Фінансы, практыка і натхненне: гісторыя студэнткі эканамічнага факультэта Марты Бальшаковай

19 Jun, 2025.

 

«Я ўдзячная сабе за смеласць», – кажа Марта, успамінаючы пераезд у іншы горад і паступленне ў БДУ. Сёння яна адна з тых, хто бачыць у эканоміцы не сухія формулы, а гісторыі людзей, глабальныя трэнды і бясконцае поле для аналізу. Яе першы курс даказаў: любая справа – і банкаўская практыка ў тым ліку – можа натхняць, калі падыходзіць да яе з цікаўнасцю і жаданнем вучыцца.

Марта Бальшакова вучыцца на эканамічным факультэце, на спецыяльнасці «фінансы і крэдыт». З будучай прафесіяй дзяўчына вызначылася задоўга да паступлення ў БДУ. З эканамічным профілем яна пазнаёмілася ў ліцэі №1 імя А. С. Пушкіна г. Брэста. Яшчэ школьніцай была ўпэўненая ў выбары месца вучобы, у асноўным з-за прафесійнай падрыхтоўкі да іспытаў, якія праходзілі ў ліцэі, і асаблівай любові да профільных прадметаў. Над выбарам спецыяльнасці думала нядоўга: Марта лічыць сваю самай карыснай і цікавай. Як адзначае студэнтка, з кожным новым месяцам навучання яна ўсё больш пераконваецца ў правільнасці выбару прафесіі.

  • Я адчуваю радасць, атрымліваючы ад выкладчыкаў кампліменты з нагоды майго імклівага развіцця і эканамічнага мыслення. На дадзены момант я ўпэўненая, што я на правільным шляху, таму цаглінка за цаглінкай ствараю сваю будучыню.

Самым запамінальным днём студэнцтва для будучай эканамісткі стаў момант знаёмства з факультэтам і аднагрупнікамі.

  • Успамінаючы тыя моманты, разумею, што была яшчэ зусім малая, але я дужа ўдзячная сабе, што не пабаялася невядомасці і пайшла наперад да сваёй мары – падала дакументы ў найлепшую ВНУ краіны.

Адначасова самым складаным і цікавым у эканоміцы для студэнткі стала перапляценне паводзін людзей з лічбамі і формуламі. Па словах дзяўчыны, эканоміка накшталт навукі пра рэсурсы, але на самай справе яна пра ўсё: ад эмоцый інвестараў да глабальных трансфармацый.

За першы курс навучання ў БДУ Марта паспела пазнаёміцца з прафесіяй ужывую. Вучэбна-азнаямленчую практыку яна праходзіла на базе ААТ «Белаграпрамбанк». Па словах нашай гераіні, там яна цалкам пагрузілася ў атмасферу дарослага жыцця і выконвала канкрэтныя задачы банкаўскага кансультанта. Прыемным бонусам была карапаратыўная культура. Прафесіяналы не ставяцца высакамерна з-за неспрактыкаванасці моладзі, а наадварот, вучаць і накіроўваюць. Гэта вельмі натхняе і дадае любові да прафесіі.

Акрамя таго, факультэт часта арганізоўвае сустрэчы з банкамі і фінансавымі арганізацыямі з ухілам на практыку. На такіх мерапрыемствах Марта прысутнічае заўсёды.

У банк адоранай моладзі наша гераіня трапіла, калі атрымала дыплом ІІ ступені на міжнароднай алімпіядзе па рускай мове і літаратуры «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць» у 2023/2024 навучальным годзе.

З самага дзяцінства студэнтка аддавала перавагу дысцыплінам, звязаным з лагічным мысленнем, таму абрала профільныя прадметы, звязаныя не з завучваннем, а з паслядоўным даследаваннем, стварэннем прычынна-выніковых сувязяў. Па словах першакурсніцы, самы дзейсны спосаб вучыцца лепш – не «зубрыць», а разумець, разбірацца. У школе з дадзенай тэхнікай бывае складана, бо на ступені сярэдняй адукацыі многае трэба было запамінаць, аднак ва ўніверсітэце, асабліва на эканамічным факультэце, выкладчыкі імкнуцца навучыць думаць шырэй, разважаць пра праблемы за межамі канспекта або кнігі, разбірацца не толькі ў тэорыі, але і ў практыцы. Такі падыход дапамагае Марце траціць менш часу на вучобу і больш — на самаразвіццё. Дзяўчына вызначыла, што, займаючыся тым, што спатрэбіцца ў будучыні або проста падабаецца, яна не адчувае стомленасці ад праведзенай працы, а атрымлівае натхненне і дадатковую матывацыю.

  • Параўноўваючы сябе са сваёй «мінулай версіяй», я разумею, што раблюся больш вынаходлівай, смелай, знаходлівай, а калі вынік маёй працы бачны наглядна, працаваць і вучыцца становіцца ў разы прасцей і цікавей.

Пра кар’еру пасля ўніверсітэта Марта не хоча загадваць, бо скончыла толькі першы курс.

  • Доўгатэрміновыя перспектывы ў маім выпадку спраўджваюцца вельмі рэдка, – жартаўліва дадае студэнтка.

Рухаючыся паэтапна, яна імкнецца атрымаць новыя якасныя навыкі і веды, а сваёй галоўнай мэтай лічыць паспяховае завяршэнне бакалаўрыяту. У дадзены момант навучэнка актыўна шукае свой шлях у эканоміцы, імкнецца не баяцца спрабаваць нешта новае і аналізуе змест дысцыплін, каб вызначыць уласную сферу інтарэсаў.

Час па-за эканамічным факультэтам першакурсніца прысвячае чытанню і актыўнаму адпачынку: любіць прагулкі, часта катаецца на веласіпедзе і роліках, плавае. Марта перакананая, што гэтыя заняткі даюць ёй эмацыйную разгрузку, необходную для скарэння новых вяршыняў. У апошні час дзяўчына часта глядзіць інтэрв’ю вядомых людзей: навукоўцаў, акцёраў ці проста цікавых для яе блогераў. Гэта і з’яўляецца асноўнай крыніцай натхнення і новых ідэй.

  • Люблю заўважаць нешта важнае для сябе з вопыту іншых людзей. Часта чую тое, што даўно не магла сама для сябе сфармуляваць.

Зараз Марта толькі пачынае свой шлях у эканоміцы, але ўжо ясна: яе зацятасць, аналітычны склад розуму і любоў да прафесіі дапамогуць ёй дасягнуць вялікіх вышынь. Наперадзе яшчэ тры гады вучобы, новыя практыкі, адкрыцці, велапрагулкі для натхнення. І, як кажа сама студэнтка, галоўнае не баяцца спрабаваць, і тады нават складаныя задачы ператвараюцца ў займальныя магчымасці.

 

 Марыя КАРКВЕЛІС

 

print

Вам таксама можа спадабацца: