Летапісец айчыннай журналістыкі

3 Dec, 2015.

Олег Слука журфак БГУ 30 кастрычніка прафесар кафедры гісторыі журналістыкі і менеджменту СМІ доктар гістарычных навук Алег СЛУКА быў ушанаваны дыпломам лаўрэата конкурсу імя У. І. Пічэты за працу «Фундаментальнае даследаванне працэсу нацыянальнай камунікацыі» і серыю навуковай літаратуры пад агульнай назвай «Беларуская журналістыка». Справай усяго жыцця прафесара Алега Слукі стала вывучэнне шматбаковай, шматграннай дзейнасці айчынных масмедыя і найлепшых твораў нацыянальнай публіцыстыкі. Падзеі часоў перабудовы, імклівая дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця другой паловы 80-х – пачатку 90-х гг. ХХ ст. прывялі да кардынальных змен у беларускіх сродках масавай інфармацыі. Алег Слука адным з першых адгукнуўся на выклікі часу, распачаўшы працу над пад­ручнікам новага пакалення, дзе б знайшлі больш грунтоўнае асэнсаванне гісторыі беларускай журналіс­тыкі, якая вядзе свой адлік з 1563 г., ад часу выхаду ў Вялікім Княстве Літоўскім газеты-аднадзёнкі «Новіны грозные а жалост­лівые…». У 1993 г. прафесар Алег Слука рас­пра­цаваў канцэпцыю маштабнай працы па ства­рэнні фундаментальнай гісторыі нацыянальнай камунікацыі. У адрозненне ад савецкай канцэпцыі развіцця беларускага друку, калі пад увагу прымалася толькі рэвалюцыйная плынь, новая канцэпцыя грунтавалася на аналізе аб’ектыўных гістарычных працэсаў. Гэтыя прынцыпы былі пакладзены ў аснову ўсіх трох вучэбных дапаможнікаў «Беларуская журналістыка», якія выйшлі з-пад пяра навукоўца ў пачатку ХХІ стагоддзя. Першы вучэбны дапаможнік «Беларуская журналістыка» (2000) ахоплівае працяглы перыяд станаўлення беларускай журналіс­тыкі ў Вялікім Княстве Літоўскім і яе далейшага існавання падчас знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. На мяжы Сярэднявечча і Новага часу на аснове развіцця пісьменнасці адразу ўзнікла рэлігійная, а затым і свецкая публіцыстыка, якая была значным сродкам сацыяльнай сувязі ў грамадстве. Даследчык адзначае важную ролю эпохі Фран­цыска Скарыны ў фарміраванні ас­ноўных рысаў публіцыстыкі гуманізму, ажыц­цявіўшы рэвалюцыйны паварот у культуры старажытнага беларус­кага грамадства, у тым ліку і ў сацыяльнай каму­нікацыі. У поле зроку навукоўца патрапілі палі­тыч­ныя, рэлігійныя, грамадскія, афіцыйныя і іншыя беларускія выданні, якія выходзілі з другой паловы XVI да пачатку ХХ стагоддзя. Пры характарыстыцы асноўных перыядаў развіцця беларускага друку аўтар абапі­раўся на аналіз зместу найбольш значных газет, бюлетэняў, часопісаў і альманахаў, якія аказалі велізарны ўплыў на фар­мі­ра­ванне нацыянальнай свядомасці. Асновай для стварэння сістэмы беларускага нацыянальнага друку фактычна сталі першыя беларускія легальныя газеты «Наша доля» і «Наша ніва» (рэдактарам апошняй у 1914–1915 гадах быў Янка Купала).
Олег Слука конкурс имени Пичеты Ректор БГУ Сергей Абламейко

Прафесар Алег Слука атрымлівае дыплом лаўрэата конкурсу імя У. І. Пічэты ў галіне гуманітарных навук

Другая частка падручніка «Беларуская журналістыка» (2003) прысвечана раз­віццю беларускай савецкай журналістыкі ў 1917–1941 гг. Аўтар з улікам патрабаванняў сённяшняга дня зрабіў сістэмны аналіз дзейнасці вядучых выданняў беларускай плыні ў перыяд станаўлення нацыянальнай дзяржаўнасці, даў разгорнутую карціну станаўлення рабселькараўскага руху і ўдзелу савецкага друку ў будаўніцтве асноў сацыялістычнага грамадства. У кнізе ўпер­шыню разгледжаны перыядычныя выданні эмігранцкіх суполак беларусаў у блізкім і далёкім замежжы, арганізацыя друку палітычных партый і нацыянальных дэ­макратычных арганізацый у Заходняй Бе­ларусі (1921–1939 гг.), абагульнены вопыт дзей­насці беларускага радыё (з 1926 г.) і інфармацыйнай службы БелТА. У трэцяй частцы падручніка «Беларуская журналістыка» (2009) разглядаецца гіс­торыя развіцця СМІ ў ваенны і пасляваенны час. Аўтарам праведзены падрабязны аналіз працэсу фарміравання нацыянальнай ін­фармацыйнай прасторы, які вядзе адлік ад пачатку 90-х гадоў XX стагоддзя, пасля абвяшчэння незалежнай беларускай дзяржавы, і працягваецца сёння. Матэрыялы, якія расшукаў даследчык, знаходзіліся не толькі ў фондах айчынных бібліятэк, але і ў кніга­сховішчах Санкт-Пецярбурга, Вільнюса, Масквы, Кіева і іншых гарадоў на прасторах СНД. Праца над трохтомным цыклам падруч­нікаў па гісторыі беларускай журналістыкі заняла амаль два дзесяцігоддзі. Грунтоўнае даследаванне масавай камунікацыі ў рэ­чышчы развіцця нацыянальнай гісторыі, упер­шыню праведзенае ў Беларусі, атрымала высокую ацэнку Беларускага саюза жур­налістаў, які ў 2011 г. узнагародзіў доктара гістарычных навук Алега Слуку прэміяй «Залатое пяро» імя Рыгора Булацкага, які, дарэчы, з’яўляўся навуковым кіраўніком і кансультантам кандыдацкай і доктарскай дысертацый таленавітага навукоўца. Падрыхтаваныя і выдадзеныя дапаможнікі з грыфам Міністэрства адукацыі сталі асновай для стварэння рэцэнзуемага падручніка «Беларуская журналістыка». Новае фундаментальнае даследаванне ўбачыла свет у 2011 г. у серыі «Класічнае ўніверсітэцкае выданне». Падручнік з’яўляецца наватарскім з пункта гледжання методыкі сучаснага ўні­вер­сітэцкага навучання. Тэарэтычныя пала­жэнні дапоўнены характэрнымі прыкладамі з практыкі СМІ, аўтар не толькі аналізуе публіцыстычныя творы, але і разглядае дзейнасць вядучых рэдакцый радыё і тэлебачання, інтэрнэту. «Беларуская журна­лістыка» – гэта ў пэўнай ступені «скарочаны сусвет» шматстайных інфармацыйных пра­цэсаў з іх магутным уплывам на палітыч­ныя, эканамічныя і сацыяльныя пераўтва­рэнні ў сучасным грамадстве. Аўтар на старонках падручніка нямала месца адводзіць даследаванню кардынальных змен у працэсе камунікацыі, разважае аб перспектывах дзейнасці нацыянальных СМІ. Суіснаванне на газетна-часопісным рынку афіцыйных і неафіцыйных выданняў, друкаваных органаў палітычных партый і грамадскіх рухаў, зацверджаная Законам аб друку і іншых СМІ магчымасць свабоднага публічнага выказвання грамадзянамі краіны сваіх поглядаў і меркаванняў, паводле цвёрдага пераканання навукоўца, дае ўсе падставы лічыць, што сродкі інфармацыі Бе­ла­русі сталі прагрэсіўным інстытутам фар­мі­равання грамадскай думкі. Пётр ДАРАШЧОНАК, дацэнт кафедры гісторыі журналістыкі і менеджменту СМ
Олег Слука Анна Басова

Алег Слука разам з Ганнай Басавай, дэканам факультэта павышэння кваліфікацыі і перападгатоўкі кадраў Інстытута журналістыкі БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *