Знайсці працу ў адзін клік. У БДУ створана электронная база рэзюмэ выпускнікоў

9 Mar, 2017, усяго праглядаў: 224.

Для студэнтаў выпускных курсаў надышла адказная пара – пошук першага працоўнага месца. Сёлета ахвотнікам заняць вакантныя месцы па спецыяльнасці, а ў БДУ гэта 3000 толькі бюджэтнікаў, трэба быць асабліва актыўнымі: падвойны выпуск у ВНУ і сусветная тэндэнцыя моладзевага беспрацоўя. Аднак той, хто шукае, як вядома, знойдзе, а ўніверсітэт дапаможа: у БДУ з’явілася свая база рэзюмэ выпускнікоў.

Ідэя стварыць пляцоўку, дзе будуць прадстаўлены выпускнікі БДУ, а працадаўца зможа падбіраць супрацоўнікаў на вакантныя пасады, узнікла на факультэце радыёфізікі   і камп’ютарных тэхналогій БДУ:
– Мы вельмі ясна ўяўлялі мэты і задачы гэтага праекта ў рамках нашага факультэта, таму што ведаем сферу, куды нашы студэнты імк­нуц­ца размеркавацца, дзе яны запатрабаваны, – распавядае дацэнт кафедры фізічнай электронікі і нанатэхналогій Мікалай Кальчэўскі. – Мэта была скараціць дыстанцыю паміж працадаўцам і студэнтам, каб запрашэнне на сумоўе адбы­валася без лішніх дзеянняў і пра­цэдур – у адзін клік. Сёння працадаўцу досыць націснуць на кнопку, напісаць назву кампаніі, адрас,   дату і час сумоўя, і студэнт адразу ж атрымае паведамленне з запрашэннем на тэлефон.
З тэхнічнага пункта гледжання ў праекце выкарыстоўваюцца перадавыя тэхналогіі: база стваралася на сістэме кіравання X4M.cms, якую бясплатна дала кампанія Abiatec. Яе тэхнічны дырэктар Дзмітрый Баброў па сумяш­чаль­ніцтве з’яўляецца старшым выкладчыкам кафедры фізічнай электронікі і нанатэхналогій, для стваральнікаў базы гэта прамы выхад на распрацоўшчыкаў, якія заўсёды могуць пракансультаваць, а таксама палепшыць сістэму па пажа­даннях. Працу па тэхнічным суправаджэнні сайта выконвае старшы выкладчык кафедры Павел Пятроў.
Выпуск студэнтаў-радыёфізікаў мінулага года паказаў: база сапраўды працуе. Як пацвярджэнне эфектыўнасці на факультэце прыводзяць такі прыклад: студэнту, які знайшоў працу, прыйшло запрашэнне праз сайт ад іншага працадаўцы. Ісці на сумоўе не збіраўся, бо пытанне з працаўладкаваннем для яго ўжо вырашылася. Аднак так выйшла, што кампанія знаходзілася побач з домам,  і малады чалавек усё ж вырашыў зайсці туды па шляху. У выніку яму прапанавалі больш высокую за­работную плату і годныя ўмовы працы – месца размеркавання   выпускнік змяніў.

 

Над мадэрнізацыяй і прасоўваннем базы выпускнікоў працуюць і студэнты ФРКТ. Выпускніца Крысціна Ермалаева піша дыплом, прысвечаны праекту, наведвае з яго прэзентацыяй факультэты і працуе непасрэдна з рэзюмэ. Дыпломныя праекты на аснове базы пішуць яшчэ два пяцікурснікі: Павел Лугін прысвяціў працу смс-серверу, які функцыянуе ў сістэме, а Артур Чамброўскі аўтаматызаванню інтэрфейсу, спалучэнню базы з асабістым кабінетам студэнта. Трэцякурснік Павел Аленічаў адказвае за напаўненне сайта, а магістрантка Аляксандра Вялічка працуе над яго дызайнам. Каманда студэнтаў з «Базай рэзюмэ выпускнікоў» брала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе праектаў «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу», дзе трапілі ў лік пераможцаў.

Праект сябе зарэкамендаваў і атрымаў падтрымку ад рэктара і ўпраўлення кадраў БДУ – увесну 2016 года лакальная база рэзюмэ стала агульнаўніверсітэцкай і прапісалася па адрасе www.cv.bsu.by. Сёння патрапіць у яе можа не толькі выпускнік, але і студэнт любога курса, зацікаўлены ў працы.
– Таксама мы не павінны забываць пра магістрантаў, аспірантаў, людзей, якія адпрацавалі размеркаванне і зноў апынуліся ў сі­туацыі пошуку працы, – адзначае Мікалай Мікалаевіч. – Статыстыка кажа, што прыкладна траціна лю­дзей шукае паўторна месца працы. Нават на працягу адпрацоўкі размеркавання маладыя спецыялісты цікавяцца вакансіямі. Акрамя гэ­тага, з досведу нашага факультэта     я ведаю, што ёсць такая ўзаемазаменнасць: чалавек адпрацаваў раз­меркаванне, хоча пайсці ў іншую кампанію ці заняць больш высокааплатную пасаду, яго месца працы вызваляецца, а гэта значыць, што яно можа быць паспяхова занятае іншым выпускніком. Сістэма дазволіць «дзяліцца» вакансіямі, якія вызваляюцца.
Кожнае рэзюмэ ў базе выпуск­нікоў абавязкова суправаджаецца фатаграфіяй, а акрамя стандартных для рэзюмэ палёў (прозвішча, імя, імя па бацьку, факультэт, спецыяльнасць, валоданне замежнымі мовамі і г. д.) ёсць і спецыфічныя, напрыклад, «Тэма дыпломнай працы». Асаблівасць базы ў тым, што адабраць кандыдатаў працадаўца можа па навыках, адзначыўшы неаб­ходныя палі.
– Калі мы далучылі да базы іншыя факультэты, вядома, узніклі пэўныя праблемныя моманты, – дзеліцца Мікалай Мікалаевіч. – Звесці пошук па ўсіх спецыяльнасцях у адну сістэму апынулася не вельмі проста. Праблемай было знайсці важныя крытэрыі, па якіх працадаўца шукае сабе супрацоўніка не фізіка-матэматычнага профілю. Напрыклад, які навык з’яўляецца ключавым у выпускніка міжнародных адносін? Сёння гэта пытанне вырашаецца, часцяком кампетэнцыі мы «дастаём» наў­прост з рэзюмэ, якія дасылаюць студэнты.

Да ўвагі
Для таго, што патрапіць у базу, неабходна мець жаданне і выслаць на электронную пошту kris.ermolaeva1802@gmail.com наступныя звесткі:
– запоўнены шаблон у файле doc (знайсці яго можна ў адказных на факультэтах);
– складзенае рэзюмэ ў pdf, якое будзе прымацавана на сайце, для таго, каб працадаўца змог з ім дэталёва азнаёміцца;
– фатаграфію.

База ўвесь час мадэрнізуецца. Палепшыць сістэму дапамагаюць і водгукі студэнтаў, якія атрымалі працу, і рэальныя сітуацыі. Мікалай Мікалаевіч распавядае:
– Да нас звярнулася кампанія, каб мы параілі студэнта з пэўнымі навыкамі. Мы знайшлі, студэнт   адправіўся на сумоўе, дзе яму     адразу было зададзена пытанне пра сярэдні бал. Ён быў недастаткова высокім для працадаўцы – у прыёме на працу адмовілі. У гэтай сітуацыі па адным сярэднім бале зрабілі ацэнку пра чалавека як пра спецыяліста, таму ў базе мы наўмысна не даём гэту інфармацыю відавочна – сярэдні бал у рэзюмэ адлюстроўваецца ў вы­глядзе зорачак.
Пакуль сістэма запаўняецца ўручную: на кожным факультэце ёсць адказная асоба, якая збірае рэзюмэ і адпраўляе іх па элект­роннай пошце распрацоўшчыкам праекта, яны ў сваю чаргу ўносяць інфармацыю ў базу.
– Гэта не вельмі эфектыўна, але плюс у тым, што інфармацыя праходзіць праз некалькі рук, ёсць магчымасць яе праверыць, пры­браць недахопы, – кажа Мікалай Мікалаевіч і падкрэслівае долю   адказнасці, якая лягла на распрацоўшчыкаў праекта. – Сёння база прадстаўлена як універсітэцкі сайт, а значыць, ён павінен быць вы­чытаны, не павінна быць неправеранай інфармацыі, а фармулёўкі студэнтаў што да сваіх поспехаў і досведу павінны быць максімальна карэктныя.
У перспектыве ў аўтараў праекта аўтаматызаваць працаёмкі працэс папаўнення базы, захаваўшы высокі ўзровень праўдзівасці інфармацыі і персаніфікацыі дадзеных, каб выключыць пападанне рэзюмэ людзей, якія не маюць да­чынення да БДУ. Сумесна з Цэнтрам інфармацыйных тэхналогій БДУ вядзецца праца па распрацоўцы сістэмы аўтаматычнага запаўнення і рэдагавання рэзюмэ  самім карыстальнікам, а таксама па спалучэнні дадзеных з асабіс­тым кабінетам студэнта.
На сёння ў базе змяшчаецца інфармацыя пра выпускнікоў 2016–2017 гадоў – 379 рэзюмэ зацікаўленых у працаўладкаванні студэнтаў. У пошуку кваліфікаваных кадраў на сайт абавязкова прыйдуць працадаўцы, каманда праекта ўжо атрымлівае просьбы ад кампаній размясціць актуальныя вакансіі.
– Інфармацыю пра сайт мы ра­заслалі па ўсёй нашай базе пра­цадаўцаў, – распавядае Наталля Няпеўная, начальнік упраўлення кадраў БДУ. – Працэс размеркавання ва ўніверсітэце адпрацаваны, таму цяпер мы ідзём далей і імкнёмся сумясціць інтарэсы выпускніка і працадаўцы. База выпускнікоў – гэта пляцоўка, дзе працадаўца і студэнт могуць убачыць адзін аднаго. Рэсурс дае магчы­масць разглядаць пытанні, звязаныя не толькі з працаўладкаваннем выпускнікоў, але і са стажы­роў­камі, практыкамі. У перспектыве я бачу базу як бізнес-праект, таму што, па сутнасці, гэта кадравае агенцтва, толькі без пасярэднікаў.

Валерыя БАНДАРЧЫК

Фота Юліі Ішмуратавай

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *