Іншы шлях: як склаўся лёс адлічаных студэнтаў

19 Mar, 2015.

E7zQ8t6VTw8
Штогод тысячы маладых людзей заканчваюць БДУ, атрымліваючы ў нагрузку да дыплома належны набор ведаў. Напрыклад, у 2014 годзе адукацыю ва ўніверсітэце атрымалі 5277 чалавек. Адны потым працуюць па спецыяльнасці, іншыя шукаюць альтэрнатывы. Але ёсць людзі, якія вызначыліся значна раней. На старонках газет рэгулярна ўспамінаюць паспяховых выпускнікоў, распавядаюць пра іх дасягненні. Але я хачу вас пазнаёміць з іншымі. З тымі, хто "сышоў з дыстанцыі" і абраў іншы шлях. Адлічаныя 1416 чалавек па выніках 2012 года, 1744 за 2013 год, і ўжо 2134 за 2014 год. Як бачыце, з кожным годам іх становіцца ўсё больш. Хто яны? Ахвяры або бунтары? Ці падае якасць адукацыі, ці людзі становяцца больш незалежнымі і самастойнымі? Меркаванняў можа быць шмат. Некалькі экс-студэнтаў пагадзіліся прадставіць свой пункт гледжання эксклюзіўна для газеты "Універсітэт".

1. Мікіта Лазарэнка
Адлічылі мяне вельмі справядліва. Я ж абсалютна нічога не рабіў ва “ўніверы”. Проста кажучы, я там толькі лічыўся. І выключна па ўласнай тупасці, дзякуючы сваёй сусветнай ляноце і завышанай ганарлівасці  тады яшчэ школьніка. Уласна, як і завошта? За тое, што ў мяне былі хвасты. З-за таго, што я не наведваў пары. І ўвесь час надаваў выключна невылазнаму праседжванню ў камп'ютарных гульнях. У выніку ў мяне папросту сабралася куча непагашаных запазычанасцяў. (Міф пра тым, што можна вывучыць увесь курс за тыдзень, быў развеяны)
Прычым мяне адлічылі далёка не адразу. Да гэтага мне далі шанец, які я з  поспехам “прафукаў”. Потым мяне проста выклікалі да намесніка дэкана, і ён паставіў мяне перад фактам: “Ты адлічаны”. Неяк так. Праўду кажучы, тады мне было не да таго, каб запамінаць усё даслоўна.
Я проста выйшаў на калідор, набраў маці і сказаў ёй, што ўсё. Канец. Кіна не будзе.
Дома мне, зразумела, зладзілі поўны разнос і прамыванне мазгоў (яны мне і да сёння гэта ўзгадваюць).
Яшчэ з тых часоў я працаваў у Макдональдсе. І пасля адлічэння яшчэ амаль год там заставаўся.
Адлічылі мяне пасля таго, як усё ЦТ ужо скончыліся. Таму я проста пайшоў у каледж, дзе вучыўся мой аднакласнік пасля 9 класа. І падаў туды дакументы, бо там быў толькі конкурс атэстатаў. Я 11 класаў скончыў – патрапіў адразу на другі курс.
Атрымліваецца пацешна. З 1 курса ўнівера я патрапіў на 2 курс у каледж.
Але да таго часу я ўжо рашуча паразумнеў. Я зразумеў, што без вучобы мне не свеціць абсалютна нічога добрага. Таму ўзяўся за розум. Мне вельмі пашанцавала ў тым, што я не надта хваляваўся наконт войска і да таго падобнага, бо па стане здароўя туды не праходзіў.
Я вярнуўся да вучобы, хай ужо і не ва ўніверсітэце. Нагрузка, вядома, непараўнальная. Тут было нашмат прасцей. Але затое і засвойвалася куды лягчэй і хутчэй, а дадаткова можна і самому нешта вывучаць. У каледжы я нават узяў на сябе ролю старасты групы.
Зараз у мяне ўжо вытворчая і пераддыпломная практыка, якую я праходжу ў кампаніі Exadel. І ў Макдональдсе я ўжо не працую.
На трэцім курсе каледжа нам прысвоілі працоўную катэгорыю, і я пайшоў працаваць на фірму сісадмінам (працую там дагэтуль), а па заканчэнні практыкі збіраюся застацца ў “Эксадэлі” і рухацца далей.
І хоць усё гэта выглядае не вельмі весела, БДУ ўсё ж даў мне сёе-тое – найлепшых сяброў у маім жыцці.

DSC_0317

2. Уладзіслаў Петрушэнка
Для пачатку. Сам пра сябе пісаць не люблю, таму працытую:
"Суб'ект – Уладзіслаў Петрушэнка. Навуковы авантурнік і шукальнік інтэлектуальных прыгод. Прыхільнік радыкальнай аўтаэвалюцыі і кібаргізацыі, які адчувае пры гэтым слабасць да антычнасці, у прыватнасці элінізму. Інтэлектуальным бацькам і настаўнікам лічыць Станіслава Лема. Паважае Эпікура, Лукрэцыя і Герона. Прыхільнік Бруна, Хевісайда, Бартыні, Эверэта і Уілсана. Прыхільнік строгіх навуковых ведаў, якія без стомы распаўсюджвае направа і налева, прычым не інакш, як у форме гульні і абсурду. Шчаслівы ўладальнік акуляраў Станіслава Лема, урачыста атрыманых з рук яго жонкі ў знак працягу Уладзіславам справы геніяльнага футуролага і філосафа. Добраахвотнік на імплантацыю мікрачыпа ў эксперыменце прафесара Кевіна Уорвіка па злучэнні нервовых сістэм двух чалавек.
Пірат да касцей мозгу. Доказам гэтаму служыць стварэнне Рускай пірацкай царквы эвалюціыянства і ўзначальванне гэтай у якасці Піратрыярха з мэтай спрыяння пазітыўнаму пераадоленню Сінгулярнасці грамадствам праз адмову ад абмежаванняў на распаўсюджванне інфармацыі і папулярызацыю навуковых ведаў у вобразна-гульнявой і міфалагічнай форме. Заснавальнік э-лігіі Піратэізму.
Вядомы ў рунэце як фантастычны аўтар – аўтар неіснуючых кніг на тэму навуковай фантастыкі. Стваральнік тэорый леметыкі, футракрэатыкі, сінтурызацыі, элігізацыі і кагнітывізацыі, якая, у сваю чаргу, уключае ў сябе людэнізацыю, аўтаматызацыю, адытывізацыю і віртуалізацыю. Азначэнні большай часткі гэтых складаных невядомых дысцыплін ён упарта трымае пры сабе, аддаючы перавагу спачатку верыфікаваць свае тэорыі на практыцы, а потым ужо мемезаваць імі іншых.
Член Асацыяцыі футуролагаў і Расійскага філасофскага грамадства РАН, ініцыятар і вучоны сакратар маскоўскага Міждысцыплінарнага семінара па футуралогіі і прагностыцы, былы каардынатар па працы з навукоўцамі-экспертамі Стратэгічнага грамадскага руху "Расія–2045" і мозг каманды арганізатараў першага міжнароднага кангрэсу "Глабальная будучыня–2045" у Маскве".

Адлічвалі мяне шмат і часта. Я для поўнай выбаркі ўніверсітэтаў вучыўся ў трох.

MrC87cbWF4A У першы раз мяне не адлічылі, а адправілі ў акадэмку на год. У БДУ я не аднавіўся, бо патрапіў на стыпендыяльную праграму і з'ехаў у Кракаў на два гады. На трэці год кінуў вучобу і перапаступіў зноўку ў БДУ на мехмат.
У гэты ж раз мяне ўпершыню адлічылі ў канцы другога семестра. Прычына – занадта шмат думаў. Дакладней, у нас было два іспыты ў адзін дзень. За гадзіну перад першым іспытам у нас была кансультацыя з нагоды сесіі з намеснікам дэкана. Другі іспыт у нас прымаў той жа намеснік дэкана, таму я лагічна разважыў, што навошта мне паказваць яму паўпустую залікоўку, калі я магу здаць на два прадметы больш. Я, як мае быць, усю ноч рыхтаваўся ў ваннай (каб не замінаць таварышам па пакоі), а з раніцы прыйшоў адразу на першы іспыт, але мяне не дапусцілі. Аказваецца, намеснік дэкана вырашыў, што я прыйшоў не ў адукацыйную ўстанову, а ў ваенную, і дысцыпліна значыць больш, чым уласна сама вучоба. Гэтага мне было досыць, каб канчаткова “забіць” на так званую "вучобу".
Самае цікавае, што ў мяне праблем уласна з вучобай не было. У першы раз мне складана давалася адаптацыя ў соцыуме, а ў прыватнасці ў інтэрнаце. Я тады быў досыць замкнёным гікам. З Польшчы з'ехаў па шматлікіх прычынах. І ў сувязі з фінансавымі цяжкасцямі, і з-за таго, што так і не пасябраваў з палякамі, і па рэлігійных прычынах (з'яўляючыся атэістам, ды яшчэ і іншаземным, складана адаптавацца ў каталіцкай краіне). Урэшце банальная "нуда па радзіме". Прыязджаць атрымлівалася не часцей за 1–2 разы ў год.
Два гады пасля апошняга адлічэння я займаўся самаадукацыяй, накупляўшы літаратуры, а затым з'ехаў у Маскву, дзе пазнаёміўся з аднадумцамі-трансгуманістамі, і яны дапамаглі мне ўладкавацца каардынатарам у рух "Расія–2045". Паступаць больш і ў думках не было, прынамсі ў краінах “постСССР”.
Мяне заўсёды натхнялі неардынарныя людзі, якія ідуць да сваёй мэты нестандартнымі шляхамі. Такія, як Стыў Возьняк, Марк Цукерберг, Біл Гейтс, Брэм Коэн (аўтар пратаколу BitTorrent), Іван Кулібін, Канстанцін Цыялкоўскі.
У мяне ёсць метафара пра тое, як я ўспрымаю традыцыйную адукацыю. Джунглі, а праз іх пракладзеная сцяжынка, прычым пракладзеная гадоў так 80 назад, а таму яна вядзе не прама да мэты, а віляючы, перасякаючыся сама з сабою, як стужка Мёбіуса. На старце 100 чалавек. Час, за які трэба дабрацца да фінішу, абмежаваны. Таксама абмежавана і колькасць пераможцаў (са 100 чалавек пераможцамі стануць, напрыклад, 10). У працэсе перамяшчэння па сцяжынцы вам кожныя 100 метраў трэба выконваць рытуал глыбокай пашаны, які выконваюць усе, і ніхто не пытае, навошта ён уласна патрэбны, калі мэта – дабрацца да фінішу, інакш – дыскваліфікацыя. Да фінішу па прамой усяго кіламетр, а па сцяжынцы, у сувязі з нерацыянальнасцю яе праектавання – 10 км. Дык вось навошта ісці па гэтай сцяжынцы, пхаючыся з супернікамі і выконваючы рытуалы, калі можна прайсці праз джунглі наўпрост і не спяшаючыся. Складаней? Так. Небяспечней? Так. Але затое можна знайсці куфар са скарбамі, бо ўздоўж сцяжынкі ўжо тысячы чалавек праходзілі, а ў джунглях ёсць шанец стаць першаадкрывальнікам чаго-небудзь карыснага. У дадатак можна пазнаёміцца з аднадумцам, які таксама вылучыць шлях праз джунглі і аб'яднаць высілкі. Вось такі шлях я і абраў.
У сувязі з гэтым да традыцыйнай цэнтралізаванай вышэйшай адукацыі стаўлюся рэзка негатыўна. Адзіная карысная функцыя ўніверсітэтаў у дадзеным амплуа – гэта сацыяльная, але ніяк не адукацыйная. Фактычна для мяне ўніверсітэт стаў добрай сацыяльнай школай, і з некаторымі сакурснікамі я маю зносіны дагэтуль. Адукацыю лепш атрымліваць анлайн (напрыклад, Coursera і Універсарыум), праходзіць адукацыйныя курсы і, галоўнае, быць цікаўным.
Зараз займаюся пісьменніцтвам і пірацтвам. З мінулага года з'яўляюся аўтарам электроннага часопіса ArtElectronics. Пасада заснавальніка Пірацкай царквы таксама мае свае перавагі.
Ці можна лічыць, што я прыйшоў да поспеху? Поспех як канчатковы стан супакою – гэта ілюзія. Ніколі нельга спыняцца на дасягнутым. Адукацыя – гэта не этап у жыцці, які можна прайсці і забыць. Гэта бесперапынны працэс.
Летась я праходзіў фарсайт-школу ў Агенцтве стратэгічных ініцыятыў РФ, якая дапамагла мне “пракачаць” практычныя навыкі. Сёлета я праходжу курс "Гейміфікацыі" і "Тэорыі гульняў" на Coursera. Пішу навукова-фантастычны раман і з дзясятак артыкулаў, паралельна перапісваючыся і абмяркоўваючы ў рэале свае гіпотэзы з навукоўцамі сусветнага ўзроўню, такімі як Аляксандр Паноў (астрафізік і аўтар крывой Панова-Снукса), Акопам Назарацянам (мегагісторык), Давідам Дуброўскім (філосаф) і шматлікімі іншымі. Не забываю пра чытанне кніг і гульні на PlayStation 4. Свет выдатны.
Калі лічыць поспехам задавальненне ад сваёй “гульняботы” (праца-хобі), то магу ўпэўнена сцвярджаць, што так, прыйшоў. Зараз гэты поспех трэба ўтрымліваць і развіваць. Як мінімум на працягу гадоў ста.

3. Антон Ласякін
Адлічылі мяне, па-мойму, у кастрычніку мінулага года, пасля таго, як чатыры разы не здаў іспыт па рускай мове. Хваляваўся жудасна, баяўся сказаць родным, але ўвесь гэты стрэс доўжыўся каля двух тыдняў. Потым зразумеў, што жыццё па-за ўніверсітэтам ані не горшае, чым у яго сценах. Пасля адлічэння пераасэнсаваў шматлікае. Зразумеў, што ўсё-такі гэта не маё, раз не атрымалася, і вырашыў шукаць сябе ў чымсьці іншым.
Зараз пра адлічэнне не шкадую, але сумую па групе і сябрах з інтэрната, з якімі перажыў шмат выдатных момантаў.
Працаваць уладкаваўся прадаўцом-кансультантам у краму мастацкіх тавараў. Там не патрабаваўся досвед працы і вышэйшая адукацыя. Зараз жыву з дзяўчынай на здымнай кватэры. Думаем у хуткім часе з'ехаць з Мінска.
Не магу сказаць, што пасля адлічэння я прыйшоў да поспеху, але жыць стаў лепш.
Параіць магу толькі адно: калі паступілі – старайцеся і вучыцеся. Апускайце рукі і кідайце вучобу, толькі калі ўпэўненыя, што яно вам не спатрэбіцца. Ну, а калі адчуваеце, што прафесія ўсё ж не ваша, то не бойцеся сысці. Няма нічога страшнага ў адлічэнні, гэта не канец свету.

4. Дзмітрый Сяргеенка
Калі я паступаў у першы раз, то не змог патрапіць на цікавую мне спецыяльнасць. Ці то балаў не хапіла, ці то з-за таго, што сістэма размеркавання ў БДУ нейкая дзіўная. Палову першага семестра я вучыўся рэшткава старанна, а потым зразумеў – не маё... Адлічылі мяне з сярэдзіны другога курса. Ну як з сярэдзіны другога, я да таго моманту не закрыў летнюю сесію, так што другакурснікам афіцыйна не быў. Проста ў адзін выдатны момант я прагуляў пару пар па адным прадмеце, і ўсё закруцілася. Узніклі цяжкасці са здачай “лабаў”, потым з іспытам, а калі я амаль разабраўся з даўгамі па гэтым прадмеце, выявілася, што за гэты час у мяне назапасіліся хвасты па ўсіх астатніх. Варыянтаў было тры: забраць дакументы, перавесціся на завочку або чакаць адлічэння загадам.
Адлічвацца загадам не хацелася, першую адукацыю атрымліваць завочна – таксама, таму я напісаў заяву па ўласным, за паўдня падпісаў абыходны ліст і памахаў сваёй альма-матар на развітанне.
У мяне заставалася каля паўгода да наступнага паступлення. Я  не паехаў у родны горад, рабіць там усё роўна было няма чаго. Застаўся ў Мінску, уладкаваўся на працу, аплачваў сабе кватэру, ежу, усякую драбніцу, сёе-тое адпраўляў дахаты, патроху адкладаў на будучыню. Праз нейкі час паўстала пытанне з войскам. Два тыдні паматаўся па ваенкаматах і паліклініках, атрымаў адтэрміноўку і вярнуўся на працу. Хоць зараз разумею, што калі б ледзь-ледзь пакапаў дактарам і ваенкаму на мазгі, то ўжо даўно адслужыў бы і жыў спакойна. А так доўг перад радзімай застаецца.
Выклік у ваенкамат быў адзіным не занадта прыемным перажываннем за час паміж адлічэннем і паступленнем. Я ні пра што не шкадаваў, як кажуць “пахал как ёжик”, паволі рыхтаваўся да тэсціравання. Ну або пераконваў сябе, што дзве гадзіны раз у тыдзень – гэта падрыхтоўка. Што дзіўна, вынікі былі ненашмат ніжэйшыя, чым у першы раз. Ці то я не ўсё забыў пасля школы, ці то ў БДУ мяне такі чамусьці навучылі.
Паступаць яшчэ раз на вышэйшую не хацеў. Па-першае, не было ўпэўненасці, што я патраплю на жаданую спецыяльнасць, па-другое я разумеў, што ўсё можа паўтарыцца, бо прыроджанае разгільдзяйства нікуды не дзелася. Таму ў другі раз я вырашыў паступіць у каледж, але ўжо канкрэтна на тую спецыяльнасць, на якую я хацеў першапачаткова.
Па сутнасці, я і не занадта шмат страціў, два гады. З улікам таго, што скончу я адначасова са сваімі былымі аднагрупнікамі, на гэта можна і не зважаць. Затое я перайшоў канкрэтна на тую спецыяльнасць, якую хацеў, набыў вельмі карысны досвед, ды і наўрад ці я пайшоў бы працаваць так рана, калі б застаўся я на ранейшым месцы. Як апынулася, у адлічэнні няма нічога страшнага, часам гэта нават карысна.

5. Кацярына
Гісторыя атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі пачалася з перашкод, але пакуль яшчэ і не скончылася. Так склаліся акалічнасці, што я дагэтуль не разумею, якім чынам я апынулася сярод адлічаных студэнтаў. Бадай, галоўнай прычынай, па якой я сышла з універа, – гэта сама атмасфера ў калектыве, а таксама адсутнасць дужых нерваў.
Прайшоў невялікі часавы адрэзак часу, каб гаварыць пра нейкія глабальныя высновы. Бо адсутнічае досвед, з працаўладкаваннем адразу жа паўсталі праблемы. Балазе, зараз прыйшло ўсё ў норму. Працую па наяўнай ужо спецыяльнасці. Паступаць у ВНУ не толькі планую, але і займаюся падрыхтоўкай у любы вольны час. Ці будзе гэта БДУ, не ўпэўненая. Хлопцам і дзяўчатам, якія зараз вучацца, жадаю веры ў сябе і імкнення да атрымання не дыплома, а ведаў.

6. Н.
Вучылася ў Інстытуце журналістыкі. Адлічыцца вырашыла, таму што за час, праведзены там, узяла для сябе ўсё, што можна, і зразумела, што пара развівацца ў іншым кірунку. Адлічвацца, як высветлілася, вельмі моташна. Трэба запаўняць кучу паперак, шукаць кучу людзей, якія звычайна сядзяць у водпуску, выклікаць у гэтых людзей мноства непатрэбных пытанняў і даваць ім мноства непатрэбных адказаў, бегаць з журфака ў рэктарат, з рэктарата на журфак і потым назад. І рабіць усё гэта ў самы непрыдатны момант – калі вось-вось разгар лета і людзі заканчваюць навучанне і чакаюць дыпломаў. Пра свае планы на будучыню не распавядаю нікому, прынцып. Працягнуць навучацца планую, на журфак вяртацца ніколі не хацелася. Я не шкадую, што кінула, а думала я пра гэта шмат. Зараз працягваю працаваць у розных сферах, хаджу на курсы, развіваю свае здольнасці і назапашваю досвед, шукаю тое, чаму бы мне хацелася прысвяціць усё жыццё.
Маё першапачатковае меркаванне аб вышэйшай адукацыі пацвердзілася: або ты сам сябе вучыш, або не. Цябе ніхто нічаму ніколі не навучыць, ды і не абавязаны. Іншая справа – сістэма выкладання. Добрых прафесараў, цікавых, разумных, крэатыўных, сапраўды мала, і гэта не можа радаваць. Наконт журналістыкі як будучай прафесіі пагаджуся з журналістам Уладзімірам Салаўёвым у тым, што журналістыка – гэта не спецыялізацыя, а добры дадатак да ўжо атрыманай важкай прафесіі.

_____________________
Вашай увазе прадстаўлены зусім невялікі зрэз меркаванняў. У гэтых маладых людзей нібыта ўсё складаецца адносна нядрэнна. Але колькі яшчэ тых, каму пашанцавала менш? Тых, хто не змог знайсці сваё месца ў жыцці, атрымаць прэстыжную добра аплачваную працу? Пра сябе распавесці пагадзіліся зусім не ўсе, каму я гэта прапанаваў. Адны вінавацяць у няўдачы сябе і сваю безадказнасць. Іншыя – недасканалую сістэму адукацыі. Трэція маглі банальна не пацягнуць аплату навучання, не паступіўшы на бюджэт. А між тым, адлічваецца ўсё больш студэнтаў. Кожны з іх чагосьці жадаў, да чагосьці імкнуўся, звязваў з вышэйшай адукацыяй пэўныя спадзяванні. І тым не менш летась мы маем пяць тысяч тых, хто паступіў, і дзве тысячы адлічаных. І суадносіны з кожным годам усё больш трывожаць. Апроч уплыву на лёс саміх адлічаных варта падумаць і пра сур'ёзныя дзяржаўныя сродкі, накіроўваных на навучанне тых, каму гэта, высвядтяецца, не трэба. Мы бачым праблему, але ці ёсць у яе рашэнне?
А пакуль можна толькі пажадаць поспеху студэнтам, цяперашнім, будучым і мінулым. Вы абавязкова зможаце пераадолець усе перашкоды, унутраныя і знешнія, і дамагчыся поспеху. Паверце ў сябе і дамагайцеся вызначаных мэт! Урэшце, заўсёды ёсць іншы шлях.

Мікалай ІЗАІТКА

2014_01_05_03

Фота 1, 2, 3 аўтара

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *