Радыяцыя супраць рака

30 Dec, 2015.

pet4 Увосень у Мінску адкрыўся цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі (ПЭТ-цэнтр), аналагаў якога ў Беларусі пакуль няма. Зараз гэта месца, дзе, бо такая тамаграфія з’яўляецца метадам самай ранняй дыягностыкі анкалагічных, кардыялагічных, неўралагічных захворванняў. Брынкевіч Святаслаў Дзмітрыевіч, кандыдат хімічных навук і дацэнт кафедры радыяцыйнай хіміі і хіміка-фармацэўтычных тэхналогій БДУ, стаў адным з вядучых спецыялістаў гэтага цэнтра. Ён распавёў пра некаторыя тонкасці сваёй працы, магчымасці праходжання практыкі і патрабаванні да маладога спецыяліста.

Варта адзначыць, што Святаслаў Дзмітрыевіч з адзнакай скончыў хімічны факультэт і застаўся на кафедры. Свой прафесійны шлях пачаў як малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі хіміі, а цяпер з’яўляецца дацэнтам кафедры радыяцыйнай хіміі і хіміка-фармацэўтычных тэхналогій. Малады спецыяліст працаваў у праекце па ўзвядзенні ПЭТ-цэнтра з самага пачатку.бринкевич

– У 2013 годзе на кафедру прыйшоў мужчына па кансультацыю наконт будаўніцтва. Пасля таго, як мы пачулі пытанні, на якія ён не ведаў адказаў, стала зразумела, што чалавек не эксперт у радыяхіміі і ядзернай медыцыне. Вядома, мы пачалі супрацоўнічаць, даваць парады і рэкамендацыі, – успамінае мой суразмоўца. – З часам я стаў пастаянным кансультантам і цяпер практычна цалкам заняты працай у цэнтры пазітронна-эмісійнай тамаграфіі. Уся праца па ўзвядзенні будынка праходзіла на маіх вачах, што дазволіла добрыя ідэі ўвасобіць у жыццё. Як шмат было дыскусій: дзе заліваць бетон і якія трубы пракласці! Бо ў такой справе ад правільнага будаўніцтва вельмі шмат залежыць: бяспека, эксплуатацыя, камфорт пацыентаў і супрацоўнікаў…

Рэспубліканскі цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі, створаны на базе Рэспубліканскага навукова практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, складаецца з 2 карпусоў: цыклатронна-радыехімічнага і медыка-дыягнастычнага. Першы комплекс ставіць сваёй задачай вытворчасць лекавага сродку, які, пасля ўвядзення пацыенту, дазваляе меркаваць пра асаблівасці абмену рэчываў. Другі – выконвае працэдуру дыягностыкі. Прэпарат уводзіцца чалавеку, пасля чаго хворага падвяргаюць камп’ютарнай тамаграфіі.

Медыка-дыягнастычны корпус мае 3 крылы. Бокс, у якім працуе С. Д. Брынкевіч, практычна без вокнаў.

– Мы абараняем сябе ад якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў і забяспечваем пэўныя кліматычныя ўмовы для чыстай, септычнай вытворчасці. Таму што мы з аднаго боку працуем з радыеактыўным прэпаратам, які патрабуе асаблівай увагі. З іншага боку – з лекамі, якія будуць унутрывенна ўведзены чалавеку, якія павінны дапамагчы, а не нашкодзіць – а значыць, трэба пазбягаць любога заражэння, – тлумачыць Святаслаў Дзмітрыевіч.

Адна з найважнейшых задач нашага ПЭТ-цэнтра – зберажэнне фінансавых сродкаў дзяржавы. Пакуль ён не быў створаны, беларусаў для лячэння накіроўвалі ў іншыя краіны, напрыклад у Германію ці Расію. Таму што інакш кошт даследавання быў бы нерэальна высокім.

–Асаблівасцю такой тамаграфіі з’яўляецца тое, што выкарыстоўваюцца караткажывучыя нукліды, перыяд паўраспаду якіх складае ад 20 хвілін да 2 гадзін. Напрыклад, Літва возіць з Германіі прэпараты. Але за час пералёту з 20 доз застаецца толькі 4. За кожныя дзве гадзіны колькасць нуклідаў памяншаецца ў два разы, – пацвярджае хімік.

Акрамя таго, ПЭТ – гэта метад, які дапамагае падабраць схему лячэння, таннейшымі і прасцейшымі спосабамі дасягнуць выніку. Спецыяліст прыводзіць гэтаму адзін вельмі яркі прыклад.

– У ліку першых пацыентаў апынуўся малады хлопец з ракам лімфатычных вузлоў. І да таго, як мы зрабілі яму тамаграфію, ён прайшоў тры курса хіміятэрапіі. Па пратаколе іх павінна быць шэсць. Але калі ўрачы зрабілі ПЭТ-даследаванне, выявілася, што ачагоў анкапаталогій у яго ўжо не назіраецца. Адпаведна, мы адмянілі тры наступныя курсы хіміятэрапіі. Вядома, падобныя прэпараты таксічныя, якія даюць ускладненні на розныя ўнутраныя органы. Шляхам дэталёвага даследавання арганізма мы паказалі, што папярэднія 3 курсы былі вельмі паспяховыя, дадатковае лячэнне не патрабуецца.

Святаслаў Дзмітрыевіч Брынкевіч цяпер практычна цалкам прысвячае свой час ПЭТ-цэнтру, аднак працягвае чытаць для студэнтаў лекцыйныя курсы і весці семінарскія заняткі. У сваю каманду набірае найлепшых студэнтаў і выпускнікоў, якіх ацэньвае падчас навучальнага працэсу. Практыку таксама можна прайсці ў цэнтры пазітронна- эмісійнай тамаграфіі .

– Калі студэнты сябе добра выявілі падчас лекцыйных і практычных заняткаў, гэта ў нейкім сэнсе з’яўляецца далейшым кадравым рэзервам для нас. Курс даволі складаны, дысцыпліна вывучаецца толькі на пятым курсе, па выніках здаецца іспыт. Не кожны з гэтым адразу спраўляецца. І ўсё ж прынамсі аднаго чалавека прыцягваю да працы ці запрашаю на практыку да нас. Нядаўна праходзіла вытворчую практыку студэнтка 5 курса хімічнага факультэта Юлія Баскалава. Зарэкамендавала сябе добра. Мы прапанавалі ёй рабіць дыплом на нашай базе. Дыпломныя праекты – выдатная магчымасць зразумець, на што здольны будучы спецыяліст, – лічыць выкладчык. – Таксама ёсць складанасці да допуску студэнтаў да працы з радыёактыўнасцю. Тым не менш атрымліваецца вырашаць падобныя праблемы, аднаго-двух чалавек бяром на практыку. Наогул, калектыў у нас невялікі, цяпер усяго 14 чалавек, якія забяспечвае ўся радыеактыўную вытворчасць. Вядома, гэта мала, але мы спраўляемся.

Як лічыць Святаслаў Дзмітрыевіч, практычныя заняткі вельмі важныя, а галоўнае для ўніверсітэта – навучыць будучага спецыяліста працаваць самастойна, рабіць высновы, рыхтаваць эксперыменты. Яшчэ студэнтам ён стаў займацца навукай, вывучаць аналітычную і арганічную хімію, сінтэзаваць розныя цукры.

– Не скажу, што мая навуковая праца была вельмі паспяховай, – прызнаецца дацэнт. – Але затое я рукамі перабраў велізарную масу абсталявання, пераспрабаваў розныя метады даследавання, і да таго часу, як я стаў студэнтам старэйшых курсаў, даследчык з мяне ўжо сфарміраваўся. І тады я працаваў пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры самастойна ў шматлікіх рэчах.

Таму, як толькі хімік-фармацэўт перайшоў у шэрагі выкладчыкаў, адразу ж арганізаваў студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю “Хімія высокіх энергій”. Колькасць удзельнікаў у ёй увесь час змяняецца, хтосьці прыходзіць проста з цікавасці, для кагосьці яна становіцца правадыром у жыцці. Яе перавага ў тым, што ёсць магчымасць пазнаёміцца з дарагім абсталяваннем, да якога падчас стандартных лабараторных заняткаў не дапусцяць.

– Цяпер я па-ранейшаму ўзначальваю гэту лабараторыю, але шмат у чым ёю займаецца старшы выкладчык Свярдлоў Раман Леанідавіч. Паколькі ён працуе на поўную стаўку і бачыць студэнтаў часцей. На жаль, пакуль было будаўніцтва і пуск цэнтра, не занадта шмат атрымлівалася надаваць увагі лабараторыі. І тым не менш магу пахваліцца, што многія з тых навучэнцаў, што прыходзілі ў лабараторыю, у дадзены момант працуюць ужо ў ПЭТ-цэнтры.

Ці складана працаваць над абсталяваннем, якое ў краіне існуе ў адзіным экзэмпляпы? Дзе ўчарашняму студэнту такіх набрацца ведаў? Ды і ўжо дасведчанаму спецыялісту, які з падобным яшчэ не сутыкаўся? А спецыялізаваных курсаў у Беларусі пакуль няма. На гэтыя пытанні ў Святаслава Дзмітрыевіча ёсць адказ.

– Нават калі праца ўчарашняга выпускніка не наўпрост звязана са спецыяльнасцю, якую ён атрымаў, гэта не страшна. Студэнт, здольны хутка адаптоўвацца да мэт і задач, якія патрабуе пэўнае становішча, вось што важна. Людзі вучацца самастойна пры працы з абсталяваннем. Я таксама імкнуся навучыць іх як выкладчык. Але магу з гонарам прызнаць, што ўжо праз паўгода мае падначаленыя робяць настолькі важныя заключэнні, што мне самому дзесьці трэба вучыцца ў іх. Сутыкаючыся кожны дзень з пэўнымі праблемамі ў сваёй вузкай галіне, кожны ў калектыве расце і развіваецца на працоўным месцы, удасканальваецца.

Акрамя таго, – працягвае кіраўнік, – прафесіяналы накіроўваюцца ў камандзіроўкі на навучанне за кошт сродкаў пастаўшчыкоў абсталявання або РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава. Гэта адбываецца таму, што пастаўшчык які прывёз цыклатрон-паскаральнік у адзіным экзэмпляры, зацікаўлены ў тым, каб гэта складанае абсталяванне эксплуатавалі кваліфікаваныя супрацоўнікі. Тады радзей даводзіцца выязджаць на сэрвіснае абслугоўванне, менш разводзіць папяровай працы.

Перспектыў у калектыву на чале з Брынкевічам Святославам Дзмітрыевічам яшчэ вельмі шмат. Да прыкладу, пададзена заяўка ў праграму тэхнічнага абслугоўвання Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі. Калі яе падтрымаюць, з 2016 года на працягу 2 гадоў маладыя спецыялісты будуць актыўна там стажыравацца.

Але самае каштоўнае тое, што “касцяк” вытворчага комплексу ўжо быў на працоўных месцах тады, калі толькі заканчвалася будаўніцтва. Эксперты сваёй справы знаёміліся з новым абсталяваннем ужо тады, калі яно толькі збіралася, складалася і ўсталёўвалася, фарміруючыся ў адзіны арганізм. Галіна гэтай навукі яшчэ вельмі маладая, але разам з перспектыўнымі і актыўнымі навукоўцамі за ёй варта будучыня.

Таццяна МОРАВА

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: