Драпін у бойцы не лічаць: каманда БДУ заваявала два кубкі на спаборніцтвах Мінскай гарадской лігі каратэ

2 мая, 2016.

Спорт – гэта тая сацыяльная сіла, якая заўсёды служыла для аб’яднання людзей. Прырода чалавека, складаная і супярэчлівая, ва ўсе часы патрабавала ад нас і суперніцтва, і самасцвярджэння. Спартыўныя спаборніцтвы – менавіта тое, што дазваляе ахінуць гэтыя схільнасці ў найбольш вытрыманую, але ў той жа час відовішчную форму. Бо кожны, хто назірае за спартоўцамі, можа ўбачыць у іх змаганні і сілу чалавечага духу ў цэлым, і адлюстраванне ўласнага пераадолення жыццёвых цяжкасцяў. У кожнага спорту свае асаблівасці спаборніцкай практыкі. Асаблівасць спаборніцтваў па баявым мастацтвам – і, у прыватнасці, каратэ, – заключаецца ў тым, што тут як, мабыць, ні ў адной іншай дысцыпліне патрабуецца праявіць адначасова і вялізны запал, і стрыманасць, дысцыплінаванасць.

Каратыст, які ўдзельнічае ў паядынку, імкнецца паразіць суперніка ў так званыя «заліковыя зоны» – і не даць паразіць сябе. Але каб тэхніку ўдару можна было ацаніць, яна павінна адпавядаць адразу шасці крытэрыям: добрая форма, спартыўныя паводзіны, канцэнтрацыя (магутнае, акцэнтаванае выкананне), гатоўнасць да працягу бою (заншын), правільны час, карэктная дыстанцыя. І само сабою зразумела, што перамогу ў паядынку рэдка ўдаецца атрымаць толькі адным, хай нават вельмі ўдалым пападаннем. То бок, «драпін у байцы ня лічаць», як пісаў калісь Мікола Гусоўскі. Гэтак жа, як і тэхніка ў кумітэ, па шматлікіх крытэрах ацэньваюцца і рухі спартсменаў, якія дэманструюць ката. Чым вышэй узровень спаборніцтваў, чым бліжэй іх фінальны этап, тым большая ўвага надаецца спартсменам кожнаму аспекту свайго дзеяння.

24 красавіка на базе СК «Сэнкё» адбыўся заключны пяты этап Мінскай гарадской лігі каратэ. Спартсмены клуба «Фудасін» нядаўна ўжо прынялі ўдзел у спаборніцтвах «Кубак Накаяма», пасля якіх ім трэба было ў кароткі тэрмін аднавіць фізічную форму і правесці работу над памылкамі. На тых спаборніцтвах змагаліся як пачаткоўцы, якія прайшлі такім чынам «баявое хрышчэнне», так і моцныя спартсмены. У гэты ж раз ўдзел ад БДУ прынялі толькі каратыст, якія ўжо маюць багаты спартыўна-баявой вопыт і большасць з якіх выступалі на спаборніцтвах МГЛК на працягу ўсяго года.

Суровае ранішняе надвор’е прадказвала такую ж суровую барацьбу. Яшчэ больш я ўмацаваўся ў гэтай думцы, калі зайшоў у спартыўную залу і агледзеў абстаноўку. Спартсмены – нават тыя, каму трэба было выступаць далёка не адразу, – актыўна разміналіся і пільна прыглядаліся да сваіх апанентаў. Але асаблівую ўвагу на сябе звярнулі не каратысты, а працоўнае месца ўрача, вельмі багата і старанна забяспечанае сродкамі першай дапамогі. Яно і не дзіўна – бо менавіта сёння вызначацца ўладальнікі кубкаў Лігі. Мы вырашылі крыху пагутарыць з лекарам.

Прадстаўцеся, калі ласка.

Лішык Яўген Уладзіміравіч.

Скажыце, якая Ваша кваліфікацыя як урача? І адразу другое пытанне: Вы самі са свету адзінаборстваў?

Не, я не са свету адзінаборстваў. Мая кваліфікацыя – сківічна-тварны хірург.

Напэўна, вельмі актуальная кваліфікацыя тут?

Напэўна. Мая задача – аказанне першай неадкладнай медыцынскай дапамогі. Для гэтага ў інвентары маецца ўсё неабходнае – сродкі для спынення крывацёку, абязбольваючыя прэпараты, сухі лёд – «холад», перавязачныя матэрыялы і інш.

Якія спаборніцтвы больш траўманебяспечныя: дарослыя або дзіцячыя?

Яны аднолькава траўманебяспечныя.

За кошт чаго так?

Дзеці ў меншай ступені каардынуюць свае рухі і могуць выпадкова нанесці траўмы. А дарослыя наносяць моцныя ўдары, у іх больш жорсткая ступень кантакту.

Ці сутыкаліся Вы ў сваёй практыцы з выпадкамі сімуляцыі?

Не, не сутыкаўся. Спыняе бой суддзя, і тады ўжо аглядаю я – і пры неабходнасці аказваю дапамогу.

Ці даводзілася адмаўляць спартсменам у далейшым удзеле ў паядынку? Што пры гэтым адчувалі?

Адчуваў адказнасць.

Гэта зразумела. Але ж спартсмен – ён настроены змагацца.

Вядома, ёсць момант шкадавання. Але я думаю, што шкадаванне адчувае ў такой сітуацыі больш спартсмен, чым я. А я павінен вынесці рашэнне, можа ён працягваць бой або не можа.

Ці даводзілася Вам навучаць спартсменаў спосабам самадапамогі?

Не, не даводзілася. Але наогул гэта патрэбная практыка. Я лічу, што спосабамі аказання першай медыцынскай дапамогі павінен валодаць любы чалавек – усё адно, ці адносіцца ён да міру спорту, ці не.

 

Пасля кароткага судзейскага брыфінгу пачаліся спаборніцтвы ў першым раздзеле і першай катэгорыі – «Ката жанчыны 16+». На трэніроўках я не раз меў магчымасць назіраць за моцным, дакладным і грацыёзным выкананнем фармальных комплексаў нашымі спартсменкамі. І таму мог быць упэўнены ў тым, што дзяўчаты здольныя ўразіць і гледачоў, і судззяў. Відавочна, ім гэта ўдалося: першае месца ў катэгорыі заваявала студэнтка 2 курса механіка-матэматычнага факультэта Крывашэева Вікторыя, другое – студэнтка 5 курса Інстытута журналістыкі Анастасія Філонава, трэцяе – студэнтка 3 курса геаграфічнага факультэта Іванова Алеся.

Пазней, ужо на цырымоніі ўзнагароджання, былі абвешчаныя дадзеныя агульнага пратаколу Мінскай гарадской лігі каратэ. Па выніках усіх пяці этапаў другое месца заняла Анастасія Філонава. Першае месца і кубак Лігі ўзяла Крывашэева Вікторыя.

Вікторыя. Пяць этапаў пераможна пройдзеныя. Як гэта па адчуваннях?

Кожны этап Мінскай лігі – гэта своеасаблівая прыступка, што вядзе наверх, да новых дасягненняў. Я не ведаю, чаго больш у кожнай новай прыступцы – складанасці або адказнасці. На кожным этапе я імкнулася выступаць усё лепш і лепш. Але паміж спаборніцтвамі ёсць пара працы над сабою, і падчас яе я старалася выправіць папярэднія памылкі. А заключны пяты этап спаборніцтваў – гэта ўжо фінішная прамая, тут трэба было выкласціся цалкам.

Скажыце, якім па ліку будзе дадзены кубак у Вашай калекцыі?

Другі. Ой, не, пачакайце. Адзін, два, тры … чацвёрты! Але два з іх – з Мінскай лігі. Адзін з кубкаў атрыманы ў кумітэ, дарэчы.

У гэты раз Вы перамаглі ў ката. Але ці ёсць, з нагоды вышэйсказанага, жаданне вярнуцца ў кумітэ?

Так, планую вярнуцца. Абавязкова працягну сваё развіццё. Вы яшчэ ўбачыце мяне ў гэтым раздзеле.

Як сям’я ставіцца да Вашых заняткаў зараз?

Падтрымлівае. Мае – заўсёды толькі “за”.

Наколькі я памятаю з нашай гутаркі пасля кубка Фунакошы, Вы займаецеся каратэ з дзяцінства. Вось мы размаўляем, а за маёю спінаю ў гэты час выступае маленькая дзяўчынка. Скажыце, Вы добра памятаеце сябе такою?

Ну, не зусім такою. Напэўна, я была трошкі ў старэйшым узросце, калі пачынала. Але так, памятаю, як гэта было, памятаю гэтыя адчуванні. А было вельмі страшна і хвалююча. Нічога не разумела, нічога не ведала.

А як цяпер?

А цяпер… гэтак жа страшна часам бывае. Але зараз я ўжо ведаю і разумею, да чаго рыхтавацца і як працаваць.

Якія планы на лета?

Пакуль не ведаю, буду я ўлетку трэніравацца або адпачываць. Паглядзім па абставінах. Але наогул хацелася б займацца. Прынамсі, планую сабе трэніроўкі.

Напэўна, лепшае, што можна было б пажадаць Вікторыі – гэта новых перамог у абодвух спаборніцкіх раздзелах.

Скажыце, калі пачаўся Ваш шлях у каратэ? – Цікаўлюся ў Івановай Алесі.

Займацца я пачала год таму ў клубе «Фудасін» у Сяргея Мікалаевіча.

У сувязі з чым Вы пачалі заняткі?

Сказалі, што трэба выступіць за факультэт на Спартакіядзе.

Ці быў які-небудзь вопыт да гэтага?

Не, ніякага вопыту не было. Проста я была спартыўнай дзяўчынкай – і мяне адправілі.

Толькі на падставе «спартыўнай дзяўчынкі» адправілі спаборнічаць у баявым мастацтве?

У нас проста не было тады нікога іншага на геаграфічным факультэце. А мне прапанавалі. Я падумала: «А чаму б і не?».

Вось так, адна – і за ўвесь факультэт?

Ну… не адна. Я – і яшчэ адна дзяўчынка з маёй групы. Але цяпер яна выступае за іншы клуб.

Як ацэньваеце свой выступ сёння? Ці ўсё атрымалася?

На мой погляд, можна было выступіць лепш. Магчыма, паўплывала хваляванне. Хаця я старалася. Але лічу, што спартсменка, з якой я змагалася за месца, вартая яго не менш за мяне.

Як ацэньваеце працу мужчынскага складу клуба?

Я лічу, што ўсе хлопцы ў нашым клубе годна працуюць і займаюцца на належным узроўні. Усё гэта, безумоўна, дзякуючы нашым выдатным трэнерам, чыю кваліфікацыю нельга недаацэньваць: Снегірову Сяргею Мікалаевічу, Снегірову Гардзею Сяргеевічу, Сасункевічу Івану Аляксандравічу, Яфімаву Арцёму. Таму не толькі хлопцы – я лічу, што мы ўсе малайцы. Асабліва хочацца сказаць дзякуй за гэта нашаму галоўнаму трэнеру. Сяргей Мікалаевіч – цудоўны чалавек, мы ўсе яго вельмі любім і паважаем яго майстэрства.

А ён вас усіх любіць?

Вядома, і мы адчуваем гэта. Ўпэўненая, што ў гэтым да мяне ўсе далучацца.

Раздзел «Кумітэ» быў для юнакоў няпростым выпрабаваннем. Так, студэнт 3 курса Факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій Багамазаў Раман мае вопыт выступлення на спаборніцтвах – але атрыманы ён быў яшчэ ў дзяцінстве, пасля чаго спартсмен не займаўся вельмі працяглы тэрмін. Нягледзячы на гэта, Раман не пабаяўся выступіць у раздзеле «кумітэ» у катэгорыі «+75 кг». Апаненты падабраліся вопытныя і сапраўды дастойныя: спрытны, хуткасны Філіповіч Сяргей і моцны, прабіўны Трафімовіч Аляксандр. Дарэчы, на дзень раней А. Трафімовіч стаў двухкратным чэмпіёнам Рэспубліканскай Універсіяды, якая праходзіла ў спарткомплексе “Універсітэцкі”.

Абодва баі выдаліся для Рамана даволі цяжкімі. Але калі першы бой быў прайграны досыць хутка, то другі паядынак спартсмен правёў ужо больш упэўнена, выстаяўшы да канца. На мой суб’ектыўны погляд, гэта якраз той выпадак, калі асобнага слова заслугоўвае не толькі канчатковы вынік (бронза), але і мужнасць, праяўленая ў працэсе. Прыкладна ў сярэдзіне другога паядынку Раманам быў прапушчаны магутнейшы мавашы геры ў галаву ад А. Трафімовіча. Тым не менш, Раман працягнуў барацьбу і, хоць і з некаторай асцярогай, але рэгулярна рабіў спробы атакаваць.

Раман, раскажыце, з чаго складаўся Ваш трэніровачны працэс?

Трэніровачны працэс заключаўся як у працы ў зале, так і ў самастойнай адпрацоўцы удараў дома.

Я часта працаваў з Вамі ў зале і ведаю, што на дадзены момант Вы ўжо маеце дастаткова высокі пояс. Аднак у рамках клуба для Вас пакуль не знайшлося пастаяннага апанента, аднолькавага з Вамі як па ўзроўні падрыхтоўкі, так і па камплекцыі. Скажыце, ці адбіваецца гэты факт на якасці трэніроўкі? Ці патрэбны больш моцны супернік?

Заўсёды хацелася б мець больш моцнага суперніка. Каб было, да чаго імкнуцца. Хочацца спаборнічаць з лепшымі. Але, у прынцыпе, і з больш слабымі апанентамі магчыма нарошчваць пэўны вопыт.

Як ацэньваеце сённяшніх супернікаў?

Сённяшнія супернікі былі цікавыя. У іх шмат чаму можна павучыцца. У кожнага былі свае моцныя бакі: першы быў вельмі хуткі, другі – вельмі моцны. У мяне пакуль, як я лічу, моцнага боку няма. Пасля вялікага перапынку я першы раз на такіх сур’ёзных спаборніцтвах. Затое добра ведаю сваю слабасць – гэта хуткасць.

Хуткасць?

Так. У асноўным, калі я раней трэніраваўся, то рабіў упор на сілу, забываючыся на хуткасць. Вось цяпер пачаў нанова трэніравацца – і зразумеў, што без хуткасці нікуды. У цэлым, гэта нават галоўны крытэрый у нашым стылі каратэ.

Ці дапамагае зараз дзіцячы вопыт выступленняў?

Не, гэта ўжо зусім іншае ўсё.

А што менавіта тут іншае? Больш жорсткі кантакт?

Кантакт не настолькі ўплывовы. У дзяцей не тая хуткасць і не тыя адчуванні. Калі ты дзіця, у цябе няма «тармазоў».

Якія планы на будучыню?

Выступаць у далейшым абавязкова буду. Летам планую разбіць свой вольны час 50 на 50 – і адпачываць, і трэніравацца.

Больш удалым аказалася выступленне нашых юнакоў у кумітэ ў катэгорыі «-75 кг». Браты Сяргей і Антон Шамяковы, што выдатна праявілі сябе на папярэдніх спаборніцтвах, ізноў узялі адпаведна 1 і 2 месцы. Назіраць за іх выступам было асабліва цікава.

Як ужо было намі аднойчы адзначана, каратэ – гэта шмат у чым індывідуальны від спорту. Таму нават лепшыя сябры, выходзячы змагацца, становяцца супернікамі. Нежаданне братоў саступаць адно адному было відавочным. І калі б не знешняе падабенства спартсменаў, то, назіраючы за боем Антона і Сяргея, складана было б сказаць, што гэта паядынак родных па крыві людзей. Зусім інакш было, калі на бой выходзіў хтосьці адзін з іх: больш заўзятага балельшчыка, чым брат, было не знайсці.

Акрамя медалёў у мужчынскім кумітэ, спаборніцтвы прынеслі ў скарбонку клуба таксама і кубак: па выніках пяці этапаў Шамякоў Сяргей апынуўся лепшым у катэгорыі.

— Хлопцы, Вы абодва сёння выступалі – і абодва з медалямі, а хтосьці нават і з кубкам.

— Так, першае месца і другое – дапамагаюць мне браты амаль адначасова.

— Той жа вынік быў і нядаўна. Але ж тут – заключны этап турніра, і змагацца пэўна ж было куды складаней. Той невялікі перапынак, які быў паміж спаборніцтвамі – ён даў Вам магчымасць хаця б аддыхацца?

— Так, і нават падрыхтавацца, – адказвае Антон.

— На самой справе, вынік не такі ж, як на мінулых спаборніцтвах, – запярэчвае Сяргей. – Я быў на другім месцы, а брат на першым. А цяпер – наадварот.

— Скажыце, а як гэта – біць брата? Што пры гэтым адчуваеш?

— Ды нічога наогул. Не тое, каб біць – гэта спорт ўсё ж такі, – парыруе Антон.

— Калі я выходжу на татамі, – кажа Сяргей, – я гляджу на яго [Антона] не як на брата, а як на праціўніка, і не адчуваю да яго чагосьці іншага, чаго не адчуваю ў адносінах да любога іншага апанента. То бок, калі я, напрыклад, раблю кантакт, для мяне гэта трохі непрыемна, паколькі ў цэлым не люблю «кантачыць» і выходзіць за межы правілаў, але ў выпадку з братам гэта будзе не больш непрыемна, чым з любым іншым чалавекам.

— Усё правільна сказаў, – згаджаецца Антон.

— Калі менавіта Вы пачалі займацца каратэ?

— У пяць гадоў. Можа, нават у чатыры. І з таго часу мы разам і трэніруемся. – Адказваюць браты.

— З пяці гадоў мы без перапынку трэніраваліся да класа сёмага. – Кажа Сяргей.

— Не, да дзясятага. — Да якога дзясятага? — Ну, да дзявятага… — Я б не сказаў, што гэта можна было назваць трэніроўкай без перапынку. — Ну добра. Да восьмага – дакладна. — Ну … так, да восьмага, напэўна.

(Назіраць за міні-канфліктам і знаходжаннем кампрамісу братоў-блізнят было займальна не ў апошнюю чаргу таму, што яшчэ нейкія хвіліны да нашай размовы яны стаялі на татамі твар у твар. Вось пастаў іх цяпер зноў – хто знае, якім будзе вынік?)

– То бок, да гэтага часу гэта былі нармальныя трэніроўкі, – працягвае Сяргей. – Потым той клуб, у якім мы займаліся, трохі «рассмактаўся», затым разваліўся.

– Да таго ж, мы пачалі тады ўзмоцнена вучыцца – дапаўняе Антон.

– Так, мы вельмі моцна былі зацікаўленыя ў вучобе, і трошкі зусім, літаральна па разу на тыдзень займаліся з нашым тагачасным трэнерам, каб проста неяк заставацца ў форме і не забываць, што да чаго… і нейкія, магчыма, новыя цікавыя прыёмы спрабаваць. Але гэта былі нават не зусім заняткі каратэ, там былі прыёмы і з класічнага, і з тайскага боксу, што-нішто з рукапашнага бою – такая вось зборная сістэма. Проста… нам усё гэта было проста цікава.

— На спаборніцтвах па каратэ кантакт абмежаваны. А ў боксе, у тайскім боксе спартсмены рубяцца ў поўны кантакт. Ці не ўзнікае часам дзякуючы Вашаму вопыту жаданне «прабіць» суперніку?

— Не, – упэўнена адказвае Сяргей. – Мы зусім няшмат займаліся гэтымі прыёмамі, таму яны не адпрацаваліся.

— Ды і наогул гэта неяк жорстка гучыць, – перахоплівае ініцыятыву Антон. – Асабіста я ўвогуле супраць кантакту ў каратэ. Я маю на ўвазе, кантакт павінен быць, але зусім лёгкі, абмежаваны.

— Вельмі абмежаваны. Проста каб пазначыць ўдар.

— Ну вось у боксе ёсць кантакт. І часта прафесійныя баксёры – з дрэнным зрокам, з хворай галавой. Каму яно патрэбна?

— Так, каратэ – гэта, напэўна, самае гуманнае адзінаборства, бо тут якраз-такі не так моцна б’юць, і таму можна сумяшчаць заняткі з якой-небудзь інтэлектуальнай дзейнасцю.

— У рэшце рэшт, можна ў ката пайсці, там можна наогул праціўніка не закрануць ні разу.

— Скажыце мне цяпер, калі ласка, такую рэч. Вось Вы, Сяргей, пераможца ўсяго турніру, і кубак Ваш. Гэта першы кубак?

— Так, гэта першы кубак у маёй калекцыі. Да гэтага былі толькі медалі.

— І як гэта – атрымаць яго? Пяць этапаў, і на кожны – як на першы…

— З аднаго боку, я ўсведамляю, што ў прынцыпе ў горадзе Мінску напэўна ёсць каратысты, якія такі кубак заслугоўваюць значна больш, чым я. Вось ёсць напрыклад, клуб «Волат». Там вельмі шмат моцных хлопцаў, яны і на міжнародныя спаборніцтвы пастаянна ездзяць. Раней яны таксама наведвалі МГЛК, але нешта ў апошні час іх тут не відаць. Але калі б яны, скажам, тут былі, то мне вельмі добра зразумела, што я б заняў месца другое, трэцяе – пасля іх ужо. Але з іншага боку – як гэта, мець кубак… я не ведаю, у мяне змешаныя пачуцці. Дадзены кубак не настолькі сур’ёзны, як, напрыклад, кубак міжнародных спаборніцтваў, або такой, які разыгрываўся б сярод усіх каратыстаў Мінска. Але гэта таксама вельмі значная ўзнагарода.

— А ці ўдзельнічалі Вы ў вялікіх спаборніцтвах рэспубліканскага ўзроўню?

— Так, Калісьці даўно, калі мы яшчэ маленькія былі, мы ўдзельнічалі ў іх. – Адказвае Сяргей. – Былі, напрыклад, спаборніцтвы ў Гродна, на якія мы пастаянна ездзілі. Вось ёсць яшчэ вельмі буйныя спаборніцтвы, восенню праходзяць, Sanker Cup называюцца. Я там неяк бронзавы медаль ўзяў – дагэтуль дома ляжыць, вялікі такі.

— А ў чым наогул розніца паміж спаборніцтвамі гарадскога ўзроўню і спаборніцтвамі узроўнем вышэй? Ну, зразумела, што супернікі падбіраюцца адпаведныя. Але ці ёсць розніца ў судзействе?

— Мне здаецца, што не. Таму што, напрыклад, на дадзеных спаборніцтвах судзейства вельмі добрае. Суддзі тут – гэта майстры спорту міжнароднага класа, людзі вельмі кваліфікаваныя, якія вельмі шмат часу прысвяцілі каратэ. Я думаю, што судзейства на розных узроўнях не адрозніваецца. Але розніца паміж гэтымі самымі ўзроўнямі, тым не менш, сур’ёзная. На спаборніцтвах рэспубліканскага ўзроўню – там вельмі шмат праціўнікаў, і куды большую значнасць набываюць твае «агульныя» напрацоўкі. Таму што на спаборніцтвах узроўнем ніжэй, калі ў тваёй вагавай катэгорыі адныя і тыя ж людзі, то ты да іх прывыкаеш і, можа быць, прыдумваеш, як і што з імі рабіць, як менавіта змагацца. З-за гэтага можа скласціся аднабокае бачанне паядынку. А на буйных спаборніцтвах – там ты не ведаеш, на каго ты трапіш. Ты чалавека гэтага не бачыў раней, і нават не ўяўляеш, што ён можа. Магчыма, гэта таксама стварае дадатковыя складанасці.

— Ці плануеце Вы далей развівацца ў каратэ?

— Так! – Адказваюць браты разам.

— А ў якім плане будзеце расці? Вось кубак Мінскай гарадской лігі ў Вашай сям’і ўжо ёсць. Патрэбна Рэспубліка, патрэбны свет?

— Я планую развівацца асобасна, а не імкнуцца да якіх-небудзь узнагарод, – адказвае Антон. Перада мною не стаіць такой мэты – ўдзельнічаць у нейкіх больш высокіх спаборніцтвах. Але вось на мінулым этапе Лігі я, напрыклад, не ўзяў ні аднаго бала. На гэтых спаборніцтвах я ў адным паядынку выйграў, у іншым ўзяў адзін бал. Вось калі я ў наступных спаборніцтвах выйграю ўсе паядынкі ці, па меншай меры, большую іх частку – тады я адчую, што вырас. Вось што я маю на ўвазе, калі кажу, што збіраюся расці.

— Скажыце, Антон, а ці даводзілася Вам змагацца з супернікамі большай вагавай катэгорыі? Не ў «абсолютцы» я маю на ўвазе, а проста паслядоўна змагацца з больш цяжкімі апанентамі?

— Калісьці даводзілася, але гэта даўно было.

— У чым складанасць такога паядынку, а ў чым ён прасцей?

— Звычайна больш цяжкія апаненты не такія хуткія. Сёння, напрыклад, пасля нашай катэгорыі была катэгорыя рабят 16-17 гадоў. Яны былі вельмі лёгкія – і проста вельмі хуткія. У каратэ хуткасць наогул вырашае значна больш, чым сіла. Чалавек больш «рухомай канструкцыі» ў гэтым спорце дакладна знаходзіцца ў выйгрышы.

— Мяне яшчэ вось што цікавіць. Пакуль сёння спаборнічалі нашыя спартсмены, ніхто не зрабіў ніводнага чыстага кідка. Наколькі, на Вашу думку, «вырашае» ў каратэ кідковая тэхніка?

– Раней у каратэ былі больш лаяльныя правілы ў адносінах да кідковых тэхнікі, – адказвае Сяргей.

– У прыватнасці, можна было двума рукамі хапаць суперніка.

– У прыватнасці, так. І гэта было досыць распаўсюджана. На спаборніцтвах пастаянна хто-небудзь каго-небудзь кідаў.

– Памятаю спаборніцтвы Sanker Cup, якія былі два гады таму. Яны якраз восенню праходзяць, а я тады яшчэ на першым курсе, неспрактыкаваны быў – і вось прыйшоў туды. І я здзівіўся таму, што амаль у кожным паядынку быў такі момант, калі апаненты станавіліся адзін насупраць аднаго, хапаліся – і пачыналі дужацца. Мне гэта не спадабалася, таму што… ну, на маю думку, гэта не выглядае прыгожа, у гэтым няма нейкай эстэтыкі. Гэта проста барацьба нейкая. Увогуле-то, мне падабаецца ўвядзенне новых правілаў, у якіх на барацьбу робіцца вельмі маленькі акцэнт.

– А якія віды спорту Вам падабаюцца акрамя каратэ?

– Ну вось мне падабаецца плаваць, напрыклад, – адказвае Сяргей. – Бегаць таксама прыемна, лёгкая атлетыка таксама мне імпануе – хоць не як спорт, а як…

– … Від дзейнасці, скажам так.

– І апошняе пытанне. Што плануеце рабіць летам пасля здачы экзаменаў? Адпачываць або трэніравацца?

– Калі будуць трэніроўкі, вядома, будзем хадзіць. У чэрвені яшчэ трэніроўкі ў клуба ёсць. Можа, будзем бегаць, хадзіць на турнікі. Проста летам, калі не будзе вучобы, будзе больш магчымасцяў схадзіць на трэніроўку. Думаю, што гэтым шанцам мы скарыстаемся. Але зараз мы вельмі занятыя па вучобе.

У такім выпадку жадаю Вам паспяхова здаць сесію!

Пасля спаборніцтваў ўдалося зрабіць групавое фота ўсіх членаў каманды разам з галоўным трэнерам:

Вось так ярка, смела, вынікова і запамінальна скончыліся спаборніцтвы Мінскай гарадской лігі каратэ для спартсменаў БДУ. Спаборніцтвы – але не план работы на навучальны год. Бо неўзабаве каратыстаў чакае не менш сур’ёзнае выпрабаванне. Выпрабаванне, прызванае ацаніць якасць працы на значным часавым адрэзку – здача на пояс. Таму расслабляцца каратыстам клуба «Фудасін» пакуль яшчэ рана.

Сяргей Маеўскі

print

Вам таксама можа спадабацца: