Наталля Поклад: «Літарынка» – гэта вялікая дружная сям’я

21 Nov, 2025.

У цэнтры ўвагі праекта «Размовы пра культуру і творчасць» дзіцячы ансамбль танца «Літарынка». Калектыў актыўна ўдзельнічае ў творчым жыцці БДУ і сталіцы. Пра гісторыю «Літарынкі», пастаноўку творчых нумароў і працу з дзецьмі распавяла мастацкі кіраўнік і балетмайстар ансамбля Наталля Поклад.

Наша гераіня нарадзілася 12 снежня 1977 г. у г. п. Праўдзінскі Мінскай вобласці. Скончыла аддзяленне харэаграфіі дзіцячай школы мастацтваў. У 1994 г. паступіла ў Мінскае вучылішча мастацтваў (цяпер Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў і культуры) на аддзяленне харэаграфіі «народны танец». У 1998 г. пачала працаваць у ансамблі танца «Літарынка» ў якасці балетмайстра. У гэтым жа годзе паступіла на гістарычны факультэт БДУ. З 2010 г. з’яўляецца кіраўніком ансамбля. За гады працы ва ўніверсітэце была ўдастоена падзякі рэктара БДУ, ганаровых грамат.

Як пачалася ваша прафесійная дзейнасць?

Пачаткам майго шляху стала навучанне ў Мінскім вучылішча мастацтваў. Падчас правядзення выпускных экзаменаў мне прапанавалі стаць удзельніцай заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца «Крыжачок» БДУ. Я з радасцю прыняла запрашэнне, але мяне не пакідала думка пра тое, што я мару працаваць з дзецьмі. 

Надышоў момант, калі было неабходна афармляць дакументы. У той дзень я выпадкова пазнаёмілася з Канстанцінам Васільевічам Зубікам, кіраўніком дзіцячага танцавальнага калектыву «Літарынка». Падчас размовы высветлілася, што калектыву неабходны яшчэ адзін харэограф, стала зразумела, што гэта мой шанец. У 1998 г. я пачала працаваць у калектыве. 

Вельмі важным было тое, каб мяне прынялі і палюбілі дзеці. Усё атрымалася як мага лепш – і вось з 2010 г. я кіраўнік ансамбля. 

Распавядзіце, калі ласка, пра гісторыю стварэння ансамбля.

У 1981 г. у БДУ быў створаны ансамбль танца для дзяцей выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта. Тады ён называўся «Крынічка». Першым кіраўніком стала Яўгенія Вікенцьеўна Трыгубовіч. З 1986 г. кіраўнікамі былі Канстанцін Васільевіч Зубік і Таццяна Паўлаўна Зубік. 

У гісторыі ансамбля пачаўся новы этап. Дзецям-удзельнікам ансамбля прапанавалі падумаць над новай назвай, і праз нейкі час і з’явілася «Літарынка». Дзеці хутка падхапілі ідэю пра тое, што, як з літар з’яўляюцца словы, так з рухаў з’яўляецца танец. Новая назва і замацавалася за калектывам. 

Як вы знаходзіце падыход да ўдзельнікаў ансамбля?

У нашым калектыве займаюцца дзеці рознага ўзросту. Для кожнага з іх у мяне свой метад працы. Самым маленькім удзельнікам ансамбля – 5-6 гадоў. З імі мы праводзім усе заняткі ў выглядзе гульні. На такіх уроках знаходзіцца месца для смеху, жартаў і пераўвасабленняў. 

Наступная ўзроставая катэгорыя – дзеці 8-12 гадоў. Для іх я імкнуся быць сябрам. З імі мы шмат вучымся разам. 

Старэйшая група – падлеткі 13-17 гадоў. З імі я імкнуся быць нароўні. Часта з дзяўчатамі старэйшай групы мы можам абмеркаваць нават нейкія жыццёвыя пытанні. Для мяне вельмі каштоўныя такія зносіны з дзецьмі. Мы сапраўды шмат чаму вучымся адно ў аднаго. 

Як праходзяць вашы рэпетыцыі?

Нашы рэпетыцыі заўсёды праходзяць па-рознаму. Калі гэта звычайны ўрок, то, вядома, мы спачатку вітаемся. Пачынаецца размінка, затым трэнаж. Пасля гэтага развучваем новым матэрыял і займаемся пастановачнай працай. 

Стварэнне танцавальных нумароў – гэта складаны шматэтапны працэс. Дзякуючы руплівай працы ў рэпертуары калектыву кожны год з’яўляюцца новыя пастаноўкі. Гэта адбываецца па-рознаму. Ёсць нумары, якія мы аднавілі пасля працяглага перапынку. Напрыклад, танец «Беларускі сувенір». Ёсць нумары, якія нараджаюцца спантанна, як жартоўны нумар «Кухцікі», дзе танчыла адразу некалькі членаў адной сям’і. 

Нягледзячы на тое, што кожная ўзроставая група мае свой графік і рэжым працы, у нас ёсць сумесныя нумары ў калектыве. Так, малодшая група можа танчыць са старэйшай групай, ёсць агульныя нумары для ўсіх узроставых груп. Заўсёды прыемна глядзець, як дзяўчаткі з малодшай групы бяруць прыклад са старэйшых, як яны раяцца, удакладняюць нюансы. Падчас рэпетыцый усе актыўна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Гэта выдатна! Дзякуючы гэтаму мы і ёсць вялікая дружная сям’я «Літарынка». 

Ёсць выраз «танчыць ад шчасця». Я часта задумваюся, як важна танчыць для шчасця, бо танец – гэта від мастацтва, які можа натхняць і хваляваць гледачоў. А рэпетыцыі – пачатак цікавага творчага шляху. 

Якія танцы з рэпертуару ансамбля карыстаюцца большай папулярнасцю? 

Нумары ансамбля танца «Літарынка» яскравыя і разнапланавыя. Гэта народныя, сюжэтна-гульнявыя, сучасныя эстрадныя танцы. Асабліва вылучаюцца танцавальныя нумары з беларускай тэматыкай, такія як «Полька-Янка», «Вяночак беларускiх танцаў», «Скокі» і інш. Вельмі цёпла гледачы заўсёды прымаюць жартоўныя нумары, напрыклад, «Гусак», «Кухцікі» і «Ух-ты!». Ёсць у рэпертуары ансамбля танцы народаў свету, напрыклад, рускія танцы «Матрошкі», «Калінка», італьянскі танец «Тарантэла», малдаўскі танец «Хора», іспанскі танец «Балеро».

Хто можа стаць удзельнікам ансамбля «Літарынка»? 

У ансамблі займаюцца 4 рознаўзроставыя групы – падрыхтоўчая (першы год навучання) і асноўны склад, які ўключае малодшую, сярэднюю, старэйшую групу. Галоўным чынам у нас займаюцца дзеці выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ, але таксама ўдзельнікам калектыву можа стаць любы ахвотнік. Мы заўсёды рады бачыць новыя таленты ў нашай вялікай дружнай сям’і. 

Які самы яркі ўспамін, звязаны з «Літарынкай»?

Такіх момантаў шмат. Ёсць адзін вельмі асабісты для мяне, калі ў дзяцінстве мая дачка Настачка аднойчы сказала, што ёй здаецца, быццам дзяцей з «Літарынкі» я люблю больш. Тады я вельмі доўга разважала і ўсвядоміла, як шмат у маім жыцці месца адведзена ансамблю, што для мяне ён літаральна ўсё: гэта і дом, і сям’я, і маё жыццё ў прынцыпе. Гэты момант прымусіў пра многае задумацца. 

Яшчэ адзін асаблівы ўспамін – мой першы выезд з ансамблем на міжнародны фестываль танца ў 1999 г., які праходзіў у Турцыі. Запомніўся момант адкрыцця фестывалю, калі мы ў калоне неслі сцяг БДУ і Рэспублікі Беларусь, а нас цёпла віталі гледачы. Гэта быў момант, напоўнены асаблівым гонарам і радасцю. 

У чым, на ваш погляд, унікальнасць ансамбля?

Дзіцячы ансамбль «Літарынка» – гэта вялікая дружная сям’я. Гэта месца, дзе чакаюць і любяць кожнага, дзе вырасла не адно пакаленне таленавітых дзяцей. Я ганаруся тым, што ў наш калектыў прыходзяць дзеці выпускнікоў ансамбля танца «Літарынка», што яны танчыць тыя танцы, якія калісьці танчылі іх бацькі. У нумарах нашага калектыву часта бяруць удзел мамы і таты. Я вельмі ўдзячная бацькам за тое, што яны заўсёды ідуць насустрач, прымаюць актыўны ўдзел у жыцці ансамбля і падтрымліваюць нашы ідэі і захоўваюць тым самым асаблівую сувязь пакаленняў. Гэта робіць калектыў унікальным. 

Ці ёсць у вашым калектыве адмысловыя традыцыі?

Так, вядома. На стары новы год мы праводзім сумеснае творчае мерапрыемства, дзе бяруць удзел і бацькі, і выпускнікі, і дзеці. І, каб было цікавей, мы кожны год выбіраем пэўную тэматыку. Вельмі запомнілася свята ў стылі «Героі казак». Усе актыўна рыхтаваліся: рабілі касцюмы і прыдумлялі для іх прэзентацыі. Вечар атрымаўся сапраўды казачным. Самае галоўнае, што гэтыя мерапрыемствы – выдатная магчымасць для дзяцей і бацькоў правесці больш часу разам. Мамы і таты заўсёды вельмі ўдзячныя за такую магчымасць. 

Якім вы бачыце ансамбль у будучыні? 

У наступным годзе калектыў адзначыць 45-годдзе. Мы актыўна рыхтуемся да гэтай даты і запланавалі шмат цікавых сюрпрызаў. Я ўпэўнена, што калектыў працягне расці і радаваць гледачоў. 

Даведка

Дзіцячы ансамбль танца «Літарынка» – гэта: 44 гады творчай дзейнасці Рэгулярныя канцэрты і выступленні Народныя, сюжэтна-гульнявыя, сучасныя эстрадныя танцы Пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Уладальнік гран-пры Удзельнік дабрачынных праектаў

 

Дар’я АРТАМОНАВА 

Фота: прэс-служба БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: