Абвешчаны конкурс студэнцкіх прац. Пераможцы паедуць на Сусветны форум у падтрымку дэмакратыі ў Страсбург

27 Mar, 2015.

original

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт сумесна з Інфармацыйным пунктам Савета Еўропы ў г. Мінску абвясціў конкурс студэнцкіх прац на тэму: “Правы чалавека: як СМІ могуць дапамагаць іх абараняць?”. У конкурсе ўдзельнічаюць студэнты дзённага і завочнага аддзяленняў Інстытута журналістыкі БДУ.

Час правядзення: 13 сакавіка – 30 мая 2015 года

Тэматыка конкурсных прац: “Правы чалавека: як СМІ могуць дапамагаць іх абараняць?”.

Від творчых прац: нататка, інтэрв’ю, рэпартаж, допіс, відэасюжэт, інфаграфіка, фотарэпартаж, мультымедыйны артыкул і інш. На момант падачы заяўкі працы павінны быць ужо размешчаны ў друкаваных / аўдыявізуальных / інтэрнэт-СМІ Рэспублікі Беларусь. Мову выбірайце любую: рускую, беларускую, англійскую ці французскую.

Трэба падаць працы ў электронным выглядзе каардынатару конкурсу Аляксандру Аляксандравічу ГРАДЗЮШКУ на e-mail webjourn@gmail.com. Таксама неабходна выслаць спасылку на публікацыю ці копію публікацыі / запіс рэпартажу з указаннем СМІ, дзе гэты матэрыял быў апублікаваны ці выпушчаны. Не забудзьцеся падаць наступнае: прозвішча, імя, імя па бацьку; год нараджэння; месца вучобы; нумар тэлефона, e-mail.

Абвяшчэнне пераможцаў конкурсу адбудзецца ўжо ў чэрвені. Удзельнікі, якія зоймуць тры першыя месцы, будуць запрошаны на Сусветны форум у падтрымку дэмакратыі, які адбудзецца ў г. Страсбург (Францыя) у лістападзе 2015 года. Арганізатары конкурсу бяруць на сябе аплату транспартных выдаткаў, візы, у таксама выплату сутачных выдаткаў.

Для атрымання дадатковай інфармацыі звяртайцеся ў Інфармацыйны пункт Савета Еўропы ў г. Мінску (вул. Кальварыйская, 9, офіс 202).

Альбіна АЎЧАРЭНКА, адказная за беларускі праект “Інфармацыйны пункт Савета Еўропы ў Мінску”:

— Конкурс дазволіць больш даведацца пра правы чалавека. Напэўна, падчас падрыхтоўкі прац удзельнікі зацікавяцца, што такое Савт Еўропы і чаму тэматыка конкурсу менавіта такая. Студэнты-журналісты, магчыма, захочуць развіваць гэту тэму ў далейшай прафесійнай дзейнасці. Вядома, прывабны прыз – калі б я была студэнткай, то сапраўды паўдзельнічала б. Страсбург – выдатны горад, у нейкім сэнсе сталіца Еўропы, у яго цікавая гісторыя, і мы паспрабуем зрабіць так, каб візіт запомніўся і стаў карысным.

Нам было б цікава зразумець ваша бачанне таго, як СМІ асвятляюць тэматыку правоў чалавека (і ці асвятляюць наогул), на што робіцца ўпор, якія тэмы выклікаюць найбольшы водгук і чаму. Вядома, гэты конкурс дазволіць нам больш даведацца пра сітуацыю ў Беларусі і ў рэгіёне ў цэлым праз прызму ўспрымання сітуацыі вамі – студэнтамі, якія стануць журналістамі, чыя асноўная роля будзе інфармаваць людзей пра падзеі і тэндэнцыі ў жыцці грамадства. Нам цікава даведацца, ці згодны вы з тым, што прэса – гэта “чацвёртая ўлада”, і калі так, якім чынам СМІ могуць уплываць на прыняцце рашэнняў трыма іншымі галінамі. І, вядома, нам будзе цікава зразумець, якія прынцыпы працы СМІ, на ваш погляд, найбольш важныя ў асвятленні тэматыкі правоў чалавека і з якімі прафесійнымі праблемамі можа сутыкнуцца журналіст, які працуе над падобнымі тэмамі.

Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: