Паспытаем дэканаў. А ці праўда, што…

2 Jan, 2014.

4

17 лістапада ўсё прагрэсіўнае студэнцтва адзначае Міжнародны дзень студэнта. Хто, як не дэканы, найбольш ведае сваіх выхаванцаў? Мы звярнуліся да некаторых кіраўнікоў з жартаўлівым пытаннем наконт стэрэатыпаў, якія датычацца таго ці іншага факультэта.

Дэкану факультэта між­народных адносін Віктару ШАДУРСКАМУ:
Існуе меркаванне, што ФМА рыхтуе нявест для замежных жаніхоў, а таксама што ўсе вашы студэнты ездзяць на заняткі на інша­марках...
– Цяжка коратка пракаментаваць няслушныя стэрэатыпы, якія фарміравалі­ся дзесяцігоддзямі. Аднак паспрабую.
Па першым пытанні:
– Каханне не ведае межаў. Яно непадуладнае загадам, нават дэкана. Калі мы не можам змяніць сітуацыю, мы павінны паспрабаваць выкарыстаць яе ў сваіх інтарэсах! Прапаную 2 слоганы:
Жанчыны кахаюць пас­пяховых мужчын. Беларускія мужчыны, дамагайцеся поспеху, і ўсе жанчыны свету да вас пацягнуцца!
– Беларускія дзяўчаты, выходзячы за паспяховых мужчын, ператварайце іх у інвестараў для беларускай эканомікі!
Па другім пытанні:
Калі б было магчыма, большасць студэнтаў ФМА ездзіла б на вучобу на вела­сіпедах!

Дэкану факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Паўлу МАНДРЫКУ:
– Лічыцца, што факультэт прыкладной матэма­тыкі і інфарматыкі выключна мужчынскі, бо праграмаванне не стасуецца з жаночай логікай...
– Што тычыцца так званай «гендарнай харак­та­рыстыкі» ФПМІ, то, наадварот, гадоў 15–20 таму аб­рэ­віятуру нашага факультэта жартам (а, як вядома, у кожным жарце ёсць доля жарту) часта расшыфроўвалі як «Факультэт, Пакінуты Муж­чынамі», таму што на 20 дзяўчат было толькі 5 хлопцаў.programistЦяпер сітуацыя крыху лепшая, і хаця дзяўчат на ФПМІ толькі 25 % ад усёй колькасці студэнтаў, затое гэта лепшая іх частка. Паняцце «жаночая логіка» не ўсім зразумелае, зрэшты, як і паняцце «матэматычная логіка». Ды справа ж не ў назве – важна, што лагічнае мысленне з'яўляецца абавязковым і неабходным для кожнага выпускніка ФПМІ, а нашы выдатныя выпускніцы, як правіла, абвяргаюць няслушныя стэрэатыпы, працу­ючы матэматыкамі-прагра­містамі, матэма­тыкамі-эка­на­­містамі, спецыялістамі па аба­роне інфармацыі, бізнес-аналітыкамі і да т. п., і разам з гэтым перамагаючы ў конкурсах прыгажосці.

Дэкану гістарычнага фа­культэта Сяргею ХОДЗІНУ:
Ці праўда, што на гістарычны факультэт паступаюць прыхаваныя авантурысты і шукальнікі скарбаў, якія цікавяцца мінулым, толькі каб ведаць, дзе капаць?
– Адкажам як гісторыкі. Мы вывучаем гісторыю лю­дзей, а ў кожнага з іх свая праўда, нават такая, як у пытанні. ист2Гісторык – як следчы: бачыць, але шукае доказы для абгрунтавання. Таму авантурысты выяўляюцца адразу. А шукальнікаў скар­баў адразу забіраем на ар­хеалагічную практыку. Яны там капаюць дзень і ноч. Прыходзіцца нават не толькі капаць, але і апрацоўваць кожны знойдзены фрагмент пры дапамозе ўсё той жа славутай зубной шчоткі. Пасля гэтага хочаш не хочаш, а зразумееш, што гісторыя, у тым ліку археалогія, не толь­кі рамантыка, але і цяжкая, складаная навука.
А яшчэ студэнты з цягам часу даведваюцца, што такое сапраўднае сяброўства. Нават зацятыя шукальнікі скарбаў пачынаюць зга­джацца, што галоўны скарб нашай зямлі – гэта людзі, якія жывуць і працуюць. А наша родная зямля вельмі багатая на такія чалавечыя скарбы.

Дэкану хімічнага факультэта Дзмітрыю СВІ­РЫ­ДАВУ:
– Няўжо на хімфак паступаюць заўзятары эфект­ных рэакцый, каб усё бурліла і кіпела... хим
– Сапраўды, існуе магія хімічнага эксперыменту, бо менавіта зачаравальная карціна раствораў, якія змяняюць колер, выпадання асадкаў і зіхатлівых крыш­таляў прывяла многіх з нас у сцены хімічнага факультэта. Але насамрэч для са­праўднага хіміка ўсё гэта другаснае, самым важным для яго з'яўляецца канчат­ковы вынік, а менавіта атрыманне новага рэчыва. Таму яго цяга да эфектаў – гэта не свавольства, а любоў да Хіміі!

Дырэктару Інстытута журналістыкі Сяргею ДУБОВІКУ:
– Кажуць, што студэн­таў журфака пасля трэцяга курса не злавіць на занятках, бо ўсе яны нібыта працуюць, і што журфак – гэта арэал чутак…
– Пэўная колькасць студэнтаў пасля 3-га курса стала працуе ў СМІ. жур1Як нельга навучыць урача без баль­ніцы, так нельга падрыхтаваць журналіста без рэ­дакцыі. Але наведванне заняткаў, як правіла, абавязковае. Некаторыя выклад­чыкі-практыкі праводзяць заняткі непасрэдна ў СМІ. Гэта дазваляе да 5-га курса падрыхтаваць не журналіс­та-стажора, а сапраўднага спецыяліста, якому не трэба час для адаптацыі.
А што тычыцца чутак, то чуткі – гэта неад’емная частка прафесіі рэпарцёра, так бы мовіць, праверка жур­налісцкіх інстынктаў і добрае практыкаванне для розуму. Журналіст без плёткі, як салдат без вінтоўкі.

Дэкану механіка-матэ­ма­тычнага факультэта Дзміт­рыю МЯДЗВЕДЗЕВУ:
– Лічыцца, што студэнты мехмата схільныя пра­ліч­ваць усе крокі ў жыцці і правяраць з дапамогай ма­­тэматычных формул…
– Гатовы паспрачацца з тымі, хто так лічыць. Безумоўна, ёсць і такія сярод нашых студэнтаў.математики Прычым яны дзеляцца на дзве нераўнаважныя групы. Вельмі малая група так сапраўды разважае, таму што інакш проста не можа. Гэта людзі, якія жывуць Матэматыкай і размаўляюць менавіта яе мовай. Другая, значна больш шматлікая, робіць выгляд, што яны так разважаюць. Але менавіта робяць выгляд, перасле­дуючы свае інтарэсы, прычым далёка не заўсёды карыслівыя. Ну а большасць нашых студэнтаў – гэта сучасныя людзі, якія жывуць у ХXI ст. і ўвабралі ў сябе ўсе яго асаблівасці. Гэта вясёлыя, творчыя, неабыякавыя дзяўчаты і юнакі, якія любяць і разумеюць не толькі матэматыку і механіку. На мехмаце ніколі не сумна.

Дэкану філалагічнага факультэта Івану РОЎДУ:
– Многія лічаць філала­гічны факультэт дзявочым, а філалогію – заняткам, найбольш прыдатным для жаночага розуму...
– Сапраўды, філалагічны факультэт у асноўным дзявочы, а хлопцы тут амаль што рарытэтная з’ява. Таму стаўленне дзяўчат да мужчынскай паловы (больш дакладна, відаць, будзе сказаць «часцінкі») нашага факультэта, як да ўсяго рэдкага і каштоўнага: іх любяць, шануюць, хоць да дуэлі з-за іх, наколькі мне вядома, не да­ходзіць. Хлопцам жа ў нас, думаю, няпроста. Калі вакол пануе такая прыгажосць, дзе ж тут будзеш думаць пра заняткі, асабліва ў цёп­лы перыяд года.фил
Для якога розуму філалогія больш прыдатны занятак? Гендарны падыход у дадзеным выпадку не крытэрый для адказу на пытанне. Філалогія дае глыбокую гуманітарную адукацыю кожнаму чалавеку, які ёй захоплены. Яна фарміруе грун­тоўныя веды ў галіне не толькі мовы і літаратуры, але і культуры, гісторыі, традыцый свайго народа і народаў свету і робіць нашых прыгожых філалагінь яшчэ больш прыгожымі не толькі знешне, але і ўнутрана, а філолагаў-хлопцаў – сапраўднымі ры­ца­рамі і добрымі, ласка­вымі, пяшчотнымі мужамі.

Дэкану біялагічнага факультэта Уладзіміру ЛЫСАКУ:
– Распаўсюджана думка, што студэнты біяла­гічнага факультэта – гэта навукоўцы-батанікі, якія, акрамя сваіх гербарыяў і матылёў, нічым больш не цікавяцца...
– Мабыць, няма іншай такой навукі, якая спалучала б у сабе настолькі шырокія і разнастайныя галіны ведаў, як біялогія. Таму сёння студэнт біялагічнага факультэта – гэта будучы спецыяліст у галіне біяінжынерыі і бія­інфарматыкі, аналітычнай біяхіміі, малекулярнай ге­нетыкі, біяхімічнай фар­макалогіі і г. д. Але самае галоўнае, што гэта вельмі актыўны, крэатыўны, шырока эрудзіраваны малады чалавек, з творчым падыходам да вырашэння практычна любой задачы. биоТолькі нашы студэнты-біёлагі вось ужо больш за 35 гадоў штогод прадстаўляюць як мінімум дзве прэм'еры «біятэатра» і ладзяць незабыўныя святы – Дзень біёлага, «Прысвячэнне ў першакурснікі», конкурсы «Містэр біяфака» і «Міс біяфака», студэнцкія капуснікі і г. д. У нас больш за 60 гадоў выходзіць студэнцкая газета Vita, па якой можна вывучаць гісторыю факультэта. Сярод студэн­таў біяфака майстры спорту па самба, універсальным баі, армрэстлінгу, спартыўнай акрабатыцы, плаванні і інш.; пераможцы і прызёры чэмпі­янатаў Беларусі і свету. Гонар біяфака – каманда па спартыўнай аэробіцы. Сярод нашых выпускнікоў член Саюза пісьменнікаў Беларусі (аўтар кніг у жанры гумарыстычнага фэнтэзі), член Саюза кінематаграфістаў Расіі; рэжысёр, сцэнарыст, аператар, аўтар больш за 40 фільмаў і сацыяльных відэа­ролікаў аб прыродзе; папулярная вядучая тэле– і радыёпраграм, шэраг паспяховых бізнесменаў і многія іншыя надзвычай таленаві­тыя людзі, якія студэнтамі біяфака збіралі гербарыі і лавілі матылёў падчас летніх практык, што праходзяць у маляўнічых месцах нашай краіны.
У жыцці студэнта-біёлага ёсць заходы і світанкі над ракой Бярэзінай і неза­быўныя сустрэчы з жам­чужынамі беларускай прыроды – возерам Нарач, Бярэзінскім запа­веднікам, Налібоцкай пушчай і балотамі Палесся... Ёсць захапляльнае адчуванне далучэння да новага, невядомага падчас біялагічнага эксперыменту ў лабараторыі і падчас даследчай экскурсіі. І яшчэ – сустрэчы з цікавымі людзьмі: навукоўцамі, прак­тыкамі ахо­вы прыроды, па­дарожнікамі...

Падрыхтавалі
Сяргей ШАФАЛОВІЧ,
Ганна ЛАГУН

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *