Беларуская мова ад Аўстраліі да Японіі. У Мінску прайшла міжнародная школа беларусістыкі (+відэа)

28 Jul, 2016.

Obschaya+++

Японка ў вышыванцы, беларускамоўныя замежнікі і бясконцыя абяцанні вярнуцца ў Беларусь – у Мінску скончыліся заняткі другой міжнароднай школы беларусістыкі.

Ужо другі год запар на базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы праводзіцца міжнародная школа беларусістыкі, арганізатарамі якой выступаюць непасрэдна РІВШ, у прыватнасці кафедра моладзевай палітыкі і сацыякультурных камунікацый, і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

IMG_2117++

У гэтым годзе заняткі ў школе працягваліся два тыдні. Вывучаць беларускую мову і культуру прыехалі 57 студэнтаў з 18 краін, сярод якіх Аўстралія, Англія, Польшча, Аўстрыя, Расія, Чэхія, Літва і нават Японія. Праграма школы разлічана на студэнтаў рознага ўзроўню — як на тых, хто ўжо валодае мовай, так і на пачаткоўцаў. У асноўным вучні былі падарожнікамі, якія зацікавіліся беларускай культурай, але былі і сапраўдныя студэнты, напрыклад, з Аўстрыі і Санкт-Пецярбурга. Прыехалі таксама прадстаўнікі кафедры беларусістыкі Варшаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

IMG_2154+++

Лідзія Іванаўна Сямешка, дырэктар школы беларусістыкі, распавяла пра праект: «Асноўная мэта нашага праекта — пазнаёміць замежных студэнтаў з беларускай культурай і гісторыяй, выкарыстоўваючы пры гэтым беларускую мову. Праводзячы заняткі, мы трымаліся нефармальнага падыходу. Кожны навучальны дзень падзяляўся на дзве часткі. Першая з іх працягвалася ў асноўным да поўдня і складалася з лекцый альбо практычных заняткаў, якія праводзілі спецыялісты з БДУ, МДЛУ, педінстытута. Усе лекцыі студэнты імкнуліся абмеркаваць, ніводная з іх не абыходзілася без вялікай колькасці дадатковых пытанняў да выкладчыка. Кожнаму казалі: “Прыходзьце яшчэ”, “Давайце яшчэ адну лекцыю”. А куды ж ужо болей? Кожны дзень па восем гадзін заняткаў! На адкрыцці школы мы казалі студэнтам, што яны могуць выбіраць лекцыі для наведвання. Але выбару яны не рабілі – хадзілі амаль на ўсе заняткі, што мы ім прапаноўвалі. У другой палове дня мы наведвалі гістарычныя музеі, тэатры, выставы. Былі і паездкі ў гістарычна значныя месцы Беларусі, напрыклад, Навагрудак, Мір. Я спадзяюся, што беларуская мова і надалей застанецца ў сэрцах студэнтаў нашай школы, хочацца верыць, што яны ўключылі маленькі фрагменцік беларускасці, нашай мовы і культуры ў сваё жыццё, і ён застанецца з імі назаўсёды».

Мары Асана+

Каб знайсці вучняў, арганізатары школы беларусістыкі дасылалі запрашэнні ў Міністэрства замежных спраў Беларусі, а яны ў сваю чаргу распаўсюджвалі іх па пасольствах краін, дзе існуюць суполкі беларускай дыяспары. Такія ж самыя запрашэнні атрымалі і некаторыя замежныя вышэйшыя ўстановы адукацыі.

Нельга не адзначыць, што школа працавала выключна дзякуючы валанцёрам і настаўнікам, якія бескарысліва пагадзіліся працаваць падчас лета. Сярод валанцёраў былі студэнты самых розных курсаў і розных вышэйшых навучальных устаноў, але ўсіх аб’яднала любоў да беларускай мовы.

На закрыцці школы студэнтка пятага курса філфака БДУ Марына Яраховіч атрымала больш за ўсіх апладысментаў ад замежных вучняў школы беларусістыкі.

«Мой матыў вельмі просты: я прыйшла сюды дзеля новых знаёмстваў і ўражанняў. Акрамя таго, я практыкавала сваю мову і таму атрымала вопыт, які мне спатрэбіцца, калі я стану выкладчыкам», — распавядае Марына. На пытанне, як яна даведалася пра школу, Марына адказала, што ва ўніверсітэт прыйшло паведамленне пра набор валанцёраў для міжнароднай школы беларусістыкі, і далей, каб стаць адной з іх, яна кантактавала з арганізатарамі.

Хлопцы з МДЛУ, Раман Сварабовіч і Арцём Аўдонін, таксама падзяліліся ўражаннямі ад працы ў школе: «Я зацікаўлены польскай мовай і культурай, — кажа Раман, — таму тут, сярод польскіх вучняў нашай школы, я здолеў папрактыкавацца ў маўленні. Пра школу нам распавялі нашы выкладчыкі, прапанавалі далучыцца. Мы пагадзіліся».

«Гэта ў першаю чаргу цікава. Новыя людзі, знаёмства, уражанні. Шанс камунікаваць з іншаземнымі людзьмі — рэдкі вопыт для нас, студэнтаў», — дадае Арцём.

Дзян_с П_шчала+

Студэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Дзяніс Пішчала, даведаўшыся пра школу, адразу вырашыў прыняць у ёй удзел: «Першапачаткова я хацеў далучыцца да школы ў якасці слухача, але мне прапанавалі стаць валанцёрам – я згадзіўся», — распавядае хлопец.

Дзяніс не так даўно скончыў першы курс, але выдатна валодае беларускай мовай і зацікаўлены беларускай гісторыяй і культурай.

«Матывацыя ў мяне асабістая. Як проста паглыбіць свае веды ў беларускай мове, так і штосьці ўдасканаліць, завесці новыя знаёмствы, паслухаць выкладчыкаў, лекцыі, якіх у нас не чытаюць. На працягу ўсёй школы я і сам стараўся размаўляць як мага больш па-беларуску. Усім дапамагаў, падказваў».

Зразумела, што госці з іншых краін захацелі ўзяць дахаты нешта з Беларусі, таму на пытанне пра сувеніры Дзяніс адказаў так: «Мы з валанцёрамі прапанавалі з’ездзіць у краму і набыць адзенне з беларускім нацыянальным арнаментам. Напрыклад, вышымайкі. Але набывалі не толькі іх, куплялі розныя рэчы з нашымі фальклорнымі выявамі. Так, жанчына з Японіі набыла сабе льняную сукенку ды кашулю з беларускай традыцыйнай вышыўкай. То бок, цікавасць да беларускага ёсць. Куплялі ў асноўным у “АртСядзібе”, краме “Мой родны кут”. У ЦУМе таксама беларускі гардэроб набывалі».

Але галоўны сімвал нашай краіны — дранікі. Стэрэатып, але Дзяніс пагаджаецца. Стравы беларускай кухні зацікавілі ўсіх вучняў школы.

«Выкладчыцы школы беларусістыкі зладзілі для нас беларускую вечарыну. Мы ўсе разам, адразу чалавек пятнаццаць, гатавалі верашчаку – гэта страва кшталту мачанкі. Потым частаваліся. Цікава, што замежныя госці таксама выказалі нам жаданне дапамагаць гатаваць. Шмат з іх пасля вечарыны хадзілі ў розныя кавярні, рэстараны і пыталі, дзе можна пакаштаваць дранікаў альбо яшчэ што-небудзь нацыянальнае».

Дзяніс таксама хадзіў са слухачамі школы ў музеі, тэатры, выставы. Былі і аўтобусныя экскурсіі за межы горада: «Усе экскурсіі былі вельмі атмасферныя. Мы пабывалі ў Гальшанах, Іўі, Барунах, Радзевічах… Былі ў Міры і Навагрудку. Паглядзелі на руіны розных замкаў, даведаліся пра іх гісторыю, каштавалі розныя нацыянальныя стравы: бабку, настоечку, салаты, бульбу. Бачылі нават рыцарскія баі! Усе фатаграфаваліся, запісвалі відэа».

Кара Джэнк_нсан+

Кара Джэнкінсан — адна з выпускніц школы беларусістыкі. Яна вандруе па свеце і прыехала ў Беларусь таму, што ніколі тут не была. Кара — аўстралійка, але яна валодае нямецкай, кітайскай і нават інданэзійскай мовай. Кара ўжо даўно планавала паездку ва Усходнюю Еўропу, і яе выбар прыйшоўся менавіта на Беларусь. Пра школу беларусістыкі яна даведалася на сайце беларускага пасольства і вырашыла ехаць.

«Больш за ўсё ў Беларусі мне спадабаліся… Дранікі! [смяецца] Учора я з’ела сем штук! Але, калі быць шчырай, я думаю, што мне, насамрэч, вельмі пашчасціла тут быць. І справа не толькі ў драніках. Звычайна, дзе б я ні была, заўсёды шмат аўстралійцаў. А ў гэтай школе — я адна. Нас 60-70 вучняў, але я адна такая з Аўстраліі, і гэта гонар для мяне. Таксама я хачу падзякаваць арганізатарам. Усё было зроблена на найвышэйшым узроўні. Выкладчыкі, ведаючы, што я не валодаю рускай мовай, а толькі англійскай, стараліся падымаць мяне да ўзроўню маёй групы, а вучні з першай групы заўсёды дапамагалі. Мне тут вельмі спадабалася. Спадзяюся, што калі-небудзь я зноў сюды патраплю!»

Афіцыйнае закрыццё школы адбылося 15 ліпеня. Арганізатары звярнуліся са словамі падзякі да ўсіх, хто падтрымліваў праект. Нельга было не заўважыць усмешак на вуснах усіх прысутных. Вучні нават спявалі песні на беларускай мове. Самая моцная група спявала «Госці» «Крамбамбулі», а напрыканцы закрыцця ўсе разам чыталі верш «Бывайце здаровы!». Замежныя госці абяцалі вярнуцца ў наступным годзе, бо арганізатары сцвярджаюць, што школа працягнецца далей.

Арсеній КУЗЬМІНСКІ

Фота: Анастасія Саўкова,

Генадзь Краскоўскі

Яшчэ больш фота глядзіце тут

IMG_2177+

IMG_2147+

print

Вам таксама можа спадабацца: