Унікальны беларуска-кітайскі моладзевы форум упершыню прайшоў у БДУ. Урачыстае адкрыццё адбылося 24 чэрвеня на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку. Усяго гасцямі форуму сталі каля 200 таленавітых студэнтаў, маладых навукоўцаў і прадстаўнікоў органаў студэнцкага самакіравання.
– Гэта новы крок да развіцця і ўмацавання плённага супрацоўніцтва дзвюх сяброўскіх краін, – заявіў рэктар БДУ Андрэй Кароль.
Паводле яго слоў, унікальнае мерапрыемства, арганізаванае па ініцыятыве Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі, будзе трывалай асновай для далейшага паглыблення беларуска-кітайскіх узаемаадносін.
– БДУ праводзіць форум сумесна з вядучым універсітэтам Кітая – Пекінскім універсітэтам – у рамках міжуніверсітэцкіх Дзён дружбы і адзінства БДУ і Пекінскага ўніверсітэта, – нагадаў Андрэй Кароль. – Характэрна, што тэматыкай сустрэч гэтага года стала моладзевая палітыка. У нашы дні важна развіваць міжкультурны моладзевы дыялог паміж краінамі, каб умацаваць у сусветнай свядомасці неабходнасць шматвектарнай палітыкі і будовы свету.
У працяг думкі кіраўнік БДУ падкрэсліў важную ролю ўніверсітэтаў у развіцці ўсебаковых адносін паміж дзяржавамі:
– Кітай з’яўляецца стратэгічным партнёрам нашай краіны, такі ж статус ён мае і ў адносінах з БДУ. Мы адзначаем станоўчую дынаміку за апошнія дзесяць гадоў павелічэння колькасці пагадненняў з гэтай краінай. Каля 20% ад агульнай колькасці ўсіх міжнародных дамоў БДУ заключаны па кітайскім вектары. А ўсяго дзейнічае больш за 600 пагадненняў з арганізацыямі з 59 краін.
Андрэй Кароль пажадаў удзельнікам падзеі яркіх уражанняў, унутраных адкрыццяў, новых эмоцый і верных сяброў.
Усебаковае развіццё
Адкрыццё форуму наведаў таксама першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч:
– Беларусь і Кітай звязваюць глыбокія сувязі сяброўства і ўзаемаразумення, правераныя часам. Наша ўсебаковае стратэгічнае партнёрства, заснаванае на прынцыпах даверу, узаемнай павагі і агульных мэт, пастаянна мацнее і ахоплівае ўсё новыя гарызонты.
ыя гарызонты. Як адзначыў Аляксандр Бахановіч, асаблівую ролю ў развіцці адносін паміж Беларуссю і Кітаем адыгрывае супрацоўніцтва паміж універсітэтамі. На яго думку, сёння беларускія і кітайскія ВНУ актыўна ўдзельнічаюць у абмене студэнтамі і выкладчыкамі, рэалізуюць сумесныя адукацыйныя і навуковыя праекты, а таксама арганізуюць канферэнцыі і семінары. Першы намеснік міністра адукацыі падкрэсліў, што яркім прыкладам эфектыўнага двухбаковага ўзаемадзеяння з’яўляецца Беларускакітайскі моладзевы форум:
– Дадзены форум – гэта ўнікальная платформа для дыялогаў. Тут усе ўдзельнікі змогуць абмяняцца вопытам і практыкамі, прадставіць свае праекты, знайсці аднадумцаў і пачаць новыя сумесныя ініцыятывы.
Ён таксама выказаў упэўненасць у тым, што форум будзе садзейнічаць прафесійнаму развіццю, абмену ведамі, умацаванню сяброўскіх сувязяў і паглыбленню ўзаемаразумення паміж моладдзю Беларусі і Кітая, бо менавіта за моладдзю будучыня дзвюх краін.
На форуме таксама прысутнічаў прадстаўнік Міністэрства замежных спраў. Першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч падкрэсліў, што цесныя і даверныя адносіны паміж Беларуссю і Кітаем магчымыя дзякуючы падтрымцы кіраўнікоў дзяржаў.
– Форум стаў вынікам высокага ўзроўню стратэгічнага партнёрства, а таксама эксклюзіўным прыкладам супрацоўніцтва ў сусветным маштабе, – адзначыў Сяргей Лукашэвіч.
Развіваючы гэтую думку, ён дадаў, што, нягледзячы на турбулентнасць сусветнай палітыкі і крызісныя з’явы ў розных галінах, будучыня выглядае больш аптымістычнай дзякуючы актыўнай і ініцыятыўнай моладзі:
– Мы з вамі шмат і доўга можам гаварыць пра эканамічнае вымярэнне, цудоўнае палітычнае супрацоўніцтва, але сёння Дзень моладзі. А без моладзі немагчымая ні сучаснасць, ні будучыня.
Аснова сяброўства – наша моладзь
Пра важнасць правядзення форуму распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань. Ён падкрэсліў, што цяпер асабліва важна развіваць сувязі і кантакты паміж моладдзю для фарміравання прагрэсіўнай будучыні.
– Моладзь – гэта асноўныя носьбіты беларускакітайскага сяброўства. Дадзены форум дапаможа ўмацаваць агульныя погляды на будучыню, развіць унутраны патэнцыял і здольнасці, а таксама захаваць цёплыя ўзаемаадносіны дзвюх краін для іх перадачы наступным пакаленням, – адзначыў Чжан Вэньчуань.
Прарэктар ПКУ Нін Ці падкрэсліла наяўнасць выразнай і надзейнай сістэмы беларускай адукацыі.
– У Беларусі сфарміравалася глыбокая традыцыя развіцця фундаментальных навук, у рамках якой гадуюцца студэнты з імкненнем да інавацый. Сёння, у эпоху тэхналагічнага прагрэсу, гэтая тэндэнцыя як ніколі актуальная, – адзначыла прарэктар.
Акрамя таго, яна выказала спадзяванне на тое, што форум стане эфектыўнай платформай для моладзевых абменаў, адкрытых і даверных зносін, а таксама супрацоўніцтва паміж універсітэтамі Беларусі і Кітая.
Пра ключавыя мэты беларуска-кітайскага форуму распавяла старшыня савета маладых навукоўцаў пры Міністэрстве адукацыі Беларусі Настасся Кісялевіч. З яе слоў, гэтая ўнікальная падзея адыгрывае важную ролю ў падтрымцы таленавітых студэнтаў і маладых навукоўцаў, даючы ім магчымасці для інтэграцыі і далейшага росту ў сусветную навуковую супольнасць.
– Форум здольны ўнесці значны ўклад у развіццё навукі, інавацый і тэхналогій, а таксама ва ўмацаванне стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем ва ўмовах зменлівага сусветнага ладу, – падкрэсліла Настасся Кісялевіч.
Трохдзённая праграма стартавала ўрачыстай цырымоніяй ускладання кветак да стэлы «Мінск – горад-герой». Працягнулася серыя мерапрыемстваў круглым сталом «Вопыт універсітэтаў Беларусі і Кітая ў працы з таленавітай моладдзю і рэалізацыі моладзевых ініцыятыў» з удзелам кіраўніцтва запрошаных ВНУ, а таксама адміністрацыі БДУ.
Не менш важнай часткай праграмы сталі эўрыстычныя заняткі, праведзеныя Андрэем Каралём для студэнтаў БДУ і ПКУ. Інтэнсіў быў скіраваны на наладжванне эфектыўнай камунікацыі з моладдзю, раскрыццё ўнутранага патэнцыялу студэнтаў, пошук імі новых сэнсаў і лепшага разумення свайго прызначэння для грамадства і краіны ў цэлым. І для многіх гэтыя заняткі былі самымі доўгачаканымі.
Удзельнікі форуму таксама наведалі фарсайтсесію, прысвечаную прыярытэтным напрамкам супрацоўніцтва маладых навукоўцаў Беларусі і Кітая. Падчас дыскусіі былі закрануты пытанні пашырэння навуковага ўзаемадзеяння, ролі навуковых супольнасцяў і моладзевых асацыяцый ва ўсталяванні кантактаў паміж краінамі, а таксама спосабаў павышэння кампетэнцый студэнтаў у галіне міжнародных сувязяў, кіравання праектамі і камерцыялізацыі інавацый. У выніку абмеркавання ўдзельнікі распрацавалі новыя фарматы сумеснай даследчай дзейнасці і прапановы па іх рэалізацыі.
Таксама на форуме была выстава інавацыйных распрацовак маладых даследчыкаў з абедзвюх краін. Прадстаўленыя навуковыя праекты накіраваны на рашэнне актуальных задач у галінах медыцыны, ветэрынарыі, космасу, інфармацыйных тэхналогій, лінгвістыкі, прамысловасці і інш.
Вынікам сумеснай працы студэнтаў на форуме стала прыняцце дэкларацыі моладзі дзвюх краін. У гэтым дакуменце маладыя навукоўцы ўзялі на сябе абавязак выконваць гістарычную місію – працягваць сяброўскія традыцыі, умацоўваць супрацоўніцтва і сумесна будаваць будучыню. У дэкларацыі падкрэсліваецца, што маладыя людзі з’яўляюцца пасланцамі міру і стваральнікамі вялікіх перспектыў, якія выступаюць за вырашэнне канфліктаў шляхам дыялогу. Сярод калектыўных намераў таксама заяўлена імкненне да развіцця, асваення перадавых дасягненняў чалавечай цывілізацыі з мэтай сумеснай пабудовы гарманічнага і шматвектарнага свету.
Праграма працягнулася на спартыўнай пляцоўцы Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе адбылася таварыская гульня ў баскетбол паміж жаночымі студэнцкімі зборнымі БДУ і ПКУ.
Маршрутамі памяці і прыроднай спадчыны
У другі дзень насычанай праграмы, 25 чэрвеня, для ўдзельнікаў форуму была арганізавана серыя асветніцкіх і экскурсійных мерапрыемстваў. Галоўным пунктам праграмы стала паездка ў Брэст. Выбар гэтага горада абумоўлены 80-годдзем Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Удзельнікі форуму наведалі мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», дзе азнаёміліся з асноўнымі экспазіцыямі гістарычнага месца. У 1941 годзе гарнізон крэпасці першым прыняў на сябе ўдар нямецка-фашысцкіх войскаў і на працягу месяца гераічна абараняўся ў поўным акружэнні. Сёння Брэсцкая крэпасць з’яўляецца сімвалам гераізму, вернасці доўгу і любові да Радзімы.
Працягам асветніцкай праграмы стала наведванне нацыянальнага парку «Белавежская пушча» – адной з галоўных прыродных славутасцяў Беларусі. У запаведных лясах расце каля 1000 відаў раслін, жыве больш за 12000 відаў жывёл і птушак, у тым ліку рэдкія і ахоўныя віды.
Ад каліграфіі да васількоў
На трэці дзень удзельнікі форуму паглыбіліся ў свет традыцыйнай і прыкладной творчасці Беларусі і Кітая. Студэнты, выкладчыкі і маладыя навукоўцы беларускіх і кітайскіх ВНУ паспрабавалі свае сілы ў практыкуме па каліграфіі – старажытным мастацтве прыгожага пісьма, якое зарадзілася ў Кітаі каля 4000 гадоў назад. Сёння каліграфія – неад’емная частка кітайскай нацыянальнай культуры.
Акрамя гэтага, для ўдзельнікаў былі арганізаваны майстар-класы па бытавым танцы, ганчарнай справе і роспісе гіпсавых фігурак. Вынікам такой працы стаў васілёк – сімвал Беларусі, які ўвасабляе любоў і вернасць і носіць званне «расліны года».
Завяршэннем творчай сустрэчы стаў канцэрт з вакальнымі нумарамі ў выкананні студэнтаў БДУ і паказам моднага дызайнерскага адзення ад студэнтаў ФСК.
Таццяна САВІЦКАЯ