося тэрмінова бегчы ў краму, купляць яе. Я думала, што ўвогуле не змагу выступіць у капе не па памеры, але мама сказала, што я спраўлюся, і мне заставалася толькі біцца і перамагаць.

Першыя міжнародныя спаборніцтвы Віялеты праходзілі ў польскім Гданьску, дзе выступала ў двух раздзелах: кумітэ і ката. Спаборніцтвы скончыліся 2 залатымі медалямі і своеасаблівым досведам.

– Калі я выйшла на татамі, я забыла рухі і прыдумала свой ката, сабраўшы ўсё, што памятаю. Вядома, я прайграла, але гэта дапамагло мне зняць хваляванне і заваяваць золата ў кумітэ. Тады ўсе паядынкі выйграла датэрмінова. Потым з аднаклубніцамі яшчэ і забралі кубак у камандным кумітэ.

Яшчэ адным спаборніцтвам, якое адбілася ў памяці ў чэмпіёнкі, стаў дзіцячы кубак свету ў Польшчы ў 2016 годзе, дзе яна заваявала серабро ў асабістым заліку і золата ў камандным.

Першыя перашкоды і галоўныя перамогі

У 14 гадоў Віялета хацела адабрацца ў зборную Беларусі, каб паехаць на першынство Еўропы і свету. Але ў гэтым узросце ў яе не атрымалася выйграць чэмпіянат і першынство рэспублікі. Для дзяўчыны гэта было вялікім расчараваннем.

– Пасля пройгрышу я прыходзіла ў залу, і было сорамна глядзець трэнеру ў вочы, – успамінае студэнтка. – Раней кожны пройгрыш сапраўды быў для мяне ўдарам, але з узростам я навучылася ставіцца да гэтага спакойна і не апускаць рукі.

Апамятацца пасля няўдачы дапамаглі міжнародныя спаборніцтвы, якія праходзілі ў 2018 годзе ў Львове. У дзень гэтых спаборніцтваў сястра Віялеты вырашыла прачытаць гараскоп на дзень. Спартсменцы тады выпала прадказанне, што «сёння на сцэне ўсе погляды будуць прыкаваныя да яе». І як бы Віялета ні смяялася з гараскопа, тады ён прадказаў з усёй дакладнасцю.

У той дзень Віялета выйграла ўсе 5 паядынкаў, не аддаўшы пры гэтым ніводнага бала. Фінальны этап быў для яе асабліва хвалюючым, яна змагалася з саперніцай, якой захаплялася. У Беларусь яна вярнулася з першым месцам, кубкам і верай у сябе.

– Дарэчы, у наступным годзе я не стала першай на рэспубліцы, але зноў выйграла ў Львове. Так што, каб трапіць у зборную, гэта быў не мой перыяд, а ў міжнародных спаборніцтвах усё ішло як па масле.

У 16 гадоў Віялета нарэшце змагла перамагчы на першынстве рэспублікі. Але шлях быў няпростым. За 2 месяцы да перамогі на трэніроўцы спартсменцы зламалі нос, пасля чаго ў бальніцы наклалі 11 швоў і зрабілі аперацыю. Урачы казалі, што пра спаборніцтвы можна забыцца, любы неасцярожны рух прывёў бы да паўторнай аперацыі.

Праз месяц спартсменка з цяжкасцю ўгаварыла ўрача адпусціць яе на зборы ў лагер, абяцаючы быць вельмі асцярожнай. І спачатку яна і праўда трэніравалася ў масцы, але ў выніку яе зняла на сваю рызыку. І зноў пашкодзіла нос.

– Менавіта ў такія складаныя перыяды людзі ўвесь час прапануюць кінуць спорт. Нават трэнер прыйшоў у бальніцу і сказаў, што, калі я хачу, магу заканчваць. Але ў мяне нават і ў думках гэтага не было, бо ўсе няўдачы робяць цябе мацнейшым, – пераканана каратыстка. – Не магу назваць свой шлях у спорце лёгкім. Я то нагу зламаю і выпадаю на паўгода з трэніровак, то зноў нос зламаю, то яшчэ штосьці. Але гэта не прычына здавацца.

Наступным этапам стаў чэмпіянат рэспублікі. Віялеце тады было 17 гадоў, але па правілах, калі спартсмену ў год правядзення чэмпіянату спаўняецца 18 гадоў, то ён можа ўдзельнічаць у дарослай катэгорыі. У фінале яна змагалася з чэмпіёнкай краіны, якая была старэйшая на 3 гады. І Віялета забрала жаданае золата! На сёння яна выйграла чэмпіянат і першынство Рэспублікі Беларусь ужо 7 разоў.

II Гульні краін СНД

Спаборніцтвамі, якія выклікалі ў спартсменкі буру эмоцый, сталі II Гульні краін СНД. Віялета прызнаецца, што гэта зусім іншае каратэ і іншы ўзровень адказнасці. Важна было не падвесці сваю краіну, асабліва ўлічваючы, што спаборніцтвы праходзілі на радзіме. Да гэтага студэнтка ўдзельнічала ў І Гульнях краін СНД, але не змагла ўвайсці ў тройку медалістаў і паабяцала сабе, што абавязкова зробіць гэта на наступных гульнях. Сваё слова яна стрымала.

У паўфінале дзяўчына саступіла саперніцы з Казахстана. Віялета прызналася, што, калі яна спатыкнулася за крок ад залатога медаля, было складана ўзяць сябе ў рукі, але яна забараніла сабе хвалявацца, бо праз 10 хвілін трэба было выходзіць біцца за бронзавы медаль.

– Спачатку бой не даваўся, я прайгравала 4:0. Заставалася прыкладна паўтары хвіліны, – дзеліцца ўспамінамі пра гэты дзень Віялета. – Я атрымала адзін бал, потым другі, застаецца 30 секунд, але я ўсё роўна саступаю з лікам 5:3. І тут я раблю кідок, за які атрымліваю тры балы, вырываюся наперад, але лік 6:5 вельмі хісткі. І на апошніх 10 секундах я выконваю манеўр, саперніцы даюць апошнюю заўвагу, дыскваліфікуюць, і я выйграю бронзу з лікам 8:0.

Асноўныя жыццёвыя прынцыпы Віялеты – гэта прыслухоўвацца да іншых, але заставацца адданай свайму меркаванню, быць пазітыўнай, заўсёды дарабляць справу да канца і, самае галоўнае, верыць у сябе.

Ганна Казакова

print

Вам таксама можа спадабацца: