Што вы ведаеце пра капсульны адпачынак?

8 Sep, 2016.

Падчас фіналу рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», дзе юныя вынаходнікі прадстаўлялі на ўсеагульны агляд больш за сотню праектаў: альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, робататэхніку і інш., мяне асабліва ўразіў праект рэлакс-капсулы студэнткі другога курса эканамічнага факультэта БДУ. Адразу падумала: як было б цудоўна, каб такія боксы з'явіліся і ў нашай рэдакцыі! Захацеў адпачыць і набрацца сіл — паляжаў там колькі хвілінак і з новым запалам за працу. А можа, мая мара хутка споўніцца? Пра гэта я спытала ў аўтара праекта Алены Куранавай.

 Капсула отдыха_«100 идей для Беларуси»_Елена_Куренова_Кристина Хвилько_Университэт — На жаль, у конкурсе я не перамагла. Грант у 120 мільёнаў недэнамінаваных рублёў уручылі хлопцам з МНС за распрацоўку адмысловай прылады для тушэння пажараў.

Але маім праектам зацікавіліся патэнцыйныя інвестары з Беларусі і Венгрыі. Я аддала перавагу айчыннаму. Ён папрасіў скласці бізнес-план, распісаць, з чаго будуць пабудаваны капсулы, дзе іх можна размясціць. І, самае галоўнае, акрэсліць, як з гэтых «скрынак» атрымаць прыбытак. Зараз я займаюся разлікамі. Не так даўно размаўляла з адміністрацыяй парку культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў, магчыма, першыя капсулы з'явяцца менавіта там. Адзін бокс можна зрабіць за 700 долараў. Сакрэт у тым, што капсулу можна вырабіць з керамзіту — лёгкага порыстага матэрыялу. Але пакуль яна існуе толькі ў выглядзе макета. Адзначу, што для краін СНД мая капсула — гэта ноу-хау.

— Чытала, што падобныя «скрыні здароўя» вельмі папулярныя ў Кітаі і Японіі. У чым унікальнасць тваёй распрацоўкі?

— За мяжой боксы грувасткія і дарагія: ад 12 да 60 тысяч долараў. Мая распрацоўка — больш кампактная і ўтульная, і, галоўнае, у 60 разоў таннейшая за замежныя аналагі з-за таннага матэрыялу.

— Алена, як у цябе з'явілася гэтая ідэя?

— Мой выкладчык неяк згадаў пра капсулы адпачынку, што ратуюць чалавека ад гарадской мітусні. І я «загарэлася»: а чаму б не зрабіць такія «цуда-скрыні» ў нас? Разлікі і складанне мадэлі занялі шэсць месяцаў. Каб дайсці да фіналу конкурсу, мне давялося «прабіцца» праз пяць этапаў: пачынаючы са свайго факультэта і заканчваючы абласным этапам.

Рэлакс-капсулу можна размясціць у аэрапортах, на вакзалах і прадпрыемствах. Адпачынак можна было б зладзіць нават паміж парамі! А адна з функцый дазволіла б праслухаць у ёй лекцыю або музыку.

Апарат за 10-20 хвілін верне арганізму бадзёрасць і сілы. У боксе можна будзе памераць ціск і вызначыць пульс. Максімальна расслабіцца дапаможа водаратэрапія, светлавыя эфекты і прыемная музыка. У боксе можна будзе падключыцца да Wі-Fі, падзарадзіць тэлефон і планшэт.

— І колькі, па тваіх разліках, будзе каштаваць паслуга?

— Гэта будзе залежаць ад таго, колькі кліент захоча адпачываць у аздараўляльным апараце. Лічу, хвілін за 15-20 можна будзе браць 3 рублі. Сёння гэта кошт кубачка кавы. Праўда, я не ведаю, якая рэакцыя будзе на «скрыні здароўя» ў беларусаў і ці захочуць яны плаціць за такі адпачынак. Мы неяк з недаверам ставімся да навінак... Але час пакажа. Спадзяюся, праект не «завісне» на паперы.

Хрысціна ХІЛЬКО, "Звязда"

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *