Вязынка – 2016: феерыя паэзіі, натхнення, маладосці

17 Jun, 2016.

e4t1OpVbSGg

 

Май. 1976 год. Цудоўнае надвор’е. Па вуліцах Мінска крочыць гра­мада вясёлых, бадзёрых маладых людзей. Відавочна, што яны захопленыя нейкай сумеснай дзейнасцю, бо на іх тварах ззяюць усмешкі, іх вочы гараць. «А хто там ідзе, а хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе?» Студэнты філфака БДУ! Яны збіраюцца ў Вязынку, на радзіму песняра Беларусі – Янкі Купалы, каб ушанаваць яго памяць, а таксама файна правесці час сярод сяброў, надыхацца духмяным паветрам і палюбавацца прыгожымі краявідамі.

Мінула шмат гадоў. Многае змянілася, але і сёння Вязынка – феерыя паэзіі, натхнення, маладосці, і так жа, як і раней, яна прыцягвае ўвагу і філолагаў, і студэнтаў іншых факультэтаў БДУ.
Вязынка штогод збірае вялікую колькасць філфакаўцаў і іх сяброў. Вось і сёлета 21 мая ў вёсачцы пад Маладзечнам стаяў вясёлы гоман. Акрамя студэнтаў філфака, мера­прыемства наведалі навучэнцы гіст­фака, юрфака, геафака, хімфака, ФМА, ФФСН. Удзельнікамі «Вязынкі – 2016» сталі і іх дэканы. Упершыню ў госці да філолагаў у Вязынку завіталі курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. aHfwtMN1oSA
Свята традыцыйна пачалося з выканання студэнтамі гімна Haudeamus. Пасля на імправізаваную сцэну ля хаты Янкі Купалы выйшлі бадзёрыя вядучыя – Вікторыя Мі­хеенкава і Раман Бабак паведамілі, што сёлетняя Вязынка сімвалічная па многіх прычынах. Па-першае, 2016 год абвешчаны «Годам культуры» ў Беларусі. Па-другое, сёлета адзначаецца 95-годдзе з дня заснавання БДУ. Па-трэцяе, год знамянальны яшчэ і двайным юбілеем самой Вязынкі: першы злёт студэнтаў-філолагаў адбыўся на ра­дзіме песняра ў 1976 годзе, а ў 2006 годзе адроджаная акцыя набыла статус агуль­на­ўніверсітэцкай. Больш за тое, 100 гадоў та­му Янка Купала ўзяў шлюб з Уладзіславай Станкевіч, якая стала яго вернай спада­рожніцай на ўсё жыццё.
Павіталі ўдзельнікаў мерапрыемства піянеры і ветэраны «вязынкаўскага руху» старшыня міжнароднага фонду імя Янкі Купалы, вядучы купалазнаўца, прафесар Вя­часлаў Рагойша і дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Уладзімір Кароткі. Яны аддалі даніну памяці беларускаму песняру, падкрэслілі значэнне яго дзейнасці для развіцця не толькі нацыя­нальнай культуры, але і менталітэту бела­русаў, а таксама падзяліліся ўласнымі ўспамінамі пра ранейшыя Вязынкі і пажа­да­лі юнакам і дзяўчатам і далей прыязджаць на радзіму Янкі Купалы, каб адпачыць душой і целам.
Павітаў удзельнікаў мерапрыемства прарэктар БДУ па навуковай рабоце Васіль Сафонаў. Дэканы юрыдычнага, гіс­тарыч­на­га факультэтаў, факультэта міжнародных адносін і факультэта філасофіі і сацыяльных навук выказалі захапленне каларытам Вя­зынкі і зачыталі супольна зна­каміты купа­лаўскі верш «Спадчына».

O3n7nHxOfQM

Дэканы Віктар Шадурскі, Вадзім Гігін, Сяргей Балашэнка і Сяргей Ходзін чытаюць купалаўскую «Спадчыну»

Распачаўся канцэрт. На сцэну выходзілі студэнты філалагічнага факультэта і прад­стаўлялі свае творчыя нумары – вершы, песні. Курсанты Беларускай дзяржаўнай ака­дэміі авіяцыі ўразілі прысутных сваім баявым мастацтвам. Сапраўдны фурор выклікалі выступленні нашых замежных сяброў. Студэнты з Туркменістана пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры англійскага мовазнаўства Марыяны Груздзіловіч выканалі беларускія народныя песні «Позірк дзявочы» і «Кацілася чорная галка». Навучэнцы з Кітая парадавалі гледачоў пранікнёным выкананнем знакамітага твора ансамбля «Песняры» – «Белавежская пушча», а таксама прадставілі танец «Удзячнае сэрца», прысвечаны Беларусі і БДУ.
Пасля канцэрта ўсе рушылі да помніка Янку Купалу, дзе адбылося ўскладанне кветак. А затым «вязынкаўцы» дружна пакро­чылі на «гару Парнас», дзе іх ужо чакала насычаная праграма – турсцяжына, пенальці дэкану, валейбол і іншыя ці­ка­восткі, а таксама смачная «каша ад рэктара».
Удзельнікі свята вярталіся дадому з новымі сіламі, узрушаныя і задаволеныя. Гэта не дзіўна, бо сама атмасфера Вязынкі прасякнута духам паэзіі, абуджае да творчасці. Маляўнічыя краявіды, у якія быў улюбёны Янка Купала, не могуць пакінуць абыякавымі маладых і натхнёных спад­чыннікаў пісьменніка. Хто ведае, можа, пасля Вязынкі беларуская літаратурная скарбонка папоўніцца новымі імёнамі?..
Надзея ДЗЯМІДКА

Яшчэ больш фота тут

f6lo2JC22eA

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *