Удзельнікі праекта «Сувязь пакаленняў» сустрэліся з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, выкладчыкам геаграфічнага факультэта БДУ з 1963 па 2002 гг., Фёдарам ФЕШЧАНКАМ, каб павіншаваць яго з 91- годзем і пагутарыць пра яго насычанае падзеямі жыцце.
 Мы, студэнты філалагічнага факультэта Дыяна Фідарава, Станіслаў Чахееў і Таццяна Кірэенкава, завіталі ў госці да Фёдара Сяргеевіча, які амаль сорак гадоў прапрацаваў на кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін геафака БДУ. Ён чакаў нас на лесвічнай пляцоўцы. Бадзёры і жыццярадасны, якому  ну ніяк не дасі дзевяноста адзін год, з пышнымі сівымі вусамі  і гарэзнымі вачыма, ён з радасцю прыняў віншаванні і запрасіў нас у сваю кватэру:
 – Ну што ж, праходзьце! Будзем адзначаць!
 Першым, што кінулася ў вочы ў кватэры, быў спартыўны інвентар, размешчаны пры дзвярах аднаго з пакояў: гіра, некалькі гантэль, турнік. 
 – Я ўвесь час трымаю сябе ў форме, – заўважыў імяніннік.
 Пасля невялікай экскурсіі па кватэры, падчас якой Фёдар Сяргеевіч паказаў велізарныя марскія ракавіны на фартэпіяна і два альбомы з фатаграфіямі, падораныя да 90-годдзя, мы ўсе разам пачалі дапамагаць накрываць на стол і рыхтавацца да святочнага абеду.
 – А вы ўсе вясковыя ці гарадскія? – пацікавіўся  Фёдар Сяргеевіч. Мы дружна адгукнуліся, што 
 з вёсак. – Значыць, сала любіце, добра!
Я падумаў, што лепш пайду на фронт
 Так, за абедам, пачалося наша знаёмства. Хутка распавялі кожны пра сябе, а пасля наша ўвага пераключылася на гаспадара: 
 – Нарадзіўся я ў вялікай і працавітай сялянскай сям’і. Украінец. Мой бацька Фешчанка Сяргей Іванавіч – спадчынны селянін, парабак, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі да 1923 г. служыў у Чырвонай Арміі. У гады калектывізацыі за нежаданне ўступаць у калгас быў рэпрэсаваны і разам з намі, з сям’ёй, сасланы на Урал, дзе мы жылі ў адмыслова адведзеных рэзервацыях для рэпрэсаваных за дзевяць кіламетраў ад горада Ніжні Тагіл Свярдлоўскай вобласці. Мне тады споўнілася 4 гады. 
 Бацькі працавалі на «Уралвагонзаводзе», які ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў перапрафіляваны на вытворчасць танкаў. 
 З пачаткам вайны я пайшоў працаваць вучнем токара на авіяцыйны завод (які быў эвакуяваны з Ленінграда): на заклік мясцовых улад я, вучань 9 класа, змяніў школьную парту на завадскі станок, стаўшы на вахту працоўнага фронту. Маім настаўнікам быў вядомы ў той час стаханавец-ленінградзец Віктар Звераў. Працавалі па 24 гадзіны, даводзілася нават начаваць ля станка. 
 Было вельмі цяжка, і я падумаў, што лепш пайду на фронт. Маладыя працаўнікі, а падлеткі асабліва, абмяркоўвалі франтавыя навіны, марылі пра франтавую рамантыку. Хацелася на фронт, але працаўнікоў ваенных прадпрыемстваў вызвалялі ад прызыву ў войска, ды і ўзрост у шмат каго з нас яшчэ не падыходзіў. Але я знайшоў шчыліну, каб абысці перашкоды: у верасні 1942 г. паступіў у горна-металургічны тэхнікум Ніжняга Тагіла. Адтуль ва ўзросце 17 з лішнім гадоў мяне заклікалі ў Чырвоную Армію. Быў студзень 1943. Увечар, калі прыйшла позва, я гуляў у хакей. Дарэчы, ніякіх канькоў    у нас не было, а былі валёнкі, бо маразы – 30-35 градусаў. Клюшкі? Мы хадзілі ў лес, з бярозы выразалі, стругалі. Дык вось гуляю я, і раптам мне крычаць: «Там табе позва прыйшла!» У ваенкамат прыбыў, узважылі, памералі рост, склалі асабістую справу і адправілі.  Бацька атрымаў па картцы мне    чакушку сланечнікавага алею і булку хлеба цаглінкай. Гэта была мая ежа ў дарогу. Выпраўлялі знаёмыя і аднакласнікі. Развітаўся, і з тых часоў не ведаю пра іх лёсы, таму што я больш туды не вярнуўся. Худзенькі-худзенькі, я пайшоў на фронт. Затое, думаю, ворага біць буду. Са студзеня 1943 г. і па 30 ліпеня 1950 г. я служыў у войску.  Два з паловай гады на фронце ў вайну і пяць гадоў у мірны час я  быў салдатам.
Выпалі тыя гады, напэўна
 – А сям’я, Вы ж з імі падтрымлівалі сувязь? 
 – Так, перапісваўся. Бацькі за мяне маліліся, вайна ж не разбірае, каго забірае. Мая сястра працавала на ваенным заводзе, у яе і ўзнагароды ёсць. Там строга было. Калі яна хацела ў адпачынак, адказвалі: «Пад трыбунал пойдзеш!». 14 гадоў ёй тады было. 
 Дзяцінства Фёдара Сяргеевіча было нялёгкім:
 – А дзяцінства пасля раскулачвання я дрэнна памятаю, выпалі гэтыя гады ў мяне з памяці, мабыць, зусім ліха было. Памятаю, як ехалі, эшалоны, краты, ахова. Людзі паміралі. Дзеці, якія ехалі, хадзілі па вакзале і прасілі міласціну. Я не прасіў, сорамна было. Ніколі не прасіў, наадварот, заўсёды аддаваў: сябрам-аднакурснікам, на фронце. Выпалі тыя гады, напэўна, страшна было ці хварэў. Не ведаю…
 Бацька распавядаў, што на допытах, калі яго выводзілі з раўнавагі, ён глядзеў ва ўпор на следчага, і той адводзіў погляд ці сыходзіў. Але потым бацьку прыйшлося віну прызнаць. Другі раз бацька быў рэпрэсаваны ў 1937 г. Але ў 1939 г. быў вызвалены ў сувязі з недаказанасцю віны і цвёрдым яе непрызнаннем. Рэдка такое здаралася. У 1948 г. бацька атрымаў волю, узнагароджаны медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» і вярнуўся на радзіму. 
 …Пахаваў я бацьку тут, у Мінску, на Кальварыйскіх могілках. Калі я ўжо тут працаваў, ён прыехаў падлячыцца. І праз тры тыдні памёр…
 Нас забівалі, але мы  да ўсяго прывыкалі
 Мы слухалі, літаральна адкрыўшы раты і пазабываўшы пра ўсё. Спачатку ён не хацеў казаць пра ваенныя гады, мы і не настойвалі:
 – Цяжка растлумачыць, як гэта было – на фронце. Як такое ў жыцці можа адбывацца. Бывала такое, што чалавек сівеў амаль імгненна ў дваццаць два гады. Не ўсякі, вядома, людзі розныя па эмоцыях бываюць.
Навабранцам, перш чым ваяваць, трэба першасную падрыхтоўку байца прайсці, якую я на працягу трох месяцаў праходзіў у вайсковай частцы № 325 3 стралковага батальёна 10 стралковай роты ў званні радавога чырвонаармейца  ў Молатаўскай (цяпер Пермскай) вобласці. Жылі ў зямлянках, нават у маразы ў лютым. Адгэтуль па наборы мяне накіравалі курсантам у 72 артылерыйскі дывізіён, які  базіраваўся ў знакамітых Чабаркульскіх ваенных лагерах у Чалябінскай вобласці. Не скончыўшы навучання, у чэрвені 1943 г. батальён быў тэрмінова накіраваны на захад, бліжэй да фронту. На базе батальёна ў падмаскоўным горадзе Каломна быў сфарміраваны 1 Навучальны артылерыйскі полк. Тут я прайшоў навучанне па ваеннай спецыяльнасці «радыётэлефонны майстар», і ў чэрвені 1944 г. наш полк быў перадыслакаваны да беларускіх франтоў, дзе я ў складзе 3 Беларускага фронту     ўдзельнічаў у аперацыі «Баграціён».
 Бывала, што юнак прыходзіць на перадавую пасля вучэбкі – гэта адразу ж была першая ахвяра. Так, нас забівалі, але мы да ўсяго прывыкалі. Кожны думаў, што яго не заб’е, але забівала. Усіх, хто нарадзіўся ў 1925 г., майго года прызыву, палічылі: 4 адсоткі засталося ў жывых, 96 загінула. Я ўваходжу ў гэтыя 4 адсоткі, захаваўся.
 Наш камандзір узвода 22-гадовы Васілец быў увесь сівы. Двойчы выходзіў з акружэння. У палоне не быў, але ў акружэнне трапляў, у нападах быў штык у штык. І вось аднойчы пісарчук запрасіў мяне: «Ідзі туды вось, цябе запрашаюць на гутарку». Стаіць перад мной малады выпешчаны лейтэнант, шынель, пагоны новенькія, і кажа, каб я на старэйшага сяржанта Васільца напісаў кампраметацыйны ліст. Лейтэнант быў з контрразведкі, са СМЕРШа. Я ведаў і адчуваў, што Васілец перажыў, і я падумаў: «Гэта я вось здам Васільца? Ну ўжо не. Ён наш! А вы…!». Але СМЕРШ успрымаў усё са сваіх пазіцый:   калі ты быў у акружэнні і застаўся жывы, значыць, ты здраднік. І ім патрэбныя былі падставы забраць. Вядома, з мяне патрабавалі, але я ўсё адно нічога не напісаў. А потым ізноў пісарчук выклікаў у зямлянку да сябе і цікавіўся, чаму я нічога не пішу на Васільца. Мяне выратаваў фронт: я часта змяняў сваё месца знаходжання, і органы контрразведкі мяне страцілі. І потым, як служыў, да мяне ні разу не чапляліся, таму што ўбачылі, што я за ўсе гады ніводнага даносу не напісаў, ну і зразумелі, што з мяне няма чаго ўзяць.
 Сябры сагітавалі паступіць у БДУ
 Мы сядзелі ў гасцях ужо чатыры гадзіны, пілі гарбату, завараную на траве, якую Фёдар Сяргеевіч вырошчвае ў сябе на дачы. Там была і меліса, і мята, і святаяннік, і яшчэ шмат чаго. Напой атрымаўся незвычайна смачны і духмяны і ствараў казачны настрой.
– Пасля перамогі я працягваў службу на тэрыторыі Германіі ў складзе 3 ударнага войска савецкай групы. З прычыны складанага становішча наша дэмабілізацыя зацягнулася надоўга. Толькі ў чэрвені 1950 г., калі мне было амаль  25 гадоў, у званні старшага сяржанта я быў дэмабілізаваны.
 Пасля маёй дэмабілізацыі сябры, якія сышлі на «грамадзянку» раней, сагітавалі прыехаць у Беларусь і паступіць ва ўніверсітэт. Я памятаю, як у ноч выйшаў з валізкай у руках з цяплушкі на таварнай станцыі ў Мінску і накіраваўся  ў інтэрнат на вуліцу Маскоўскую, дзе жылі мае сябры. Так я і застаўся ў Мінску. А ўжо ў 1953 г. я скончыў геаграфічны факультэт БДУ, прычым яшчэ студэнтам 4 курса пачаў працаваць у Рэспубліканскім Палацы піянераў педагогам.
 Далей Фёдар Сяргеевіч распавёў нам пра сваё жыццё на Кубе,  як у 1957–1958 гг. па лініі Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР працаваў там на пасадзе выкладчыка-кансультанта і кіраўніка групы адукацыі савецкіх спецыялістаў  Камагуэйскай правінцыі. Чытаў лекцыі для выкладчыкаў і студэнтаў Камагуэйскага ўніверсітэта і педагагічнага інстытута, займаўся арганізацыйнай працай па стварэнні ва ўніверсітэце кафедры эканамічнай геаграфіі, кіраваў аспірантамі. Іспанскай ён не ведаў, таму прыйшлося працаваць і вучыць мову   адначасова. Хадзіў па 4 разы на тыдзень вывучаць іспанскую мову пасля працы. Выкладчык, маладая кубінка, валодала толькі іспанскай, таму пускала ў ход малюнкі, фота, паказвала «на пальцах» выразы і паняцці. Вельмі цікавы і дзейсны спосаб вывучэння мовы, па словах Фёдара Сяргеевіча.
 Мы троху пагаварылі пра жыццё, пра яго працу ў БДУ, пра надзённыя праблемы і пра эканоміку. Шчыра прызнацца, нас уразілі яго сучасныя погляды ў гэтай галіне. Ён літаральна прачытаў нам лекцыю па эканамічнай геаграфіі, бо быў выкладчыкам гэтага прадмета. Але, як кажуць, былых выкладчыкаў не бывае.
Распісвайцеся, бо нікуды не паедзеш
А Фёдар Сяргеевіч працягваў, распавядаючы нам кранальную гісторыю свайго кахання:
— А хто каханая была? – усміхнуўся ветэран. – Удзельніца майго гуртка, якім я кіраваў у тыя гады. Яна маладзейшая была на 14 гадоў.
— Гэта вам колькі было?
— Мне 32 гады было, а ёй – 18. Мы пажаніліся і пражылі з ёй доўга – 58 гадоў. Вось такія справы. Яе брат паступіў на аддзяленне геалогіі ў БДУ, а я ў той час яго скончыў. Але мы сустрэліся.
— Яна Вам адразу спадабалася?
— Не, я на яе глядзеў, як на ўсіх. А потым яна ўсё часцей і ў паходы хадзіла, і ў секцыі працавала. Убачыў, што яна чалавек вельмі пунктуальны, рознабаковы. І я пачаў заляцацца да яе, але вельмі асцярожна. Яна ж мяне звала па імені і імені па бацьку, так і ўсё жыццё.
Зоя скончыла фізічны факультэт з адзнакай, працавала ў Акадэміі навук. Сама родам з Расіі. У гады вайны яе бацька тут, у Беларус, і ваяваў, партызаніў. Потым быў камендантам будынка ЦК Кампартыі Беларусі.
— А бацькі яе супраць не былі? Розніца ва ўзросце такая вялікая.
— Мы збіраліся з удзельнікамі гуртка ехаць у паход на Каўказ. І мне захацелася ўзяць з сабой каханую. І калі яна пайшла сказаць бацькам, яны спыталі, маўляў, як жа ты пойдзеш, бо ты ўжо ў гурток не ходзіш? А яна і сказала, што Фёдар Сяргеевіч запрашае. Вось яны і здагадаліся пра нашы адносіны. Ну і мама ёй кажа: “Нікуды ты не паедзеш”. А Зоя ўсё адно на сваім настойвала. Маці ў адказ: “Тады так: распісвайцеся”. Яна ж не ведала, колькі мне гадоў, і што я старэйшы за звычайнага студэнта на 8 гадоў. Але яе брат ведаў, бачыў, што я спартыўны, штангай займаюся, вядомы чалавек у БДУ. Яны параіліся, і маці сказала: “Раз так, значыць так”. І мы пайшлі ў ЗАГС і распісаліся.
«Фешчанка хеттрык зрабіў»
 Нам, маладому пакаленню, усё было дужа цікава, а Фёдар Сяргеевіч працягваў:
 – Я заўсёды займаўся спортам. Спорт мяне можна сказаць выратаваў. У Германіі, калі я служыў, адпускных увогуле не давалі, бо паўстае пытанне: «А куды ты пойдзеш? Да сваякоў? Да немцаў?» Таму і не давалі. Хтосьці таемна сыходзіў у самаволку. Многія пападаліся, іх саджалі на гаўпвахту  на 10 сутак. Некаторыя, бывала, і страляліся, і вешаліся. А я што рабіў? Ішоў у Дом афіцэраў, займаўся рэгулярна са штангай, удзельнічаў у спаборніцтвах на першынство брыгады, потым дывізіі, войска. Улетку я гуляў у футбол, напрыклад, на першынстве 3 ударнага войска. І пстрыкаў галы. Памятаю, нават у газеце напісалі: «Фешчанка хеттрык зрабіў». Вось як мяне ратавала маё захапленне спортам. І калі я дэмабілізаваўся,   у БДУ я прыехаў з Германіі са спартыўнай формай. Трошкі павучыўся, і пачалося першынство ВНУ. Я   пайшоў на трэніроўку ўніверсітэцкай каманды і вельмі добра згуляў. Мяне адразу ўзялі ў напад, хай я і казаў, што быў паўабаронцам. І з тых часоў я спортам і займаюся. Вы бачыце, у мяне ёсць турнік, ёсць штанга. Я ўвесь час трымаю сябе ў форме.
Гадзіны адбілі палову дзясятай, калі мы ўсё ж вырашылі разысціся. Сыходзіць не хацелася, бо за гэты час мы літаральна зрадніліся. І ўспаміны пра гэты дзень і пра гэтага чалавека яшчэ доўга будуць грэць нашы сэрцы.
 Дыяна ФІДАРАВА
 Фота з асабістага архіва
 Ф. С. Фешчанкі












 
																								 
																								 
																								 
																								