Як змяняецца адукацыйнае асяроддзе ва ўніверсітэце? Святлана Харытонава пра эўрыстычнае навучанне

8 Jul, 2019.

Час патрабуе ад сістэмы адукацыі змен. Лічбавыя тэхналогіі дапамагаюць наладзіць інтэрактыўную і актыўную працу выкладчыка і студэнта, а эўрыстычныя метады дапамагаюць вучням раскрыцца. Пра сучасныя інструменты ў навучанні распавяла загадчыца кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі Святлана ХАРЫТОНАВА.

Развіваць творчыя здольнасці

Пра эўрыстычнае навучанне Святлана Вячаславаўна ўпершыню даведалася на вочна-дыстанцыйным аргдзейнасным курсе «Методыка навучання праз адкрыццё: як навучаць усіх па-рознаму, але аднолькава», аўтарам якога быў рэктар БДУ Андрэй Кароль. Ва ўніверсітэце ў лютым-сакавіку мінулага года педагогі і выкладчыкі розных устаноў адукацыі атрымалі веды па крэатыўных методыках. Адначасовае павышэнне кваліфі­кацыі выкладчыкаў усіх ступеняў упершыню ў сістэме аду­кацыі праходзіла ў міжсеткавым рэжыме. Як адзначаў рэктар БДУ, правядзенне семінара было накі­равана на развіццё эўрыстычных якасцяў выкладчыка, здольнага дзейнічаць у сітуацыі нявызначанасці, дзе няма гатовых рашэнняў.

– Гэты курс мяне вельмі здзівіў. Усё, што я даведалася пра эўрыс­тычнае навучанне, стала для мяне адкрыццём, – дзеліцца Святлана Вячаславаўна. – Як ствараць эўрыстычныя заданні, як плана­ваць і праводзіць заняткі. Зараз я працую па дадзеных методыках, укараняючы іх ва ўласную педагагічную практыку і далучаючы сваіх калегаў. Выкладчыкі нашай кафедры прымяняюць эўрыстычныя тэхналогіі ў навучанні студэнтаў па дысцыплінах «Дзіцячая журналістыка», «Фірмовы стыль часопіса», «Медыйная партрэтыстыка», «Асновы творчага майстэрства», «Эвалюцыя публіцыстыкі» і інш. Аказалася вельмі цікавым мне як выкладчыку распрацоўваць уні­кальныя заданні. І студэнты захоп­лена іх выконваюць, яны цалкам уключаны ў творчы працэс ства­рэння свайго, новага адукацый­нага прадукту. Навучэнцам падабаецца ацэньваць уласныя працы, параўноўваць іх з праектамі аднагрупнікаў, а затым рэфлексаваць над тым, што атрымалася, а што не.

Вопыт правядзення адкрытага эўрыстычнага занятку

Як тлумачыць загадчыца кафедры, эўрыстычнае заданне «­адкрытае» для любога вучня, яно не мае адназначных «правільных» адказаў. А ўнікальны вынік ад­люстроўвае ступень творчага самавыяўлення вучня. Эўрыстычны падыход таксама паказвае шматстайнасць рашэнняў большасці прафесійных задач. Пры ацэнцы такіх заданняў улічваецца арыгі­нальнасць створанага адукацыйнага прадукту, даследаванне феномену з розных бакоў, інтэграванне ведаў з розных галін, значнасць для развіцця асобы.

Святлана Вячаславаўна дзе­ліцца сваім вопытам правя­дзення падобных заняткаў. Яе ­новая ­праграма па дысцыпліне «Дзіцячая журналістыка» складаецца з цэ­лага пераліку эўрыстычных за­данняў, якія распрацаваны для вывучэння канкрэтнай тэмы курса. Напрыклад, студэнтам прапа­навалася сфармуляваць уласныя рэкамендацыі па паляпшэнні кантэнту сайта і прынт-версіі трох ­любых перыядычных выданняў ­ для дзяцей, а таксама абгрунта­ваць эфектыўнасць ­свайго дызайн-праекта дзіцячага медыя­рэсурсу. Яшчэ на адука­цыйнай платформе Moodle у іх з’явілася магчымасць прымерыць на сябе ролю законатворцы, які можа ўдасканаліць сістэму сучасных медыя для дзяцей.

Ці яшчэ вось: студэнты параўноўвалі беларускі часопіс для дзяцей, які яны любілі чытаць у дзяцінстве, з сучасным выданнем адпаведнага тыпу і мэтавага прызначэння па прапанаваных крытэрыях, а таксама ацэньвалі кожнае з іх. ­Затым вынікі зачытваліся перад групай, якая разважала, ці спадабаюцца часопісы, якія атрымалі максімальны бал, іх малодшым сёстрам (братам).

Акрамя гэтага студэнты прыдумлялі адказы на загадкі з сучаснай дзіцячай прэсы, якія не су­падалі б з наяўнымі адгадкамі. Затым уся група большасцю галасоў выбірала найлепшыя адгадкі зыходзячы з крытэрыяў іх крэатыў­насці, лагічнай несупярэчлівасці і даступнасці разуменню чытача.

– Заняткі дынамічныя і зай­мальныя. Было вельмі цікава ­назіраць, як студэнты рэагуюць на прапанаваныя заданні, што іх «чапляе» і захапляе. У канцы заняткаў мы праводзілі рэфлексію. Я задавала пытанні пра тое, што спада­балася ім у такой форме працы і чаму. Студэнты выявілі зацікаўленасць, і гэта вельмі парадавала. Паглядзім, як праграма пакажа сябе ў наступным годзе, – падводзіць вынік выкладчык.

Праект PRINTeL

Гаворка ідзе пра міжнародны праект Erasmus+ «Змены ў адукацыйным асяроддзі: укараненне інавацыйнага выкладання і навучання для паляпшэння адукацыйнай дзейнасці студэнтаў у краінах Усходняга партнёрства». Яго каардынатар – Ерэванскі дзяржаўны ўніверсітэт (Арменія).

У Ерэванскім дзяржаўным універсітэце адбылася міжнародная канферэнцыя-семінар "Інавацыйнае выкладанне і навучанне ў ВНУ", арганізаваная ў рамках праекта PRINTeL

Міжнародны праект даў штуршок стварэнню цэнтра развіцця выкладчыцкага персаналу БДУ. ­ Для рэалізацыі праграмы праекта PRINTeL члены-эксперты цэнтра, якія прайшлі навучанне ў вядучых універсітэтах Еўропы, у лютым–красавіку цяперашняга года пра­вялі 15 трэнінгаў для выкладчыкаў БДУ. Былі прадстаўлены най­лепшыя практыкі замежных ВНУ ў галіне апрабацыі і прымянення інавацыйных метадаў і тэхналогій у выкладанні. Тэматыка была наступная: відэатэхналогіі, змя­шанае навучанне, актыўнае навучанне ў фармаце «Перавернуты клас», мабільныя прыкладанні і гейміфікацыя ў адукацыйным працэсе і іншае.

Адным з членаў-экспертаў цэнтра стала і Святлана Харыто­нава. У рамках гэтага праекта Erasmus+ у снежні мінулага года яна разам з метадыстам навучальна-метадычнай лабараторыі іна­вацый у адукацыі БДУ Аленай ­Карпіевіч удзельнічала ў курсе па актыўным навучанні ў фармаце «Перавернуты клас» у Лінчэпінгскім універсітэце (Швецыя). З гэтай адукацыйнай тэхналогіяй эксперты цэнтра знаёмілі ўдзельнікаў семінара-трэнінгу ўвесну. Наступны этап – укараненне інавацыйных методык у навучальны курс на ­факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДУ на пастаяннай аснове.

Курс па актыўным навучанні ў фармаце «Перавернуты клас» у Лінчэпінгскім універсітэце (Швецыя).

Выкладчыкі кафедры, якой загадвае Святлана Харытонава, таксама наведалі яе курс увесну і ­ўжо выкарыстоўваюць новыя формы навучання, вядома, з улікам спецыфікі сваіх дысцыплін.

– У навучальныя праграмы кафедры ўносіцца шмат змен, якія тычацца выкарыстання інавацыйных методык, – гаворыць Святлана Вячаславаўна. – Наша кафедра рыхтуе спецыялістаў, з аднаго боку, вузкіх кірункаў: перыядыч­нага друку і вэб-журналістыкі. З ін­шага – мы даўно гаворым пра кан­вергентную рэдакцыю, і якраз такая ж у нас атрымліваецца «кан­вергентная» кафедра. Тут гарманічна злучаюцца на адзінай медыяадукацыйнай платформе традыцыйныя і лічбавыя тэхналогіі навучання.

«Перавернутае» навучанне

Мы гаворым пра адну з эфектыўных адукацыйных тэхналогій. Тут задачы і змест хатняй і аўдыторнай працы мяняюцца месцамі («пераварочваюцца»). Гэта значыць, што навучальны ­матэрыял, які традыцыйна быў лекцыйным, перасоўваецца ў лічбавае асяроддзе. Тэхналогія прадугледжвае тое, што студэнт самастойна рыхтуецца да заняткаў па відэалекцыях, аўдыяпрэзентацыях, мультымедыйных файлах з арыгінальнымі і навучальнымі ­тэкстамі і іншых матэрыялах, адабраных выкладчыкам. Віта­юцца любыя інструменты, якія часта размяшчаюцца на адукацыйным партале БДУ (dl.bsu.by).

– Студэнтам, якія рыхтаваліся да заняткаў самастойна, у аўды­торыі прапануюцца актыўныя ­формы навучання – дыскусія, дэбаты, эўрыстычнае заданне, праца ў групах, прэзентацыі індыві­дуальных праектаў і іншае, – гаворыць Святлана Вячаславаўна. – Той матэрыял, які яны вывучылі дома перад заняткамі, мы прапрацоўваем ва ўзаемадзеянні. Да прыкладу, па методыцы «Пера­вернуты клас» я выкарыстоўвала на сваіх занятках інтэрактыўны анлайн-апытальнік, каб праве­рыць, як студэнты падрыхтаваліся да заняткаў. Студэнты на мабіль­ных прыладах бачылі адказы свае і аднагрупнікаў, ведалі, хто адказвае першым, правільна ці не. Затым мы абмяркоўвалі вынікі. Без гэтай лічбавай тэхналогіі такой ­інтэрактыўнай працы з прымя­неннем сучасных дэвайсаў у нас бы не атрымалася.

Адзначаецца, што падобная форма павышае прадуктыўнасць самастойнай працы, фарміруе ў маладых людзях адказнасць за ­вучобу. Вынікі паказваюць, што ўкараненне тэхналогіі «перавер­нутага» навучання стане сур’ёз­ным крокам у лічбавай трансфармацыі сучаснага ўніверсітэта. Такім чынам, будуць з’яўляцца ­новыя адукацыйныя і педагагічныя інструменты. Па словах Свят­ланы Вячаславаўны, трэба прапанаваць адпаведныя перадавыя ­рашэнні ў навучанні маладога і ­мабільнага пакалення Z, улічваць сучасныя методыкі і працаваць з імі. І будучыня ў гэтай тэхналогіі ёсць, выкладчыкі БДУ ўжо ўкараняюць яе на сваіх курсах.

КАМПЕТЭНТНА

Аляксандр Рытаў, намеснік начальніка ўпраўлення міжнародных сувязяў, начальнік аддзела міжнародных праграм і праектаў, каардынатар праекта PRINTeL у БДУ:

– Цэнтр развіцця выкладчыцкага персаналу быў створаны ў рамках міжнароднага праекта Erasmus+ «Змены ў адукацыйным асяроддзі: ўкараненне інавацыйнага выкладання і навучання для паляпшэння адукацыйнай дзейнасці студэнтаў у краінах Усходняга партнёрства».

Цэнтр фарміруе ў БДУ асяроддзе, якое стымулюе павышэнне крэатыўнасці зместу адукацыі, развіццё інавацыйных адукацыйных падыходаў, паўсюднае ўкараненне метадаў актыўнага навучання, а таксама шырокае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій, уключаючы дыстанцыйнае навучанне, адкрытыя адукацыйныя рэсурсы і муль­тымедыйны кантэнт.

Для рэалізацыі праграм дадатковай адукацыі дарослых у галіне прымянення інавацый і інфармацыйных тэхналогій у выкладанні і навучанні ў працы цэнтра задзейнічаны эксперты з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ. Гэта тыя выкладчыкі, якія прайшлі навучанне на базе еўрапейскіх ВНУ – ­удзельніц праекта па пытаннях выкарыстання інавацыйных адукацыйных тэхналогій у навучанні і выкладанні. Акрамя гэтага цэнтр каардынуе распрацоўку ўнутры­ўніверсітэцкіх навучальных курсаў і праграм павышэння кваліфікацыі прафе­сарска-выкладчыцкага складу, забяспечвае рэалізацыю дадзеных праграм на базе факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДУ.

Непасрэднае кіраўніцтва і каардынацыю дзейнасці цэнтра ажыццяўляе ФПКП. У працы таксама бяруць удзел Галоўнае ўпраўленне адукацыйнай дзейнасці, навучальна-метадычная лабараторыя інавацый у адукацыі, упраўленне па рабоце з персаналам, упраўленне міжнародных сувязяў і іншыя.

Гутарыла Алена ЛЯЎШЭНЯ,

Фота Васіля КУЗЬМІЧКІНА, з асабістага архіву

print

Вам таксама можа спадабацца: