Геафак — адпраўны пункт першакурсніка

30 Oct, 2015.

геофак бгу капустник 2015

Капуснік – мерапрыемства, якое аб’ядноўвае ўсіх, адраджае ў нас дух згуртаванасці і сяброўства, гонару за родны факультэт. 21 кастрычніка 2015 г. – самая прэзентабельная і вялікая аўдыторыя геаграфічнага факультэта, як заўсёды не змагла змясціць усіх жадаючых паглядзець на новаспечаных географаў. Спаборніцкі дух, незабыўная сяброўская атмасфера, прыемныя знаёмствы, невымоўныя эмоцыі – вось, што адрознівае самую чаканую падзею года на геафаку. Паняцці “першакурснік” і “капуснік”, як правіла, непарыўныя. Капуснік ў сваім першапачатковым значэнні – жартоўнае ўяўленне, заснаванае на гумары і сатыры. Геаграфічны Капуснік заўсёды багаты на бліскучы гумар і добрую сатыру. Яго чакаюць з пачатку верасня, калі ўвесь геафак напярэдадні дзвюх інтрыгуючых рэчаў: убачыць, нарэшце, прыбыўшых “малявачак”, і вядома, іх самапрэзентацыю на Капусніку.

геофак бгу капустник 2015

Эдуард Брававедавіч (метадыст)

Традыцыйна “Геаграфічная Капуста” ўключала ў сябе 2 асноўныя часткі. У гэтым годзе адбыліся прыемныя і карысныя новаўвядзенні – інтэлектуальнае спаборніцтва пад назвай “Барацьба характараў”. Яе мэтай з’яўляецца выяўленне найбольш мэтанакіраваных, майстэрскіх палемістаў, якія ўмеюць дамагацца сваіх мэтаў, выяўляючы свае лепшыя чалавечыя і дзелавыя якасці. Змаганне ўяўляла сабой размову з “выдумана-існуючым” аналагам кіраўніцтва геаграфічнага факультэта. “Бязлітасныя” аўтарытэты паказалі ўсё, на што яны здольныя. Уладны дэкан Максім Валер’евіч Кучар (уласна Максім Кучар), непахісны замдэкана Ілля Нікіціч Мурамец (Мікіта Пятрашка), чароўная медсястра Эвеліна Робертаўна (Аліна Смярчынская), энергічны выкладчык фізічнай культуры і здароўя Гурбангулы Дартгулыевіч (Мердан Чарыеў) і “вядома чалавечны” метадыст Эдуард Брававедавіч (Арцём Кашапаў) – вось тыя “спакуснікі” нашых першакурснікаў. Трэба адзначыць, што кіраўнікі справіліся са сваёй задачай на ўсе 100%, і за гэта ім безумоўнае “Брава”! Удзельнікі спаборніцтва аказаліся вынаходлівымі ў вырашэнні пастаўленых перад імі задачаў. Чаго толькі і не было: ад прапановы пачысціць чаравікі замдекану да элементарна недазваляльнага хабару фізруку. Дзейства, якое атрымалася, стала для гледачоў і ўдзельнікаў вясёлым, гумарыстычным, займальным і вельмі карысным. Падводзячы вынікі, можна не хітруючы сказаць, што ўсе групы паказалі свае лепшыя якасці. Але пераможца можа быць толькі адзін… Імі сталі непераўзыдзеныя і неперасягненыя космааэракартографы. Стойкасць і ўпэўненасць, згуртаванасць і ўзаемападтрымка вызначылі іх перамогу. Малайцы картографы! Але… гэта быў толькі пачатак…

геофак бгу капустник 2015

Максім Валер’евіч Кучар (дэкан)

21 кастрычніка, 16 гадзін, 312 аўдыторыя – усе ў чаканні! І вось, у адчыненыя дзверы ўрываецца Містэр Геа-2015 – Максім Кучар, уяўляючы сабой вядучага “самага доўгачаканага мерапрыемства гэтай восені”. Пераможцаў конкурсу павінны былі вызначыць журы выкладчыкаў (Пракаповіч С.М., Безручонак А.П., Мурашка Л.І. і Карпічэнка А.А.) і журы студэнтаў (Ганна Ганчарова, Ягор Левачоў, Барыс Уласеўскі і Крысціна Бенедзіктовіч). Паўзы паміж выступленнямі груп запаўнялі цікавыя вакальныя і інструментальныя нумары Вікторыі Талан (фізфак), Аліны Мацкевіч (ФФСН) і Максіма Васілька (геафак).
Першаадкрывальнікамі праграмы сталі космааэракартографы, і іх бліскучае выступленне задало высокую планку ўсім астатнім удзельнікам. Чырвонай ніткай іх пастаноўкі стала Залатая залікоўка, пераўтвораная на прыканцы ў залаты ваенны білет ад Аляксандра Пятровіча Раманкевіча. “Малявачкі-картографы” пэўна паказалі нашых любімых Кухарчыкаў – Міхаіла і Юрыя Васільевічаў. Юрый Васільевіч у выкананні Паўла Хвалько быў настолькі пераканаўчы для журы, што быў адзначаны намінацыяй “Лепшая мужчынская роля”. Гучныя апладысменты гледачоў падтрымалі меркаванне журы. Але і гэта яшчэ не ўсё! Непрадказальныя картографы забралі яшчэ і намінацыю ў фотоэстафеце. Так трымаць, космааэракартографы!

геофак бгу капустник 2015

“Тое, што ў мяне ў руках — гэта не мел!” (с)

Жрэбій выступаць другімі выпаў “спадарам дэмографам”. Негледзячы на зусім юны ўзрост спецыяльнасці, “малявачкі-дэмографы” былі яскравымі, цікавымі і пераканаўчымі з пункту гледжання дэмаграфіі: адкрыўшы свету існаванне “таемнага ордэна геадэмографаў”, і супакоіўшы чалавецтва надзеяй, што беларуская бульбачка круцейшая за марсіанскую!

геофак бгу капустник 2015

Хамка Тамара адграбае

Гідраметэаролагі спрагназавалі выступ пад № 3, які атрымаўся ў стылі “шкляначка- яблык разладу”, але з хэпі-эндам. Выступоўцы паднялі важную праблему геаграфічнага факультэта: пакінутыя без нагляду пустыя шкляначкі ад кавы, якія могуць дастаўляць непрыемнасці. “Я – твой асабісты гатунак капучыны”, і “Я таксама Леанідавіч” – фразы, якія прэтэндуюць стаць крылатымі.

геофак бгу капустник 2015

Шкляначка капучыны надта спужала Дзмітрыя Леанідавіча

“…Цяпер не вы выступаеце!”. Так кампетэнтная ананімная крыніца прыпыніла выступ геолагаў і дала зялёнае святло першай групе, навукова-педагагічная дзейнасць! Палымяна, гумарыстычна, неардынарна! Нікога ў залі не пакінуў абыякавым, непераўзыдзены акцёр Галіна. Самая патрыятычная геаграфічная песня “Я пакажу табе геафак!” цалкам можа выступаць як рэклама геафака ва ўступнай кампаніі. У гэтым выступе было ўсё: і кветкі выкладчыкам, і прыгожы вальс, і тосты тапографаў. Заслужаныя апладысменты першай групе НПД!

геофак бгу капустник 2015

Галя з Калдыкаў абдымае свайго хлапчука

Яшчэ не скончылася прадстаўленне першай групы, як на сцэне з’явіліся хапатліўцы-геолагі. Імкненне падрыхтаваць залу да свайго выступу загадзя, тлумачылася яго назвай – “Бітва экстрасэнсаў”. Яна ўключала ў сябе 3 этапы – выпрабаванні, кожнае з якіх запомнілася гледачам цікавымі фразамі: “Я бачу чалавека, які валодае уладай, сілай і густой расліннасцю пад носам, але на выбарах яго не было” (пра ўсім нам вядомага дэкана), “Азартны чалавек. Магчыма покер, або пасьянс, нешта з картамі звязана” (пра загадчыка кафедры геадэзіі і картаграфіі). А асабліва прыемна адзначыць: “я бачу шмат людзей і ва ўсіх добрая энергетыка, магчыма гэта футбольны матч БАТЭ-Рома” (пра ўсіх нас, пра наш любімы геафак). Жывы, неперасягнены, інтэлектуальны выступ геолагаў быў па вартасці адзначаны выкладчыцкім журы дыпломам за лепшы выступ. Брава геологам-пераможцам!

геофак бгу капустник 2015

Капуснік — найлепшае месца для рэкламы экстракта валяр’яны

За першымі трыумфатарамі, ідуць іншыя. І імя ім ГІС-ы. Лялька Білі абвясціла, што пастаноўка будзе ў стылі фільма жахаў “Піла”. Пастаўлена мэта: выйграць капуснік за 7 хвілін, і ГІС-ы ўпэўнена і моцна ўступілі ў гульню. Гумарыстычныя пародыі на Аляксандра Пятровіча Раманкевіча і Юрыя Васільевіча Кухарчыка далі ім шанец на перамогу. У выніку, на думку журы студэнтаў, пераможцамі яны і сталі. Малайцы ГІС-ы! Так трымаць! Рашэнне журы студэнтаў падтрымалася бурнымі апладысментамі.

геофак бгу капустник 2015

Адбылося! Мара ўсіх тых, хто хадзіў на лекцыі па фізіцы, спраўдзілася — у 312 аўдыторыі гатавалі плоў!

Размеркаванне на геафаку – менавіта гэтая тэматыка ў аснове выступлення другой группы, навукова-педагагічная дзейнасць. «Вусы ўсяя геафака» – гэта вам не нейкі гаворачы капялюш з Хогвартса! Наватарскі падыход да выступлення, арыгінальныя касцюмы, запальныя танцы і, вядома, нязменны гумар – характаразавалі прэзэнтацыю географаў!

геофак бгу капустник 2015

Фінальны танец 2 групы запомніўся выкананнем у стылі “селебрыці”

Права выйсці на сцэну на завяршальным этапе капусніка атрымалі геаэкалогі сёмай групы. Трэба адзначыць іх арыгінальнасць падыходу да падрыхтоўкі выступу. Дзякуй ім за прадстаўленую крылатую фразу «я прыйшоў да вас з мірам і Нясвіжам»! Выступ стаў выдатным завяршэннем конкурснага капусніка. Намінацыя «лепшая жаночая роля» па аднадушным меркаванні журы выкладчыкаў і журы студэнтаў, падтрыманая гледачамі, была аддадзена студэнцы сёмай групы, Анастасіі Пагодзінай, за амаль галівудскае выкананне ролі ўсімі вядомага і любімага выкладчыка гісторыі Беларусі – Людмілы Аляксандраўны Осіпавай.

геофак бгу капустник 2015

Настаўнік з Казахстана дапамог студэнту-эколагу заваяваць сэрца дзяўчыны

Не засталіся ў баку і нашы абаронцы-вайскоўцы ГІС-ы. Яны сталі выдатным дапаўненнем конкурснага капусніка. Сваім цікавым выступленнем, яны падарылі яшчэ адну цытату, якая ўзарвала залу: “…3000 зуброў. Знайдзі, украдзі, радзі!”.

геофак бгу капустник 2015

Крэатыўны і запамінальны танец студэнтаў ваенфака

 

геофак бгу капустник 2015 геолагі

Геолагі пачынаюць святкаваць перамогу

Яскравым заканчэннем Капусніка-2015 стала традыцыйная клубная вечарына, якая адбылася ў начным клубе “Пляцоўка Хол”. Нястрымныя танцы, атмасфера поўнага згуртавання і адзінства, весялосць і добры настрой панавалі сярод студэнтаў геафака аж да пятай гадзіны раніцы. У ходзе вечара намеціўся яшчэ адзін конкурс, які адпавядаў абстаноўцы клуба – танцавальны. Яго бліскуча правёў нязменны вядучы Максім Кучар. Прадстаўленнае дзейства было запальным і ўражлівым, а пераможцамі сталі геаэкалогі! Іх танец уразіў сінхронасцю і пазітыўнай энэргетыкай.

геофак бгу капустник 2015 "Пляцоўка Хол" Шелегов

Афтэпаці ў “Пляцоўка Хол”

Без сумненняў, Капуснік-2015 атрымаўся і застанецца ў сэрцы кожнага першакурсніка як незабыўнае свята, з якога пачынаецца жыццё студэнта ў вялікай і дабразычлівай геаграфічнай сям’і!
А для усіх астатніх студэнтаў геафака, капуснік – гэта як дзень народзінаў, які прыходзіць адзін раз у год, радуе нас новымі знаёмствамі, дорыць нам незабыўныя і пазітыўныя эмоцыі, і дае надзею на новую сустрэчу. Дзякуй, Капуснік-2015! І да сустрэчы, Капуснік-2016!

За падзеямі сачыла Лізавета ГРУЖЭЎСКАЯ
Фота: Кацярына ЗАРУБА і Аляксандр ШЭЛЕГАЎ

Глядзець усе фотаздымкі з Капусніка >>
Глядзець усе фотаздымкі з афтэпаці ў клубе “Пляцоўка Хол” >>

print

Вам таксама можа спадабацца: