Як Мікалай Місіюк заваяваў свет геаграфіі

21 Oct, 2025.

Яго дзіцячы пакой у Брэсце нагадваў картаграфічны аддзел: карты раёнаў, гарадоў, а на самым бачным месцы – свету. Цяпер жа Мікалай пакінуў свой след на карце міжнародных дасягненняў, заваяваўшы найвышэйшую ўзнагароду на міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі. Але шлях да гэтага поспеху пачаўся не з падручнікаў, а з любові да падарожжаў па Беларусі і настаўніцы, якая здолела разгадаць у ім прагу да навукі.

Цікавасць да геаграфіі прачнулася ў Мікалая яшчэ ў раннім дзяцінстве. Як дзеліцца ўражаннямі сам малады чэмпіён, яго атачалі самыя розныя карты. «Яшчэ ў 6 гадоў я мог назваць сталіцы многіх краін», – з усмешкай заўважае ён. Кожная сямейная паездка па Беларусі папаўняла хатнюю калекцыю новымі картамі гарадоў, якія хлопчык з задавальненнем вывучаў, у думках паўтараючы маршруты. Аднак сапраўдны запал да прадмета, па яго словах, з’явіўся у 6 класе, калі пачалося вывучэнне фізічнай геаграфіі. Вялікую ролю ў гэтым сыграла яго настаўніца Юлія Віктараўна Багдасарава. Менавіта тады цікавасць да геаграфіі ўспыхнула з новай сілай і больш не згасала.

Свой шлях у алімпіядным руху малады чалавек пачаў з выпрабаванняў па розных прадметах. Аднак стабільна высокія вынікі дэманстраваў менавіта ў геаграфіі. Першым сур’ёзным рубяжом стаў выхад у 9 класе на заключны этап рэспубліканскай алімпіяды. Менавіта ў перыяд падрыхтоўкі да «рэспублікі» да яго прыйшло ўсведамленне.

  • Я зразумеў, што сапраўды люблю гэты прадмет, і хацеў бы звязаць з ім сваё жыццё, – успамінае сваю думку Мікалай.

Стаўшы кандыдатам у нацыянальную каманду, ён, хоць і не прайшоў адразу на міжнародны ўзровень, быў натхнёны прыкладам больш дасведчаных аднагодкаў. Настойлівасць была не дарма: у 10 класе ён заваяваў дыплом I ступені на рэспубліканскай алімпіядзе і атрымаў права прадстаўляць краіну на двух прэстыжных спаборніцтвах.

  • Усё лета актыўна рыхтаваўся да гэтых спаборніцтваў, вынік – абсалютная перамога ў Сербіі на 10-й Еўрапейскай геагарфічнай аліпіядзе і серабро на 20-й Міжнароднай геаграфічнай аліпіядзе ў Ірландыі,, – дзеліцца ён сваімі дасягненнямі.

У 11 класе ён паўтарыў свой бліскучы поспех на рэспубліканскім узроўні і быў адабраны для ўдзелу ў 21-й Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе ў Тайландзе і 18-й Міжнароднай алімпіядзе па навуках аб зямлі ў Кітаі,, з годнасцю завяршыўшы сваю школьную алімпіядную кар’еру.

  • Мая перамога – падстава для гордасці вялікай колькасці людзей: сям’і, сяброў, школы, горада Брэста, ды і наогул усёй Беларусі, – дадае наш герой.

Пры гэтым юнак захоўвае прыродную сціпласць. Магчыма, гэта не дае яму цалкам зразумець, што менавіта ён адчувае, калі ўсе вакол называюць хлопца «абсалютам» або чэмпіёнам. Алімпіядны рух у 9-11 класах быў значнай часткай жыцця школьніка, і абсалютнае золата – вынік, пра які яшчэ 3 гады таму Мікалай не мог і марыць.

За ўсімі гэтымі поспехамі стаіць каласальная праца і строгая самадысцыпліна. Студэнт называе сябе «чалавек-расклад» і расказвае, што падчас падрыхтоўкі мог прысвячаць геаграфіі да 6, а то і 8 гадзін у дзень. Як адзначае малады чалавек, у 11 класе было даволі цяжка сумяшчаць падрыхтоўку да алімпіяды са школьнымі ўрокамі, сваімі хобі, экзаменамі, выпускным, паступленнем ва ўніверсітэт. Прыходзілася шмат чым ахвяраваць. Але пры гэтым жыццё яшчэ школьніка не круцілася вакол алімпіяд. Каб пазбягаць выгарання, ён свядома пераключаўся на іншыя справы, каб засвоіць назапашаную інфармацыю або проста адпачыць.

Найважнейшай апорай для яго, акрамя сям’і і педагогаў, сталі іншыя канкурсанты. Гэта тыя людзі, хто больш за ўсё разумее спецыфіку і сутнасць такіх спаборніцтваў. Першакурснік падкрэслівае, што нягледзячы на канкурэнцыю, алімпіяднікі заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго.

  • Часам дзякуючы людзям, якія побач са мной падчас алімпіяд, я не адчуваю сябе замкнёным, а алімпіяда ўспрымаецца як новая прыгода. Іх рэакцыя пасля маёй перамогі, як і мая, невымоўная, – кажа ён.

У перыяды напружанай падрыхтоўкі ратавалі хобі. Як адзначае студэнт, больш за дзесяць гадоў яго жыццё была цесна звязанае з узорным ансамблем народнага танца «Крынiчка» ў Брэсце. Калектыў такі прыязны, што для юнака танцы сталі чымсьці большым, чым проста заняткам. Апрача гэтага, маладога чалавека захапляе культура розных краін свету, асабліва іх музыка. Калі Мікалай вывучаў геаграфію некаторых краін, паралельна спрабаваў ствараць плэйлісты з іх музыкай. Некалькі разоў веды пра культуру, атрыманыя такім чынам, дапамагалі адказаць на пытанні алімпіяд па геаграфіі.

Цяпер жа, пасля вяртання з апошняй алімпіяды, калі, здавалася б, усё ўжо ў мінулым, малады чалавек прызнаецца, што вельмі стаміўся ад усяго. Пачатак вучобы ва ўніверсітэце супаў з маральнай стомленасцю, і цяпер яму патрэбны час, каб перазагрузіцца і ўзяцца за новыя адкрыцці, цалкам адчуць усю атмасферу студэнцкага жыцця.

Асвойвацца ва ўніверсітэце дапамагаюць і студэнцкія мерапрыемствы. Так, малады географ ужо ўдзельнічае ў «Капусніку» і YFM. У творчай атмасферы значна лягчэй знаёміцца з аднакурснікамі і іншымі студэнтамі.

Гаворачы пра будучыню, Мікалай адчувае пэўны цяжар чаканняў.

  • Сапраўды, ёсць нейкі ціск. Шмат хто бачыць мяне ў будучыні добрым навуковым работнікам, прадвяшчаюць вялікую будучыню, – канстатуе ён.

Аднак ён выразна разумее, што для гэтага патрэбная яго ўласная ініцыятыва. Ужо на гэтым этапе жыцця малады чалавек хоча рабіць пэўныя крокі ў гэтым кірунку, але бярэ невялікую паўзу, каб спачатку адпачыць і набрацца сіл пасля алімпіяд.

Сваім пераемнікам Мікалай раіць захоўваць здаровы баланс. Не варта ўсё даводзіць да моманту, калі акрамя алімпіяды ў жыцці нічога няма. Важна ўмець адцягвацца на што-небудзь іншае, – прапануе хлопец. На яго погляд, ключ да поспеху не ў завучванні фактаў. Для таго, каб добра пісаць алімпіяды, зусім не абавязкова быць «хадзячай энцыклапедыяй», і на сваім прыкладзе студэнт у гэтым пераканаўся. Галоўнае – зразумець спецыфіку алімпіяд, вызначыць, у якіх галінах ёсць відавочныя прагалы, каб папоўніць свае веды ў патрэбным для сябе рэчышчы.

Гісторыя Мікалая – гэта не проста апавяданне пра перамогі. Гэта гісторыя пра тое, як дзіцячае захапленне, падмацаванае працавітасцю, падтрымкай асяроддзя і здаровым стаўленнем да жыцця, можа вырасці ў сур’ёзнае дасягненне. Яго прыклад даказвае, што сапраўдны поспех прыходзіць да таго, хто ўмее не толькі старанна працаваць, але і пераключацца на свае хобі, напрыклад, на танцы ці музыку, знаходзячы ў гэтым натхненне для новых подзвігаў.

Марыя КАРКВЕЛІС

 

print

Вам таксама можа спадабацца: