“Хіба гэта самае лепшае, што я магу паказаць?”. Студэнтка БДУ Караліна Чарнашэй пра свой поспех на конкурсе World Miss University

15 Jan, 2018.

Студэнтка ФФСН Караліна ЧАРНАШЭЙ увайшла ў топ-6 на конкурсе World Miss University, які праходзіў у Камбоджы, і перамагла ў спецыяльнай намінацыі Miss Photogenic. Усяго ў адмысловым спаборніцтве ўдзельнічалі 83 дзяўчыны з розных куткоў свету.

Конкурс World Miss UniversityContest быў заснаваны ў 1986 годзе ўдзельнікамі міжнароднай Асацыяцыі прэзідэнтаў універсітэтаў. Першы з іх быў прымеркаваны да Міжнароднага года міру, абвешчанага ААН. Ідэя заключалася ў тым, каб найбольш адораных і прыгожых студэнтак прыцягваць да дзейнасці ў якасці “адвакатаў міру”. З тых часоў конкурс праводзіцца штогод.

 – Караліна, як вы патрапілі на конкурс?

–Патрапіла на конкурс пасля нацыянальнага адбору. Я падала заяўку і прайшла двухтыднёвы кастынг. Канкурсанткі адбіраюцца па розных параметрах, важныя не толькі мадэльная знешнасць, але і актыўная жыццёвая пазіцыя.

– Ці быў у вас досвед удзелу ў конкурсах прыгажосці ці працы мадэллю?

–Так, у 2016 годзе я ўдзельнічала ў конкурсе Miss Princess of theWorld. Тады я не заняла месцаў, але не засмуцілася. Тады я ехала атрымаць досвед, мне хацелася зразумець, чым падобныя конкурсы мне могуць быць цікавыя. Гэты досвед вельмі дапамог мне на конкурсе World Miss University. У мяне таксама ёсць досвед камерцыйных фотаздымак і паказаў. А яшчэ я скончыла подыум-школу Сяргея Нагорнага

– Як рыхтаваліся да конкурсу?

–Я рыхтавалася доўга і старанна, доўга выбірала сукенку на апошні выхад, а таксама нацыянальны строй. Мне пашанцавала, што я набыла карысныя знаёмствы падчас удзелу ў Miss Princess of the World, і яны мне вельмі дапамаглі. Таксама для мяне было важна здаць загадзя праекты і кантрольныя ва ўніверсітэце, каб не было складанасцяў з сесіяй.

– Конкурс праходзіў 2 тыдні, распавядзіце, чым вы займаліся гэты час?

–Гэтыя два тыдні былі вельмі насычанымі і цікавымі. У нас практычна не было вольнага часу, мы рана ўставалі і былі занятыя ўвесь дзень. Мы былі ўдзельнікамі форумаў на розныя тэматыкі: пра турызм, пра эканоміку, форум міру. Мы камунікавалі з высокапастаўленымі прадстаўнікамі розных галін улады Камбоджы, выказвалі сваё меркаванне пра нейкую праблему і абменьваліся досведам. Натуральна, меркаванне павінна быць кампетэнтным, важна разумець, пра што кажаш.

Таксама мы ездзілі ў дзіцячы дом, размаўлялі з дзеткамі. Мяне вельмі здзівіла, што, апроч роднай камбаджыйскай мовы, дзеці добра ведаюць англійскую і могуць з намі пагаварыць.

Мы ездзілі на розныя экскурсіі, даведваліся, як жывуць людзі ў краіне. Падчас экскурсіі я заўважыла, што дамы стаяць на палях, высветлілася, так будуюць для таго, каб дзікія жывёлы маглі перасоўвацца пад дамамі, мне гэта здалося вельмі цікавым.

Мы жылі ў сталіцы Камбоджы горадзе Пномпень. А таксама на тры дні з’язджалі ў правінцыю Сіемрэап, аглядалі Ангор-Ват – вельмі прыгожы індуісцкі храмавы комплекс. Мяне вельмі прыцягвае камбаджыйская культура, яна прасякнута прастатой і шчырасцю.

А таксама быў выдатны дзень, калі мы абменьваліся падарункамі з канкурсанткамі. Такія дні ёсць на кожным міжнародным конкурсе. Мы прывезлі сувеніры і дарылі іх адзін аднаму. Я прывезла магніцікі з нацыянальнай сімволікай Беларусі, дзяўчатам наша сімволіка вельмі спадабалася.

– Як журы ацэньвала канкурсантак? Якія былі этапы конкурсу?

–Нас ацэньвалі на працягу ўсіх 2 тыдняў конкурсу. З намі заўсёды былі назіральнікі, якія зважалі на тое, як мы сябе паводзім, як камунікуем адзін з адным і іншымі людзьмі, як бяром удзел у форумах і нават як сядзім ці ядзім.

Таксама вельмі важным быў дзень перадацэньвання, каб у журы было больш часу нас ацаніць. Нам далі магчымасць выказаць двуххвілінную прамову, а таксама прадэфіляваць.

У сам конкурсны дзень мы разам з усімі дзяўчатамі спялі песню Майкла Джэксана Heal the World. Гэта песня пра мір ва ўсім свеце, што вельмі пасуе для гэтага конкурсу. Таксама ў нас было некалькі дэфіле: у студэнцкіх мантыях, у нацыянальных строях і завяршальнае – у вячэрніх сукенках, а таксама конкурс талентаў.

Выхад у нацыянальных строях быў вельмі маляўнічым і цікавым. Строі здзіўлялі не толькі прыгажосцю, але і сваімі памерамі. Напрыклад, касцюм у дзяўчыны з Інданэзіі захоўваўся ў велізарнай скрынцы 1,5х1,5 метра. Нацыянальныя строі ў лацінаамерыканскіх дзяўчат, наадварот, былі досыць мініяцюрнымі, але не меней маляўнічымі.

На шоу талентаў мой нумар быў вельмі кантрастным. Спачатку я спявала песню “Купалінка” ў нацыянальным строі, але потым музыка перарывалася, і я спявала запальную песню It’s my life. Нумар атрымаўся цікавым, я пазнаёміла журы і гледачоў з беларускай культурай і запаліла ўсю залу.

– У конкурсе ўдзельнічалі 83 дзяўчыны. Ці здараліся канфлікты, ці, наадварот, усе адзін аднаго падтрымлівалі і пасябравалі?

–Мы пасябравалі. Канфліктаў не было, але сустракаліся кур’ёзныя сітуацыі, часцей за ўсё ў лацінаамерыканскіх дзяўчат. У іх увесь час штосьці адбывалася, то ў кагосьці парвалі сукенку, то запэцкалі адзенне. Але канфліктныя сітуацыі хутка забываліся, і ніхто адкрыта не варагаваў.

– Распавядзіце, што вы даведаліся пра Камбоджу ?

–Паездка ў Камбоджу была маім першым знаёмствам з азіяцкай культурай.  Я ехала туды з насцярожанасцю, таму што раней нічога пра краіну не чула. Але пра Камбоджу я даведалася вельмі шмат. Я была ў шоку ад таго, як хутка развіваецца гэта краіна. Мы даведаліся, што на месцы сталіцы 30 гадоў назад былі проста руіны. Горад аднавілі, і ён цяпер сапраўды выглядае як сталіца, якая развіваецца, мяне гэта вельмі ўразіла і пацешыла. Таксама мне вельмі спадабаліся людзі. Краіна вельмі сонечная не толькі ў плане надвор’я, але і ў стаўленні людзей. Усе шчыра ўсміхаюцца і ставяцца адзін да аднаго з павагай.

З намі ўвесь час хацелі сфатаграфавацца мясцовыя жыхары, мне было вельмі прыемна, што я магу неяк іх пацешыць і выклікаць усмешку.

А таксама нас вучылі іх нацыянальным танцам, было вельмі цікава.

Экзатычнай ежы я там практычна не ела. Нас кармілі класічнай ежай. Васьміногі, якіх я там пакаштавала, былі мае першыя і апошнія ў жыцці (смяецца). Мы елі вельмі шмат смачнай садавіны. Але пад канец паездкі я пачала сумаваць па нашай ежы, асабліва па смажанай бульбе.

– Як вы спраўляліся з хваляваннем на конкурсе?

–Я хвалявалася і вельмі часта мяне гэта збівала. Але ўсё прыходзіць з досведам. Каб супакоіцца, я размаўляла сама з сабой і тлумачыла, што ўсе гэтыя людзі ў журы і глядзельнай зале нічым не адрозніваюцца ад мяне, яны такія ж людзі са сваімі праблемамі і радасцямі. Гэта мне дапамагала.

 На сходах адзін з нашых пастаянных суправаджальнікаў казаў: “Do you’re the best”. Гэта значыць, што трэба зрабіць усё так добра, наколькі гэта магчыма. Гэта фраза была маім арыенцірам, калі я хвалявалася і гублялася, я проста думала: “Хіба гэта найлепшае, што я магу паказаць?” – і, калі не, то я штосьці мяняла, прыдумляла, як можна выступіць яшчэ лепш.

– Чаму вы навучыліся, дзякуючы гэтаму конкурсу? Як змянілася ваша жыццё?

–Конкурс даў мне досвед, які, магчыма, я яшчэ не ўсвядоміла, але ён абавязкова мне спатрэбіцца. Пазнаёміцца з 82 дзяўчынамі з усяго свету —  гэта многага варта. І вельмі важна тое, што мы падтрымліваем кантакт.

Я навучылася “працаваць у 5 рук”, удзельнічаць у форумах, рыхтавацца да творчага нумара і дэфіле, кантраляваць стварэнне прэзентацыйнага роліка і нават дыстанцыйна здаваць праекты ва ўніверсітэце.

Але нічога глабальна ў маім жыцці не змянілася. Так, мне вельмі прыемны тытул Miss Photogenic, я атрымала неацэнны досвед дзякуючы конкурсу, але я ўсё тая ж студэнтка, валанцёр і актывіст ва ўніверсітэце. Вельмі незвычайнай для мяне стала ўвага СМІ, хоць я ўжо трохі ад яе стамілася. Для мяне цяпер вельмі важна падрыхтавацца да сесіі і паспяхова здаць іспыты, таму хочацца ні на што адцягвацца.

– Як на вас віншавалі дома і ва ўніверсітэце?

–Мяне вельмі падтрымлівала мама, яе сяброўкі і ўвесь мой родны горад. На конкурсе было анлайн-галасаванне. Мама нават арганізавала групу ў сацыяльнай сетцы і вайберы, дзе яны з сяброўкамі ўвесь час цікавіліся конкурсам, галасавалі і запрашалі прагаласаваць сяброў. Дома мяне былі рады сустрэць не столькі як уладальніцу нейкага тытула, колькі як дачку, сястру і сяброўку. За 2 тыдні я вельмі засумавала па родных і блізкіх.

Ва ўніверсітэце мяне таксама прыемна сустрэлі. Калектыў факультэта на чале з дэканам мяне афіцыйна павіталі і павіншавалі. А таксама дэкан уручыў мне памятны падарунак – пазалочаную ручку ў футарале, з якой я цяпер здаю іспыты.

–Вы плануеце ўдзельнічаць у такіх конкурсах далей? Якія ў вас планы і мары, звязаныя з прафесіяй?

–У падобных конкурсах я б яшчэ хацела браць удзел, але трохі пазней. Мне трэба прааналізаваць выступ на гэтым конкурсе, каб з новым багажом досведу і ведаў ехаць на наступны.

Я б хацела звязаць сваю прафесію з працай тэлевядучай, хоць гэта і не мая спецыяльнасць.  Таксама мне вельмі падабаецца мая спецыяльнасць – PR.

Я ўпэўнена, што апроч працы я буду займацца дабрачыннасцю і валанцёрствам. Мне вельмі падабаецца рабіць штосьці бескарысліва, цешыць людзей і бачыць іх усмешкі.  І мая мэта ў жыцці – жыць для людзей і пакінуць пасля сябе штосьці важнае і каштоўнае.

Дар’я КОЎЗА

print

Вам таксама можа спадабацца: