Маскі скінутыя: у БДУ прайшоў Міжуніверсітэцкі паэтычны форум

24 Jan, 2024.

Сёлета слоганам і натхняльнай ідэяй праекта сталі словы «Творчасць без масак». Падзея аб’яднала моладзь з БДУ, БДУІР, БДЭУ, МДЛУ, БНТУ, Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Адметна, што першы сезон форуму прайшоў у 2016 годзе, а міжуніверсітэцкі статус мерапрыемства набыло ўжо праз два гады. Знакавым для каманды арганізатараў стаў таксама 2019-ы: тады гэта студэнцкая ініцыятыва заняла другое месца ў конкурсе «Найлепшы моладзевы праект БДУ».

– Універсітэцкі паэтычны форум (першая назва мерапрыемства. – Заўв. аўтара) прыдумала невялікая кампанія сябровак. Пасля нараджэння ідэі праекта нам спатрэбіўся месяц працы, каб зрабіць яго праграму насычанай. Мы баяліся, але рабілі – часам навобмацак, па ўласных мерках якасных мерапрыемстваў. У многім не прагадалі – адразу ж сабралі больш за 100 заявак і выйшлі на ўзровень універсітэта. Самі таго не чакаючы, занялі асобную нішу, – узгадвае першы кіраўнік праекта выпускніца факультэта журналістыкі Лідзія Заблоцкая. – І пасля першага сезона мы зразумелі, што паэтычны форум нельга кідаць ні ў якім разе (гэта ж наша дзіця!), а наадварот, трэба рабіць яго яшчэ больш цікавым і прадуманым.

Улічыўшы недахопы і сабраўшы зваротную сувязь першых удзельнікаў, маладыя людзі скарэкціравалі канцэпцыю форуму: дадалі цікавостак, пашырылі конкурсную праграму да двух дзён і вырашылі запрашаць у праект моладзь з універсітэтаў Мінска. На гэтым жа этапе да каманды далучыліся першакурснікі.

– Энтузіязм, з якім каманда арганізатараў (першакурснікі і больш вопытны другі курс) слухала пра форум, цяжка перадаць. Гэта быў той самы выпадак, калі ў людзей гарэлі вочы і было нерэальнае жаданне працаваць. Уявіце сабе, ніводзін чалавек не сышоў з дыстанцыі падчас падрыхтоўкі! Матывацыя была простай. Мы, старэйшыя арганізатары, сказалі навічкам: «Народ, вось якія ролі ў нас ёсць. Можаце выбраць тое, што даспадобы. Давайце спрабаваць новае разам», – адзначае Лідзія.

Другі год паэтычнага форуму стаў для арганізатараў праверкай на трываласць, крэатыўнасць, камунікабельнасць і здольнасць прымаць рашэнні. Студэнты-актывісты шукалі партнёраў, дамаўляліся з вядучымі майстар-класаў і СМІ, пісалі сцэнарыі, каардынавалі ўдзельнікаў. Вынікам зладжанай працы сталі 2 конкурсныя дні, больш за 350 заяў і 27 фіналістаў з 11 УВА краіны і блізкага замежжа.

– Поспех любой справы заключаецца ў камандзе, уменні чуць адзін аднаго, падтрымцы. У магчымасці не адмовіць, а па-сапраўднаму дапамагчы, калі ў кагосьці нешта валіцца з рук (ці чалавек проста праспаў). У шчырасці кожнага і веры ў ідэю, – пераканана першы куратар Міжуніверсітэцкага паэтычнага форуму.

За сваю васьмігадовую гісторыю праект паказаў сябе з розных бакоў: тэмамі конкурсу станавіліся выразы «Рукапісы не гараць», «Чытай паміж радкоў», «Пашыраючы гарызонты» і інш. А стваралі атмасферу форуму ў розны час больш за дзве тысячы студэнтаў.

Гэты раз на Міжуніверсітэцкі паэтычны форум падалі больш за сто заявак, а ў фінал выйшлі 48 канкурсантаў. Па традыцыі, далучыцца да праекта студэнты змаглі ў чатырох ролях: як чытальнікі, аўтары-выканаўцы, выканаўцы аўтарскай песні і ўдзельнікі майстар-класаў. Конкурсная праграма сабрала сяброў у арт-прасторы Botanic.

– Тэму форуму, канешне, мы выбралі не проста так. Хацелася б, каб падчас праграмы канкурсанты адчулі сябе вольнымі, «знялі маскі», у ролі якіх часам выступаць псеўданімы аўтараў ці паводзіны, за якімі людзі з нейкіх прычын хаваюцца ад свету, – заўважае старшыня творчага напрамку студэнцкага савета журфака, куратар праекта Станіслаў Ратахін.

Па словах трэцякурсніка, майстар-класы паэтычнага форуму арганізатары падзялялі, зыходзячы са спецыфікі конкурснай праграмы. Паколькі галоўным крытэрыем ацэнкі чытальнікаў стала артыстычнасць, у першы дзень майстар-клас па разнявольванні правяла рэжысёр тэатра «На філфаку» Кацярына Тананайка. Удзельнікі і госці практыкаваліся ў скорагаворках, перасоўваліся ў стылі броўнаўскага руху і малявалі на ўяўным плоце.

– А што яны робяць? – пытаюцца ў суседзяў удзельнікі, якія далучыліся да форуму пазней, пакуль Кацярына раздае заданні слухачам.

– Як што? Плот фарбуюць! – смяюцца ў адказ маладыя людзі.

Адметнасцю першай фінальнай часткі Міжуніверсітэцкага паэтычнага форуму стала тое, што пры падрыхтоўцы да яго арганізатары прасілі ўдзельнікаў у сваіх анкетах указваць свае суперздольнасці. Гэта разнастаіла прадстаўленне фіналістаў. Так, тут можна было пачуць людзей, «сіламі» якіх стала шчырасць, дабрыня, мэтанакіраванасць, любоў да літаратуры, а таксама… уменне прымушаць людзей плакаць ад радасці. А прагучалі са сцэны пушкінскае «Письмо Татьяны к Онегину», «Послушайте» Маякоўскага, «Людей неинтересных в мире нет» Еўтушэнкі, «Дыпламаваны баран» Крапівы і вершы сучасных творцаў.

У другі дзень удзельнікі сталі слухачамі майстар-класа «Пісьменніцкія практыкі: ад чыстага аркуша да асэнсаванага тэксту» літаратурнага рэдактара Цэнтра беларускай драматургіі тэатральнага крытыка Яўгеніі Бачыла.

Разнастайнасць аўтарскай задумы можна было прасачыць па назвах твораў удзельнікаў. На вечары прагучалі вершы «Пячаткай шрамаў намалюем заўтра», «Вы прыйшлі да мяне ў сне», «Падзенне», «Сярод жалезак і людзей», «Як даўно да вас заглядваў страх?» і інш.

У перапынках паміж выступленнямі прысутныя «здымалі» маскі не толькі з уласнай творчасці. На інтэрактыве ад вядучых удзельнікам прапанавалі пазнаць пад маскай вядомую асобу, якая мае дачыненне да форуму. На слайдах «захавалі» Фёдара Дастаеўскага, Міхаіла Лермантава, Янку Купалу, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Івана Крылова, Марыну Цвятаеву. Не абышлося без жартаў ад стваральнікаў задання: пад маскамі таксама аказаліся фотаздымкі куратара праекта Станіслава Ратахіна і загадчыка культурна-масавага аддзелу ўпраўлення па справах культуры Івана Жукава. Таксама гасцям мерапрыемства давялося рашаць рэбусы, звязаныя з казачнымі персанажамі ці героямі мультфільмаў. Прысутным прапаноўвалі карцінкі з трыма прадметамі, якімі карысталіся персоны Х. Так, за крылом, агнём і лічбай тры сцішыўся Цмок, за варэннем, камбінезонам і прапелерам – Карлсан, а гаспадаром печкі, шчупака і шапкі-вушанкі быў Ямеля.

Другі дзень форуму пачаўся з выступленняў выканаўцаў уласных твораў, а таксама самай маленькай па колькасці ўдзельнікаў групы – аўтараў песень. Дарэчы, сёлета іх прадставілі сем студэнтаў: Эмілія Рачыцкая («Галоўны герой») і Марыя Чэшун («Ноччу мы бачым космас») з журфака, Лізавета Чыгір («Say Love») з Інстытута тэалогіі БДУ, Лізавета Зінькова («Шкло») з філфака, студэнты біяфака Яўген Лосеў («Не пакіну») і Аляксандра Мярцалава («Дурны гігант»), а таксама прадстаўніца Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Яніна Пінчук («Рамантычна»).

Пасля падвядзення вынікаў двух конкурсных дзён Міжуніверсітэцкага паэтычнага форуму пагутарылі з некаторымі пераможцамі і прызёрамі.

Першакурсніца журфака Марыя Чэшун – уладальніца дыплома II ступені ў намінацыі «Аўтарская песня» – палюбіла творчасць у дзіцячым узросце. Любоў да спеваў дзяўчына атрымала ад маці і ў 7 гадоў стала наведваць музычную школу па класе фартэпіяна. Яшчэ да выпуску Маша паспела асвоіць гітару і занялася вакалам. І тут нарадзілася мара пісаць уласныя музычныя творы – хацелася, каб яны выклікалі мурашкі ў слухачоў, выводзілі на эмоцыю.

Пра паэтычны форум студэнтка даведалася яшчэ ў верасні, калі яе з аднакурснікамі знаёмілі з мерапрыемствамі БДУ. А натхніла і падтрымала да ўдзелу Машу мінулагодняя пераможца ў намінацыі «Аўтар-выканавец» трэцякурсніца журфака Ангеліна Сарока.

– Некалі адзін дарослы музыка сказаў мне: «Закахаешся – тады і пачнеш пісаць уласныя песні». Так і атрымалася па вялікім рахунку. «Ноччу мы бачым космас» я напісала спантанна ў жніўні. У адзін з дзён быў цудоўны зарапад, і мы з сябрамі выехалі на возера, каб паназіраць. І я ўпершыню ў жыцці так блізка ўбачыла гэтыя маленькія зіхатлівыя блішчынкі. Зорнае неба набыло сэнс, – падзялілася Марыя Чэшун. – Хоць я ніколі не прэзентавала песні на публіку, перад выступленнем я не хвалявалася. Але, як толькі аб’явілі маё імя і я села з гітарай перад дзясяткамі твараў, адчула падрыгванні ў голасе і руках. Падтрымка залы вельмі супакойвала. Я старалася не думаць пра вынікі, аднак, калі шчыра, на форум я ішла не проста паказаць сябе, а ўзяць прызавое месца. Прытым я абрадавалася не толькі выйгрышу, але і цёплым словам знаёмых.

Другакурсніца біялагічнага факультэта Ксенія Швайбовіч – пераможца ў намінацыі «Чытальнік». Студэнтка прызнаецца, што цяга да творчасці закладзена ў ёй на генетычным узроўні. Колькі сябе памятае, дзяўчына любіла выклікаць усмешкі людзей, і гэта дазваляла ёй рухацца наперад. Патэнцыял Ксюшы развіваўся ў гімназіі мастацтваў, дзе творчасць адкрылася для яе з прафесійнага боку і таму зацягнула яшчэ больш. Цяпер студэнтка стараецца праяўляць сябе ва ўніверсітэце.

«Верш пра верш», з якім фіналістка выступала на форуме, яна некалі ўбачыла на відэа ў выкананні акцёра Андрэя Несцярэнкі. І паколькі твор «адгукнуўся», Ксюша задумалася, як бы яна сама змагла яго прачытаць, якая інтанацыя падыходзіць да гэтых радкоў.

Пра Міжуніверсітэцкі паэтычны форум другакурсніца даведалася з сацыяльных сетак. Афішы мерапрыемства былі такімі прыгожымі, што дзяўчына не змагла не далучыцца.

– Самы пік хвалявання прыйшоўся на выхад да слухачоў. У такія моманты заўсёды падаецца, што ты забыў усе словы і ўвогуле нічога не ведаеш. Але варта толькі прачытаць першыя радкі – супакойваешся і пачынаеш атрымліваць асалоду ад працэсу, – узгадвае Ксюша. – І перамога стала сюрпрызам, бо я выйграла ўпершыню. Недзе глыбока я не верыла, што гэта можа адбыцца. Здаецца, у мяне тады сэрца сцішылася і я адчула сапраўднае шчасце.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: