Археалогі знайшлі ўнікальны помнік старажытнасці ў Камянецкім раёне

2 Sep, 2016.

Радость-2 Вечерний Брест Ахеологи практика БГУ Нож бронзового века, монета времен расцвета Римской империи, фибула конца второго века нашей эры БГУ

Нож бронзавага веку, манета часоў росквіту Рымскай імперыі, фібула канца другога стагоддзя нашай эры... Па меркаванні навукоўцаў, у помніку археалогіі “Радасць-2”, што ў вёскі Малыя Мурыны Камянецкага раёна, можна знайсці матэрыялы ўсіх культур і народаў і прасачыць амаль усе гісторыка-культурныя працэсы, якія адбываліся на гэтай тэрыторыі апошнія 9 тысяч гадоў. На мінулым тыдні група беларускіх археолагаў завяршыла тут пяты сезон палявых даследаванняў, і навукоўцы плануюць вярнуцца сюды ў наступным годзе.

"Помнік надзвычайна цікавы, – кажа Вадзім Белявец, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Інстытута археалогіі Варшаўскага ўніверсітэта і каардынатар праекта "Сучаснае прымежжа Польшчы і Беларусі ў першай палове першага тысячагоддзя нашай эры". – Шмат павандраваўшы па свеце, я зразумеў і ацаніў яго ўнікальнасць".

Першыя сур'ёзныя даследаванні на месцы помніка “Радасць-2” былі пачаты ў 1997 годзе. Практычна на адным месцы археолагі знайшлі сляды паселішчаў розных эпох і розных культур і некалькі грунтавых магільнікаў, на матэрыялах якіх можна пабудаваць усю храналагічную калонку рэгіёна пачынаючы з мезаліту.

Радость-2 Вечерний Брест Ахеологи практика БГУ Нож бронзового века, монета времен расцвета Римской империи, фибула конца второго века нашей эры БГУСёлета навуковую экспедыцыю, у склад якой увайшлі выкладчыкі і студэнты гістарычнага факультэта БДУ, інстытута гісторыі НАН, практыканты і валанцёры, цікавілі пераважна матэрыялы жалезнага стагоддзя эпохі Вялікага перасялення народаў. Справа ў тым, што гісторыкі дагэтуль не могуць прыйсці да адзінага меркавання, дзе менавіта паўсталі славянскія плямёны. Паводле адной з найбольш папулярных тэорый, гістарычныя славяне як народ пачалі фарміравацца на працягу першай паловы першага тысячагоддзя нашай эры на тэрыторыі Палесся.

"У гэтай сувязі помнік "Радасць-2" цікавы тым, што тут продкі славян апынуліся ў вельмі складанай культурна-гістарычнай сітуацыі, – тлумачыць Вадзім Белявец. – Яны кантактавалі і з германскімі народамі, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Польшчы, і з балтамі (тэрыторыі Літвы і паўночнай часткі Гродзенскай галіны). І мы ловім той момант, калі нашы продкі былі, хутчэй за ўсё, выцеснены

Фрагмент фібулы мяжы 2–3 ст. н. э.  з гэтых тэрыторый пад ціскам германцаў. Магчыма, у гэтай барацьбе паступова і фарміраваліся славяне як гістарычная супольнасць".

 Закладзены ў гэтым сезоне раскоп на плошчы 300 кв. м дазволіў археолагам знайсці прадметы самых розных эпох. Адна з найцікавейшых знаходак – кераміка ранняга жалезнага стагоддзя (5–7 ст. да н. э.), якую ў гэтым рэгіёне раней не ведалі. Часам фрагменты керамікі знаходзяцца разам з косткамі. Магчыма, гэта старажытныя пахаванні.

"Пахавальны абрад у нашых продкаў быў вельмі незвычайным, – распавядае Белявец. – Чалавека спальвалі. Не заўсёды, праўда, часам у пахаваннях мы знаходзім і неперапаленыя косткі. Крэмацыя праводзілася дзесьці ў іншым месцы. Косткі нейкі час не хаваліся. Пакуль мы не можам сказаць, як менавіта яны захоўваліся. Магчыма, на слупах ці ў адмысловых збудаваннях. Але ў пэўны момант нашы продкі ўладкоўвалі магільнікі, у якія кідалі жменьку чалавечых костак, дадавалі косткі дзікіх і хатніх жывёл і штосьці з хатняга інвентара. Як правіла, вельмі беднага – збанкі, прасніцы. Хутчэй за ўсё, гэта не пахаванні нават у звыклым сэнсе, а тое, што адзін пецярбургскі навуковец назваў "памінальнікамі". Гэта значыць гэта некаторыя практыкі, магчыма, звязаныя з ураджаем, з нейкай магіяй ці памінаннем продкаў. І такіх аб'ектаў мы знайшлі тут больш за 30".

Вёска Малыя Мурыны, недалёка ад якой знаходзіцца помнік археалогіі “Радасць-2”, з'явілася больш за тысячу гадоў таму. Па меркаванні навукоўцаў, гістарычныя славяне прыйшлі сюды ў 6–7 ст. н. э., а стабільнае паселішча ўзнікла ў 8 ст., і з таго часу гісторыя вёскі не перарываецца. Відавочна, карэнныя мясцовыя жыхары з'яўляюцца нашчадкамі насельніцтва 8 ст. На тэрыторыі вёскі таксама нямала слядоў з мінулага. Адзін з іх – курган на краі вёскі. Жыхары Малых Мурынаў сцвярджаюць: у ім знаходзіцца мноства чалавечых рэштак – "як быццам накідалі шмат-шмат целаў калісьці".

Археолагі не выключаюць, што курган можа быць маравымі могілкамі 15–18 стагоддзяў. Ці вайсковым пахаваннем пасля нейкай бітвы. І ваенныя дзеянні, і эпідэміі праходзілі па гэтых месцах не аднойчы. Такія помнікі вельмі спецыфічныя, імі трэба асобна займацца, але ў Беларусі спецыялістаў па іх няма. У любым выпадку, калі гэта масавае, і, верагодна, маравое пахаванне, без сур'ёзнай экспертызы яго не варта чапаць, кажуць навукоўцы. Хто ведае, якога джына можна выпусціць з бутэлькі?

Алена ТРЫБУЛЕВА, "Вечерний Брест"

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *