«Мала які ўніверсітэт можа пахваліцца сваім студэнцкім гімнам…» Alen Hit і Анжаліка Пушнова распавялі аб тым, як ствараўся This is BSU (+музыка i відэа)

12 Jul, 2016.

Alen Hit Анжелика Пушнова This is BSU

Не так даўно Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт абзавёўся сапраўдным другім гімнам. Песня This is BSU гучыць на кожным канцэрце БДУ і стала для студэнтаў родным і стыльным хітом! І на канале Youtube стаў папулярны кліп песні. У ім бралі ўдзел студэнты, якія выступалі на фэсце эстрады БДУ, і ён набраў ужо больш за 14 тысяч праглядаў. Як стваралася зараз ужо ўсім знаёмая песня нашай альма-матар, мы даведаліся ў аўтара і выканаўца Алега Шчуцкага (Alen Hit). Падзялілася ўражаннямі і Анжаліка Пушнова, таксама адна з выканаўцаў This is BSU.

Alen Hit This is BSUАлег Шчуцкі (Alen Hit), студэнт 4 курса факультэта сацыякультурных камунікацый.

— Як прыйшла ідэя напісаць для БДУ песню? Ці была яна ў вас запланавана?

— Ідэю напісаць студэнцкі гімн БДУ мне падказалі ва ўпраўленні па справах культуры БДУ. Мне спадабацца гэта задума – чаму б і не. Ужо шмат гадоў я заўсёды знаходжуся ў эпіцэнтры культурных падзей нашай ВНУ, таму напісаць гімн – гэта вельмі сімвалічна. Насамрэч песня ўжо была гатовая і прадстаўлена на фэсце эстрады БДУ 2015 года. З гэтай песняй мы адкрылі і “Віват, студэнт–2015”, але толькі праз год на фэсце эстрады–2016 прадставілі студыйную версію песні.

— Як вы выбіралі тых, з кім яе праспяваеце?

— БДУ багаты на таленты. Нашы студэнты вядомыя не толькі ў сценах роднага ўніверсітэта, але і за яго межамі і нават на вялікай сцэне. Я ведаю і  падтрымліваю адносіны са шматлікімі таленавітымі студэнтамі, таму абраць, з кім спяваць гімн, было неверагодна складана. Улад, Анжаліка і Валя – гэта тыя людзі, якія з’яўляюцца тварам і голасам нашай альма-матар – мы з імі часта бачымся і працуем на канцэртных пляцоўках і здымках, таму, я думаю, выбар салістаў абгрунтаваны.

— Спадабаўся Вам кліп? Можа, хацелі штосьці змяніць?

— Кліп, які з’явіўся ў сетцы, – гэта ролік, падрыхтаваны для фэсту эстрады–2016. У ім прынялі ўдзел удзельнікі конкурсу. Насамрэч гэта толькі пачатак… Усіх карт раскрываць не буду, але ў творчага саюза БДУ ёсць задумка… Так што пакіну вас у здагадках :)

— Заінтрыгавалі, будзем чакаць навін. А ці была нейкая глабальная мэта ў This is BSU?

— Я думаю, усё, чаго мы хацелі дасягнуць гімнам, мы дасягнулі. У нас ёсць сучасная модная песня, якую не сорамна паказаць сябрам… Ды і мала які ўніверсітэт можа пахваліцца сваім студэнцкім гімнам – у нашым універсітэце ідзе велізарная падтрымка таленавітай моладзі, таму мы можам сабе гэта дазволіць.

Гімн яшчэ больш аб’яднаў усіх студэнтаў – гэта неверагодна, але ён ужо на слыху, яго напяваюць і заўсёды цёпла прымаюць.

Вядома, гэта вялікая інфармацыйная нагода і для самога ўніверсітэта. Увогуле, пацярпелых ад нашай задумы няма – усе ў плюсе.

— Парадуеце нас сваімі новымі песнямі? Можа, у планах ёсць канцэрты з вашым удзелам, пра якія Вы б хацелі распавесці?

— Што да маёй асабістай кар’еры, то ў мяне ўсё складаецца добра: пішу новыя песні, якраз цяпер шмат студыйнай працы, шмат здымак і канцэртаў. Усю падрабязную інфармацыю можна знайсці тут: vk.com/alenhit.

1 верасня ў Палацы спорту абяцаю прадставіць што-небудзь новае. А пакуль лета, усе адпачываюць пад песню “Пад сонцам”. Усім добрага настрою!

 

Alen Hit Анжелика Пушнова This is BSUАнжаліка Пушнова, студэнтка 2 курса Інстытута журналістыкі.

— Анжаліка, як Вам прапанавалі праспяваць студэнцкі гімн?

— Прапанавалі праспяваць яшчэ тады, калі песня была наогул падчас напісання. УДК БДУ і, у першую чаргу, Алег асабіста (Alen Hit). Першапачаткова склад быў троху іншым, але з часам адбыліся некаторыя змены.

Не ведаю, як яны выбіралі выканаўцаў і чаму абралі менавіта мяне, на той момант я ўдзельнічала ў фэсце эстрады. Напэўна, там сябе і зарэкамендавала:

— Не пашкадавалі, што прынялі прапанову?

— Зусім не. Адрэагавала адразу вельмі добра і цяпер заўсёды рада выканаць гімн свайго ўніверсітэта. Класна, калі разам з табой яго падпяваюць і ўсе астатнія студэнты БДУ. Выконвалі гімн ужо не адзін раз, з кожным выступленнем можам штосьці ўдасканальваць у сваіх партыях, троху змяняць, але асноўны пасыл не змяняецца.

— Як працавалася з калектывам падчас здымак кліпа і запісу песні?

— Мы адразу пачалі працаваць “у адной танальнасці”, ужо на першых рэпетыцыях стала ясна, што каманда ў нас выдатная, ды і наогул, заўсёды лёгка і прыемна працаваць, калі звязвае агульная справа.

Асаблівых праблем не ўзнікла, усё прайшло пазітыўна і хутка. Вядома, мы троху дурэлі, смяяліся, але больш за ўсё мы імкнуліся, каб кліп быў цёплым і шчырым. Спадзяёмся, у нас атрымалася!

Аліна ДАШКЕВІЧ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: