“Бібліяноч–2018” прайшла 20 красавіка ў Мінску! У гэты раз звыклы фармат мерапрыемства трохі змяніўся і… Чатыры паверхі галоўнага корпуса і дзясяткі зон актывацый наведалі каля тысячы чалавек! Як гэта было, распавядзе газета “Універсітэт”.
Чытальныя залы, абанементы, фае і нават цокальны паверх ператварыліся ў мацерыкі, гарады і краіны. Тэма гэтай “Бібліяночы” ў Фундаментальнай бібліятэцы – вандраванні па свеце і нават вакол свету! “БДУ – гэта шматнацыянальны калектыў, у нас вучацца студэнты з розных краін. Гэту інтэрнацыянальнасць мы вырашылі падкрэсліць у тэме гэтай Бібліяночы”, – тлумачыць дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі Уладзімір Кулажанка.
Кожны “падарожнік” мог адправіцца ў вольнае плаванне па лакацыях ці, атрымаўшы “пасажырскую мытную дэкларацыю”, прайсці індывідуальны маршрут, збіраючы артэфакты, праходзячы транзітныя зоны і адказваючы на спецыяльныя пытанні.
Фае трэцяга паверха напоўніла атмасфера далёкіх краін: тут студэнты з савета зямляцтваў БДУ распавядалі пра свае краіны і культуры. У клуба кітайскай культуры “Цанцзэ” на майстар-класе можна было папрактыкавацца ў каліграфіі і вырабе аб’ёмных іерогліфаў.
У зоне “Вандраванні ў несвядомае” – даведацца пра схаваныя псіхалагічныя працэсы з дапамогай метафарычных картаў. А па шляху здзейсніць “Падарожжа ў часе” і дакрануцца да старадаўніх картаў і фаліянтаў, а таксама праверыць сваю эрудыцыю. На пляцоўцы “Жывая бібліятэка” інструктар па горным турызме Сяргей Велікан распавёў, што такое горны паход і як стаць яго ўдзельнікам.
“На працягу многіх гадоў мы праводзілі гэта мерапрыемства на дзень студэнта ў лістападзе, у 2016 годзе далучыліся да міжнароднай сацыякультурнай акцыі “Бібліяноч”. За ўсе гады гэта самая маштабная “Бібліяноч”, і не толькі па плошчах, але і наведнікаў у тры разы больш! Шмат сем’яў з дзецьмі і пажылых пар. Мы рады, што кожны знайшоў сабе занятак даспадобы”, – пракаментавала Алена Садоўская, загадчыца сектара бібліятэчнага маркетынгу.