Квітнець і знаходзіць новыя таленты!

19 Oct, 2015.

IMG_4991 Клуб аматараў мастацкага слова «КЛУмБа» святкуе сваю першую гадавіну! Гэта падзея адбылася 30 верасня ў зале інфармацыйных рэсурсаў па навуцы і мастацтве Фундаментальнай бібліятэкі БДУ. За год свайго існавання маленькі паэтычны гурток з гучным дэвізам «Заклікаем да сябе ўсіх апантаных добрым мастацкім словам, на якой бы мове яно ні гучала» пера­тварыўся ў сапраўдны літаратурны клуб, які аб’яднаў студэнтаў універсітэта самых розных факуль­тэтаў. На працягу года мы пісалі вершы, складалі і спявалі песні, разам адзначалі святы, праводзілі літаратурныя конкурсы і вечары, хадзілі ў паход, а галоўнае – мы пасябравалі. І я вельмі рада, што стала часткай гэтай дружнай літаратурнай сям’і. Свой першы дзень нараджэння клуб аматараў мастацкага слова вырашыў адзначыць урачыста і весела. Толькі пераступіўшы парог бібліятэчнай залы, кожны ўдзельнік для падняцця настрою атрымаў салодкую кветачку, якую напярэдадні сваімі рукамі зрабілі для гасцей клум­баўцы і супрацоўнікі бібліятэкі, а таксама значок клуба – на памяць. Усё свята складалася з трох частак. У першай часцы прагучалі віншаванні клуба мэтраў беларускай літаратуры – Міхася Пазнякова, Анатоля Зэкава і Уладзіміра Навумовіча. IMG_4914 Усе яны неаднойчы бывалі ў якасці жаданых гасцей на пасяджэннях «КЛУмБы», рэдага­валі і дапамагалі друкаваць нашы творы ў айчынных часопісах. Карацей, добра знаёмыя з нашай вясёлай і творчай арганізацыяй і яе сябрамі. А некаторыя з удзельнікаў за гэты год таксама сталі знакамітымі асобамі. Напрыклад, Таццяна Купрыянец, сёлетняя выпускніца фізічнага факультэта, у якой гэтым летам выйшаў паэтычны зборнік пад назваю «Отзвуки памяти». На нашым свяце прайшла прэзентацыя яе першай кніжкі. Таццяну асабіста і ўсіх клум­баўцаў разам павіншавалі дырэктар ФБ БДУ Уладзімір Кулажанка, загадчыца аддзела навукова-метадычнай работы Вольга Бальнова, а таксама Любоў Даніленка, на­мес­нік кіраўніка літаратурнага аб’яднання «БУКет», якое ўжо не першы год існуе пры БДУКіМ. Яны пажадалі «КЛУмБе» квітнець, знаходзіць новыя таленты і расці з кожным годам больш і больш. У другой частцы вечара клум­баўцы пад кіраўніцтвам свайго руплівага садоўніка старшыні клуба Ірыны Шкіронак паказалі тэатралізаванае прадстаўленне, падчас якога «КЛУмБа» «ажыла». IMG_4976 Яе жыхары, у ролі якіх выступілі актыўныя ўдзельнікі клуба, а гэта  Кацярына Роўда, Ігар Пятровіч, Аліна Масалава, Кірыл Тондзель, Таццяна Купрыянец, Анастасія Каротчыкава, Анастасія Трэшчава, Юрый  Калабкоў і Аліна Карпіцкая, праз вершы і песні раскрылі  свае літаратурныя і артыстычныя здоль­насці. Такім чынам яны пазнаёмілі са сваёй творчасцю тых гасцей, хто ведаў удзельнікаў клуба завочна ці прыйшоў на «КЛУмБу» ўпер­шыню. Кульмінацыяй імпрэзы стала пес­ня Кацярыны Роўды, якая пас­ля ўрачыстага выканання ўсімі прысутнымі была прызнана «Гім­нам КЛУмБы». IMG_4927 Трэцяя частка свята была самая смачная, бо прайшла яна ў кавярні «Хрызантэма», якую падрыхтавалі для нас супрацоўнікі бібліятэкі. Сталы патаналі ў кветках, яблыках, вінаградзе, апетытных бутэрбродах, салодкіх прысмаках. А ў цэнтры ўсяго гэтага быў вялікі найпрыгожы імянінны торт з выяваю кнігі, пяра, а таксама розных кветак, пчолак, матылькоў і г. д. Вакол яго мы весела вадзілі карагод пад цудоўную музыку, якую выконваў для нас на саксафоне выдатны клумбаўскі музыка Ілья Візер. У гэты вечар яшчэ доўга гучала музыка, чыталіся вершы, спявалі, вяліся сяброўскія размовы, пра­цавалі дзве тэматычныя фотазоны: «Кніжная Венецыя» і «Назад у СССР», на якіх кожны ахвотны мог сфатаграфавацца ў адпаведным антуражы з неабходным рэквізітам. Усе разыходзіліся ў цудоўным настроі і жаданні абавязкова прыйсці на чарговы злёт клум­баў­цаў, бо другі творчы сезон нашага неверагоднага літаратур­нага аб’­яднання  ўжо адкрыўся! Аліна КАРПІЦКАЯ IMG_5022 Яшчэ больш фота тут
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *