Танкі, войскі, “Паланэз”. Як студэнтка журфака ўдзельнічала ў парадзе на Дзень Незалежнасці

12 Jul, 2016.

Копия IMG_20160702_145730

3 ліпеня святкуецца Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Ці, як яшчэ яго клічуць, Дзень Рэспублікі. У гэтым годзе краіна адзначае 25-годдзе свайго суверэнітэту. Сёлета свята праходзіла, з невялічкімі зменамі,  у сваім традыцыйным фармаце: шэсце войскаў Мінскага гарнізона і тэатралізаваная пастаноўка, у якой удзельнічае моладзь з усёй Беларусі. У пастаноўцы прымаюць удзел студэнты і нашай альма-матар. Давялося трапіць у гэты лік і мне.

Рэпетыцыі пачаліся прыкладна за тры тыдні да самога мерапрыемства. Спачатку яны праходзілі  на футбольным манежы. Зразумела, што было вельмі цяжка: у пастаноўцы пад назвай “Са святам, любая Айчына” задзейнічана каля 2,5 тысяч чалавек. Яе сімвалізм заключаўся ў чысціні і светласці нашага народа. Спецыяльна для гэтага нам падрыхтавалі белыя касцюмы. Скажу шчыра, выглядала гэта эфектна. Сам жа танец складаўся з дзвюх частак. У першай мы танцавалі пад народную беларускую песню “Ой рана на Івана”, а ў другой музыка змянялася на песню, якую напісалі спецыяльна да свята. Такі пераход сімвалізуе мінулае, сучаснасць і будучыню беларускага народа.  Але цяжка было не фізічна, хутчэй маральна. Таму што складана было “ўліцца” ў гэты адзіны арганізм, стаць яго неад’емнай часткай. Але з цягам часу сітуацыя выпраўлялася.  Рухі нашага танца станавіліся больш упэўненымі, а нашыя трэнеры – задаволенымі вынікамі сваёй працы.

Копия IMG_20160702_150539

Невялікія цяжкасці нас чакалі пазней, калі рэпетыцыі перанесліся непасрэдна на вуліцу. Апошнія дні чэрвеня і на пачатку ліпеня ў Мінску стаяла невыносная спякота. Але яна адышла на другі план. І вось чаму: першыя рэпетыцыі праходзілі на футбольным манежы, то бок у будынку, а калі мы сталі танцаваць непасрэдна на тым месцы, дзе праходзіў парад, наступіла нейкая дэзарыентацыя, сталі праяўляцца хібы і недахопы. Напэўна, гэта было самай вялікай цяжкасцю за ўвесь час. Аднак і з гэтым мы таксама справіліся. За некалькі дзён рэпетыцый на вуліцы мы змаглі зрабіць нашу пастаноўку фактычна бездакорнай.

І вось настаў дзень Х. Мы, удзельнікі парада, пачалі збірацца на месцы правядзення свята значна раней за гледачоў. Цікава паназіраць, як задоўга да пачатку свята пачалі збірацца строі салдат, пад’язджала вайсковая тэхніка, а з усяго горада да стэлы “Мінск – горад-герой”  сцякаюцца невялічкія раўчукі гледачоў. Але нам было зусім не да лірычных захапленняў. Нашай задачай было стаць “разынкай” усяго парада, таму што сваім нумарам мы яго завяршалі. Чакалі мы свайго выхаду з нецярпеннем. Аднак прысутнічаў і элемент хвалявання: нельга было спасаваць перад вышэйшым кіраўніцтвам краіны і дзясяткамі тысяч гледачоў. Хваляванне адышло тады, калі пачаўся сам парад. Цікава было паназіраць за такой дзеяй з-за куліс. Тут табе на адлегласці выцягнутай рукі ідуць элітныя войскі нашай краіны, праязджае велічная ваенная тэхніка: найноўшыя танкі, ракетныя ўстаноўкі “Паланэз”, бронетранспарцёры. А калі паглядзіш на неба, то ўбачыш прыгожыя і стройныя кліны самалётаў і верталётаў.

За гэтай прыгажосцю час праляцеў вельмі хутка. І, нарэшце, прыйшла і нашая чарга паказаць свой нумар. Што адчуваеш у гэты час, словамі перадаць складана. Адказнасць, сабранасць і задавальненне – гэта толькі малая частка з усяго “букета” эмоцый. Асаблівую асалоду адчуваеш тады, калі разумееш, што на цябе глядзіць амаль уся краіна.

Удзел у такім мерапрыемстве – гэта вельмі цікава, але і складана. За нашай пастаноўкай стаіць вельмі шмат гадзін падрыхтоўкі , шмат страчаных нерваў і сіл. Аднак шкадаваць пра гэта, на мой погляд, не мае сэнсу, і калі камусьці з маіх чытачоў выпадзе магчымасць паўдзельнічаць у такім мерапрыемстве, то скажу, што адмаўляцца адназначна не варта: вынік вас не засмуціць.

Копия IMG_20160702_150548

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *