Дынастыю Коршукаў у БДУ прадстаўляюць доктар гістарычных навук, прафесар, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, аўтары навуковых прац. Педагагічны стаж дынастыі ў БДУ на сёння складае 81 год.
Коршук Уладзімір Канстанцінавіч доктар гістарычных навук, прафесар. Педагагічны стаж у БДУ – 38 гадоў. Нарадзіўся 25 жніўня 1935 г. у гарадскім пасёлку Урэчча Любанскага раёна Мінскай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся разам з бацькам Канстанцінам Фёдаравічам Коршукам у партызанскім атрадзе. У 1953 г. скончыў сярэднюю школу № 42 г. Мінска з сярэбраным медалём. У 1958 г. скончыў гістарычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава. Стаўшы дыпламаваным спецыялістам, вярнуўся ў г. Мінск, дзе пачаў працаваць настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў 8–10-х класах і класным кіраўніком 10 «А» класа сярэдняй школы № 30.
У 1960 г. Уладзімір Канстанцінавіч стаў выкладчыкам Беларускага політэхнічнага інстытута. У 1963 г. Уладзіміру Канстанцінавічу была прысвоена навуковая ступень кандыдата гістарычных навук. У 1971–1982 гг. з’яўляўся загадчыкам кафедры гісторыі КПСС Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. У 1980 г. абараніў доктарскую дысертацыю. У 1982 г. Уладзіміру Канстанцінавічу было прысвоена навуковае званне прафесара.
З 1982 г. на працягу доўгіх гадоў загадваў кафедрай гісторыі КПСС БДУ, а пасля яе рэарганізацыі – кафедрай палітычнай гісторыі, а затым – сусветнай і айчыннай гісторыі. З 2001 па 2020 г. з’яўляўся прафесарам кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу гістарычнага факультэта БДУ. З 1979 г.
Уладзімір Канстанцінавіч уваходзіў у склад спецыялізаваных саветаў па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый , у 1991–1995 гг. узначальваў савет па абароне кандыдацкіх дысертацый, затым быў намеснікам старшыні савета па абароне доктарскіх дысертацый пры БДУ.
Уладзімір Канстанцінавіч стаў аўтарам больш чым 250 публікацый, сярод якіх манаграфіі, брашуры, падручнікі і навучальныя дапаможнікі, артыкулы, шматлікія выступленні на навуковых канферэнцыях, у якіх даследуюцца сацыяльна-палітычная гісторыя Беларусі XX– XXI стст., праблемы Вялікай Айчыннай вайны, гісторыя палітычных партый.
У.К. Коршук вёў вялікую навукова-арганізацыйную працу. З’яўляўся членам рэдкалегій шэрагу навуковых часопісаў, у тым ліку часопіса «Веснік БДУ» (серыя 3. Гісторыя, права, эканоміка). У 1985 – 1994 гг. займаў пасаду адказнага рэдактара. У 2006 – 2016 гг. быў галоўным рэдактарам навуковага зборніка «Працы гістарычнага факультэта БДУ». Усяго выйшла 11 выпускаў гэтага выдання.
У спісе публікацый прафесара Коршука цэлы шэраг кніг і брашур. Сярод іх: «У працы выхоўваецца чалавек будучыні» (1963), «На галоўным напрамку» (1971), «Рост працоўнай актыўнасці працоўнага класа» (1978). З’яўляецца адным з аўтараў навуковых і навучальных дапаможнікаў «Палітычная гісторыя ХХ стагоддзя» (1990), «З гісторыі палітычных партый» (1993), «Праграмныя дакументы палітычных партый» (1994), «Дзяржаўнасць Беларусі: праблемы фарміравання ў праграмах палітычных партый» (1999), «Гісторыя палітычных партый» (2002), «Палітычныя партыі Рэспублікі Беларусь» (2005), «Сусветная гісторыя» ў 3 ч. (2006), «Гісторыя Беларусі» ў 2 ч. (2006).
Уладзімір Канстанцінавіч займае актыўную грамадзянскую пазіцыю. У 1980 г. быў абраны дэпутатам Мінскага гарсавета. За перыяд навуковай дзейнасці У. К. Коршук падрыхтаваў 31 кандыдата і 1 доктара гістарычных навук.
Заслугі Уладзіміра Канстанцінавіча былі высока ацэнены. Ён узнагароджаны медалямі «За доблесную працу», «Ветэран працы», «65 гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», Граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, ганаровай граматай прэзідыума ВАК Рэспублікі Беларусь, ганаровай граматай грамадства «Веды» БССР, Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі БДУ, Знакам Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР «За выдатныя поспехі ў працы».
Прафесар У. К. Коршук з’яўляецца заслужаным работнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь, выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь, заслужаным работнікам БДУ. А ў гэтым годзе яму споўніцца 90 гадоў.
Коршук Алена Уладзіміраўна – кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры міжнароднай журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ. Педагагічны стаж у БДУ – 43 гады (дачка Коршука У. К.).
Нарадзілася 5 мая 1960 г. у г. Мінску. У 1982 г. з адзнакай скончыла МДЛУ па спецыяльнасці «Англійская і французская мовы, праграмаванне лінгвістычных задач». У 1987 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Псіхалінгвістычная тыпалагізацыя міжмоўнай лексічнай інтэрферэнцыі» па спецыяльнасці 10.02.19 – тэорыя мовы.
У БДУ Алена Уладзіміраўна працуе з 1982 года выкладчыкам, дацэнтам. У 1982–1984 гг. – выкладчык кафедры замежных моў, у 1984–1987 гг. – аспірантка кафедры лексікалогіі англійскай мовы МДПІЗМ, у 1987–1989 гг. – выкладчык кафедры замежных моў, англійскай мовы для гуманітарных спецыяльнасцяў БДУ, з 1989 г. – дацэнт кафедры англійскай мовы і маўленчай камунікацыі, з 2013 г. – дацэнт кафедры міжнароднай журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ.
У 1999 г. Алена Уладзіміраўна ўвяла ў БДУ серыю аўтарскіх курсаў, звязаных з міжкультурнай камунікацыяй. Чытае курсы на рускай, беларускай і англійскай мовах.
А.У. Коршук – аўтар больш чым 160 публікацый па псіхалінгвістыцы, міжкультурнай камунікацыі, пытаннях устойлівага развіцця і г. д. на 6 мовах, апублікаваных у 18 краінах. З’яўляецца галоўным рэдактарам 3 навучальных дапаможнікаў, аўтарам шматлікіх калектыўных манаграфій, метадычных дапаможнікаў, слоўнікаў, артыкулаў, матэрыялаў, рэгулярна выступае на міжнародных канферэнцыях. У сваіх даследаваннях вялікую ўвагу надае ключавым каштоўнасцям беларускай культуры.
Актыўна ўдзельнічае ў развіцці міжнароднага супрацоўніцтва БДУ, з’яўлялася арганізатарам шматлікіх міжнародных праектаў, выступала з лекцыямі і майстар-класамі ў цэлым шэрагу замежных ВНУ. За перыяд выкладчыцкай дзейнасці Аленай Уладзіміраўнай былі прачытаны лекцыі ў Індыі, Швецыі, ЗША, Брытаніі, Італіі, Польшчы, Германіі і інш. А. У. Коршук адна з нешматлікіх удзельнікаў Зальцбургскага семінара (Аўстрыя) з Беларусі і ўладальнік стыпендыі сенатара Фулбрайта (ЗША). Павышэнне кваліфікацыі праходзіла ў ЗША, Вялікабрытаніі і Германіі.
Асноўнымі навуковымі працамі Алены Уладзіміраўны з’яўляюцца: «Cultural Detective: Belarus» («Культурныя даследаванні: Беларусь» (2007), «Diversophy: Belarus» (2009), «Асновы міжкультурнай камунікацыі» (2003), «Англійская мова. Завочная форма навучання» (1998), «English for Environmental Science» (2003 г.), Ключавыя каштоўнасці беларускай культуры (Беларускі гістарычны часопіс № 8, 2008 г.), «On Intercultural Training of Diplomats (Diplomacy and Intercultural Communication», (ed. Hannah Slavik) DIPLOFOUNDATION Malta and Geneva 2004).
У 2005 г. А. У. Коршук была прызнана «Педагогам года» па праграме Балтыйскага ўніверсітэта, якая аб’ядноўвае 220 універсітэтаў з 15 краін. У 2001 годзе ўзнагароджаны ганаровай граматай БДУ, у 2010 годзе – знакам «Заслужаны работнік БДУ».
Дынастыя Коршукаў вядомая плённай дзейнасцю на карысць універсітэта. Прадстаўнікі дынастыі працягваюць рабіць каштоўны ўнёсак у развіццё навукі, падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў у галіне гістарычнай навукі, міжкультурнай камунікацыі, выхаванне любові да роднай краіны.
Дар’я АРТАМОНАВА