“Культурнае поле заўсёды будзе прыкметнае: у стылі, у думках” (+вiдэа)

2 Jan, 2016.

БГУ леонардо да винчи культура

У апошні час наша сталіца не перастае здзіўляць культурнымі падзеямі нават самага спрактыкаванага гледача. Год назад у Мінску была прадстаўлена шырокая міжнародная выстава, прысвечаная творчасці Леанарда да Вінчы.

Спецыялісты вывучылі больш за 6000 старонак рукапісаў да Вінчы, расшыфравалі яго коды, наўмысныя памылкі і люстраны спосаб ліста, які мастак ужываў, каб захаваць свае запісы ў таямніцы, каб узнавіць усе экспанаты ў дакладнасці, якімі іх уяўляў геній Адраджэння. Беларусы змаглі ўбачыць танк, акваланг, лятальны апарат, ровар, парашут, падводную лодку, ідэальны горад і шматлікія іншыя вынаходствы такімі, якімі іх уяўляў Леанарда да Вінчы ў далёкім XV стагоддзі.

БГУ леонардо да винчи культура

Што ўжо казаць пра нядаўнюю культурную рэвалюцыю ў Мінску: у адным з кінатэатраў горада ў кастрычніку паказалі прамую трансляцыю спектакля "Гамлет" з Лондана. Праект "Тэатр HD", дзякуючы якому і ажыццяўляюцца трансляцыі, для мінчукоў сапраўды быў культурным шокам. Убачыць улюбёнага акцёра Бенедыкта Камбербэтча ў вобразе галоўнага героя шэкспіраўскай трагедыі было сапраўды ўнікальна.

Журналісты канстатуюць: "З развіццём тэхнікі зусім неабавязкова жыць у імглістым Альбіёне, каб дыхаць з ім адным паветрам. Ідзі ў Мінску ў цёплы кінатэатр і глядзі сабе ў прамым эфіры віртуозную пастаноўку, пакашлівай ва ўнісон з залай масіўнага тэатра Барбікан, апладыруй разам з англічанамі самым удалым рэплікам акцёраў".

Якраз цяпер у Мінску праходзіць мультымедыйная выстава "Ван Гог. Ажыўшыя палотны": 400 знакавых карцін Ван Гога прадстаўлены на велізарных экранах на выставачнай пляцоўцы больш за 1500 кв. м. Арганізатары розных пастановак, няхай гэта будзе выстава ці спектакль, заўсёды прыдумаюць новы спосаб прыцягнуць гледача.

Дарэчы, выстава Ван Гог. Ажыўшыя палотны ў Мінску прадоўжыцца да 31 студзеня!

БГУ Ван Гог культура

Гэтыя і шматлікія іншыя выставы не выслізнулі з-пад увагі моладзі. Менавіта таму нас цікавіць, за што яны больш за ўсё любяць культурны Мінск. Што параяць? Якія мерапрыемствы запомніліся ім сёлета, дзе мараць пабываць яшчэ? Давайце разбяромся!

Лисовская Zfj_-3pk2FgПаліна Лісоўская, Інстытут журналістыкі, 5 курс:

- Студэнты ІЖ, вядома ж, павінны наведваць тэатры, выставы, кінапаказы. Яны ж журналісты, а журналісты павінны ўсё ведаць. У іх павінен быць культурны “бэкграўнд”, нават калі яны не спецыялізуюцца на тэме культуры. Культурнае поле заўсёды будзе прыкметнае ў публікацыях: у стылі, у думках.

Культурнае жыццё Мінска сёння шматстайнае – гэта асноўны плюс. Напрыклад, у тэатры. Ёсць эксперыментальныя пастаноўкі, прычым і ў лялечным, і ў драматычным тэатры. Ёсць годныя мастацкія выставы. Прычым не толькі ў Нацыянальнай галерэі. Яшчэ адзін плюс – стварэнне мультыкультурных прастор. Напрыклад, Цэнтр сучасных мастацтваў. Там сёння праходзяць і выставы жывапісу, і выставы фота, і ўстаноўкі, і тэатральныя пастаноўкі. За такімі мультыкультурнымі прасторамі – будучыня.

82834073 - копия

Раю хадзіць у Цэнтр сучасных мастацтваў, у ЦЭХ, у наш лялечны тэатр.

У тэатр беларускай драматургіі. У кінатэатр "Перамога" хадзіце! Там заўсёды выдатнае фэставае кіно!

Была ў шведскім тэатры. Магу сказаць, што нам яшчэ бракуе інтэлігентнага культурнага асяроддзя. Там людзі прыйшлі ў тэатр і ў групках размаўляюць, абмяркоўваюць мастацтва. У нас людзі прыходзяць у тэатр і стаяць нясмела, чакаюць пачатку спектакля як манны нябеснай, ніякіх зносін! Занадта шмат скаванасці!

Луценко XYLSZtcymTcГанна Луцэнка, ФМА, 3 курс:

- Тое, што студэнты наведваюць тэатры, галерэі і выставы, – гэта цалкам натуральна. Гэта выдатнае баўленне часу, якое дапамагае нам не толькі правесці час з карысцю, але і пашырыць свой далягляд. Больш за ўсё ў культурным жыцці Мінска мне падабаецца яго разнастайнасць і даступнасць: шмат месцаў, куды можна сыходзіць – музеі, тэатры, кінатэатры. І ўсюды прыемныя, даступныя кошты.

Параю паглядзець балет "Тысяча і адна ноч". 1512Гэта пастаноўка спадабаецца як і аматарам класікі, так і тым, хто далёкі ад балета. Строі, пастаноўка і грацыёзныя рухі галоўнай гераіні не пакінуць нікога абыякавым. Не адыходзячы ад тэмы культуры і балета, мару пабываць у Маскоўскім вялікім тэатры на адной з улюбёных пастановак – "Лебядзінае возера". На мой погляд, гэта выдатна, што ў часы камп'ютарных тэхналогій і сацыяльных сетак моладзь не забывае атрымліваць асалоду ад культурай у розных яе праявах.

XOEpKJ17-DEІгар Хмара, выпускнік БНТУ:

– Мяркую, што культурнае жыццё ў Мінску віруе, калі параўноваць з астатняй Беларуссю, але страшэнна адстае па насычанасці ад іншых еўрапейскіх гарадоў, у тым ліку ад найбольш блізкіх да сталіцы Беларусі: напрыклад, у Кіеве або Львове культурніцкіх імпрэз адбываецца нашмат болей, чым у Мінску. Пэўна, на інтэнсіўнасць культурнага жыцця ўплываюць палітычныя ўмовы (у прыватнасці, зацікаўленасць гарадскіх уладаў у наяўнасці багатай культурнай праграмы фэстаў і іншых падзей), узровень развіцця грамадскай супольнасці, цікавасць жыхароў горада да культуры і мастацтва, менталітэт, у рэшце рэшт. Відавочна, што па ўсіх гэтых паказчыках Мінск няўмольна прайграе нават гарадам краін-суседзяў, не кажучы ўжо пра такія культурніцкія мекі Еўропы, як Парыж, Рым, Барселона.

Асабіста я рэгулярна наведваю кінапаказы і тэатральныя пастаноўкі. Апрача таго, час ад часу хаджу на выставы ці навукова-папулярныя лекцыі. Калі маецца падстава, бяру ўдзел у грамадска-культурных акцыях і флэшмобах ад “Будзьма!”, “Арт Сядзібы” і іншых культурніцкіх аб’яднанняў, арыентаваных на нацыянальную тэматыку. Натуральна, рэгулярнасць маіх паходаў на тое ці іншае мерапрыемства залежыць ад афішы ці праграмы, наяўнасці вольнага часу, кошту, ну і ад кампаніі, настрою. Адно з найяскравейшых культурных уражанняў восені – архітэктурны фэст “Леанарда–2015”, які ўключаў у сябе біенале маладых архітэктараў, выставы, інсталяцыі.

Леонардо 2015 БГУ

Мы з сяброўкай наведалі выставу праектаў архітэктараў-пачаткоўцаў. Асаблівую цікавасць у мяне выклікала дэманстрацыя архіўных фатаздымкаў Мінска. Надта кранальна глядзець на родны горад, якім ён быў некалькі дзесяцігоддзяў таму, з цяжкасцю пазнаваць абрысы вуліц, вядомых з маленства.

Зразумела, што Мінску моцна не стае ўсялякіх культурных падзей. Што тычыцца імпрэз, скіраваных не на масавага наведвальніка, а на больш вузкую аўдыторыю, то часцяком яны адтрымліваюць замала ўвагі ад СМІ. З іншага боку, арганізатары не маюць магчымасці выдаткоўваць сродкі на рэкламу, бо гэтыя падзеі з’яўляюцца некамерцыйнымі па сваёй сутнасці, іх першасная мэта – развіццё культуры і творчасці, гэта мажлівасць для маладых творцаў заявіць пра сябе больш-менш шырокай публіцы, каб ужо з яе ўхвалення шукаць інвестараў для сваіх праектаў. Вельмі важна, што менавіта ў камернай атмасферы падобных пляцовак часта нараджаюцца ідэі і канцэпцыі, што потым маюць усе шанцы ачоліць культурнае развіццё, павесці яго ў тым ці іншым кірунку. У адрозненне ад масавай культуры, гэтыя трохі арт-хаусныя праекты маюць патрэбу як мінімум ва ўвазе тых грамадзян, якія лічаць сябе культурнымі людзьмі. Да такіх імпрэз я аднясу “Дзень роднай мовы”, “Дзень вышыванкі”, кнігарню “Логвінаў”, праект “Кінаконг”, праект Cinemascop, “Беларускую інтэлектуальную гульню”, фестываль “Тэатральны куфар”.

«Дні вышыванкі» БГУ

«Дні вышыванкі»

Мне не хапае руплівай працы з гледачом сталічных тэатраў і кінатэатраў. Пераважная большасць з іх з’яўляюцца дзяржаўнымі паводле формы ўласнасці – відавочна, гэта не надта спрыяе намаганням па прыцягненні гледача ў залу. І тут я кажу не столькі пра працэнт наведвальнікаў – было б выдатнай ідэяй ладзіць разнастайныя тэматычныя конкурсы і акцыі, уводзіць зніжкі для сталых гледачоў. Адным словам, выкарыстоўваць напоўніцу абраную нішу. Дарэчы, што тычыцца кінатэатраў, то ім было б някепска афармляць інтэр’еры ў якім-небудзь пэўным стылі і адштурхоўвацца ад гэтага пры выпрацоўцы ўласнай лініі паводзін з гледачом.

Наогул, калі параўноўваць з іншымі гарадамі, можна скласці ўражанне, што Мінск быццам бы застыў у савецкіх часах. Непрыемна ўражвае, што па вечарах выхадных горад як быццам бы засынае, хаця мусіў бы адрывацца “па поўнай”. Асабліва ў летні перыяд. Мінімальная колькасць флэшмобаў, пленэраў, оўпэн-эйраў, пешаходная вуліца – гэта наступствы таго, што гарадскія ўлады падазрона ставяцца да любой грамадскай ініцыятывы. Да прыкладу, джазавыя вечары ля Ратушы былі азмрочаны багатай колькасцю прадстаўнікоў сілавых органаў і празмерна пільным доглядам. Калі дадаць да гэтага не самы жвавы менталітэт тыповага беларуса сучаснасці, то атрымаецца горад з мерапрыемствамі, большасць якіх спускаецца зверху і з’яўляецца ўсяго толькі казённа-парадным афіцыёзам, перанасычаным папулярнымі элементамі, якому нярэдка бракуе менавіта культуры. Спадзяюся, жыхары Мінска неўзабаве змогуць паўплываць на тое, каб культурнае жыццё сталіцы Беларусі стала больш разнастайным, актыўным, жывым, непасрэдным, вясёлым і насычаным.

Наталля ЧАРНЯУСКАЯ,

Хрысціна ЧАРНУШЭВIЧ

Вiдэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *