Дзень Незалежнасці ў БДУ: памяць і гонар

21 Jul, 2025.

Урачыстая лінейка , прысвечаная Дню Незалежнасці Беларусі, прайшла ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. 3 ліпеня – дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, памяці пра гераізм народа. У гэты дзень беларусы ўшаноўваюць сваю гісторыю, культуру і традыцыі, усведамляючы каштоўнасць свабоды і незалежнасці.

Мерапрыемства пачалося з урачыстай цырымоніі ўздымання Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, сцягоў горада-героя Мінска і БДУ. Працаўнікі, студэнты і кіраўніцтва ўніверсітэта разам выканалі гімн нашай краіны.

Прывітальнае слова прысутным адрасавала прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Ганна Бакун. У сваім выступленні яна акцэнтавала ўвагу на значнасці захавання памяці пра трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і непапраўныя страты, панесеныя савецкім народам:

– Сёння ваенная кінахроніка напоўнена кадрамі вызвалення беларускай сталіцы, падзення нацысцкай сімволікі, радасці змучаных вайной жыхароў Мінска ад сустрэчы з салдатамі Чырвонай арміі, – падкрэсліла прарэктар. – У наш неспакойны час нашчадкам пераможцаў вельмі важна захаваць сапраўдную гісторыю, перадаць яе ў неперапісаным выглядзе наступным пакаленням і быць удзячнымі за спакой, мір і магчымасць развіваць сябе і сваю Радзіму.

Намеснік начальніка па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Студэнцкага гарадка БДУ Таццяна Яшына адзначыла цяжкі шлях беларускага народа да незалежнасці і трагічную гісторыю краіны. Яна заклікала ўсіх сучаснікаў прыкладаць намаганні для захавання мірнай і светлай будучыні.

Студэнтка 3 курса факультэта журналістыкі БДУ Яніна Клімовіч падзялілася сваімі думкамі пра значэнне Дня Незалежнасці. Яна падкрэсліла важнасць свята для сучаснай моладзі і ролю маладога пакалення ў развіцці беларускага грамадства і дзяржавы ў цэлым. Студэнт пятага курса біялагічнага факультэта Яўген Лосеў таксама павіншаваў прысутных, выканаўшы музычную кампазіцыю «Жураўлі на Палессе ляцяць».

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, які штогод адзначаецца 3 ліпеня, з’яўляецца галоўным дзяржаўным святам. Яно прымеркавана да вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. У 1944 годзе ў выніку стратэгічнай наступальнай аперацыі Чырвонай арміі «Баграціён» савецкія войскі цалкам вызвалілі беларускую сталіцу і перайшлі да далейшага разгрому нямецкай групы армій «Цэнтр». Гэта перамога стала вырашальным крокам да поўнага вызвалення Беларусі ад фашысцкай акупацыі.

 

Таццяна САВІЦКАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: