Дзень вышыванкі: родныя ўзоры на вуліцах Мінска (+відэа)

8 Jul, 2016.

"День вышиванки" в Минске 2 июля 2016 г.

2 ліпеня напярэдадні Дня Незалежнасці ў Мінску прайшоў Дзень вышыванкі, на якім сабраліся аматары беларускай творчасці. Арганізатарамі свята сёлета выступілі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Мінгарвыканкам і Міністэрства культуры.

Святкаванне пачалося апоўдні з выставы беларускіх майстроў народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе кожны ахвотнік мог не толькі набыць сабе што-небудзь на памяць, але і самому навучыцца рабіць разнастайныя сувеніры. Час ад часу можна было ўбачыць, як хтосьці чаканіць манетку альбо робіць ляльку з саломы. Каля адной з палатак, адразу на вуліцы, жанчына ў нацыянальным адзенні ткала рэчы на станку, чым уразіла многіх мінакоў. А каб у такі важны для кожнага беларуса дзень быць яшчэ бліжэйшымі да сваёй краіны, мінчанам і гасцям сталіцы прапаноўвалі пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні.

"День вышиванки" в Минске 2 июля 2016 г.

Яркай падзеяй дня стаў арт-парад удзельнікаў мерапрыемства, якія горда ішлі па дарозе са сцягамі ў руках. Тут можна было ўбачыць і чэрлідараў, і рыцараў, і прадстаўнікоў розных субкультур, і ўдзельнікаў творчых і фальклорных калектываў, што пасля зладзілі канцэрт, на якім выконвалі песні выключна на беларускай мове. У парадзе таксама бралі ўдзел рэтра-машыны і байкеры, якія ласкава пагаджаліся пракаціць усіх ахвотных.

"День вышиванки" в Минске 2 июля 2016 г.Практычна ў гэты ж час пачалі сваю працу і члены БРСМ. Саюз моладзі прапаноўваў паспрабаваць свае сілы ў веданні нашай краіны. За правільныя адказы ўдзельнік атрымліваў прызы: стужкі з нацыянальным арнаментам, магніты з выявай на іх славутасцяў Беларусі, нататнікі. Заданні былі розныя: ад рэбусаў да перакладу слоў на беларускую мову. Дадзенае мерапрыемства сабрала даволі шмат людзей.

У гэтую суботу члены БРСМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта таксама арганізоўвалі на свяце сваю інтэрактыўную пляцоўку – боды-арт-салон “Родныя ўзоры”. Прадстаўнікі нашага ўніверсітэта малявалі аквагрымам на руках гасцей мерапрыемства нацыянальны арнамент і раздавалі стужкі-вышыванкі.

“Мэты гэтага мерапрыемства былі куды шырэйшыя, чым проста пакрасавацца ў вышыванках адзін дзень, – адзначае сакратар БРСМ БДУ Канстанцін Андрусевіч. – На мой погляд, свята здольнае развіць нацыянальнае адзінства беларусаў, папулярызаваць нашу нацыянальную спадчыну”.

 

"День вышиванки" в Минске 2 июля 2016 г.Цікава было паглядзець і на інтэрактыўныя экспазіцыі тэматычных пляцовак-прэзентацый ад абласцей і горада Мінска. Наогул, кожны мог знайсці сабе занятак даспадобы, пачынаючы з прагулкі на катамаране і заканчваючы танцамі пад адкрытым небам.

"День вышиванки" в Минске 2 июля 2016 г.«Хацелася, каб такія святы штогод арганізоўваліся і праводзіліся не толькі ў сталіцы, але і ў кожным рэгіёне, бо ў Беларусі склалася свая практыка і тэхніка вышыўкі, свае традыцыі, песні, танцы, праз якія трэба працягваць аб’яднаць грамадства. І важна, каб гэта стваралася з удзелам сучаснай моладзі і рукамі моладзі. Вось тады мы ўсё захаваем і прымножым», – дадае Канстанцін Андрусевіч.

"День вышиванки" в Минске 2 июля 2016 г.

Фінальным акордам Дня вышыванкі 2 ліпеня стала дыскатэка Disco-folk «Вышыванка.by» і «Бітва дыджэяў», у якой біліся найлепшыя дыджэі краіны. Напрыканцы свята мінчан чакаў салют, які азнаменаваў удалае завяршэнне дня.

"День вышиванки" в Минске 2 июля 2016 г.

 
Ксенія КУЛІКОВА

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *