Завяршыўся конкурс інтэрнэт-праектаў Webprog 2015

5 мая, 2015.

WebProg2015, Фінішаваў конкурс інтэрнэт-праектаў WebProg2015, які праводзіў механіка-матэматычны факультэт БДУ пры спрыянні шэрагу вядучых камп'ютарных кампаній краіны. У першым туры конкурсу прынялі ўдзел 89 творчых каманд, якія прадстаўлялі ўстановы сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з усіх абласцей рэспублікі. Тэма першага тура конкурсу – "Школа і Інтэрнэт". Падчас першага тура ўдзельнікі спаборніцтва стварылі на сайце сваёй адукацыйнай установы раздзел, у якім паспрабавалі выказаць погляды на развіццё глабальнай сеткі прадстаўнікоў розных інтэрнэт-пакаленняў: малодшых і старэйшых школьнікаў, бацькоў, педагогаў, супрацоўнікаў установы адукацыі. Пры гэтым выкарыстоўваліся самыя розныя жанры, даступныя сучасным электронным мас-медыя: відэа і аўдыяматэрыялы, фатаграфіі і малюнкі, камп'ютарная графіка і анімацыя, інтэрв'ю і ўспаміны, аповеды і эсэ. У другім туры, да якога былі дапушчаны 62 каманды, удзельнікам конкурсу былі прапанаваны два заданні. Адно з іх было цесна звязана з аналізам матэрыялаў, падрыхтаваных творчымі калектывамі падчас першага тура. Кожнай з каманд-удзельніц трэба было аб'ектыўна ацаніць матэрыялы, спасылкі на якія былі прадстаўлены на сайце конкурсу www.webolymp.bsu.by, абраць тры найлепшыя працы і падрабязна іх прааналізаваць. Пры выкананні другога задання камандам-удзельніцам трэба было скарыстацца вэб-сэрвісамі для стварэння так званых тайм-ліній. Гэту эфектную мультымедыя-прыладу канкурсанты павінны былі выкарыстаць для стварэння тайм-лініі на тэму "Гісторыя маёй школы", паспрабаваўшы прадэманстраваць не толькі аператыўнасць і эксклюзіўнасць, але і падаць інфармацыю наглядна і даступна. Да ўдзелу ў трэцім, заключным, туры конкурсу інтэрнэт-праектаў WebProg2015, які адбыўся 25 красавіка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, былі запрошаны 12 каманд, якія набралі найбольшую суму балаў па выніках папярэдніх тураў. У рамках адмысловай канферэнцыі былі заслуханы паведамленні пра найбольш цікавыя працы, выкананыя падчас конкурсу. Сярод пераможцаў конкурсу інтэрнэт-праектаў WebProg2015 – 4 сельскія школы (Круговіцкая СШ Ганцавіцкага раёна, Ільюшынская СШ Ушацкага раёна, Кальчунская СШ Ашмянскага раёна і Пірэвіцкая СШ Жлобінскага раёна), 4 гарадскія школы (СШ № 5 Салігорска, СШ № 2 Мар’інай Горкі, СШ № 27 Гродна, СШ № 52 Гомеля) і 4 гімназіі (гімназія № 20 Мінска, гімназія № 1 Капыля, гімназія Барані Аршанскага раёна і гімназія Касцюковічаў). Пераможцы конкурсу інтэрнэт-праектаў WebProg2015 былі ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі аргкамітэта і памятнымі прызамі ад кампаній-спонсараў. Спецыяльны прыз для ўдзельнікаў фіналу заснавала ўпраўленне выхаваўчай работы з моладдзю БДУ. У намінацыі "Моладзь у Інтэрнэце" прыза была ўдастоена каманда СШ № 2 з Мар’інай Горкі Мінскай вобласці. Два спецыяльныя дыпломы падрыхтаваў для ўдзельнікаў заключнага тура конкурсу медыяцэнтр БДУ. У намінацыі "Найлепшы медыяпраект" дыплом быў уручаны камандзе Круговіцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У намінацыі "Найлепшы камунікатыўны праект" вылучылася каманда гімназіі № 1 Капыля Мінскай вобласці. Удзельнікі конкурсных каманд, якія з'яўляюцца выпускнікамі 2015 года, атрымалі права пераважнага залічэння на любую са спецыяльнасцяў механіка-матэматычнага факультэта пры роўнай агульнай колькасці набраных балаў. Варта адзначыць, што сярод цяперашніх студэнтаў механіка-матэматычнага факультэта нямала ўдзельнікаў алімпіяд і конкурсаў па інфарматыцы і вэб-праграмаванні папярэдніх гадоў. Юрый ПАЗНЯК WebProg2015      
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *