Равеснікі Вялікай перамогі

22 мая, 2025.

У гэтым годзе спаўняецца 80 гадоў супрацоўнікам БДУ, якія нарадзіліся ў 1945-м – у год заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Іх біяграфіі цесна звязаны з гісторыяй краіны і ўніверсітэта. Многія з іх прысвяцілі дзесяцігоддзі працы ў БДУ, выхавалі не адно пакаленне студэнтаў і працягваюць дзяліцца ведамі і вопытам. Успамінаем, якім быў іх шлях.

Ірына Сцяпанаўна Скарапанава – 02.04.1945

Ірына Сцяпанаўна – доктар філалагічных навук, прафесар кафедры рускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. У 1967 годзе скончыла філалагічны факультэт па спецыяльнасці «філолаг, выкладчык рускай мовы і літаратуры». У 1972 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Ідэйна-мастацкія шуканні М. А. Булгакава (20-я гады)», а ў 2003 годзе – доктарскую – «Руская постмадэрнісцкая літаратура: тыпалогія, паэтыка, канцэптасфера». Сёння працягвае займацца даследаваннем актуальных пытанняў і праблем тэорыі літаратуры. Мае каля 300 навуковых публікацый.

Валянцін Юльянавіч Явід – 27.09.1945

Валянцін Юльянавіч – старшы навуковы супрацоўнік НДЛ спектраскапіі паўправаднікоў БДУ. Нарадзіўся ў Мінску. У 1969 годзе скончыў фізічны факультэт і ў тым жа годзе паступіў у аспірантуру БДУ. З 1971 года працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам спачатку на кафедры фізікі паўправаднікоў, а затым у НДІ ПФП. З 1978 па 1985 год з’яўляўся старшым навуковым супрацоўнікам у БНТУ і Інстытуце фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў НАН Беларусі. У 1985 годзе вярнуўся ў БДУ. У 1979 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Рэкамбінацыя на радыяцыйных дэфектах у германіі». Аўтар звыш 100 публікацый.

Віктар Міхайлавіч Анішчык – 19.03.1945.

Віктар Міхайлавіч – прафесар кафедры фізікі цвёрдага цела і нанатэхналогій фізічнага факультэта БДУ. Нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Наваельня Гродзенскай вобласці. У 1967 годзе скончыў фізічны факультэт БДУ. З 1970 года працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам фізічнага факультэта. У 1972 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1990 – доктарскую. У 1986–1990 гады з’яўляўся старшынёй прафкама, у 1990–1991 – сакратаром парткама БДУ. З 1990 года загадчык кафедры фізікі цвёрдага цела, з 1997 па 2018 год быў дэканам фізічнага факультэта БДУ. Аўтар больш чым 400 публікацый, у тым ліку шасці манаграфій, пяці навучальных дапаможнікаў, дзевяці вынаходстваў. Падрыхтаваў 3 дактароў і 15 кандыдатаў навук.

Валерый Васільевіч Хадасевіч – 28.06.1945.

Валерый Васільевіч – вядучы спецыяліст па навучальным абсталяванні кафедры фізікі цвёрдага цела і нанатэхналогій фізічнага факультэта БДУ. Нарадзіўся ў Мінску. У 1967 годзе скончыў фізічны факультэт БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў старшым лабарантам, асістэнтам, дацэнтам кафедры фізікі цвёрдага цела. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Аўтар больш чым 200 навуковых прац па фізіцы. Падрыхтаваў 5 кандыдатаў навук.

Віталь Паўлавіч Дубкоў – 19.08.1945.

Віталь Паўлавіч – старшы выкладчык кафедры шматпрацэсарных сістэм і сетак факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Нарадзіўся ў Мінску. У 1967 годзе скончыў матэматычны факультэт БДУ і адразу пасля выпуску стаў выкладчыкам. Віталь Дубкоў распрацаваў лекцыйныя курсы па дысцыплінах «Праграмаванне», «Структуры даных», «Аперацыйныя сістэмы». Агульны стаж працы ў БДУ – 58 гадоў. За плённую працу ў галіне адукацыі і навукі ўзнагароджаны Граматай Міністэрства адукацыі Беларусі, падзякай рэктара БДУ і ганаровай граматай БДУ.

Віталь Вікенцьевіч Альсевіч – 04.01.1945.

Віталь Вікенцьевіч – прафесар кафедры метадаў аптымальнага кіравання факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі (ФПМІ). Нарадзіўся ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. У 1967 годзе скончыў БДУ і абараніў кандыдацкую дысертацыю. Стаў прафесарам у 2001 годзе. У БДУ працуе з 1977 года. Прымаў актыўны ўдзел у станаўленні спецыяльнасці «эканамічная кібернетыка» на ФПМІ. З 1996 года – лектар дысцыпліны «матэматычная эканоміка». Аўтар тыпавой праграмы і электроннага навучальна-метадычнага комплексу па «Матэматычнай эканоміцы», суаўтар тыпавой праграмы і электроннага навучальна-метадычнага комплексу па дысцыпліне «Метады аптымізацыі», а таксама суаўтар трох навучальных дапаможнікаў па метадах аптымізацыі. Пяццю выданнямі апублікаваны яго навучальны дапаможнік «Увядзенне ў матэматычную эканоміку: Канструктыўная тэорыя». Апошняе з гэтых выданняў выйшла ў 2021 годзе. Апрача манаграфіі і навучальных дапаможнікаў апублікаваў больш за 80 навуковых артыкулаў. Адзін з галоўных арганізатараў міжнародных навуковых канферэнцый «Дынамічныя сістэмы: устойлівасць, кіраванне, аптымізацыя».

Уладзімір Апанасавіч Вінарскі – 30.11.1945.

Уладзімір Апанасавіч – вядучы навуковы супрацоўнік НДЛ хіміка-аналітычных сістэм, кандыдат хімічных навук. Нарадзіўся ў Краснакамску (Расія). У 1967 годзе скончыў хімічны факультэт БДУ. Прайшоў шлях ад стажорадаследчыка да дацэнта кафедры аналітычнай хіміі. Навуковыя інтарэсы ўключаюць пытанні аналітычнай храматаграфіі. У розны час кіраваў і ўдзельнічаў у выкананні заданняў дзяржаўных праграм. Узнагароджаны знакам «Выдатнік вышэйшай школы СССР».

 

 

 

 

 

Таццяна Андрэеўна Клімянкова – 03.03.1945.

Таццяна Андрэеўна – лабарант II катэгорыі кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. Нарадзілася ў Мінску. У БДУ працуе больш за 40 гадоў. З’яўляецца супрацоўнікам факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій з першых дзён яго функцыянавання (1976). Узнагароджана медалямі да стагоддзя ўніверсітэта, ветэран працы.

Фадзей Фадзеевіч Камароў – 20.08.1945.

Фадзей Фадзеевіч – прафесар кафедры фізічнай электронікі і нанатэхналогій факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, акадэмік НАН Беларусі. Нарадзіўся ў в. Галузы Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння з адзнакай фізікаматэматычнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута з 1969 па 1971 год працаваў стажорам-даследчыкам на фізічным факультэце БДУ. Пасля заканчэння вочнай аспірантуры БДУ працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, а з 1975 года з’яўляўся загадчыкам лабараторыі эліёнікі НДІ ПФП, з 1981 па 1992 год – намеснікам дырэктара дадзенага інстытута па навуковай рабоце. У 1974 годзе абараніў кандыдацкую, а ў 1983 годзе – доктарскую дысертацыю. У 1980 годзе прысвоена навуковае званне дацэнта, у 1984 годзе – прафесара. Абраны членамкарэспандэнтам Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі ў 1996 годзе. У 1998 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі, у 2005 годзе – лаўрэатам прэміі імя А. Н. Сеўчанкі. Штогод з’яўляецца членам міжнародных аргкамітэтаў навуковых канферэнцый. Кіруе саветам па абароне доктарскіх дысертацый у БДУ. Падрыхтаваў 6 дактароў навук і 30 кандыдатаў навук, уключаючы спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі з Германіі, Польшчы, В’етнама і Казахстана.

Анатоль Іосіфавіч Саколік – 19.09.1945.

Анатоль Іосіфавіч – дацэнт кафедры клетачнай біялогіі і біяінжынерыі раслін біялагічнага факультэта. Нарадзіўся ў Екацярынбургу (Расія). У 1968 годзе скончыў фізічны факультэт БДУ. Затым працаваў асістэнтам на кафедры. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Каліевыя каналы плазмалемы раслінных клетак». Удастоены Ганаровай граматы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2021), звання «Заслужаны работнік БДУ» (2019).

Віктар Іванавіч Карзюк – 04.04.1945.

Віктар Іванавіч – акадэмік НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар кафедры бія- і нанамеханікі ММФ БДУ. У розны час ён узначальваў ФПМІ (1979–1996), быў прарэктарам па вучэбнай рабоце БДУ (1996–2001), стаяў ля вытокаў стварэння Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі, стаў яго першым рэктарам (2002–2005). Віктар Іванавіч з’яўляецца аўтарам звыш 500 навуковых прац у галіне матэматычнай фізікі і дыферэнцыяльных ураўненняў з частковымі вытворнымі. Ім створаны новы метад энергетычных няроўнасцяў і аператараў асярэднення са зменным крокам, на аснове якіх вырашаны некаторыя недаступныя раней праблемы, даследаваны на вырашальнасць новыя задачы. Таксама вялікі ўклад Віктар Іванавіч унёс у даследаванні ў галіне мікраэлектронікі, якія звязаны з рашэннем задач іоннай імплантацыі. Пад яго кіраўніцтвам выкананы праекты па распрацоўцы матэматычных алгарытмаў і праграмнага забеспячэння сэрвісных модуляў для стварэння аператыўных дзейных дынамічных мадэляў нафтавых пакладаў, а таксама новых тыпаў лазераў і святлодыёдаў. Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1982), медалём «За працоўную доблесць» (1986), мае ганаровае званне «Заслужаны работнiк адукацыi Рэспублiкi Беларусь» (1996), з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі нашай краіны (1996). У 2021 годзе матэматык быў адзначаны ордэнам Айчыны III ступені.

Барыс Іларыёнавіч Бяляеў – 16.04.1951.

Барыс Іларыёнавіч – прафесар, загадчык аддзела аэракасмічных даследаванняў НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі БДУ. Нарадзіўся ў Чалябінску, у 1951 годзе сям’я пераехала ў Мінск. У 1969 годзе скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут, размеркаваўся ў Інстытут фізікі АН БCCР. Прайшоў шлях ад стажора-даследчыка да старшага навуковага супрацоўніка. У 1985 годзе па ініцыятыве рэктара БДУ акадэміка Леаніда Кісялеўскага быў пераведзены ў НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі БДУ, дзе арганізаваў лабараторыю дыстанцыйнай фотаметрыі, а ў 2014 годзе стварыў аддзел аэракасмічных даследаванняў. Аўтар больш чым 350 навуковых публікацый. Сёння ён паспяхова развівае ў Беларусі навуковую школу ў галіне аэракасмічных даследаванняў. Таксама дзейнасць прафесара звязана з распрацоўкай прыбораў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі аптычнага дыяпазону. У 1991 годзе ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР у галіне навукі і тэхнікі, адзначаны Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2011), Прэм’ер-міністра Беларусі (2015). Уладальнік Ганаровых грамат Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (2011) і Міністэрства адукацыі (2015), ВАК «За шматгадовую плённую працу па падрыхтоўцы і атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі» (2016), Савета Міністраў (2016), адміністрацыі Прэзідэнта (2024). Узнагароджаны медалямі РКК «Энергія» імя С. П. Каралёва «За асабісты ўклад у стварэнне вырабаў ракетна-касмічнай тэхнікі» (2011), «За працоўныя заслугі» (2021).

Людміла Валянцінаўна Кузіна – 10.09.1945.

Людміла Валянцінаўна – старшы выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных навук і ўстойлівага развіцця МДЭІ імя А. Д. Сахарава БДУ. У 1967 годзе скончыла Беларускі інстытут народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава (цяпер – БДЭУ). З 1970 па 1998 год працавала старшым навуковым супрацоўнікам у Цэнтральным НДІ інфарматыкі і тэхніка-эканамічных даследаванняў (Масква), а ў 1975 годзе паступіла ў аспірантуру Інстытута эканомікі НАН Беларусі. З 2005 года выкладае ў БДУ, педагагічны стаж працы ва ўніверсітэце – 20 гадоў. Распрацавала навучальна-метадычныя комплексы па дысцыплінах «Эканамічная тэорыя», «Эканоміка вытворчасці» і «Эканоміка і кіраванне арганізацыі», а таксама ўкараніла ў адукацыйны працэс навучальныя дапаможнікі і матэрыялы па выкладаных прадметах.

Яўген Іванавіч Квасюк – 06.06.1945.

Яўген Іванавіч – доктар хімічных навук, прафесар кафедры экалагічнай хіміі і біяхіміі МДЭІ імя А. Д. Сахарава. Нарадзіўся ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. У 1968 годзе скончыў хімічны факультэт БДУ, а праз два гады – аспірантуру. З 1970 па 1997 год працаваў у Інстытуце фізіка-арганічнай хіміі АН БССР на пасадах старшага інжынера-тэхнолага, малодшага, старшага і вядучага навуковага супрацоўніка. З 2006 года працуе ў БДУ. Апублікаваў звыш 120 навуковых прац, у тым ліку больш за 40 англамоўных публікацый, тры навучальныя дапаможнікі, мае 44 аўтарскія пасведчанні СССР і сем патэнтаў розных краін на свае вынаходствы.

Аляксандр Мікалаевіч Красоўскі – 22.10.1945.

Аляксандр Мікалаевіч – кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі ФГГ БДУ. У 1967 годзе скончыў фізічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «радыёфізіка і электроніка». Прысвяціў працы ў галоўнай ВНУ Беларусі больш за 50 гадоў. Пачынаў у 1974 годзе з пасады малодшага навуковага супрацоўніка, працаваў таксама старшым навуковым супрацоўнікам лабараторыі аптычных сродкаў вымярэнняў НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі. Таксама з 1997 па 2010 год займаў пост дырэктара Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы БДУ. У розныя гады працаваў дацэнтам напераменку на фізічным факультэце, а таксама геаграфіі і геаінфарматыкі. Пад кіраўніцтвам Аляксандра Красоўскага распрацаваны спектральныя прыборы для даследавання характарыстык сонечнага выпраменьвання і вызначэння складу атмасферы, якія выкарыстоўваюцца для маніторынгу ўтрымання азону і іншых малых складнікаў атмасферы на станцыях назіранняў у Беларусі і ў даследчай працы Беларускай антарктычнай экспедыцыі. За сваю навукова-педагагічную дзейнасць удастоены Ганаровай граматы Міністэрства адукацыі Беларусі (2015), ганаровай граматы БДУ (2017 і 2023), падзякі рэктара БДУ (2020) і нагруднага знака «100 гадоў БДУ» (2021).

Мікалай Максімавіч Пракапенка – 20.10.1945.

Мікалай Максімавіч – сталяр 5 разраду ў студэнцкіх інтэрнатах БДУ. Нарадзіўся ў в. Пціч Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум (цяпер – Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова) па спецыяльнасці «механік гідрамеліярацыйных прац». У 1972 годзе пераехаў у Мінск і ўладкаваўся на працу майстрам нарыхтоўчага цэха на завод «Мясамалмаш», пазней быў пераведзены ў вытворчы аддзел. У 1982 годзе пачаў працу механікам на аўтабазе «Мінскгандальаўтатранс». Пасля выхаду на пенсію Мікалай Максімавіч некалькі гадоў займаўся ўласнай справай: ствараў на замову розныя спарттавары. У БДУ працуе з 2023 года.

 

 

 

Ала Анатольеўна Загароўская – 26.05.1945.

Ала Анатольеўна – інжынер-праграміст I катэгорыі цэнтра адукацыйных інавацый юрыдычнага факультэта БДУ. У 1967 годзе скончыла матэматычны факультэт БДУ па спецыяльнасці «матэматык». З 1967 па 1994 год працавала ў Навукова-даследчым інстытуце электронных вылічальных машын. З 1996 года займае бягучую пасаду. Агульны стаж працы ў БДУ – 29 гадоў.

 

 

Уладзімір Барысавіч Вікулаў – 22.07.1945.

Уладзімір Барысавіч – вядучы інжынер па ахове працы ўпраўлення аховы працы БДУ. Нарадзіўся ў Гродне. Скончыў БНТУ па спецыяльнасці «інжынер-механік». У БДУ працуе з 2014 года. За плённую працу ў 2018 і 2024 гадах адзначаны падзякай і граматай БДУ адпаведна.

 

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: