Студэнты журфака расказваюць пра сваю практыку

21 Jul, 2017.

З самага першага курса студэнты Інстытута журналістыкі БДУ ўжываюць на практыцы атрыманыя за семестры веды. Практыка дае студэнтам магчымасць канчаткова пераканацца ў правільнасці зробленага ім выбару і дазваляе ВНУ падрыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў. Акрамя таго, калі студэнты зарэкамендуюць сябе, то могуць разлічваць на працаўладкаванне. Як і ў якіх арганізацыях праходзяць практыку расказалі студэнты першага курса спецыяльнасці “Інфармацыя і камунікацыя”.

Паліна ЗУБАРЫК, праходзіць практыку ў «ПарадАўто»:
– Я пайшла праходзіць практыку менавіта сюды, бо кампанія дае магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці спецыяліста па рэкламе ў трох сферах: продаж аўтамабіляў, іх сэрвіснае абслугоўванне, пастаўка запчастак. З першага дня я акунулася ў сферу маркетынгу і рэкламы, распрацоўваючы банеры для машыны КамАз. Далей перада мной ставіліся задачы больш складаныя, такія як маркетынгавы аналіз, дамоўленасці аб размяшчэнні аўдыёрэклам у буйных гандлёвых цэнтрах Мінска. Для мяне гэта магчымасць атрымаць вопыт і праявіць сябе, пачаць ствараць сваё партфоліо, што дапаможа мне ў далейшым пры ўладкаванні на працу. На першым курсе я недастаткова падрабязна ўяўляла аб’ём работы, з якім даводзіцца сутыкацца адмыслоўцам. Многія веды, атрыманыя за першы год навучання ва ўніверсітэце, мне спатрэбіліся на практыцы, але ведаў у некаторых абласцях маркетынгу мне не хапае. Гэта дае выдатную матывацыю старанна вучыцца ў наступныя навучальныя гады.

Алена КАЛІНА і Аляксандр ДАБРАНАЎ, праходзяць практыку ў UNICEF:
– На базе Інстытута журналістыкі БДУ штогод праводзіцца Міжнародны адкрыты студэнцкі камунікацыйны форум «PR-кветка». Мы вырашылі на ей прадставіць свой праект. Яго тэматыка супадала з дзейнасцю UNICEF, паколькі ў праекце мы раскрывалі праблему ўзаемаадносін бацькоў і іх дзяцей. Пасля прэзентацыі да нас падышла дзяўчына, валанцёр UNICEF, і сказала, што яе ўразіў наш праект. На наступны дзень мы былі ўжо не ў якасці выступоўцаў, а валанцёраў! Падчас валанцёрства мы пазнаёміліся з супрацоўнікамі UNICEF у Беларусі з камунікацыйнага аддзела і вырашылі, што практыку будзем праходзіць менавіта ў гэтай арганізацыі.

Дзіцячы фонд ААН – міжнародная арганізацыя, якая займаецца абаронай правоў дзяцей у многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. У большай ступені UNICEF акцэнтуе ўвагу на вырашэнні пытанняў, звязаных з самымі ўразлівымі групамі: дзеці ва ўзросце да 8 гадоў; дзеці з інваліднасцю; тыя, хто застаўся без бацькоўскага клопату; складаныя падлеткі; ахвяры гвалту. UNICEF працуе разам з дзяржаўнымі органамі, грамадскімі і міжнароднымі арганізацыямі, прыватнымі кампаніямі, якія неабыякавыя да абароны дзяцей. І, зразумела, UNICEF падтрымлівае адносіны з самімі дзецьмі і іх бацькамі, каб палепшыць становішча ў Беларусі тых груп, якія маюць патрэбу ў падтрымцы.

На дадзены момант UNICEF рыхтуе маштабны праект, звязаны з унікальным сацыялагічным даследаваннем. Мы якраз і працуем з гэтым праектам.
Праца з сацыяльнымі сеткамі – неад’емная частка спецыяліста па інфармацыі і камунікацыі, гэта самы мабільны спосаб наладзіць кантакт са сваёй мэтавай аўдыторыяй. Таму мы займаемся распрацоўкай стратэгіі UNICEF ў Інтэрнэце. Акрамя таго, у нашыя абавязкі ўваходзіць падрыхтоўка матэрыялаў для афіцыйнага сайта UNICEF і старонак ў сацыяльных сетках. Таксама мы займаемся адаптацыяй англамоўных тэкстаў для мабільнага прыкладання Internet оf Good Things, якое ў хуткім часе будзе даступна карыстальнікам у Беларусі.
Таксама мы прысутнічаем на розных нарадах і прэзентацыях з супрацоўнікамі UNICEF. Гэта дазваляе нам крыху па-іншаму зірнуць на нашу прафесію і адзначыць для сябе ўсю карысную інфармацыю, якую можна атрымаць непасрэдна на працы. Практыка ў UNICEF дае вопыт, які абавязкова спатрэбіцца нам у будучыні.

Ксенія ГАНЧАРЫК, праходзіць практыку ў ARS Communications Minsk:
– Мой выбар зупыніўся менавіта на гэта агенцтва, так як я ўжо не раз чула пра яго ад студэнтаў і выкладчыкаў кафедры тэхналогій камунікацыі. Таксама мяне зацікавіў той факт, што тут працуе выкладчык нашай кафедры Раман Мікалаевіч Касціцын. У ARS Communications Minsk вельмі шырокі профіль дзейнасці. Сюды ўключаны як арганізацыя мерапрыемстваў, так і ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі структурамі. Заданні на практыцы мне не падаліся складанымі: зрабіць зводную табліцу, тэлефанаваць кліентам і гэтак далей. Таксама я займаюся пошукам інфармацыі на зададзеную тэму. Хачу адзначыць, што і калектыў у арганізацыі выдатны, малады, дружны, узаемадзейнічаць з ім лёгка. Думаю, практыка дапаможа мне не баяцца мець зносіны з людзьмі (асабліва пры кантакце па тэлефоне). Таксама я набыла навыкі дзелавой перапіскі і вядзення дакументацыі.

Аліна СЯМЁНАВА, праходзіць практыку ў Hepta Group:
– Я праходжу практыку ў рэкламным агенцтве Hepta Group. На рахунку агенцтва велізарная колькасць праектаў. Яно працавала з такімі брэндамі як МТС, Белавія, Нескафе. Hepta Group таксама займаецца такімі праектамі як BTL, digital, event-маркетынг, дызайн, PR-паслугі. Я першапачаткова вельмі хацела прайсці практыку менавіта ў гэтым агенцтве і іншыя варыянты нават не разглядала. У Hepta Group працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, я шмат чаму ў іх вучуся. Вядома, мне яшчэ не давяраюць весці сур’ёзныя справы, але, думаю, што ўсё яшчэ наперадзе. Мне тут падабаецца, вельмі цікава ўбачыць працу спецыяліста па рэкламе на практыцы, а не з тэорыі. На практыцы я шукаю промоперсонал на розныя праекты, тэлефаую магчымым партнёрам, дапамагаю іншым менеджэрам. Супрацоўніцтва з такім агенцтвам – гэта велізарны вопыт для будучай працы: здольнасць знайсці ўсё што заўгодна, уменне нестандартна мысліць і весці зносіны з прафесіяналамі ў галіне рэкламы і PR.

Алена КОЛАСАВА

 

print

Вам таксама можа спадабацца: