Залатыя літары археалогіі

13 Mar, 2014.

IMG_0794 У канцы 2013 г. на гістарычным факультэце БДУ адбыліся дзве знамянальныя падзеі – 85-годдзе выбітнага беларускага археолага і гісторыка, прафесара, доктара гістарычных навук Эдуарда ЗАГАРУЛЬСКАГА і 40-годдзе створанай ім кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін (з 2001 г. кафедра археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін). З 1962 г. на працягу паўстагоддзя навуковая і пе­дагагічная дзейнасць Эдуарда Міхайлавіча звязаная з універсітэтам, дзе ён прай­шоў шлях ад шараговага выкладчыка да прафесара (1986) і дэкана гістарычнага факультэта (1986–1991). Ён стварыў і ўзначаліў першую ў нашай краіне кафедру археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дыс­цыплін, якой кіраваў амаль 25 гадоў. Сярод выпускнікоў кафедры 4 дактары, звыш 20 кандыдатаў навук. Талент Эдуарда Міхайлавіча як навукоўца, педагога, аргані­затара гістарычнай навукі найбольш ярка адкрыўся ва ўніверсітэце. Яго лекцыі, глыбока змястоўныя  з навуковага пункта погляду, дасканалыя па майстэрстве выкладання, выклікаюць непадробную цікавасць шмат­лікіх пакаленняў студэнтаў. Сучасны наватарскі падыход да працэсу навучання вы­явіўся і ў тым, што задоўга да ўвядзення модульна-рэй­тын­гавай сістэмы ён фактычна ўжо па ёй працаваў, укараняючы ў практыку тэс­ціраванне сту­дэнтаў на самых першых машынах КІСІ-5, затым на камп’ю­та­рах, распраца­ваў­шы адмысловыя праграмы. Э. М. Загарульскі з’яўля­ецца аўтарам першага ў краіне падручніка «Археа­логія Беларусі» (1965), па яго ініцыятыве створаны навучальны дапаможнік «Гіста­рычнае краязнаўства Бела­русі» (1980), які не мае аналагаў і дагэтуль. У 1998 г. выйшаў навучальны дапа­мож­нік для вышэйшай школы «Заходняя Русь IX–XIII стст.». Ім таксама былі напі­саныя падручнікі для сярэдняй школы. Для шырокага кола чытачоў выдадзеная «Гісторыя Беларусі ў карот­кім выкладзе» (2002). Ён апублікаваў 14 манаграфій і звыш 100 артыкулаў у айчынных і замежных выданнях. Упершыню ў краіне пасля 1917 г. ён распрацаваў і чытаў у Жыровіцкай духоў­най акадэміі курс «Царкоўная археалогія».Загорульский Ходин Найярчэйшай старонкай у археалагічнай біяграфіі Эдуарда Міхайлавіча, свайго роду «падарункам лёсу», былі раскопкі Вішчынскага раннефеадальнага замка XII–XIII стст. пад Рагачовам, якія амаль на працягу 10 гадоў (1976–1985) вяліся пад яго кіраўніцтвам. Віш­чынскі замак, які з’яўляецца эталонным помнікам у серыі раннефеадальных сядзіб, падарыў не толькі  найбагацейшую калекцыю прад­метаў матэрыяльнай культуры, што папоўніла экспа­зіцыю навучальнага музея гістарычнага факультэта, але і ўнікальны па складзе і гістарычнай значнасці скарб высокамастацкіх сярэбраных упрыгожванняў і плацежных зліткаў (1979). Для беларускай археалогіі гэта было сенсацыйным адкрыццём, такое бывае ў жыцці не кожнага археолага. Вынікі вывучэння помніка абагульненыя ў манаграфіі «Віш­чынскі замак XII–XIII стст.» (2004), якую ён прысвяціў студэнтам гістфака. Славянская праблематыка знайшла сваё адлюстраванне ў мана­графіях «Старажытная гіс­торыя Бе­ла­русі: нарысы этнічнай гісторыі і матэрыяльнай куль­туры (да IX ст.)» (1977) , «Славяне. Паходжан­не і рассяленне на тэрыторыі Бе­ларусі» (2012). Прыемна, што напярэ­дад­ні юбілею ўбачыла святло яго новая, пышна выда­дзеная і пра­ілюстраваная аўтарам  манаграфія «Белая Русь з сярэдзіны I тысячагоддзя да сярэдзіны XIII стагоддзя» (2013), якая спра­вядліва можа лічыцца вяршыняй творчай думкі наву­коўца. У маштабе ахопу матэрыялу, навізне падыходу, глыбіні тэарэтычных рашэн­няў яна не мае сабе роўных сярод айчынных выданняў. Пад новым вуглом разгле­джаныя найскладанейшыя праблемы этнагенезу славян, этапы і храналогія іх рас­сялення на тэрыторыі Усходняй Еўропы, узнік­нен­не дзяржаўнасці. Доўгія гады Э. М. Зага­рульскі быў членам прэзіды­у­ма Беларускага фонду культуры, ён з’яўляецца членам спецыялізаванага савета па абароне доктарскіх дысертацый у Інстытуце гіс­то­рыі НАН Беларусі. За зас­лу­гі ў наву­­­­­­­­­­­­­­ко­ва-педагагічнай дзей­насці  ўзна­гароджаны нагрудным знакам Мініс­тэрства вышэйшай адукацыі СССР «За выдатныя поспехі ў працы», Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу РБ. У 1996 г. яму прысвоена званне «Заслужаны работнік адукацыі РБ», у 2011 – «Заслужаны супрацоўнік БДУ». У адрас юбіляра паступілі віншаванні ад дырэктара Інсты­тута археалогіі РАН акадэ­міка М. А. Макарава, кале­гаў-археолагаў з Санкт-Пецярбурга, выкладчыкаў Го­мельскага, Віцебскага, По­лацкага, Магілёўскага дзяржаўных універсітэтаў, Нацыянальнай акадэміі навук Бе­ла­русі, Таварыства беларускай мовы. Асабіста яго павін­шаваў віцэ-прэм’ер урада Беларусі А. А. Тозік. Усё жыццё Эдуарда Міхайлавіча Загарульскага – прыклад гераічнага служэння навуцы і ўніверсітэту. Яго імя ўжо ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю беларускай археалогіі, якую ён вывеў на сусветны ўзровень. Гістарычны факультэт ганарыцца тым, што ён вучыў нас і працуе з намі. Жадаем дарагому юбі­ляру здароўя, лёгкага пяра і ажыццяўлення невычэрпных творчых планаў! Панорама 242 Супрацоўнікі гістарычнага факультэта
На фота: 1. Эдуард Загарульскі з дэканам Сяргеем Ходзіным
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *