Міжуніверсітэцкае супрацоўніцтва з кітайскімі партнёрамі: вынікі і планы

22 Jun, 2023.

Новыя вектары супрацоўніцтва з кітайскімі ВНУ былі вызначаны падчас візіту ў КНР дэлегацыі БДУ на чале з рэктарам Андрэем КАРАЛЁМ.

Адным з буйных стратэгічных партнёраў БДУ, бясспрэчна, выступае Далянскі політэхнічны ўніверсітэт, супрацоўніцтва з якім развіваецца ў рамках падпісанага ў 2007 годзе пагаднення. На дадзены момант глабальным праектам стала адкрыццё сумесных інстытутаў ДПУ–БДУ і БДУ–ДПУ. Новыя кірункі супрацоўніцтва абмеркавалі падчас сустрэчы рэктары ВНУ Андрэй Карольі Цзя Чжэньюань.

Вынікі працы за мінулы навучальны год, план на найбліжэйшы перыяд і кадравыя пытанні былі разгледжаны падчас справаздачнага сумеснага пасяджэння двух інстытутаў. Бакі абмеркавалі перспектывы правядзення люстраных летніх школ на базе двух універсітэтаў і адкрыцця на базе
ДПУ–БДУ ў 2024/2025 навучальным годзе новай спецыяльнасці «фатоніка».

У РАМКАХ НАВЕДВАННЯ ДПУ ПРАЙШЛО ГАДАВОЕ ПАСЯДЖЭННЕ САВЕТА РЭСПУБЛІКАНСКАГА ІНСТЫТУТА КІТАЯЗНАЎСТВА ІМЯ КАНФУЦЫЯ (РІКК)
ЗА 2022-2023 ГАДЫ.

Дырэктар РІКК БДУ Анатоль Тозік прадставіў вынікі адукацыйнага і навукова-даследчага працэсаў у РІКК за 2022-2023 навучальны год і асноўныя задачы на будучы.

У ліку дасягненняў былі пазначаныя паспяховая падрыхтоўка школьных настаўнікаў кітайскай мовы, адкрыццё магістратуры «Методыка выкладання кітайскай мовы ва ўстановах адукацыі», распрацоўка новых навучальных праграм дадатковай адукацыі дарослых «Кітайскі традыцыйны жывапіс. Кветкі і птушкі» і «Кітайскі традыцыйны жывапіс. Жывёлы ўсходняга календара», арганізацыя міжнародных кваліфікацыйных экзаменаў, актыўная навукова-вучэбна-метадычная дзейнасць па забеспячэнні вывучэння кітайскай мовы ў Беларусі. Сярод вынікаў плённай працы былі адзначаныя манаграфія «Кітайская мова ў адукацыйнай прасторы Беларусі», сумесная праца з НАН Беларусі над акадэмічным Кітайска-беларускім слоўнікам, выданне школьных падручнікаў і зборніка «Канфуцый сказаў: 100 выслоўяў і думак вялікага Настаўніка па-беларуску» і інш. У гэтым навучальным годзе ў кабінетах Канфуцыя і цэнтрах вывучэння кітайскай мовы і культуры РІКК прайшлі навучанне каля дзвюх тысяч чалавек.

Паспяхова прайшлі адукацыйныя мерапрыемствы «Беларуская рэспубліканская студэнцкая алімпіяда па кітайскай мове», «Школа маладога кітаязнаўца», конкурс мастацкіх перакладаў з кітайскай на рускую і беларускую мовы «Зерцало слов» і інш.

Прыярытэтнымі задачамі на наступны год дырэктар РІКК назваў арганізацыю двухтыднёвай стажыроўкі ў ДПУ для 100 беларускіх настаўнікаў кітайскай мовы, распрацоўку новых праграм павышэння кваліфікацыі. Таксама РІКК працягне працу па развіцці дыстанцыйнай формы выкладання кітайскай мовы для максімальнага ахопу слухачоў з усіх рэгіёнаў Беларусі і блізкага замежжа.

У рамках пасяджэння адбыліся выбары членаў Савета РІКК. Ад беларускага боку абралі першага прарэктара Дзмітрыя Курловіча.

Як адзначыў Андрэй Кароль, РІКК БДУ з’яўляецца яркім прыкладам паспяховага партнёрства БДУ і ДПУ, а ў больш шырокім кантэксце – супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем у галіне адукацыі. Сёння БДУ падпісана больш за 90 пагадненняў аб супрацоўніцтве з кітайскімі ўстановамі адукацыі, 72% ад агульнай колькасці замежных навучэнцаў у БДУ складаюць кітайскія грамадзяне. Таксама кіраўнік ВНУ выказаў надзею, што беларуска-кітайскае партнёрскае ўзаемадзеянне ў галіне адукацыі стане яшчэ больш цесным і выніковым.

Праграма наведвання ДПУ ўключала таксама сустрэчу Андрэя Караля з кіраўніцтвам Цэнтра вывучэння Беларусі. Ён быў адкрыты ў 2019 годзе на базе названай кітайскай ВНУ з мэтай даследавання беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў галіне вышэйшай адукацыі, гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння дзвюх краін. Для ўмацавання бібліятэчнага фонду цэнтру падораныя навуковыя і навучальныя кнігі, выдадзеныя ў БДУ.

У БДУ СТВОРАЦЬ ЦЭНТР ПА ВЫВУЧЭННІ ДЗЕЙНАСЦІ ШАНХАЙСКАЙ АРГАНІЗАЦЫІ СУПРАЦОЎНІЦТВА (ШАС).

Такое рашэнне абумоўлена падпісаным у Кітаі пагадненнем аб адкрыцці ў БДУ даследчага цэнтра Кітайска-ШАСаўскай гандлёва-эканамічнай акадэміі Універсітэта Ціндаа. Подпісы пад дакументам паставілі рэктары Андрэй Кароль і Ся Дунвэй. Дадзеная падзея вельмі сімвалічная, паколькі адбылася ў дзень заснавання ШАС. Міжнародная арганізацыя была заснавана 15 чэрвеня 2001 года лідарамі Кітая, Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Кыргызстана і Узбекістана.

Цэнтр будзе працаваць на базе ФМА БДУ. Гэта ўзмоцніць эфектыўнасць аказання экспертнага садзейнічання распаўсюджванню інфармацыі аб дыялогавым партнёрстве Беларусь–ШАС, актывізуе развіццё эканамічных сувязяў, абменаў у сферы навукі, культуры і адукацыі. Цэнтр стане інтэлектуальнай пляцоўкай па правядзенні даследаванняў у галіне міжнароднай дзейнасці, гісторыі, права, гандлю, эканомікі і культуры ШАС. Плануецца таксама рэалізацыя буйных сумесных даследчых праектаў з удзелам Кітая ў галіне палітыкі, бяспекі, гандлю, інвестыцый, прамысловасці, энергетыкі, транспарту, фінансаў, малога і сярэдняга бізнесу, навукі і тэхналогій, экалогіі, развіцця чалавечых рэсурсаў і інш.

Функцыянаванне цэнтра ахопіць некалькі кірункаў. Адукацыйнае, навуковае, міжнароднае ўзаемадзеянне прадугледжвае правядзенне міжнародных канферэнцый, форумаў і выступленняў экспертаў для аказання інтэлектуальнай падтрымкі ШАС, краінам—удзельніцам праграмы «Адзін пояс, адзін шлях». Таксама пагадненне прапісвае арганізацыю акадэмічнага абмену студэнтамі для сумеснага навучання; распрацоўку праграм па сумеснай падрыхтоўцы спецыялістаў.

Падчас сустрэчы рэктараў Андрэя Караля і Ся Дунвэя адбылося абмеркаванне прадметнага напаўнення падпісанага ў 2022 годзе Мемарандума аб узаемаразуменні. У прыватнасці, размова ішла аб падрыхтоўцы кадраў найвышэйшай кваліфікацыі, арганізацыі сумеснага навуковага кіраўніцтва аспірантамі і дактарантамі. Вынікам сустрэчы стала падпісанне ВНУ яшчэ аднаго пагаднення аб праграме навучання за мяжой, дзе дэталёва адлюстраваны ўмовы абмену навучэнцамі.

Працягнулася тэматыка дзейнасці ШАС на пляцоўках Форуму народнай дыпламатыі, Форуму гарадоў-пабрацімаў ШАС і Форуму гуманітарных абменаў у галіне адукацыі ў г. Ціндаа. Яны прысвечаны пяцігоддзю з дня правядзення саміту ШАС у Ціндаа і накіраваны на паглыбленне адукацыйных абменаў сярод членаў гэтай арганізацыі. Вітаючы ўдзельнікаў, рэктар БДУ адзначыў важнасць форумаў для Беларусі, паколькі ў 2022 годзе пачалася працэдура прыёму краіны ў ШАС. «Упэўнены, што гэты форум адкрые новыя магчымасці для пашырэння адукацыйнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі», – рэзюмаваў Андрэй Кароль.

Са слоў рэктара, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт таксама ўносіць важкі ўклад у набліжэнне гэтай важнай для краіны падзеі. Ва ўніверсітэце навучаецца звыш трох тысяч кітайскіх грамадзян. Гэта 30 % ад усёй колькасці студэнтаў з Кітая, якія вучацца ў Беларусі. З універсітэтамі КНР БДУ рэалізуе шэсць сумесных адукацыйных праграм па дзевяці напрамках. За апошняе дзесяцігоддзе больш за 130 дэлегацый адукацыйных і навуковых устаноў, а таксама органаў дзяржаўнага кіравання Кітая наведалі БДУ.

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: