Ад Максіма Гарэцкага да нашых дзён

26 Mar, 2014.

крыжачок Сёлетняй восенню ўпраўленню па справах культуры БДУ спаўняецца 90 гадоў. Безумоўна, гэтая дата не застанецца незаўважанай. На сцэнічных пляцоўках ВНУ пройдуць мерапрыемствы і справаздачныя канцэрты мастацкіх калектываў БДУ. А ў дзень вясновага раўнадзенства 21 сакавіка адбыўся сумесны канцэрт заслужанага аматарскага калектыву РБ ансамбля танца «Крыжачок» БДУ і танцавальнага фальклорнага калектыву «Кадагіс» з Друскінінкая (Літва). Падрабязнасці мы даведаліся ў начальніка ўпраўлення па справах культуры заслужанага супрацоўніка культуры РБ Уладзіміра Макарэвіча. – Ансамбль танца «Крыжачок» – адзін з вядомых і тытулаваных калектываў БДУ! У «Крыжачку»  пра­цуе больш за сорак чалавек. Вакальная група, музыкі, дванаццаць танцавальных пар – гэтага дастаткова для аматарскага ансамбля. Каб танцаваць у калектыве, не абавязкова вучыцца ў нашым універсітэце. У ансамблі займаюцца студэнты і іншых ВНУ.  У праграме, якую падрыхтаваў кіраўнік ансамбля Ігар Музалеўскі, традыцыйныя і жанравыя бела­рускія і літоўскія народныя танцы. Іх па чарзе выконвалі артысты «Крыжачка» і «Кадагіса». У гэты вечар гледачы ўбачылі як вядомыя і даўно ўпадабаныя пастаноўкі ўслаў­ленага калектыву БДУ, такія як «Крыжачок», «Лявоніха», «Юрачка», так і новыя – «Полька праз нагу». Адзначу, удзельнікаў гэтага канцэрта злучаюць даўнія тава­рыскія адносіны. Так, у творчых планах «Крыжачка» стаіць правя­дзенне ў маі канцэрта ў адказ у Літве. Канцэрты адбыліся пры падтрымцы беларускага грамадства «Спадчына» з Друскінінкая. – Уладзімір Міхайлавіч, гісторыя ўпраўлення па справах культуры бярэ свой пачатак ад студэнцкага клуба БДУ, а сёння ў вашай структуры працуе больш за два дзясяткі ама­тарскіх калектываў…макаревич владимир – Зараджэнне першых калек­тываў аматарскай творчасці на рабфаку пачалося яшчэ ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Менавіта там былі арганізаваныя першыя гурткі мастацкай самадзейнасці, а менавіта: харавы, танцавальны і кружок мастацкага чытання. Там жа, на рабфаку, праходзілі і першыя канцэрты. Кропкай адліку прынята лічыць лістапад 1924 года, калі быў створаны гурток беларускай культуры, якім кіраваў вядомы беларускі пісьменнік навуковец Максім Іванавіч Гарэцкі. Наступнымі знакавымі гадамі сталі 1945–1946, звязаныя з заснаваннем чатырох найстарэйшых народных калектываў БДУ: ан­самбля танца «Крыжачок», аркестра народных інструментаў, студэнцкага драматычнага тэатра, а таксама харавой капэлы БДУ. Зараз супрацоўнікі ўпраўлення займаюцца арганізацыяй фэстаў, конкурсаў, буйнамаштабных святаў і шоу з удзелам вядомых артыстаў айчыннай і замежнай эстрады. Акрамя таго, праводзяць тэматычныя канцэртныя і танцавальна-забаўляльныя праграмы. – А таксама, як кажуць самі студэнты, усе вашы супрацоўнікі знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку і з увагай ставяцца да новых моладзевых праектаў і прапаноў! Сёння многія медыйныя асобы ганарацца тым, што ўвайшлі ў прафесію з самадзейнасці. Хто з выбітных дзеячаў культуры працаваў у вашым упраўленні? – Датычныя многія вядомыя дзеячы беларускай культуры. Назаву толькі некаторых з іх: балетмайстар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Ларыса Алексютовіч, вядомы хормайстар Святлана Леўчанка, віртуоз-балалаечнік Дзмітрый Захар, рэжысёр Леў Літвінаў, народны артыст СССР Уладзімір Уладамірскі. Кожны з іх варты асоб­най старонкі ў гісторыі Белдзяржуніверсітэта. – А планы юбілейных мера­прыемстваў упраўлення ўжо вядомыя? – Як кажуць, калі хочаш рассмяшыць Бога – распавядзі пра свае планы. Таму пра неспадзеўкі і прэм'еры будзем гаварыць увосень. – Поспехаў Вам! Гутарыла Жанна Васанская
На фота: 1. Ансамбль танца «Крыжачок» 2. Начальнік ўпраўлення па справах культуры Уладзімір Макарэвіч
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *