Сардэчна запрашаем у БДУ

25 Sep, 2025.

Як гэта, заходзіць у будынак дзе ты нікога не ведаеш, дзе ніхто не ведае цябе, а галоўнае, дзе цябе ніхто не чакае? Першакурснікі БДУ адказаць на такое пытанне не змогуць, таму што з першых дзён іх сустракаюць на факультэтах і «вядуць за руку» ў студэнцкае жыццё. Лекцыі, знаёмствы, тымбілдынгі, кірмашы чакаюць новых студэнтаў ужо ў першыя дні вучобы, а «Віват» становіцца не толькі яркай кропкай у знаёмстве з БДУ, але і пачаткам маштабных універсітэцкіх падзей.

Сустрэча з групай, куратарамі і адміністрацыяй факультэта ў студэнтаў праходзіць яшчэ ў канцы жніўня. На журфаку збіраюцца ў актавай зале, на мехмаце – у аўдыторыях, але сутнасць адна: гэта афіцыйнае мерапрыемства, якое дае базавае разуменне таго, што адбываецца вакол. Прамова ад адміністрацыі, запаўненне дакументаў і выбары старасты, а далей ініцыятыву прымаюць студэнцкія арганізацыі. Студсавет, праектны і творчы напрамкі студсавета, прафкам, БРСМ, старастат, навуковыя і спартыўныя аб’яднанні прыцягваюць першакурснікаў і распавядаюць пра магчымасці праявіць сябе. Усё гэта дае зразумець: універсітэцкае жыццё значна шырэйшае, чым проста расклад заняткаў.

Факультэты надаюць сустрэчы першакурснікаў асаблівую ўвагу. Напрыклад, на факультэце міжнародных адносін над ёй працуюць усе арганізацыі. Як толькі з’яўляюцца спісы залічаных, куратары з студэнцкай куратарскай службы (СКС) пачынаюць знаёміцца з будучымі студэнтамі. Ужо да пачатку навучальнага года праходзяць тымбілдынгі. У пачатку верасня плынь мерапрыемстваў не спыняецца: унікальныя актыўнасці і прадстаўленне арганізацый на розных паверхах факультэта, якія першакурснікі праходзяць як квест, у вызначаным парадку; «Hello-першакурснік» ад праектнага напрамку студсавета ФМА, дзе студэнты ўдзельнічаюць у пікетах, слухаюць музыку, даведваюцца больш пра арганізацыю і частуюцца выпечкай ад актывістаў; на новым мерапрыемстве ФМА «Тыдзень спецыяльнасцяў» першакурснікі самі арганізоўваюць актыўнасці, пікеты і акцыі. Напрыклад, кафедра міжнароднага турызму рыхтуе жартоўныя візы і карту свету для абазначэння краін з віш-ліста, міжнародная лагістыка – машынкі на радыёкіраванні для праходжання паласы перашкод, усходазнаўцы гатуюць стравы традыцыйнай азіяцкай кухні.

Ульяна, студэнтка 4 курса ФМА, лічыць, што дзякуючы такім мерапрыемствам першакурснікі хутчэй становяцца часткай факультэта, зараджаюцца атмасферай і з энергіяй заглыбляюцца ў вучобу:

Наогул, у нас для першакурснікаў вельмі шмат мерапрыемстваў, яны ідуць бесперапынна. А «Тыдзень спецыяльнасцяў», з прычыны павелічэння колькасці спецыяльнасцяў, доўжыцца цэлых 10 дзён. Калі я была першакурсніцай, насычанае жыццё павялічвала маю цікавасць да факультэта і я адчувала, што пра мяне клапоцяцца, таму цяпер я стараюся гэтак жа клапаціцца пра новых студэнтаў.

Аляксей, актывіст філалагічнага факультэта, таксама лічыць сустрэчы важнымі для адаптацыі першакурснікаў. Хлопец адзначае і неабходнасць падобных сустрэч для арганізацый, бо гэта дапамагае прыцягваць новых асоб. Калі ён быў першакурснікам, на філфаку праводзілі «Кірмаш арганізацый», дзе ў асобных пунктах аб’яднанні распавядалі пра сябе і адказвалі на пытанні.

Падобны фармат праводзяць і на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі. «Кірмаш актыўнага студэнта» стаіць як асобная лекцыя ў раскладзе, але вядуць яе студэнты.

– Нам на першым курсе такія лекцыі яшчэ не праводзілі, а самому па частках збіраць інфармацыю складана. Асабліва такія мерапрыемствы важныя для маленькіх арганізацый, каб заявіць пра сябе, – адзначае Аляксандр, старшыня праектнага напрамку студсавета геафака. Неафіцыйная частка знаёмства на геафаку выглядае так: студэнты збіраюцца каля інтэрната, і кожны курс дзеліцца ўспамінамі або чаканнямі ад універсітэцкага жыцця.

Асаблівыя традыцыі таксама ёсць на механіка-матэматычным факультэце і факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Там, акрамя афіцыйнай часткі ў аўдыторыях, у першыя-другія выхадныя верасня першакурснікі і актывісты праектнага напрамку студсавета едуць у лес, каб праходзіць пікеты на сілу, спрыт і кемлівасць. Актыўнасць хутка збліжае, а свабодны фармат дае магчымасць адпачыць.

Я сама, калі была першакурсніцай, думала пра студэнтаў з арганізацый так: «Што вы мне тут расказваеце? Пусціце мяне адпачыць з маімі сябрамі». Але цяпер гляджу, наколькі ім адгукаецца тое, што мы гаворым і робім, сама адчуваю да іх цікавасць і нейкае чаканне іх актыўнасці, – адзначае Дар’я, кіраўнік дызайну праектнага напрамку студсавета ФПМІ і куратар СКС.

Факультэт журналістыкі робіць стаўку на зносіны. Сёлета на журфаку ўпершыню правялі спід-фрэндзінг – гэта мерапрыемства накіравана на знаёмства першакурснікаў з праектным напрамкам студсавета журфака і саміх студэнтаў адно з адным. Фармат хуткіх сустрэч прадугледжвае пастаянную змену кампаніі, што дазваляе пазнаёміць максімальную колькасць студэнтаў. У творчага напрамку асноўныя мерапрыемствы пачынаюцца раней, таму і першая сустрэча больш фундаментальная, з інфармацыйнай прэзентацыяй. А ўжо на другім тыдні вучобы напрамак праводзіць набор у каманду для ўдзелу ў агульнаўніверсітэцкім фестывалі першакурснікаў YFM.

Асноўная задача актывістаў не проста прыцягнуць новых людзей у арганізацыі, але, па словах Лізаветы, старшыні студсавета факультэта журналістыкі БДУ, запаліць агонь у вачах:

Калі я ўбачыла актывістаў на сваім першым курсе, я проста не магла паверыць, што ёсць такія студэнты, што яны наогул здольныя арганізоўваць такія мерапрыемствы, што ў іх ёсць столькі выдатных навыкаў, магчымасцяў. І таму мяне заўсёды гэта матывавала. Я разумела, што і сама хачу выйсці на іх узровень і працягваць рабіць так, як яны, а з кожным годам рабіць яшчэ лепш.

Агульнаўніверсітэцкае мерапрыемства «Віват, студэнт БДУ» для першакурснікаў асабліва эмацыйнае. Гэта маштабная падзея аб’ядноўвае ўсе факультэты ў адной зале. «Віват» – гэта сапраўднае свята, дзе першакурснікі разумеюць маштаб універсітэта і адпачываюць у вялікай «сям’і». Ужо ў наступным годзе частка з іх апынецца на сцэне, але пакуль студэнты ўліваюцца ў асяроддзе і назіраюць за развіццём падзей анлайн і афлайн.

У сацыяльных сетках арганізацыі паказваюць сэнс і атмасферу сваіх мерапрыемстваў, у жывых размовах перадаюць энергію, а дзякуючы піяр-акцыям прыцягваюць яшчэ больш увагі першакурснікаў, каб паказаць, што студэнцкае жыццё – гэта не толькі пары, але і магчымасць раскрыць таленты. З досведу многіх актывістаў, каб студэнцкае жыццё прайшло максімальна актыўна і насычана, варта далучыцца да арганізацый і ўдзельнічаць у мерапрыемствах, а таксама іх праводзіць, таму што так вы ніколі не будзеце адчуваць сябе самотна. Студэнты развіваюць свае сілы, раскрываюць таленты, знаходзяць шмат новых сяброў, хутчэй адаптуюцца і робяць вельмі карысныя рэчы, якія дапамогуць ім у будучыні.

 

Ксенія СМІРНОВА

 

print

Вам таксама можа спадабацца: