Ад дыпломнай працы да “Канскага льва”: выпускніца БДУ заваявала “Срэбнага льва” на прэстыжным фестывалі рэкламы

21 Jul, 2017.

Зусім нядаўна ў БДУ з’явілася яшчэ адна падстава ганарыцца сваімі выпускнікамі. З 17 па 23 чэрвеня прайшоў самы прэстыжны фестываль крэатыву – Cannes Lions 2017. Упершыню за 12 гадоў Беларусь можа пахваліцца «Львом». Усё дзякуючы графічнаму дызайнеру Ангеліне ПІСЧЫКАВАЙ, выпускніцы кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ. Ангеліна стварыла незвычайныя ўпакоўкі для лямпачак, ідэя якіх вырасла з дыпломнага праекта.

Крыху больш года таму Ангеліна была самай звычайнай студэнткай: рыхтавалася да выпуску і думала пра будучую кар’еру. Гісторыя праекта пачалася 15 чэрвеня – дзень, калі ў дзяўчыны праходзіла абарона працы. За сваю дыпломную працу студэнтка атрымала 10 балаў. Як і любы праект, праца пачалася з даследавання. Ангеліна ўспамінае, як шукала заказчыка, вывучала кліента і прадукцыю. Уся гэтая інфармацыя заклала падмурак для пабудовы асацыятыўных сувязяў, якія ляглі ў аснову ідэі супастаўлення формаў лямпачак і розных прадметаў. Як элемент дызайну былі абраныя электрычныя ланцугі. У ходзе працы графічная мова была зменена, але канцэпцыя засталася той жа. Вывучаючы дадатковую інфармацыя, студэнтка знайшла артыкул, пра амерыканскага вынаходніка Томаса Эдысана. Ён параўноўваў лямпачку са светлячком як крыніцай ідэальнага халоднага святла.

Ангеліна распавядае: «Тады ў мяне нарадзілася ідэя супаставіць лямпачкі з рознымі насякомымі».

Праз тры месяцы пошукаў працы выпускніца трапіла на субяседаванне. «Твае жукі, на самай справе, вельмі класныя, але мы цябе не бярэм», – адказалі тады дзяўчыне. Пасля гэтага Ангеліна наважыла апублікаваць свой праект у інтэрнэце, на галіновым рэсурсе Behance. Пад канец месяца ён набраў мноства публікацый на ўсіх прафесійных рэсурсах. Часопіс Wierd уключыў яго ў спіс 9 лепшых дызайнерскіх рашэнняў для звычайных рэчаў, і ўсе беларускія рэсурсы пачалі пісаць пра яго. Пасля ўсяго гэтага стала зразумела, што праца валодае патэнцыялам. Заказчык пачаў рэалізацыю. Была выпушчана пробная партыя ўпаковак, а ўжо цяпер у Кітаі ідзе стварэнне «жучкоў».

28 сакавіка дзяўчына апублікавала новы кейс ў тым выглядзе, у якім пазней прадставіла яго на фестывалі. Была зменена ілюстрацыя, але канцэпцыя ўзаемадзеяння прадукту з персанажам засталася. Таксама на ўпакоўку былі дададзеныя графічнае афармленне элементаў у стылі электрычных ланцугоў, піктаграма жука – эквівалент лямпы напальвання, нумар адпаведны артыкулу лямпачкі ў лінейцы. 29 красавіка прайшоў першы фестываль, у якім паўдзельнічала гэтая праца, – «Белы квадрат». Праект атрымаў Гран-пры і першае месца ў катэгорыі ўпаковак нехарчовых тавараў. Пасля фестывалю, адзін са спікераў параіў паспрабаваць свае сілы на «Львах». Ангеліне пазней прыйшлося звяртацца ў тэхнічную падтрымку, так як тэрміны падачы заявак ўжо скончыліся.

21 чэрвеня былі абвешчаныя вынікі: «Срэбны леў» у катэгорыі «Дызайн» дастаўся беларускім удзельнікам.

Ангеліна дзеліцца: «Выкладчыкі вельмі паўплывалі на фарміраванне майго прафесійнага шляху». Натуральна, спыняцца ў сваіх творчых дасягненнях выпускніца не збіраецца, яна гатовая працягваць развівацца, вучыцца новаму.

І галоўнае, што хацела данесці Ангеліна: «Заўсёды трэба верыць у сябе і рабіць сваю працу добра».

Аляксандра СТРАХ

print

Вам таксама можа спадабацца: