Business Intelligence Club – месца, дзе пачынаецца поспех

17 Aug, 2015.

Business Intelligence Club

Сёлета новыя студэнты маюць магчымасць рэалізаваць сябе на большай колькасці пляцовак нашага ўніверсітэта. Бо ў БДУ ёсць не толькі студэнцкія арганізацыі, але і розныя адукацыйныя клубы, якія збіраюць у сваім асяроддзі аднадумцаў.

Business Intelligence Club – гэта адукацыйны клуб, створаны выпускнікамі ІБМТ Ігарам Худніцкім і Аляксандрам Чарнухам. Пачаўшы са штотыднёвых сходаў аднакурснікаў, Business Intelligence Club стаў вялізнай пляцоўкай для самаразвіцця і абмену інфармацыяй паміж вялікай колькасцю людзей.

Датай стварэння клуба Ігар і Аляксандр лічаць 25 студзеня мінулага года. Аднак гісторыя BIC пачалася яшчэ раней – з мімалётнай ідэі і вялізнага жадання стварыць штосьці прынцыпова новае.

“Пасля таго, як я правучыўся семестр у Вільнюсе, дзе я адчуў высокі ўзровень выступаў, адукацыі і прэзентацый, якія я бачыў і ў якіх я ўдзельнічаў, ужо ў Мінску я зразумеў, што неабходна стварыць падобную пляцоўку, дзе можна было б узяць за аснову нефармальную адукацыю”, – дзеліцца Ігар Худніцкі.

“Як мы стварылі клуб? Захацелі і зрабілі! – распавядае Аляксандр Чарнуха. – Але гэтыя два дзеянні – толькі кароткі пераказ таго, як нараджаўся Business Intelligence Club. У нас было шмат вельмі шмат ідэй, і кожную з іх мы хацелі абавязкова рэалізаваць. Але не ўсё адразу. Вырашылі гнацца за адным зайцам, чым зараз і займаемся”.

Галоўнай мэтай адукацыйнага клуба BIC можна назваць дапамогу яго ўдзельнікам у самаразвіцці.

У самім пачатку фармат працы Business Intelligence Club зводзіўся да таго, што зацікаўленыя студэнты маглі адточваць прамоўніцкае майстэрства, выступаючы перад публікай аднагодкаў з аповедам на вызначаную тэму.

Business Intelligence ClubТэматычны круг такіх выступаў уключаў у сябе такія тэмы, як самаразвіццё, стартапы, тайм-менеджмент, вядзенне ўласнага бізнесу, невербальная камунікацыя ў дзелавым асяроддзі і шматлікае іншае.

З часам у працу сустрэч клуба ўвайшлі цікавыя перамены. Так, 10-я сустрэча BIC прайшла на англійскай мове. З 2014–2015 навучальнага года колькасць сустрэч павялічылася ўдвая. Зараз два разы ў тыдзень любы ахвотнік можа атрымаць цікавую інфармацыю ад не менш цікавых асоб. У адзін з дзён перад гасцямі вечара выступае студэнт з заяўленай тэмай, а ў другі запрошаны спікер распавядае пра свой жыццёвы досвед, дае парады студэнтам і адказвае на пытанні слухачоў. За гэты навучальны год у гасцях у клуба BIC пабывалі Аляксандр Кныровіч, Дзяніс Кандратовіч, Дзяніс Гурленя, Глеб Герасімовіч, Вольга Шаталава, Віталь Дзянісенкаў і многія іншыя. Усе яны з задавальненнем распавядалі слухачам пра свой шлях да поспеху, матывавалі, натхнялі і давалі надзею.

Аднак праца Business Intelligence Club не абмяжоўваецца сустрэчамі ў аўдыторыі навучальнага корпуса ІБМТ. На раннім этапе свайго існавання BIC сумесна з адукацыйным клубам БДУ “БРІЗ” арганізаваў трэнінг “Прамоўніцкі мінімум”. Таксама, BIC разам з міжнароднай арганізацыяй AIESEC у Беларусі правёў форум Leaders.by, прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні дня нараджэння ІБМТ і г. д.

Пачатак летніх вакацый завяршыў трэці сезон працы Business Intelligence Club. У якасці “развітання” з гэтым навучальным годам кіраўнікі праекта правялі конкурс прамоўніцкага майстэрства “Ты – Прамоўца!”, у якім прынялі ўдзел не толькі студэнты нашага ўніверсітэта, але і навучэнцы іншых ВНУ, а таксама людзі, якія ўжо даўно атрымалі дыплом.

Наступны год абяцае быць яшчэ цікавейшым! Сустрэчы клуба стануць яшчэ больш насычанымі, а гэта значыць, што магчымасцяў для самарэалізацыі і развіцця стане яшчэ больш! Для таго, каб больш даведацца пра клуб, вы можаце наведаць іх групу “УКантакце” http://vk.com/bic_club.

Далучайцеся! Business Intelligence Club – гэта месца, дзе пачынаецца поспех!

Business Intelligence Club

 

Business Intelligence Club

print

Вам таксама можа спадабацца: