Адзін з заснавальнікаў міжнароднага турніру СТЭНД Іван Рэзнікаў: “Калі студэнт сапраўды хоча чагосьці дамагчыся, ён дамагаецца” (+вiдэа)

9 Aug, 2015.

СТЭНД Иван Резиков БГУ турнир природоведческих дисциплин У маі гэтага года хімічны факультэт БДУ разам з Акадэміяй навук упершыню прымалі студэнцкі турнір прыродазнаўчанавуковых дысцыплін, або проста СТЭНД. СТЭНД – гэта пляцоўка для камандных спаборніцтваў у галіне хіміі, фізікі і біялогіі для рускамоўных студэнтаў. Праект дэбютаваў зусім нядаўна, сабраўшы 14 каманд з Беларусі, Расіі і Украіны, і абяцае стаць буйной падзеяй у свеце прыродазнаўчых навук з шэрагу прычын. Якраз пра іх мы дашлі пагаварыць на хімфаку з адным з аўтараў і натхняльнікаў ідэі, Іванам Рэзнікавым, выпускніком магістратуры БДУ. Заходзім у галоўны корпус… Дзіўна, звычайна з хімфака вее чымсьці палёным, але сёння паветра чыстае, мабыць, бо лета. Сустракаем героя публікацыі. Напачатку просім Івана распавесці пра сябе. Пра такіх, як ён сам, Іван гаворыць проста:
СТЭНД Иван Резиков БГУ турнир природоведческих дисциплин - Прыйшоў на першую лекцыю – ай, усё ведаю. Прыйшоў на шостую лекцыю – ды ўсё па-ранейшаму зразумела. Таму прыйшоў у наступны раз толькі на залік. У гэтым плане вучоба для некаторых студэнтаў не займае ўвесь час. І з'яўляецца магчымасць рабіць яшчэ нешта. І ёсць катэгорыя людзей, якім падабаюцца навуковыя спаборніцтвы, якія любяць займацца навуковай працай.
Так, Іван і яго калегі, таварышы па камандзе, ездзілі на разнастайныя турніры, алімпіяды за межамі Беларусі, пакуль не зразумелі, што ў нас можна зрабіць свой не горшы. А можа, нават і лепшы. Падсумаваўшы досвед, хлопцы (у прыватнасці, адны з галоўных арганізатараў Іван Рэзнікаў і Алена Касценка) дайшлі да канкрэтных рашэнняў, што запазычыць ад іншых, што зрабіць з нуля. Так з'явіўся СТЭНД. Сёння СТЭНД – гэта турнір, у якім могуць удзельнічаць каманды з трох-чатырох чалавек. Пры гэтым нават не абавязкова, каб усе ўдзельнікі каманды былі з адной ВНУ. А спаборніцтва праходзіць у выглядзе навуковага бою. Першая каманда (дакладчык) атрымлівае заданне, дэманструе сваё рашэнне журы; іншая каманда (апанент) спрабуе знайсці пралом у рашэнні і звярнуць на гэтую ўвагу журы; трэцяя каманда (рэцэнзент) рэцэнзуе рашэнне і падводзіць вынік працы дакладчыка і апанента. Ёсць яшчэ роля назіральніка. Каманды па чарзе выступаюць у розных ролях. У цэлым, фармат нагадвае абарону дысертацыі. А тым часам Іван адмыкае дзверы сваёй лабараторыі № 416. Бачылі калі-небудзь сапраўдную хімічную лабараторыю? І чаго тут толькі няма! Прабіркі ўсіх формаў, велічэзныя машыны, незразумелага мне прызначэння, балоны з азотам у куце. WP_20150701_006 Паміж іншым, на сцяне акуратненька выбудаваныя ў адзін шэраг дыпломы. I ступень, III ступень, у камандных турнірах, у адзіночных алімпіядах, на англійскай, на рускай – самыя розныя.А побач разборныя мадэлі жывёлін з фанеры. WP_20150701_002 А гэта хобі, – тлумачыць Іван. – Бывае, што эксперымент доўжыцца занадта доўга. - А на хімфак ты як прыйшоў? – пытаюся. - У дзённіку, калі ты паглядзіш, ёсць спіс прадметаў. Я вырашыў, што перад дзявятым класам трэба нешта вырашаць, і пачынаю закрэсліваць прадметы. Пакінуў матэматыку (падабалася), фізкультуру (зразумела чаму), англійскую. Выкрэсліваю прадметы, выкрэсліваю, і дайшоў да хіміі. Ну, думаю, добра – будзе цікава, дзеда пацешу. У мяне дзед якраз адзін з першых жыхароў Наваполацка, дзе зараз нафтахімічны завод "Палімір". Зрэшты, мне вельмі матэматыка падабалася, але яна “дастала” ўжо да дзявятага класа, хацелася нешта новае. Студэнтам Іван Рэзнікаў сумесна са сваімі навуковымі кіраўнікамі распрацоўваў спосаб атрымання нафтасарбентаў з лігніну. Нафтасарбенты – гэта склады, здольныя паглынаць нафтапрадукты. Такія, напрыклад, выкарыстаюць, калі збіраюць разлівы нафты, а лігнін складае асноўную частку адходаў пры гідролізнай вытворчасці, іншымі словамі, гэта тое, што застаецца ад дрэва пасля таго, як адтуль выдаліць усю цэлюлозу. - У нас былі два заводы па вытворчасці гідролізнага спірту з драўніны. І было ўсё добра. Ён з цэлюлозы атрымліваўся, а лігнін усё пакідалі на потым. Увогуле, у нас яго тры з паловай мільёны тон, – "разжоўвае" для нас Іван. СТЭНД Иван Резиков БГУ турнир природоведческих дисциплин – І гэтая куча шламу ўлетку, калі горача, раскладаецца на не вельмі добрыя рэчывы, і там экалагічна не вельмі бяспечна станавілася. А потым паўстала ідэя, што з гэтага шламу, апроч нафтасарбентаў, можна вырабляць актываваны вугаль, падобны да таго, што ў аптэках прадаецца, таму што ён у нас закупляецца з-за мяжы па досыць высокіх коштах, а запатрабаванне насельніцтва досыць высокае. Ён выкарыстоўваецца не толькі ў таблетках, а і ва ўсіх фільтрах, і ўсюды ён закупляецца. І вось гэтаму была прысвечаная магістарская дысертацыя. Але мы адцягнуліся. У СТЭНДзе сёлета паўдзельнічала 14 каманд. Для першага разу, лічыць Іван, гэта досыць шмат. Пацешылі ўвагай да нашай падзеі такія буйныя ВНУ, як Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт імя В. Н. Каразіна. Каманды змагаліся 4 дні. Адзін дзень арганізатары адвялі пад адпачынак. Першыя тры месца размеркаваліся так: 1 – ChemBion (Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт) 2 – "Ульяна" (Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт) 3 – "Белы горад" (Белгарадскі дзяржаўны ўніверсітэт) Як відаць, каманды Белдзяржуніверсітэта ў тройку лідараў не прайшлі. - Як гаворыцца ў адным савецкім кіно, "наш суд – самы справядлівы суд у свеце", – рэзюмуе Іван. - Прэтэндуеце на самы справядлівы турнір у свеце? - У нас у фінал выйшлі дзве каманды цалкам з БДУ ("Гарэм", AngryPiridine) і адна каманда, змяшаная з Навасібірскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (Грэнадзіна). І наша журы з хімфака, Акадэміі навук і прадстаўнікоў кампаній ні адну каманду з БДУ не прапусцілі ў тройку лідараў. - Чаму? - Супернікі былі мацнейшыя… З Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта супернікі былі на галаву мацнейшыя. У каманды Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта проста было шмат досведу. Калі паглядзець, капітан каманды МДУ (Міхаіл Кавальчук – заўв. аўт.), ён наогул з Мінска. Ён скончыў Ліцэй БДУ і паступіў у Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Яны прывезлі моцную каманду. Таму што МДУ звычайна выстаўляе склад "а-ля перамагчы". Для іх другое месца – гэта амаль правал. Тыя каманды з БДУ, што прайшлі, першакурснікі. І спаборнічаць на роўных са старшакурснікамі вядучых ВНУ СНД не могуць. А нашы выкладчыкі БДУ, навуковыя супрацоўнікі Акадэміі навук, яны выстаўлялі балы справядліва. У любым выпадку БДУ выглядае годна. Мы пастаянна прывозім дыпломы з алімпіяд з Піцера, з Масквы. - Але гэта ніяк не гаворыць пра якасць беларускай адукацыі? - Не, ні ў якім разе не гаворыць пра беларускую адукацыю, таму што нашы каманды сапраўды на роўных ваявалі, і яны вышлі ў фінал. Хоць нас прадстаўлялі каманды першакурснікаў, таму што каманды старшакурснікаў рыхтаваліся да іншых турніраў, да справаздач па курсавых працах, да дыпломных, хтосьці – да дзяржэкзаменаў. Звычайна, калі кудысьці камандзіруюць каманды, камандзіруюць моцную каманду, а сюды – ну вось, хто сабраўся. Гэта з часам выправіцца, – перакананы Іван. Мы з Іванам таксама пагаварылі пра яго знаёмага Алега Шахно. Гэта магістрант хімфака БДУ, які летась стаў абсалютным пераможцам алімпіяды на Міжнародным студэнцкім форуме ChemCamp–2014. Форум праходзіць кожны год у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М. В. Ламаносава. Студэнты БДУ годна выступаюць там ужо даўно. Але мінулы раз стаў асабліва ўдалым. Следам за Алегам на пастамент узышоў яго брат, выкладчык БДУ, Дзмітрый Шахно, які заняў другое месца. А з каманднага турніру склад БДУ "БелКІ" прывёз дыплом першай ступені. - Дарэчы, пра якасць беларускай адукацыі, – дабівае пытанне Іван. – Фішка яшчэ нашага турніру была не ў тым, каб зрабіць яго міжнародным. Мы, калі па праўдзе, за гэтым і не гналіся. Мы хацелі развіць турнірны рух у Беларусі. У нас таму прымалі ўдзел каманды з Брэсцкага, Гродзенскага, Віцебскага дзяржаўных універсітэтаў. Калі яны яшчэ змогуць на роўных паспаборнічаць з камандамі з МДУ? Бо фінансаванне ў нас на паездкі мізэрнае, а гэта выдатны шанец паказаць, хто чаго варты, павучыцца ў студэнтаў вядучых замежных ВНУ. Мы пастараліся запазычыць найлепшае з турніраў краін СНД, усё гэта адаптаваць і дадаць тое, што мы лічым патрэбным. Мы зрабілі постарную сесію. - Што зрабілі? - Ну глядзі, як было раней, як рабілі ў Піцеры. Ты вырашаеш дзесьці 12 задач, выступаеш з дакладам, цябе журы выслухвае, пляскае, ставіць адзнакі. Пашанцавала, калі ў цябе ёсць у журы прадстаўнік кампаніі. А калі няма, то на гэтым усё і сканчаецца. У нас жа як? Мы вырашылі мадыфікаваць гэтую версію. Мы прасілі каманды вось такіх постараў нарабіць, – з гэтымі словамі Іван дастаў з паліцы некалькі лістоў А4 з рашэннем задачы "Людзі на балоце", – і мы іх расклеілі па БДУ. СТЭНД Иван Резиков БГУ турнир природоведческих дисциплин Падыходзілі людзі, якія былі зацікаўленыя, якія давалі задачы. І зносіны са студэнтамі былі нашмат больш прадуктыўнымі. Гэта Іван раскрыў адну з галоўных фішак турніраў накшталт СТЭНДа. Справа ў тым, што арганізатары звярнуліся за задачамі да такіх вядомых кампаній, як Белмедпрэпараты, НПЦ Хіммедсінтэз, "Файбертэк". Кампаніі, у сваю чаргу, падалі задачы, з якімі сутекнуліся ў сваёй працы і не змаглі атрымаць самастойна адэкватнае рашэнне да якіх. Так, студэнты, якія знайшлі добрае рашэнне, траплялі ў поле зроку прадстаўнікоў кампаній як патэнцыйныя спецыялісты.
- Менавіта практыка-арыентаванасць – гэта фішка турнірнага руху. Студэнты вырашаюць задачы, якія фарміруюць іх уменне выкарыстаць навуку з практычным адценнем, – гаворыць Іван.
З іншых цікавых навін беларускага турніру можна таксама адзначыць адзінкавую рэгістрацыю. Як мы гаварылі вышэй, некаторыя каманды складаліся са студэнтаў адразу некалькіх ВНУ. Мы вырашылі даведацца пра гэта падрабязней: - А які быў сэнс складаць каманды з некалькіх універсітэтаў? - Гэта яшчэ адна фішка нашага турніру. Не вельмі шмат ВНУ, якія могуць даць спецыялістаў адначасова па ўсіх трох асноўных дысцыплінах, па біялогіі, хіміі і фізіцы. БДУ! Вядома. А астатнія? У БГУІР – ну, фізіка, хіміка можна знайсці, біёлага – з цяжкасцю. А у “медзе”, наадварот біёлага, хіміка можна знайсці, але фізіка – з цяжкасцю. У абласных ВНУ таксама не ўсё так добра. Таму якраз міжуніверсітэцкае супрацоўніцтва ў нас выявілася на добрым узроўні. У нас было пяць каманд з розных ВНУ. Пры гэтым адна наогул складалася з чатырох студэнтаў з чатырох розных ВНУ. Двое з Піцера, дзяўчына з Мінска і дзяўчына з Томска. А сацсеткі, Скайп, пошта дапамаглі ў падрыхтоўцы. - Напрыканцы хацеў папытаць пафантазіяваць. Калі б на СТЭНД прыехала каманда з Заходняй Еўропы, напрыклад, з Польшчы, прайшла б яна ў фінал? - Адкажу так: прыходзь у наступным годзе, верагодней за ўсё, будзе каманда з Літвы рускамоўная. У прынцыпе, што тычыцца студэнцкай адукацыі, мне падаецца, не пройдуць у першую тройку. Чаму? Таму што якасць нашай адукацыі рэальна вельмі высокая. Калі студэнт сапраўды хоча чагосьці дамагчыся, ён дамагаецца. На апошняй алімпіядзе па хіміі МДУ першыя тры месцы занялі ўдзельнікі з БДУ. Наша адукацыя, тое, што нам даюць выкладчыкі, ані не горшая за тое, што даюць у іншых ВНУ. Сваёй адукацыяй у БДУ я вельмі задаволены. Я, як ні езджу на канферэнцыі, на алімпіяды, у мяне ніколі не ўзнікае комплекс таго, што я вучыўся не ў MIT (Масачусецкі тэхналагічны інстытут – заўв. аўт.). Пакуль невядома, калі адбудзецца наступны СТЭНД. Але арганізатары настроеныя працягваць. Удзельнікі першага турніру, мяркуючы па водгуках, пакінутых у сацыяльнай сетцы, засталіся задаволеныя. Асабліва адзначалі якасць арганізацыі і сур'ёзнасць падыходу. Застаецца паспадзявацца, што Студэнцкі турнір прародазнаўчанавуковых дысцыплін стане сапраўдным брэндам, пакуль жа ён толькі цікаўнае распачынанне. Зрэшты, усё наперадзе. Размаўляў Віталь АРЭШКА СТЭНД Иван Резиков БГУ турнир природоведческих дисциплин  Фота з сацыяльных сетак
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *