З усяго свету фізікі-тэарэтыкі прачытаюць свае папулярныя лекцыі на школе-семінары БДУ

7 Oct, 2014.

IMG_1724Да 75-годдзя кафедры тэарэтычнай фізікі і астрафізікі БДУ будзе прымеркавана школа-семінар “Прыкладныя і фундаментальныя аспекты тэарэтычнай фізікі і астрафізікі”, якая пройдзе 10–11 кастрычніка на фізічным факультэце. Цыкл папулярных лекцый, прызначаных e першую чаргу для студэнтаў, прачытаюць не выкладчыкі, а выпускнікі кафедры тэарэтычнай фізікі, якія працуюць у розных галінах навукі ў нашай краіне і за мяжой.
Напрыклад, Андрэй Лаўрыненка прыедзе з Даніі, каб прачытаць лекцыю на тэму “Метазадачы для метарыялаў”. Мікалай Жыгадла завітае са Швейцарыі і пазнаёміць студэнтаў, аспірантаў і навуковых супрацоўнікаў, а таксама выкладчыкаў фізічнага факультэта з новымі матэрыяламі для фізікі і магчымасцямі іх прымянення. Лекцыю на тэму “Рэнтгенаўскі аналіз нанааб’ектаў: выклікі і перспектывы” прывязе з Германіі Аляксандр Ульяненкаў. Даклад “Тэарэтычная фізіка і сучасныя інтэрдысцыплінарныя даследаванні” прачытае Ігар Акушэвіч з ЗША. Андрэй Кузьмін, таксама з ЗША, пазнаёміць слухачоў школы з новымі магчымасцямі спектраскапii ў біяфатоніцы, Якаў Шнiр з Расii (Дубна) распавядзе пра тэорыю i гiсторыю пошукаў манаполя.
“Студэнты, якія спецыялізуюцца на нашай кафедры, змогуць адчуць, наколькі запатрабаваныя фізікі-тэарэтыкі ў розных галiнах навукi і тэхналогii ў іншых краінах свету, якія закончылі наш факультэт фізікі БДУ, што дапаможа зразумець і свае перспектывы”, – гаворыць загадчык кафедры Ілья Феранчук.ферончук
Кожны год 5–7 студэнтаў, якія імкнуцца да пазнання фундаментальных законаў прыроды, прыходзяць на трэцім курсе на кафедру тэарэтычнай фізікі і астрафізікі, каб атрымаць там спецыяльнасць (якую). Самыя таленавiтыя потым застаюцца выкладаць на кафедры пасля аспірантуры.
“Наша кафедра зараз на стадыі амаладжэння, – расказвае Ілья Давыдавіч. – Сярод 14 выкладчыкаў, якія працуюць у нас, 5 – маладзейшыя за 40 гадоў, а некаторым няма нават і 30”.
АДРАЗУ ДЗВЕ ДОКТАРСКІЯ Ў ГЭТЫМ ГОДЗЕ
Сёлета на кафедры тэарэтычнай фізікі і астрафізікі адбылася значная падзея – абарона дзвюх доктарскіх дысертацый. Дацэнт Аляксандр Фурс даследаваў у сваёй навуковай працы “Павярховыя і аб’ёмныя хвалі ў біянізатропных асяроддзях”. Тэма доктарскай дысертацыi дацэнта Андрэя Навіцкага датычылася эвалюцыі электрамагнітных пучкоў у складаных асяроддзях і метаматэрыялах. Андрэй стаў доктарам навук у 34 гады, што вельмi адметна для нашай краіны.
Трэба сказаць, што на кафедры тэарэтычнай фізікі працуе 6 прафесараў, дактароў навук, 2 дацэнты, дактары навук i 6 дацэнтаў, кандыдатаў навук. Супрацоўнікі кафедры маюць дасягненні ў розных галінах тэарэтычнай фізікі: тэорыі гравітацыі, фізіцы кандэнсаваных станаў, оптыцы, квантавай тэорыі, матэматычных метадах. Іх дасягненні адлюстроўваюцца ў навуковых манаграфіях і артыкулах. За апошнія 5 гадоў выкладчыкі кафедры выпусцілі 5 манаграфій у аўтарытэтных выданнях. Кожны год яны друкуюць каля 50 навуковых артыкулаў.
Сёння кафедра забяспечвае выкладанне курсаў тэарэтычнай фізікі для студэнтаў фізічнага факультэта і факультэта радыёфізікі і электронікі, а таксама спецыялізацыі “тэарэтычная фізіка”. Студэнты тут атрымліваюць фундаментальную падрыхтоўку па асноўных кірунках сучаснай тэарэтычнай фізікі. А яна прадугледжвае ў тым ліку і сур’ёзнае вывучэнне яе матэматычнага апарату, а таксама авалодванне камп’ютарнымі метадамі рашэння задач.
Для такіх важных курсаў, як квантавая механіка, фізіка кандэнсаваных асяроддзяў, тэрмадынаміка і статыстычная фізіка, выкладчыкі кафедры ствараюць тыпавыя праграмы, якія выкарыстоўваюць усе ўстановы вышэйшай адукацыі краіны.
ГІСТОРЫЯ КАФЕДРЫ – У ЯЕ НАВУКОЎЦАХ
Ілья Феранчук, загадчык кафедры, доктар фізіка-матэматычных навук, рыхтуе даклад пад назвай “Кафедра тэарэтычнай фізікі і астрафізікі БДУ – 75 гадоў”, з якім выступіць на школе-семінары ў кастрычніку. Ён абяцае каротка спыніцца на асноўных гістарычных падзеях і расказаць пра навукоўцаў, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё навуковых кірункаў кафедры.
Кафедра тэарэтычнай фізікі адна з найстарэйшых на факультэце. Яна была заснавана ў 1938 годзе. Першым яе загадчыкам быў Фёдар Фёдараў. У пасляваенны час пад яго кіраўніцтвам праводзіліся даследаванні па тэарэтычнай оптыцы і квантавай тэорыі поля.
Анатоль Левашоў, які прыйшоў на змену Фёдараву, дапоўніў навуковую тэматыку кафедры агульнай тэорыяй адноснасці і касмалогіяй. Па гэтай тэматыцы кафедра стала адной з вядучых навуковых груп у СССР. У 1976 годзе яна з’яўлялася арганізатарам Усесаюзнай канферэнцыі па агульнай тэорыі адноснасці і гравітацыі. І з 1976 па 1989 гады штогод арганізоўвала ўсесаюзныя канферэнцыі па тэме “Гравітацыя і электрамагнетызм” з выданнем зборнікаў прац канферэнцый.
З прыходам на пасаду загадчыка кафедры Льва Камарова сталі развівацца даследаванні па непертурбатыўных метадах апiсання квантавамеханічных сiстэм.
Непрацяглы час кафедрай загадваў Герман Шышкін, які зрабіў вялікі ўнёсак у метады падзелу пераменных ва ўраўненні Дзірака ў скрыўленых прасторах.
Новы імпульс даследаванням па тэарэтычнай оптыцы на кафедры надаў Леанід Баркоўскі, які ўзначальваў кафедру з 1984 па 2004 гады. Навуковыя даследаванні па ўсіх гэтых кірунках працягваюцца і сёння.
Ілья Феранчук пачаў кіраваць кафедрай з 2004 года. Па ліку ён шосты загадчык. Ілья Давыдавіч стараецца падтрымліваць у давераным яму падраздзяленні спрыяльную для даследаванняў атмасферу, якая склалася яшчэ пры яго папярэдніках. У 2010 годзе кафедра тэарэтычнай фізікі была перайменавана ў кафедру тэарэтычнай фізікі і астрафізікі. Апошнім часам астрафізіка прызнана яшчэ адным прыярытэтным кірункам на кафедры.
Ганна ЛАГУН

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *