Прарэктар па навуковай рабоце Васіль Сафонаў: «Задача ўніверсітэта – стварыць асяроддзе для самарэалізацыі навукоўцаў»

22 Jan, 2018.

 

У 2017 годзе, які праходзіў пад эгідай навукі, у нашым універсітэце адбылося шмат падзей, звязаных з новымі навуковымі дасягненнямі, новаўвядзеннямі ў сферы камерцыялізацыі навуковых вынікаў, развіццём моладзевай навукі: прадпрыемства «Унітэхпрам БДУ» атрымала статус навукова-тэхнічнага парку, пачала рэалізоўвацца Стратэгія камерцыялізацыі вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці, Савет маладых навукоўцаў запрацаваў у новым складзе. Як у БДУ ствараюць навукова-інавацыйнае асяроддзе са спектрам магчымасцяў у галіне як фундаментальных, так і прыкладных даследаванняў, распавёў прарэктар па навуковай рабоце Васіль САФОНАЎ.

Дасягненні ў навуковай
і інавацыйнай дзейнасці
– Год беларускай навукі скончыўся зна­кавай падзеяй: прайшоў II З’езд навукоўцаў Беларусі, на якім былі абмеркаваны перспектывы і напрамкі развіцця беларускай навукі, прадстаўленыя ў стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018–2040». 12 снежня 2017 года на базе БДУ былі праведзены пасяджэнні  дзвюх секцый з’езда: «Сучасная хімія і рацыянальнае прыродакарыстанне» і «Моладзь і новыя гарызонты навукі». У працы секцый удзельнічалі больш за 370 дэлегатаў з’езда і 500 запрошаных гасцей. Адзначу, што на базе БДУ праведзена каля 80 мерапрыемстваў, прысвечаных Году навукі.
У Год навукі даследчыкі ўніверсітэта  атрымалі шмат значных вынікаў, створаны   шэраг цікавых, перспектыўных прыкладных распрацовак.
У НДІ ЯП сфармулявана тэорыя перабудаванай па частаце генерацыі квазічаранкоўскага выпраменьвання ў графене і графен-палімерных слаістых структурах, якая дазваляе ствараць нанапамерныя крыніцы электрамагнітнага выпраменьвання ў тэрагерцавым дыяпазоне (у рамках ДПНД «Фатоніка, опта- і мікраэлектроніка»).
На хімічным факультэце распрацаваны новыя біяцыдныя пакрыцці на аснове слаістых змяшаных аксідаў, здольныя аку­муляваць зарад пры апрамяненні і затым працяглы час (да 6 гадзін) генераваць пера­ксідныя злучэнні ў цемнавых умовах, што забяспечвае іх эфектыўную самастэрылізацыю (у рамках гранта БРФФД).

Рэктар БДУ Андрэй Кароль і прарэктар па навуковай рабоце Васіль Сафонаў на выставе «Моладзь і новыя гарызонты навукі»

У галіне аэракасмічных даследаванняў НДІ ПФП падпісаў новы кантракт з Ра­кет­на-касмічнай карпарацыяй «Энергія» імя С. П. Каралёва на распрацоўку і выраб сістэмы арыентацыі відэаспектральнай апаратуры. Завершаны выпрабаванні апарат­на-пра­грамнага комплексу «Каліброўка» для па­лётных калібровак спадарожнікавых здымачных сістэм, створанага ў рамках праграмы Саюзнай дзяржавы «Маніторынг СГ».
Паспяхова вядзецца праца па стварэнні лекавага сродку для лакальнай праланга­ванай хіміятэрапіі раку страўніка «Праспідэлонг», які не мае сусветных аналагаў ні   па складзе, ні па спосабе ўжывання. Пачаты клінічныя выпрабаванні прэпарата на базе РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава. У тым жа РНПЦ уведзена ў эксплуатацыю створаная сумесна з навукоўцамі БДУ гіпертэрмічная камп’ютарызаваная ўстаноўка «Пціч-М»   для комплекснага лячэння анкалагічных   захворванняў. Дагэтуль на ёй праведзена больш за 200 лячэбных сеансаў.
Установа БДУ «Рэспубліканскі цэнтр праблем чалавека» вызначана пастановай Савета Міністраў як арганізацыя, якая забяспечвае навукова-метадычнае кіраўніцтва псіхафізіялагічнымі абследаваннямі працаўнікоў эксплуатацыйных арганізацый і арганізацый, якія выконваюць працы пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі. Іншымі словамі, падбор пра­цаўнікоў на Беларускую атамную электрастанцыю будзе праводзіцца з дапамогай дыягнастычнага псіхафізіялагічнага інструментарыю, распрацаванага ў РЦПЧ БДУ.
Намаганнямі нашых навукоўцаў-біёлагаў пашыраецца серыя ветэрынарных біяпрэпаратаў: створаны новы біяпрэпарат «Субмасцін-КРС», які не мае сусветных аналагаў, прызначаны для эфектыўнай пра­філактыкі і лячэння субклінічнага мастыту кароў падчас лактацыі – захворвання, якое практычна не паддаецца тэрапіі традыцыйнымі метадамі.
Усё больш даступныя шырокаму колу спажыўцоў становяцца фітасолі серыі «Універсум» дыетычнай і прафілактычнай скіраванасці, якія вырабляюцца на УП «Унітэхпрам БДУ» і спрыяюць зніжэнню рызыкі развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі. Адзначу, што «Фітасоль харчовая дыетычная прафілактычная серыі «Універсум» з паніжаным утрыманнем хлорыстага натрыю» стала лаўрэатам конкурсу «Найлепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» 2017 года, а таксама атрымала статус «Навінка года» ў намінацыі «Харчовыя тавары».

Стратэгія камерцыялізацыі
вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці
– Значнымі падзеямі 2017 года лічу набыццё прадпрыемствам «Унітэхпрам БДУ» статусу навукова-тэхнічнага парку і пачатак рэалізацыі Стратэгіі камерцыялізацыі вы­нікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзей­насці ўніверсітэта. У рамках мерапрыемстваў стратэгіі быў арганізаваны шэраг семінараў па пытаннях абароны і выкарыстання інтэлектуальнай улас­насці як для маладых навукоўцаў, так і кіраўнікоў навуковых падраздзяленняў, ра­зглядаліся і растлумачва­ліся тонкасці нарматыўнай базы, механізмы выкарыстання і камерцыялізацыі аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. З аднаго боку, у кіраўніка-навукоўца павінна фарміравацца выразнае разуменне таго, навошта абара­няць аб’ект інтэлектуальнай уласнасці: пацвердзіць на­візну атрыманых даследа­ванняў пры падрыхтоўцы дысертацыйнай працы, асабліва ў практыка-арыентаваных даследаваннях, замацаваць за сабой аўтарскае права, а за ўніверсітэтам права на камерцыялізацыю аб’ектаў прамысловай уласнасці. З іншага боку, стратэгія накіра­вана на фарміраванне пэўных мерапры­емстваў па падтрымцы і абароне вынаходстваў і вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці, выбудоўваючы ўзаемавыгаднае ўзаемадзеянне з рэальным сектарам эканомікі.
Развіваць інавацыйную дзейнасць і камерцыялізаваць вынікі дасле­даванняў маг­чыма будзе і дзякуючы тэхна­парку, створанаму ў БДУ. Цяпер мы праводзім работу па падборы пляцовак для тэхнапарку, прыцягненні рэ­зі­дэнтаў. З патэнцыйнымі рэзідэнтамі абмяркоўваем і фарміруем   для рэалізацыі новыя праекты па пастаноўцы на вытворчасць інавацыйнай прадукцыі. Універсі­тэцкі тэхнапарк – гэта добрыя перспектывы для прыцягнення  моладзі да інавацыйнага бізнесу, пад яго эгідай павінен развівацца стартап-цэнтр БДУ.
У перспектыве на 2018 год – стварыць ва ўніверсітэце галіновыя лабараторыі для рашэння навукаёмістых задач рэальнага сектара эканомікі ці сацыяльнай сферы.
У рамках рэалізацыі Стратэгіі мы плануем зацвердзіць новае палажэнне пра матэры­яльнае стымуляванне навукоўцаў, распрацоўшчыкаў, у тым ліку і людзей, якія садзейнічаюць укараненню інавацый. Паводле палажэння, аўтарам вынаходстваў у наступным будзе адлічвацца да 40 працэнтаў ад чыстага прыбытку.
Вядома, у мяне вялікія спадзяванні на нашу моладзь, бо, зразумеў­шы ўсе аспекты, звязаныя з камерцыялізацыяй вынікаў на­вуковай дзейнасці, яны знойдуць ва ўніверсітэце поле для актыўнай працы, знойдуць магчымасці ўвасобіць у жыццё свае навуковыя ідэі і распрацоўкі.
Сама стратэгія апроч навучальных ме­рапрыемстваў і мерапрыемстваў па камерцыялізацыі вынікаў НТД змяшчае ў сабе   элементы стратэгічнага планавання такой дзейнасці, асноўная мэта – стварыць ва ўніверсітэце новае інавацыйнае асяроддзе.

Удасканаленне сістэмы
ўніверсітэцкай навукі і інавацыйнай дзейнасці
– У 2018 годзе мы працягнем дзейнасць па ўдасканаленні сістэмы арганізацыі ўні­версітэцкай навукі і інавацыйнай дзейнасці,      існуючых механізмаў заахвочвання і стымулявання навуковай дзейнасці. Тут і новы механізм размеркавання базавага фінанса­вання на фундаментальныя даследаванні з улікам выніковасці працы ў папярэдні пе­рыяд, які распрацоўваецца на аснове пра­паноў структурных падраздзяленняў уні­версітэта і механізмы падтрымкі завяршэння дысертацыйных даследаванняў, стымулявання публікацыйнай актыўнасці, у першую чаргу публікацый нашых навукоўцаў у вы­сакарэйтынгавых часопісах.
Важны напрамак працы звязаны з мола­дзевай навукай, падтрымкай іх ініцыятыў, пашырэннем магчымасцяў па прыцягненні моладзі да выканання навуковых даследаванняў на платнай аснове. У планах увесці  ва ўніверсітэце індывідуальныя гранты для завяршэння дысертацыйных даследаванняў. Персаналізацыя павялічыць адказнасць даследчыка і дасць яму магчымасць атры­маць рэальную падтрымку з боку ўніверсітэта.
У цэлым, удасканальваючы сістэму, выбудоўваючы новыя падыходы, мы імкнўмся да таго, каб навуковая дзейнасць была накіравана на атрыманне канчатковага выніку, завяршалася стварэннем навукаёмістага прадукту. Зразумела, што будуць адбывацца змены ў нашай унутранай нарматыўна-прававой базе па арганізацыі навуковай і інавацыйнай дзейнасці. Падыход адзін: ад вынікаў працы падраздзялення і кожнага навукоўца будзе залежаць падтрымка іх навуковай, навукова-вытворчай і інавацыйнай дзейнасці. Да працы па фарміраванні гэтых умоў, ка­рыстаючыся выпадкам, запрашаю ўсіх супрацоўнікаў універсітэта.

Школы юных – НДРС –
школа маладых навукоўцаў
– Ва ўніверсітэце досыць добра развіта сістэма працы з моладдзю, у першую чаргу я маю на ўвазе студэнтаў. У гэтай сістэме ёсць і магчымасць індывідуальнай працы з выкладчыкамі, і калектыўнай: ад гурткоў, якія праводзяцца на факультэтах, да навукова-даследчых лабараторый. Арганізуюц­ца конкурсы, якія падтрымліваюць ціка­васць да навукі, напрыклад, на найлепшую СНДЛ, конкурс грантаў студэнтаў і аспірантаў, праводзіцца што­гадовая навуковая канферэнцыя студэнтаў  і аспірантаў БДУ, у якой у 2017 годзе бралі ўдзел больш за 3700 чалавек. Маладыя людзі могуць удзельнічаць – і мы імкнёмся ў гэтым дапамагаць – у конкурсе грантаў Міністэрства аду­кацыі, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Вядома, падтрымліваюцца і навуковыя кіраўнікі.
Сёння наш універсітэт з’яўляецца самай буйной арганізацыяй па падрыхтоўцы навуковых кадраў. Ва ўсёй краіне навучаецца каля 5000 аспірантаў, пры гэтым каля 1000 – у БДУ. Прыблізна 6 % аспірантаў у нас рыхтуецца для рэальнага сектара эканомікі. Гэта высокі паказчык для ВНУ Мінадукацыі, але мы плануем яго нарошчваць, таму што цяпер на прадпрыемствах развіваюцца навукова-тэхнічныя цэнтры, якім патрэбныя кадры. У гэтай сувязі ў новым фармаце наладжваем сумесную працу з Саветам маладых навукоўцаў БДУ і падраздзяленнямі. Цяпер новы склад СМН арыентаваны на  актыўную працу, іх ідэі і запал трэба ўвасобіць у пэўныя мерапрыемствы, праекты. Моладзь – гэта найбольш актыўнае асяроддзе, дзе нараджаюцца ідэі стартапаў, якія можна апрабаваць на тэрыторыі таго ж тэхнапарку БДУ. Цяпер Савет маладых навукоўцаў карэктуе нар­матыўную базу, фарміруе план працы на 2018 год.
Для ўдасканалення сістэмы працы з моладдзю хацелася б стварыць ланцужок з трох звёнаў: школа юных – навукова-даследчая работа студэнтаў – школа маладых навукоўцаў, каб не страціць таленавітых  дзяцей, падтрымаць іх даследчую цікавасць, абудзіць любоў да творчасці, навуковых даследаванняў. Галоўны рэсурс навукі – гэта  яе кадры, навукоўцы, ён нараджаецца і развіваецца ва ўніверсітэце. Наша задача – стварыць умовы для раскрыцця патэнцыялу кожнага маладога чалавека.

Гутарыла
Валерыя БАНДАРЧЫК
Фота Васіля Кузьмічкіна
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *