На шляху да эліты: як “Зорка-БДУ” хоча прабіцца ў вышэйшую лігу

24 Jun, 2015.

Звезда БГУ

Сталічная “Зорка-БДУ была заснавана ў той жа 1996 год, калі пачыналася адраджэнне барысаўскага БАТЭ. Але лёсы двух клубаў розныя. Цяпер “Зорка-БДУ” справядліва лічыцца ветэранам беларускага футбола. Прычым на ўсіх узроўнях. За ўвесь час існавання “студэнты” паспелі засвяціцца ва ўсіх трох дывізіёнах чэмпіянату Беларусі.

Прычым пачыналася ўсё для “Зоркі-БДУ” даволі спрыяльна: за чатыры сезоны каманда прабілася ў лігу на ранг вышэйшую, а на шосты год свайго існавання і зусім атрымала права гуляць у эліце, у кампаніі з мінскім “Дынама”, БАТЭ і бабруйскай “Белшынай”, якая ў тыя часы была адным з лідараў айчыннага “нагамяча”.

Аднак да сярэдзіны мінулага дзесяцігоддзя практычна ўвесь запал скончыўся, і каманда апусцілася ў трэці дывізіён, дзе правяла шэсць сезонаў. Не, калектыў не расфарміравалі, нягледзячы на цяжкае фінансавае становішча беларускага футбола. “Зорка-БДУ” здолела прабіцца ў першую лігу і цяпер ідзе на вельмі прымальным для дадзенага адрэзка турніру пятым месцы, не дужа адстаючы ад лідараў. Каб прабіцца ў эліту, трэба заняць пазіцыю не ніжэй за трэцюю. І тады наступны сезон каманда будзе пачынаць у кампаніі ўсё тых жа “Шахцёра”, БАТЭ, “Дынама” і “Белшыны”, якая, праўда не бліскае апошнія некалькі сезонаў, ды і з фінансамі ў бабруйчан непарадак. Усё-такі, дзякуючы чаму “Зорка-БДУ” можа апынуцца ў элітнай кампаніі?

звезда БГУ

Амбіцыі клуба

Яшчэ летась галоўны трэнер каманды Анатоль Шкляр даволі ясна выказаўся пра мэту: выхад у вышэйшую лігу. Цяпер трэці дывізіён – гэта ўжо пройдзены этап. Каманда цалкам аб’ектыўна разглядаецца як адзін з прэтэндэнтаў на выхад у эліту. І адзінаццаць балаў у ачковай скарбонцы пра гэта красамоўна заяўляюць. Ад першага месца “зорныя” адстаюць усяго на тры пнукты. Увогуле, амаль усё залежыць толькі ад гульцоў. Фінансы нават згадваць не варта: яны могуць таксама хутка знікнуць, як і з’явіцца.

Адсутнасць недахопу ў кадрах

Адна з прычын поспеху “Зоркі-БДУ” на сённяшнім этапе – гэта добрыя ўмовы для фарміравання складу. У тым ліку і трэнерскага. Як ужо гаварылася, галава калектыву – Анатоль Шкляр, дапамагае яму Сяргей Паўлюковіч, які быў генеральным дырэктарам мінскага “Дынама”. Нягледзячы на ранейшую адміністрацыйную пасаду, Сяргей Васільевіч бачыць сябе менавіта трэнерам, у чым сам і прызнаецца.

— Я памочнік Анатоля Шкляра. Асацыюю сябе менавіта з трэнерскай працай. А начальнік каманды – гэта ўжо па сумяшчальніцтве. Да таго ж займаюся з юнакамі “Зоркі” 1996–97 гадоў нараджэння.

Рэсурс гульцоў у “зорных” таксама вельмі прыстойны. Асноўны прынцып камплектавання складу – акцэнт на моладзь, але без перабору. Так, акрамя маладых уласных выхаванцаў у абойме маюцца сапраўдныя ветэраны беларускага футбола Юрый Мархель (найлепшы бамбардзір першай лігі за ўсю яе гісторыю) і Аляксандр Быліна (мае самавіты досвед выступлення ў вышэйшым дывізіёне). Яшчэ ёсць 40-гадовы Валерый Апанас.

Але пры гэтым Анатоль Шкляр адзначае, што галоўная мэта – гэта развіццё якасцяў падрастаючых гульцоў.

— Нам важна, каб маладыя беларускія дзеці мелі магчымасць выявіць сябе, – тлумачыць трэнер. У нас няма ніякіх праблем з фарміраваннем складу. Камплектуемся сваімі выхаванцамі. У РЦАП БДУ працуюць кваліфікаваныя трэнеры, якія пастаўляюць кадры для галоўнай каманды. Дзеці пачынаюць займацца ў нашай школе з шасці гадоў і заканчваюць у 18. Яны развіваюцца на нашых вачах.

Акцэнт на напад

Мінулы сезон “Зорка-БДУ” таксама правяла ў першай лізе, заняўшы сёмае месца. Але каманда адзначылася цікавай статыстыкай, забіўшы больш за ўсіх мячоў у сезоне, апярэдзіўшы нават тых, хто прабіўся ў вышэйшы дывізіён, – “Граніт”, “Славію” і “Віцебск”.

— Наша філасофія – гульня ў напад, – лаканічна адзначае Анатоль Шкляр.

Цяпер у актыве каманды 10 галоў у шасці гульнях: троху менш за два мячы за матч у сярэднім. Ёсць куды паляпшаць, як той казаў.

Грошы не засцяць футбалістам вока

Сучасны сусветны футбол – гэта фінансы. Хочаш мець у сябе гульцоў добрага ўзроўню? Тады плаці грошы. А іх у “Зорцы-БДУ” не так ужо і шмат. Таму і зарплаты футбалістаў не самыя вялікія.

— Яны вагаюцца ад 500 тысяч, якія атрымліваюць юнакі-стажоры, да пяці мільёнаў. Плюс амаль цэлы год у нас праходзіць аплачваны збор, выдаюцца грошы на харчаванне – 58 тысяч рублёў у суткі. У разліку на год гэта яшчэ каля 9 мільёнаў на чалавека. У дзень гульні мы звычайна заязджаем на базу, харчуемся ў сталовай суседняга піянерскага лагера. У іншы час спартсмены атрымліваюць наяўныя. Хтосьці скажа: не бог ведае якія грошы, аднак трэба шанаваць тое, што ёсць. У тых жа Мастах, і не толькі там, сітуацыя нашмат складанейшая. Мы ніколі не абяцаем залатыя горы, але тое, што можам, выконваем. Таму ў нас у камандзе звычайнае становішча.

І вы калі-небудзь чулі, каб хтосьці з футбалістаў на ўсю краіну заяўляў пра тое, што ён мала атрымлівае? Наўрад ці. Гэта кажа пра тое, што тутэйшыя футбалісты думаюць галоўным чынам не пра свае аклады, а пра прагрэс, як камандны, так і асабісты.

Пасляслоўе

Той факт, што “Зорка-БДУ” будзе прэтэндаваць на выхад у вышэйшую лігу, ужо пра многае кажа, але што ж будзе далей? На дадзены момант сталічная каманда ніяк не заяўляе пра сябе гледачам, аўдыторыі, якой, магчыма, было б цікава паглядзець на “зорных”, калі б людзі ведалі пра існаванне такой каманды. Пакуль максімум на матчах падапечных Анатоля Шкляра – гэта 400–500 чалавек. Ёсць шмат прыкладаў каманд нават з больш нізкага дывізіёна, якія пазіцыянуюць сябе значна больш паспяхова. Так што ж замінае гэта рабіць. Напрыклад, для таго, каб весці годную групу ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”, шмат грошай не патрабуецца. Трэба толькі жаданне…

Тым не менш перспектыва ў “Зоркі-БДУ”, несумненна, ёсць. Магчыма, з больш паспяховым выступленнем каманды да яе будзе прыкоўвацца ўсё больш і больш увагі.

 Уладзіслаў ЧЭШКО

звезда БГУ

print

Вам таксама можа спадабацца: