Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт пазнаёміў з унікальнай калекцыяй лялек (+відэа)

21 Mar, 2016.

IMG_2246 "Жанчыны свету ў нацыянальнай вопратцы" — менавіта такая тэматыка выставы, што прайшла ў галоўным корпусе БДУ. Тут было прадстаўлена больш за 50 экспанатаў з розных краін свету. Разам з цэнтрам японскай культуры “Саюз жанчын БДУ” паказаў народныя строі, якія апраналі на шматлікія святы. Падчас выставы можна было даведацца, адкуль увогуле з’явіліся лялькі, якая мода ў розныя эпохі на іх была і чаму такія цацкі мелі вялікую папулярнасць і сярод простага народа, і сярод імператараў. Цікава, што амаль усе фігуркі належаць нашым супрацоўніцам. А галоўным калекцыянерам з’яўляецца старшыня саюза жанчын БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар Ірына Казакова.
“ Мабыць, лялька – гэта самае добрае, самае прыгожае і эстэтычнае ў свеце. І яна заўсёды займала вельмі важнае месца ў гісторыі. Маленькіх прыгажунек сталі рабіць з таго моманту, як у чалавека з'явіўся час на творчасць, – тлумачыць філолаг. – Лялькі нават у нейкай ступені выратавалі людскі род! Замянілі сабой чалавечыя ахвяры, якія прыносілі шматлікім багам. “Абаранілі” ад моцных і страшных стыхій прыроды. Робячы фігуркі бажкоў, ідалаў, чалавек адчуваў сябе больш упэўнена. Нават сусветна вядомая лялька Барбі сваёй дабрачыннасцю колькім хворым дзецям дапамагла!”
Насамрэч, цацкам вельмі шмат гадоў. Самыя першыя, з якімі гулялі дзеці, былі знойдзены ў старажытным Егіпце, у пахавальні маленькага фараона. На працягу стагоддзяў іх рабілі з каменя, з гліны, з дрэва, пап'е-машэ. Цацкі былі выхавальніцамі, суцяшальніцамі для немаўлят. Пасля 16 стагоддзя яны выконвалі ролю манекеншчыц, дэманстравалі самую модную вопратку. Арыстакраты заказвалі такіх мадэляў для сваіх дачок, каб выхаваць ім добры густ. IMG_2035 Калі нараджалася дзіця, у славянскіх традыцыях было прынята рабіць ляльку-абярэг. Маці павінна была стварыць яе без нажніц і без іголкі. Тканіну нельга было рэзаць, нельга было ўкалоць, ​​таму што ў гэты талісман была ўкладзена ўся матчына любоў. Ляльку клалі ў калысачку, каб дзіцятка расло моцным і здаровым. У абрадавых лялек, у лялек-жаданніц, у лялек-абярэгаў не было твару. Чаму? Таму што лічылі, што калі лялька ўжо вельмі будзе падобная да чалавека, можна наклікаць бяду. А вось у афрыканскіх плямёнах, наадварот, амулетам малявалі вялікія вочы, каб ён даглядаў свайго гаспадара, дапамагаў яму. Прыбіралі лялек заўсёды прыгожа, чым ярчэй будзе апранута, тым больш шчаслівым і радасным будзе жыццё сям’і.
Слоўнік Ожагава дае такое значэнне слову “лялька”: цацка ў выглядзе чалавека. Але гэта не зусім дакладна. Больш правільнае разуменне гэтага слова першымі далі японцы. Таму нездарма мы разам з цэнтрам японскай культуры адкрылі гэтую выставу. Па-японску "лялька" – гэта вобраз чалавека,працягвае Ірына Валер’еўна. – Мы вельмі ўдзячныя Тацумі Масака, якая дапамагла нам сабраць гэтую выставу”.
Тацумі Масака, кіраўнік інфармацыйнага цэнтра японскай культуры Мінска расказала пра цудоўнае свята ў Японіі і пра прадстаўленыя экспанаты цэнтра. IMG_2166
“У нас ёсць старадаўняя звычка. 3 сакавіка японцы адзначаюць Дзень дзяўчатак. Таму вось ужо 1000 год існуе традыцыя любавання лялькамі. Мы вельмі рады паказаць вам нашу калекцыю. З цягам часу экзэмпляраў тановіцца ўсё больш і больш, бо японцы дораць нам усё новых і новых лялек. У Японіі лічыцца, што лялька – гэта сімвал шчасця, здароўя для дзяцей, асабліва для дзяўчатак. А яшчэ будучыя жанчыны з самага ранняга ўзросту вучацца шыць кімано, спачатку маленькія, на пупсаў. Каб ужо дарослай паказваць усё сваё ўменне перад жаніхамі”.
На мерапрыемства завітаў прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце кіраўнік грамадскага падраздзялення ўніверсітэта "Белая Русь" Уладзімір Васільевіч Рагавіцкі . IMG_2128Ён павіншаваў з надыходам вясны і выказаў спадзяванне, што пабачыць выставу яшчэ не раз.
"Я ўпэўнены, што колькасць экспанатаў будзе павялічвацца. Хочацца, каб такія мерапрыемствы сталі сапраўднай традыцыяй. І каб прэзентацыя праходзіла не тыдзень, а месяц ці нават болей”, – дзеліцца ўражаннямі У. В. Рагавіцкі.
На выставу таксама прыйшлі “жывыя лялькі”. IMG_2188 Студэнкі дэманстравалі народную вопратку, спявалі песні, танчылі і чыталі вершы на роднай мове. Гаспадынямі свята былі беларускі. Фальклорна-этнаграфічны гурт "Багач" пазнаёміў з беларускім народным строем, як і калі апраналіся вясковыя дзяўчаты. Студэнткі-іншаземкі Кітая, Туркменістана, Таджыкістана расказавалі пра радзіму і вучылі правільна вітацца. Пасля мерапрыемства ўсе ахвотныя маглі прыйсці на майстар-клас па вырабе абрадавых лялек. Таццяна МОРАВА Відэа: IMG_2014 IMG_2261
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *